Рус Бел Eng 中文

Славутасці Крычаўскага раёна

Крычаў упершыню згадваецца ў сярэдзіне 12 стагоддзя пад назвай Крэчут ва «Устаўной грамаце» Смаленскага князя Расціслава Мсціславіча ад 30 верасня 1136 года. Пагранічны горад на поўдні Смаленскага княства згадваецца ў шматлікіх дакументах тых гадоў. У рускіх летапісах таго часу гаворыцца пра баі пад «замкам Крычаўскім», пра тое, што князь Васіль Шуйскі месяц штурмаваў Крычаўскі замак і не мог яго ўзяць. Польскія дадзеныя сведчаць, што ў Крычаве самы магутны і прыгожы замак на мяжы з Руссю на поўдні ад Смаленска. Зыходзячы з некаторых дадзеных, Крычаўскі замак меў некалькі каменных вежаў, а паміж імі частакол з велізарных завостраных бярвенняў, земляны насып. На Замкавай гары і сёння захаваліся значныя земляныя валы. Месцамі ёсць правалы. Гэта паваліліся склепы падземных княжых турмаў, пра якія пісалася яшчэ ў пачатку 18 стагоддзя, калі было задушана паўстанне Вашчылы (1744 год).

У шэрагу зборнікаў прыводзіцца шмат дакументаў, якія маюць дачыненне да баёў на Крычаўшчыне і ў замку падчас народных войнаў пад кіраўніцтвам Барыса Хмяльніцкага. Паказальна, што многія палкі Хмяльніцкага рухаліся з Украіны на Беларусь праз Касцюковічы, Мсціслаў, Крычаў, Чэрыкаў, Чавусы, Магілёў, Быхаў.

Пётр I у ліпені 1708 года заняў Крычаў, загадаў закапаць умацаванні замка для таго, каб іх не выкарыстоўвалі шведы. Пазней замак і яго ўмацаванні былі адноўлены. Ад замка быў ход да ракі Сож, каб браць ваду, калі замак быў абложаны.

У 80-х гадах 18 стагоддзя Крычаў стаў адным з цэнтраў караблебудавання. Калі Кацярына II падаравала Пацёмкіну Крычаўскае староства, якое займала большую частку ўсходніх зямель Магілёўскай губерні, ён даручыў вучоным вывучыць прыродныя багацці зямель. Пацёмкін хацеў выкарыстаць гэтыя прыродныя багацці для будаўніцтва новага Чарнаморскага ваеннага флоту.

Пры Пацёмкіне ў Крычаве было пабудавана аддзяленне Херсонскага адміралцейства, суднаверф, канатная, парусная мануфактуры.

У Крычаве працавалі 2 гарбарныя, 2 шкляныя, цагляны, броварны, медналіцейны заводы, здабывалася і перапрацоўвалася балотная жалезная руда. У гэты час Крычаў з’яўляўся адным з буйных прамысловых цэнтраў, толькі на мануфактуры па выпрацоўцы парусіны працавала да 300 рабочых.

Рост прадпрыемстваў адыграў станоўчую ролю для эканомікі Крычаўшчыны, садзейнічаў ўнутранаму гандлю, пашырэнню знешніх гандлёвых сувязяў.

***

Памятны знак - Крычаўская суднаверф

Захавалася толькі ўзвышша, на якой стаяла суднаверф, і памятны знак на ўездзе ў горад.

У другой палове 18 стагоддзя Расіі неабходны быў выхад да Чорнага мора як адзін з гандлёвых шляхоў. Неабходна было тэрмінова будаваць гандлёвы і ваенны флот, узводзіць партовыя гарады. Адным з такіх гарадоў стаў Крычаў. Работы па будаўніцтве узначальваў князь Пацёмкін. У Крычаве было ўсё неабходнае для пабудовы караблёў. Раку Сож значна паглыбілі і пашырылі, зрабілі суднаходнай, і на месцы ўпадзення рачулкі Крычаўкі пабудавалі прычалы. Крычаўская суднаверф, уведзеная ў 1785 годзе, была адным з буйных у Расіі цэнтраў суднабудавання. У 1786 годзе на ваду была спушчана першая яхта “Десна”. Пазней спушчаны былі на ваду 25 ветразных і вёсельных судны. Флатылія ўвайшла ў склад Чарнаморскага флоту.

