Рус Бел Eng 中文

Славутасці Асіповіцкага раёна

17 лістапада 1872 г. у Мінскай губерні пачалося будаўніцтва чыгуначнай станцыі, якая пазней атрымала сваю назву ад размешчанай за два кіламетры ад яе вёскі. Ужо да канца 1872 г. на станцыі было пабудавана 5 дамоў, у якіх пасялілася 40 чалавек. Чыгуначны бум стаў прычынай нараджэння тутэйшага горада. Яшчэ да пачатку XX ст. у ім было 150 дамоў і 1178 жыхароў. У 1890 г. Асіповічы атрымалі статус гарадскога пасёлка.

Будынак першага вакзала ў Асіповічах узвялі у 1873 г. А рух цягнікоў ад Мінска да Бабруйска адкрылі 16 (28) верасня 1873 г. Лібава-Роменская чыгунка спрыяла прытоку ў Асіповічы працоўнай сілы з вёсак. Памешчыкі, арандатары іх зямель, купцы сталі будаваць прадпрыемствы. Так, памешчык І. Ф. Дараган паўночней станцыі Асіповічы заснаваў лесапільны завод, а яго кіраўнік яўрэй Айзіковіч – смалакурню. З паўднёвага боку станцыі купец Рыбкін узвёў лесапільны завод і млын. На самой станцыі дзейнічала пагрузачна-разгрузная арцель: тут адгружалі лес, спірт, прадукты сельскай гаспадаркі. У 1890 годзе са станцыі было адпраўлена амаль 300 тысяч пудоў прадукцыі.

З пабудовай у 1896 г. чыгуначнай веткі да паселішча Старыя Дарогі станцыя Асіповічы стала вузлавой.

Да пачатку XIX стагоддзя ў Асіповічах паўстаў шэраг майстэрняў і кузняў. Чыгуначнікі зрабіліся асноўным атрадам працоўнага класа пасёлка.

Да сённяшняга дня візітнай карткай Асіповіч з’яўляецца чыгунка, бо менавіта яна стала прычынай узнікнення горада. Чыгуначнае палатно падзяляе яго на дзве часткі. Не дзіўна, што сваім сімвалам асіпаўчане лічаць помнік паравоза.

І заканамерна, што дзень чыгуначніка ў Асіповічах, па цалкам зразумелых прычынах, святкуюць не менш шырока, чым дзень горада.

***

Асіповіцкая ГЭС – найбуйнейшая ў Рэспубліцы Беларусь. Яна пачала працаваць у 1953 годзе. Яе абслугоўваюць 14 чалавек. Калісьці меркавалася, што ГЭС будзе абслугоўваць менавіта горад, але энергія станцыі галоўным чынам накіроўваецца ў сельскую мясцовасць.

***

Найбуйнейшы археалагічны помнік раёна – замчышча ў вёсцы Свіслач (ХII-XIV).

Свіслацкае княства займала выгаднае геаграфічнае становішча. Тут працякалі буйныя рэкі Свіслач, Бярэзіна, Пціч, па якіх у старажытнасці праходзіў водны шлях.

Дружына князя кантралявала рух тавараў па ім. Цэнтрам Свіслацкага княства з’яўляўся горад Свіслач. Упершыню княства згадваецца ў Іпацьеўскім і Галіцка-Валынскім летапісах у 1256 годзе. Асноўнай крыніцай ведаў аб раннім перыядзе развіцця Свіслацкай зямлі з’яўляюцца археалагічныя раскопкі. Дзякуючы ім вядома, што будаўніцтва замка пачалося ў ХІ стагоддзі. Шэраг даследчыкаў мяркуе, што тут праходзіла паўднёвая мяжа Полацкага княства.

***

Асіповіцкае вадасховішча размешчана ў Асіповіцкім раёне, на рацэ Свіслач (чаша вадасховішча – затопленая пойма ракі). Яго стварылі ў 1953 г. плошчай 11,9 кв.км, максімальнай глыбінёй 8,5 м. Выкарыстоўваецца для энергетычных мэтаў (Асіповіцкая ГЭС), водазабеспячэння сажалак рыбгаса “Свіслач”. Схілы стромкія, пакрытыя маляўнічымі ляснымі масівамі. Берагі пераважна высокія (да 8 м).

Вадасховішча з’яўляецца месцам адпачынку і заняткаў воднымі відамі спорту, а таксама папулярнае падчас зімовай і летняй рыбалкі (водзіцца лешч, акунь, платва, шчупак, карась, лінь).

***

Ва ўрочышчы Прошча (Асіповіцкі р-н, в. Коханаўка) размяшчаецца жыватворная крыніца. Існуе павер’е, што ў ХVII ст. з вёскі Карытнае ў вялікае хрысціянскае свята ішлі два сляпыя старцы. Леглі адпачыць, а калі прачнуліся – збіліся са шляху. Самастойна выбрацца з лесу яны не змаглі. Упалі старцы на калені і пачалі маліцца, зацурчэла вада. Сляпыя нахіліліся да ручайка, каб напіцца і памыць твар, і ад вады крыніцы да іх вярнуўся зрок. Убачылі старцы, што на бярозе вісіць абраз Божай Маці. Тады вырашылі пабудаваць царкву там, дзе быў знойдзены абраз (1992 г.).

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.