Рус Бел Eng 中文

Славутасці Слаўгарадскага раёна

На Слаўгарадчыне (каля вёскі Кліны) размясцілася дзіўная крыніца – Сіні калодзеж, або, як яго зараз афіцыйна называюць, Блакітная крыніца. Маляўнічае возера з цёмна-сіняй, густой, нібы кісель, вадой, якая не замярзае нават у лютыя маразы, акружанае з усіх бакоў ліпамі, дубамі, вольхамі і вербамі. З нетраў крыніцы б’юць ключы – вада бурліць і, здаецца, жыве сваім жыццём. Кожныя суткі крыніца дорыць Сожу мільёны літраў чыстай вільгаці.

Пры даследаванні падводнага свету крыніцы было ўстаноўлена, што на глыбіні 2,5 метра пад прыступкамі, дзе людзі традыцыйна бяруць ваду, размешчаны кратар, з якога б’юць падземныя воды. Ён уяўляе шахту круглявай формы дыяметрам 1,2-1,3 м. Уваход у гэтую шахту завалены каранямі і галінкамі. Навукоўцы спрабавалі вымераць глыбіню шахты наяўнымі ў іх спецыяльнымі сродкамі, але гэта аказалася немагчымым. Прыблізная глыбіня крыніцы – звыш 300 метраў. Крынічны ключ прабіваецца праз тоўшчу пісчага мелу. Аб’ём паступлення падземных вод на паверхню зямлі складае 60 літраў у секунду! (5000 куб. м у суткі). Таму крыніца з’яўляецца самай буйной з вядомых крыніц як у Беларусі, так і на ўсёй Усходне-Еўрапейскай раўніне. Дарэчы, у Беларусі толькі пяць крыніц абвясцілі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння (Святыя крыніцы, Юцкоўская крыніца, Палыкавіцкія крыніцы, Блакітная крыніца і Іўеўская крыніца).

З крыніцы былі ўзяты пробы вады. Іх аналіз паказаў, што ўтрыманне забруджвальных мікраэлементаў – нітрытаў і нітратаў – у вадзе ніжэйшае за гранічна дапушчальную канцэнтрацыю, устаноўленую для пітной вады. Было адзначана, што вада моцна мінералізавана. Калі, скажам, узровень біялагічна актыўных мінеральных кампанентаў у звычайнай мінеральнай вадзе складае не больш за 10 міліграмаў на літр, то мінералізацыя крынічнай вады – 180,6 мг/дм3, што, бясспрэчна, аказвае на арганізм чалавека лячэбнае дзеянне. Гідракарбанатна-кальцыевая вада крыніцы з павышаным утрыманнем фтору, стронцыю, крэмнію, тытану, медзі і многіх іншых карысных мікраэлементаў служыць эталонам чысціні падземных вод. Вада ў крыніцы ніколі не псуецца, у крыніцы няма мікробаў і яе можна піць проста з вадаёма. Асаблівай увагі заслугоўваюць значныя плошчы нітчатага багавіння, якім пакрыта дно крынічнай ванны, а таксама ўражвае развіццё калоній пурпуровых бактэрый, якія ўтвараюць мудрагелістыя формы. Пагаворваюць, што да чалавека, які тройчы перайшоў Блакітную крыніцу, надоўга ніякая хвароба не прылепіцца, здароўе будзе добрым, а гады доўгімі.

«Блакітная крыніца» – крыніца, вядомая з даўніх, яшчэ дахрысціянскіх часоў. Некалі ў тутэйшых месцах жыло племя радзімічаў. У той час людзі шанавалі крынічную ваду як бажаство і святыню і змагаліся за ўладанне ёю з князямі Кіеўскай Русі. Апошнюю бітву з дружынай кіеўскага князя Уладзіміра радзімічы прайгралі. Заваяваныя князем, яны вымушаныя былі прыняць хрысціянства. У якасці біблейскай Іардані сталі выкарыстоўваць мясцовую крыніцу, якая і тысячу гадоў таму валодала той жа цудадзейнай сілай. Хрышчэнне апошніх язычнікаў адбылося 1 жніўня 988 года. З той пары менавіта ў гэты дзень – па новым стылі 14 жніўня – да крыніцы здзяйсняецца масавае паломніцтва.