Будаўніцтвам караблёў у Крычаўскім аддзяленні Чарнаморскага адміралцейства кіраваў выдатны рускі інжынер генерал Іван Ганібал, любімы стрыечны дзед А.С. Пушкіна. Яхты і вёсельныя судны, пабудаваныя ў Крычаве, правёў да Чорнага мора адмірал Пушчын, дзед дзекабрыста Пушчына. На гэтых 5-метровых прыгажунях-яхтах плылі па Дняпры ад Крычава да вядомых парогаў Кацярына II з аўстрыйскім імператарам Іосіфам і Пацёмкіным.

Пасля рэвалюцыі пачалася новая гісторыя горада Крычава. У 1923 годзе скончана будаўніцтва чыгункі Орша-Горкі-Клімавічы. У 30-я гады пачалося будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў на Крычаўшчыне. Пачалі працаваць фасфарытны, крэйдавы, цагляны заводы, ільнозавод, быў утвораны «Сожбуд», які займаўся эксплуатацыяй ракі. Але самай значнай падзеяй стала будаўніцтва першынца беларускай цэментнай прамысловасці, якое было завершана ў 1933 годзе. У 1941 годзе Крычаўскі раён стаў месцам жорсткіх баёў савецкіх войскаў з фашысцкімі захопнікамі. У гады акупацыі тут актыўна дзейнічала падполле, партызанскія атрады. 30 верасня 1943 года горад Крычаў быў вызвалены ад фашыстаў.

***

Гарадзішча

Над невялікай рэчкай Крычаўкай, дзе яна перасякае вуліцу Камсамольскую, узвышаецца Гарадзішча – старажытнае паселішча людзей.

У далейшым (12 стагоддзе) яны сяліліся каля ракі Сож. Замкавая гара была аддзелена ад горада глыбокім ровам, затопленым вадой. На ёй быў узведзены замак – крэпасць.

 

 

***

Замкавая гара

У лютым 1886 г. беларускі замкавед Міхась Ткачоў апублікаваў цэлы шэраг артыкулаў, які тычыцца сярэдневяковай гісторыі Крычава.

Новая гісторыя горада, як паведамляе ў сваіх артыкулах М. Ткачоў, пачалася пасля таго, калі паселішча было перанесена на правы, высокі бераг Сожа. Спачатку ўзвышэнне было абгароджана частаколам. З гліны і пяску ўзвялі вал. А пазней на ім выбудавалі замак.

Падчас станаўлення Вялікага Княства Крычаў лічыўся адным з найважнейшых памежных замкаў. Станам яго цікавіліся многія вялікія князі. Я ўжо згадваў пра Ягайлу. У тым жа 1410 г. тут быў князь Вітаўт, а ў 1664 – кароль Ян Казімір.

У 1519 г. падчас перадачы Крычаўскага замка князю В. Жылінскаму складальнікі інвентару адзначылі наяўнасць у гэтай цытадэлі 11 вялікіх гармат, 7 з якіх былі трафейнымі «маскоўскімі». В. Жылінскі ўжываў гэтыя прылады ў тым ліку і супраць велікакняжацкіх рэвізораў, калі не хацеў ім падпарадкоўвацца.

У XVI ст. комплекс умацавання замка складаўся з пяці вежаў – брамнай і чатырох іншых. Тры з іх стаялі з процілеглага ад Сожа боку.

Перад замкам размяшчаўся сухі абарончы роў шырынёй больш за 42 метры. Праз яго на будынках з бярвення («ізбіцах») быў працягнуты драўляны мост. Ён падводзіў да самых варот. Яго апошні пралёт быў пад’ёмным. На тэрыторыі замка стаяла Мікольская царква. Тут жа знаходзіліся гаспадарчыя будынкі, цэйхгауз, калодзеж. У бок ракі выводзіў патаемны ход.

З дакументаў сярэдзіны XVII ст. вядома, што на рамонт і будаўніцтва абарончых збудаванняў Крычава, у тым ліку і замка, «как прежде сего бывало, шли доходы с корчмы в городе и с двух мельниц за рекою Сожем на реке на Духобыче стоячие», а таксама даход з падужнага, памернага і вагавога.

Што тычыцца арганізацыі абароны горада, то яна ажыццяўлялася, як і ў іншых беларускіх гарадах. Дарослае мужчынскае насельніцтва аб’ядноўвалася ў сотні. Усяго сотняў ў Крычаве было пяць. Прычым, кожная мела сваю назву: Бачкова, Зубелішанская, Латынская, Пагоранская і Падбярэзская. Гэта былі свайго роду ваенныя аб’яднанні. У сотню залічвалі мужчын з кожнага «дыму». У выпадку ваеннай небяспекі білі «в звон ратный, который ест завещоный при церкви св. Николы в замку Кричэвском».