У Блакітнай крыніцы ёсць і свая легенда, якая паведамляе наступнае. Даўным-даўно гэта было. Па берагах Сожа жыло племя волатаў. Хлеб вырошчвалі, дзецям радаваліся, край свой любілі, а восенню сватоў засылалі. Пасваталіся да прыгажуні Кацярыны два хлопцы. Пайду, думае, за Сцяпана, Марка заб’е яго; пайсці за Марка – Сцяпана любімага шкада. Дала яна ім па каменю і загадала кідаць. Чый камень далей паляціць, за таго і пайду, кажа. І ўбачыла яна, што камень нялюбага ляжыць сажняў на пяць далей за камень каханага. Вочы сінія пацямнелі, бровы сабаліныя выгнуліся, шэпт хвоі пачулі: «Чым даставацца мне нелюбімаму – вадой пайду людзям служыць!» Упала з каменя, вадой разлілася, пад зямлю сышла. А вёрст за пяць, бліжэй да Сожа, прабілася з-пад зямлі, зашумела – за дзве вярсты чуваць – вада чыстая, блакіту вачэй дзявочых. Блакітная крыніца ...

***

Яшчэ адна крыніца, якую называюць Гарадской, знаходзіцца ў парку самога Слаўгарада (вул.Ленінская) ...

Царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы размешчана ў цэнтры горада Слаўгарада. Гэта цэнтрычны безапсідны храм з васьмігранным купалам. Інтэр’ер упрыгожаны жывапісам. Архітэктура мае рысы класіцызму канца XVIII ст. і носіць свецкі характар, што выявілася ў вырашэнні плана і аб’ёму царквы, тыповага для грамадзянскага будаўніцтва, у адсутнасці традыцыйных апсід, раўнацэнным мастацкім выяўленні ўсіх фасадаў. Побач з царквой стаіць двух’ярусная званіца, завершаная невялікі вежкай. Ансамбль царквы і званіцы – помнік архітэктуры класіцызму.

Царква была пабудавана ў 1791-1793г.г. под асабістым наглядам А. М. Галіцына. Праектаваў Храм яркі прадстаўнік класіцызму рускі архітэктар Мікалай Львоў – аўтар Неўскіх варот Петрапаўлаўскай крэпасці, паштамта ў Санкт-Пецярбургу, знакамітага Гатчынскага палаца, Барысаглебскага сабора ў горадзе Таржок, сядзібных комплексаў у Маскоўскай і Наўгародскай абласцях. Кіраваў будаўніцтвам дасведчаны майстар Лука Іваноў. Усе будаўнічыя матэрыялы для Храма вырабляліся на месцы, толькі жалеза на дах прывезлі з Масквы. Інтэр’ер быў упрыгожаны іканастасам, жывапісам і пышнымі фрэскамі, якіх першапачаткова налічвалася 57 сюжэтаў Новага і Старога запаветаў. Найлепшыя маскоўскія мастакі распісвалі Храм, кіраваў роспісам знакаміты мастак Уладзімір Баравікоўскі – аўтар партрэтаў Паўла I, Кацярыны II, Марыі Лапухіной, Дзяржавіна, Куракіна і іншых вядомых гістарычных асоб.

Да 1930 года Храм быў галоўным праваслаўным прыходам раёна, але затым, пасля атэістычных ганенняў, Храм быў зачынены і выконваў ролю дапаможнага памяшкання прыстані. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён моцна пацярпеў ад працяглага абстрэлу, быў назіральным пунктам немцаў. На будынку практычна не было тынкоўкі, сцены ў суцэльных выбоінах.

У 1987 годзе будынак царквы перададзены Слаўгарадскай праваслаўнай суполцы, якая дзейнічае зараз як Праваслаўны Прыход Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Будынак уяўляе гісторыка-культурную каштоўнасць і ахоўваецца дзяржавай.

***

Самае вядомае і значнае для гісторыі раёна гарадзішча ў г. Слаўгарадзе на Замкавай гары. Размешчана на высокім правым беразе Сожа, каля вусця р. Проня, уяўляе сабой пляцоўку памерам 40-95м. выцягнутую з поўдня на поўнач. Вышыня над узроўнем ракі – каля 30 метраў, шырыня – 20 м., глыбіня рова – 11м. На тэрыторыі гарадзішча праводзіліся археалагічныя раскопкі ў 1968г., 1974г., 1988г. Культурны пласт складае 1,8 м., змяшчае рэшткі эпохі неаліту, жалезнага веку, Кіеўскай Русі, знойдзены рэшткі мілаградскай культуры канца XI – пачатку XIII ст., выяўлены элементы штрыфаванай керамікі, знойдзены драўляны частакол Х стагоддзя. У ХІІ ст. на тэрыторыі гарадзішча быў пабудаваны замак.