«Звон ратны» яшчэ у 1664 г. вісеў на званіцы Мікольскай царквы. Але ўжо у 1687 г. згадваецца «звон на браме замковой для скорейшей побудки и збирания жихаров места Кричева».

Гарадскія ўмацаванні не раз правяраліся ў ходзе баявых дзеянняў. У 1633 г. горад абложаны быў тройчы. У снежні 1633 г. І. Тарбееў даносіў цару, што «с ратными людьми в Кричеве большой острог взяли и многих польских и литовских людей побили и острог выжгли и к меньшому острогу приступали многажды». Замак, аднак, выстаяў.

Калі ў 1654 г. пачалася руска-польская вайна, замак тутэйшы характарызаваўся рускім камандаваннем так: «Горад Кричев крепок, стоит на осыпи высокой, и ров глубок, и въезд и выезд один, а пищалей затинных и винтовочных в городе много».

У першым пасляваенным інвентары Крычава 1673 г. ёсць апісанне замкавых умацаванняў: «Замок Кричевский стоит на горе с деревянным парканом, кругом прикрытым драницами. К тому замку от места – мост высокий на избицах. Перед брамой замковой узвод с железными полосами и крюками для подъема этого моста».У гэтым жа інвентары мімаходзь згадваюцца вуліцы горада: «Остроговая», «Затынская», «Слободская».

У 1778 г. рускія тапографы яшчэ адзначалі, што ў Крычаве ёсць невялікі замак, акружаны палісадам і рвом».

***

Палац князя Пацёмкіна

Пацёмкін – фігура ў гісторыі нашай краіны важная і значная. Гэты чалавек, вядомы пры жыцці і пасля смерці, дагэтуль асацыіруецца ў многіх беларусаў з сапраўдным альтруізмам.

Менавіта Пацёмкін рэалізаваў у Крычаве адразу мноства неверагодных задум. І адной з гэтых задум стала пабудова двухпавярховага палаца. Праект П-падобнага будынка ў стылі рускага класіцызму адмыслова па заказе Пацёмкіна распрацаваў вядомы дойлід Іван Старое, аўтар Таўрычнага палаца ў Санкт-Пецярбургу.

У часопісе «Прадпрымальнік» за 1992 г. у № 14 можна знайсці апісанне тутэйшага палаца. На першым паверсе размяшчалася парадная група памяшканняў: вестыбюль з лесвіцай, авальная (круглая) зала. Усяго палац налічваў 61 пакой. У палацы размяшчаліся бібліятэка, архіў, спальні, сталовая, буфет, кухня, кладоўка. Для ўпрыгожвання інтэр’ераў выкарыстоўваліся скульптуры, мармур, кафля.

Палац пацярпеў падчас гарадскога пажару ў 40-я гады XIX ст. і быў адбудаваны з некаторымі зменамі. Пасля рэканструкцыі галоўны фасад атрымаў моднае у той час неагатычнае ўбранне. Астатнія фасады пазбеглі перабудовы.

Раман Аўтаназі дапаўняе, што двухпавярховы, з падвальнымі памяшканнямі рэканструяваны палац захаваў выгляд падковы. Галоўны фасад замест порцікаў меў выступаючы рызалінт з магутнымі пілонамі. Па шырокім круглым пандусе да самага ўваходу маглі пад’язджаць карэты. Палац меў два бакавыя крылы. Паміж імі з боку задняга паркавага фасада выступаў паўкруглы рызалінт. Ён выходзіў на такой жа паўкруглай тэрасе, абгароджанай каменнай балюстрадай з шырокімі сходамі, бок парку.

Паводле звестак таго ж Аўтаназі за 1914 г., двух’ярусны палацавы вестыбюль дзяліла на дзве часткі каланада. Сцены былі завешаны калекцыяй зброі і даспехаў. Тры пакоі франтавой анфілады выкарыстоўваліся пад жыллё. Дзве ў правым крыле насілі назву «епіскапскіх», таму што іх калісьці займаў касцёльны саноўнік названага рангу. Тры пакоі на левым баку выкарыстоўваліся пад бібліятэку і спальні гаспадароў. З бібліятэкі можна было патрапіць у сталовую, якая мела масіўную мэблю з чорнага дубу. Палацавыя сцены ўпрыгожвалі родавыя партрэты. Але найбольшую каштоўнасць меў вобраз св. Мікалая візантыйскай школы, які быў намаляваны на Кіпарысавай дошцы і ўпрыгожаны дарагой рамай.

Цэнтр палаца займала вялікая зала, якая насіла назву Партрэтнай. Тут былі 42 выявы ў натуральную велічыню прадстаўнікоў роду Галынскіх (з канца XVIII ст. палац перайшоў ва ўласнасць Галынскіх). Вісеў у гэтай зале і партрэт князя Рыгора Аляксандравіча Пацёмкіна. Побач з ім знаходзіліся партрэты Пятра Вялікага, Кацярыны II, Паўла, Аляксандра I, Мікалая І, Лізаветы Пятроўны, Ганны Іванаўны. У групе радавых –малюнкі Яна Галынскіх, яго брата Міхаіла і сына Вінцэнта. З больш позніх работ – партрэт Юзэфа Галынскага, намесніка гусарскай харугвы, а таксама партрэт Ігнація Галынскага, маршалка чавускага. Жанчыны былі прадстаўлены партрэтамі жонкі Ігнація з роду Жукоўскіх, а таксама Марылі з баронаў Веймараў. Акрамя родавых партрэтаў XVІII-XIX стст., былі яшчэ дзве карціны знакамітага мастака Аляксандра Арлоўскага і партрэт мастака Ваньковіча невядомага аўтара...

Другі паверх левага крыла займала дзве залы. У адной размяшчаўся архіў, у якім захоўваліся дакументы, што мелі дачыненне да старога Мсціслаўскага ваяводства, у тым ліку каралеўскія маніфесты і прывілеі (з асабістымі подпісамі Ягелонаў, манархаў з дынастыі Вазаў, Міхаіла Карыбута Вішнявецкага, Яна Сабескага, Станіслава Аўгуста). Захоўвалася таксама вялікая колькасць лістоў Міхаіла Самазванца да Марыны Мнішак і карэспандэнцыі роду Галынскіх.

Раман Аўтаназі паведамляе таксама, што вакол палаца існаваў парк, закладзены яшчэ пры энергічным Пацёмкіну ў канцы XVIII ст. Ён займаў 10 га. Ліпавыя алеі замыкалі ўчасткі, абсаджаныя фруктовымі дрэвамі. На адхоне над берагам рэчкі рос адзінокі дуб, які назвалі дубам царыцы. Яго назва звязана з наведваннем Крычава імператрыцай Кацярынай II.

Да сядзібы вяла арыгінальная брама, пабудаваная пазней, ужо ў сярэдзіне XIX ст. Яна была стылізавана пад каменныя егіпецкія піраміды. Усяго было чатыры піраміды. Дзве сярэднія значна перавышалі астатнія і трымалі чыгунныя ланцугі. Унутры іх былі зробленыя памяшканні з месцам для вогнішча і брамніка.

Сёння палац уяўляе не меншую каштоўнасць, чым 2 стагоддзі таму назад. Апытванні жыхароў рэгіёна даказваюць, што гэта славутасць – адна з самых значных у Магілёўскай вобласці ...

 

***

Паштовая станцыя

Першая паштовая станцыя ў мястэчку Крычаў была адкрыта ў 1850 годзе.

Яна абслугоўвала паштовую дарогу Масква – Брэст – Варшава.

Станцыя – гэта комплекс будынка, размешчаны ў плане прамавугольнага двара. Галоўны будынак мураваны, аднапавярховы, галоўны фасад павернуты да дарогі, яго цэнтральная частка і куты вылучаны піястрамі з гатычным арачнымі нішамі. Прамавугольныя вокны ў выглядзе спічастых арак. Паштовая станцыя – помнік неагатычнай архітэктуры.

***

Цэрквы Крычава

Заснавальнік Крычаўскага краязнаўчага музея Міхаіл Мельнікаў (1921-1993) у газеце «Ленінскі кліч» у серыі сваіх артыкулаў за 1992 г. дае сапраўдную рэтраспектыву гісторыі горада. У прыватнасці, ён паведамляе, што ў «Эканамічных заўвагах» да плана генеральнага межавання Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні ёсць звесткі пра тое, што, калі распрацоўваўся гэты план, гэта значыць у канцы XVIII ст., у горадзе Крычаве дзейнічалі сем цэркваў. «...Першая ў замку на рацэ Сож узвышаным з усіх бакоў месцы ў імя цудатворца Мікалая, другая Успення святой Багародзіцы, трэцяя прарока Іллі, Чацвёртая Васкрасення Хрыстова (Спаская), Пятая Нараджэння Хрыстова, шостая Пятніцы-Параскевы і сёмая Пераўтварэння Гасподняга – набожная, драўляная».

Іллінскай царкве з даўніх часоў было дадзена права браць на сваю карысць даходы з перавозак праз Сож.

Пятніцкая царква мела пастаянны даход з базару. І даход той быў, відаць, немалы. Таму што калі ў пачатку XIX ст. у горадзе здарыўся пажар і згарэлі дзве царквы, Пятніцкая і Васкрасенская, то аднавілі толькі Пятніцкую. Прычым, для надзейнасці – з цэглы.

Вядома, што ў сувязі з выратаваннем ад утаплення дзесьці ў гэтых месцах вялікай княгіні Лізаветы яе муж, кароль Казімір, распарадзіўся пабудаваць шэраг праваслаўных цэркваў, у прыватнасці ў Крычаве, Магілёве, Чэрыкаве, Оршы. Выратаваў княгіню, паводле легенды, просты праваслаўны мужык, рыбак, прычым у дзень святога Іллі. Таму і ўсім цэрквам тым была дадзена адпаведная назва – Іллінскія.

«Я вельмі добра памятаю не толькі тое, што было ўнутры нашай Іллінскай царквы, хоць і быў у ёй падлеткам, – паведамляе Міхаіл Мельнікаў. – У памяці засталася драўляная лесвіца, невялікая званіца. Шмат гадоў у галаве маёй сядзела адна думка – як знайсці яе фота ці хоць бы малюнак. Бо ў ёй адпявалі за яе пяцісотгадовую гісторыю тысячы памерлых – яна была храм на могілках. Адпявалі там і маіх продкаў па маці».

Вядома, што ў 1940 г. гэту царкву разабралі, каб збудаваць з яе будматэрыялаў каля рэчкі Крычаўкі маслабойны цэх. 26 жніўня 1892 г. чыноўнік па асабліва важных даручэннях пры магілёўскім губернатары археолаг Сямён Галоўскі зрабіў запіс у сваёй справаздачы аб раскопках, якія ён праводзіў на Замкавай гары ў горадзе Крычаве: «Зроблены агляд вельмі старой царквы на могілках. Мне здаліся годнымі ўвагі цудоўнай работы мясцовыя іконы, ажурныя царскія вароты і абраз з выявай Аўраама і трох падарожнікаў каля дуба Мамурыйскага. Іконы, царскія вароты зараз валяюцца ў пыле на хорах, а замест іх не так даўно ў іканастасе ўстаўлены дзверы і іконы грубай работы».

Што тычыцца Іллінскіх могілак, то там было чатыры старажытныя помнікі з чырвонай цэглы-плінфы. Яны размяшчаліся па кожным з бакоў царквы ў невялікім ад яе аддаленні. Тое месца, дзе калісьці стаяла сама царква, зараз занялі магілы. Вядома, што калі там закопвалі труны, то выявілі падземнае памяшканне – склеп.

Самай старой царквой у горадзе заўсёды лічылася Мікалаеўская (Нікольская). У дакуменце XVII ст. «Спісы з лістамі», які захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве, маецца ліст казацкага палкоўніка Пятра Раслаўчэнкі маскоўскаму цару, дзе палкоўнік паведамляе, што ён «… с товарищи своими судьёй войсковым и смоковским барвичем и сотником черниговским Васильем присягу на тех ваших пунктах учинил перед святым Евангелием в храме Божием Святому Николе в городе Кричеве стоячему…»

Да Вялікай Айчыннай вайны работнікамі Мінскага музея мастацтваў былі сабраны і адрэстаўраваны самыя каштоўныя абразы Крычава. У тым ліку іконы святога Іллі з Іллінскай царквы і два абразы з Мікалаеўскай царквы – вялікае шматфігурнае палатно Успення Божай Маці і пяціфігурнае, якое носіць назву Троіца.

Яшчэ адну карціну Мікалаеўскай царквы бачыў і апісаў у сваёй справаздачы вышэйназваны чыноўнік па асобых даручэннях Сямён Юльянавіч Галоўскі: “Арыгінальная карціна «Ной бласлаўляе сваё сямейства» выглядае так: Ной намаляваны з тварам чалавека, які ўжо запаў у дзяцінства ад старасці, а сыны і унукі – усе глыбокія старыя з сівымі бародамі”.

Усе цяперашнія абразы, якія ўпрыгожваюць Мікалаеўскую царкву, заказваў у Кіеве яе настаяцель айцец Міхаіл.

На ўзвышшы каля Гарадца за векавымі пасадкамі сучаснай Камсамольскай вуліцы (калі ўздымацца да аўтавакзала) стаяла Успенская царква. Да вайны ў ёй размяшчалася дзіцячая тэхнічная станцыя. У канцы верасня 1943 г. пры вызваленні горада царква згарэла.

На тым месцы, дзе знаходзілася гэтая царква, – дадае Міхаіл Мельнікаў, – у старажытнасці размяшчаўся Дзяляндваўскі манастыр. Тут жа размяшчалася могілкі манахаў. Пасля вайны на месцы гэтых могілак школьнік Мяшкоў знайшоў статуэтку індыйскага бога. Аўтар артыкула мяркуе, што гэта рэч належала вядомаму рускаму падарожніку Афанасію Нікіціну, які першым з рускіх пабываў у Індыі ў канцы XV ст. Ужо будучы хворым падарожнік апынуўся ў горадзе Прапойску і застаўся там у манастыры, перадаўшы з купцамі, якія ішлі ў Маскву з Крыма, свае знакамітыя запіскі, якія цяпер вядомы ва ўсім свеце. Пасля хворы быццам бы адважыўся ісці далей і выйшаў з Прапойскага манастыра, але праз два пераходы памёр. Гэты другі пераход, пасля Чэрыкава, і быў Крычаў. Магчыма, былы Геляноўскі манастыр сапраўды стаў месцам апошняга прыстанку вядомага падарожніка.

Спаская, або Васкрасенская, царква размяшчалася на ўзвышшы за рэчкай Забялішанкай, насупраць Замкавай гары (каля ваенкамата). У дакументах XVII ст. жыхары, які пражывалі ў гэтай частцы горада, называюцца жыхарамі “Спаскага боку” і сама вуліца называлася «Спаскай».

Царква гэта была драўлянай. Яна мела найбагацейшы іканастас.

У актавых кнігах губерні Магілёўскай і Віцебскай (XVIII выпуск, Віцебск 1888 г.) ёсць такія звесткі: «Предписание Смоленского униатского архиепископа Месавия Стебненского засожскому декану Иону Титовичу о назначении священника Федора Гневского викарием в Кричевской Рождественской, древне-православной, но обращенной в унию приходской церкви с обозначением и состава самого прихода в который и вошли: город Кричев, деревня Михеевичи, а также деревни Слободка, Прохоровка, деревня Веприн, местечко Гроново, деревня Потужейка, Городная, меднолитейный завод этих деревень, деревни Ушаки, Охорьский монастырь, деревня Охорь, деревня Сокольничи, деревня Хотиловичи, три деревни Речица, деревня Маковье, деревня Цыганова, деревня Дарливое, деревни Торбатка, Свиная, деревня Глушнево, деревня Зуч, 1762 год, мая 29».

Царква Васкрасенская

 

Царква Пакроўская

 

Царква святога Мікалая

 

Пратэстанцкі Храм

***

Крычаўскі лес

Вялікі і загадкавы крычаўскі лес. Ён ніколі не бывае сумным, аднастайным, закрытым для дапытлівага позірку. Кожная сцежка, якая ўводзіць у яго глыб, тоіць радасць пазнання і новых адкрыццяў. Лес добры ў любую пару года. Увесну ён светлы ад радасці абуджэння і радаснага спеву птушак, летам насычаны водарам траў і спелых ягад, восенню агорнуты чырванню фарбаў і грыбнымі туманамі, зімой распісаны снежнымі ўзорамі і слядамі дзікіх звяроў. Мы запрашаем турыстаў увайсці ў лес, як уваходзяць да сябра, з чыстымі намерамі і адкрытай душой, прайсці па знаёмых і незнаёмых лясных сцежках, паслухаць, паназіраць, парадавацца сустрэчы з асцярожным зверам, дакрануцца да таямніц жывой прыроды.

 

***

Рака Сож

Рака Сож – адзін з найпрыгажэйшых прытокаў Дняпра. Яна бярэ пачатак за некалькі кіламетраў ад Смаленска і цячэ па Смаленскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях.

Берагі Сожа – любімае месца адпачынку крычаўцаў. Спакойная блакітная роўнядзь ракі, зручныя пясчаныя пляжы запрашаюць сюды тых, хто хоча пабыць сам-насам з прыродай, палюбавацца яе фарбамі, атрымаць асалоду ад цішыні.