***

 

Сваім становішчам Слаўгарад сведчыць аб тым уменні і гусце, з якімі даўней выбіралі месца для пабудовы гарадоў. З самага свайго ўзнікнення водныя гандлёвыя шляхі мелі важнае стратэгічнае значэнне. Па суднаходным Сожы, нароўні з грузавымі баржамі, якія цягалі бурлакі, пачынаючы з ХІХ стагоддзя хадзілі колавыя параходы з дзіўнымі назвамі «Чыкага», «Арыён», «Усход». Штогод прыстань Прапойска прымала да 25 гандлёвых судоў. Неацэнны ўклад для сацыяльна-эканамічнае развіццё горада мела будаўніцтва ў 1834г. магістралі Масква-Варшава, дзякуючы чаму Прапойск стаў адным з буйных і ажыўленых мястэчак. У памяць пра гэта на вул. Луначарскага, у месцы зліцця рэк Проня і Сож, размешчаны мемарыяльны знак «Якар».

 

***

Таксама да гістарычна-каштоўных мясцін Слаўгарада можна аднесці будынак паштовай станцыі XVIII стагоддзя, размешчаны па адрасе: вул.Ленінская, 37. Зараз у будынку праводзіцца рэканструкцыя пад будучы раённы краязнаўчы музей.

***

У самым цэнтры Слаўгарада (Ленінская, 3) знаходзіцца алея памяці пахаваных вёсак Слаўгарадскага раёна, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Помнік устаноўлены 16 вёскам, выселеным у сувязі з катастрофай на АЭС.

***

Асаблівае месца ў гісторыі Слаўгарадчыны займае в. Лясная.

Непазнавальна змянілася сёння мясцовасць вакол Лясной пад Слаўгарадам (Прапойскам), дзе ў верасні 1708 года грукатала лёсавызначальная для народаў Расіі і Беларусі бітва. Зніклі балоты і лясы, праз якія з вялізнымі цяжкасцямі прабіваліся шведскія і рускія войскі. Калісьці паўнаводная рэчка Ляснянка стала маленькім раўчуком. Згладзіліся пагоркі, на якіх размяшчаліся галоўныя пазіцыі праціўнікаў. Толькі кулі і іржавыя абломкі зброі ў зямлі нагадваюць аб гераічных справах нашых продкаў.

Падзеі на тэрыторыі Беларусі і Магілёўшчыны ўлетку 1708 года вымусілі шведскага караля Карла XII змяніць свае стратэгічныя планы пахода на Маскву праз Смаленск. Першая сур’ёзная бітва пад Галоўчынам, паражэнне пад Добрым, пастаянныя баявыя сутычкі з часткамі рэгулярнай рускай арміі, голад і хваробы нанеслі шведам незаменныя страты. 7 ліпеня 1708 года шведская армія знаходзілася ў Магілёве.

Адсутнасць фуражу і правіянту затрымала шведаў на Дняпры амаль на месяц. Увесь гэты час шведскі кароль стаяў у Магілёве, спадзеючыся дачакацца падыходу корпуса Левенгаўпта, які рухаўся з Прыбалтыкі разам з вялізным абозам прадуктаў харчавання і боепрыпасаў. Але стаяць на адным месцы было небяспечна – не хапала харчавання, барацьба з варожым асяроддзем – «беларускімі мужыкамі» – аслабляла войска, што адбівалася на маральным духу салдат.

Ацаніўшы становішча, Карл XII вырашыў накіраваць сваю армію ў Украіну, дзе спадзяваўся дастаць прадукты харчавання для войска, пазбегнуць абяссільваючых баёў з рускім войскам на пераходах і атрымаць перадышку. Спадзяваўся ён і на падтрымку гетмана левабярэжнай Украіны І. Мазепы. Акрамя таго, шведскі кароль разлічваў уцягнуць у вайну супраць Расіі крымскіх татар і Турцыю.

Корпус генерала Левенгаўпта налічваў за 16 000 чалавек, 17 гармат і 7 000 вазоў. У абозе шведаў былі ў асноўным боепрыпасы. Сабраць жа дастатковую колькасць харчавання Левенгаўпт не паспеў і вырашыў дабраць харчы па дарозе да войска Карла. Рускае камандаванне разумела, што ў выпадку злучэння войскаў караля і Левенгаўпта над Расіяй навісне смяротная небяспека. Для таго каб гэтага не здарылася, неабходна было разграміць ворага па частках.

Для барацьбы з Левенгаўптам, з найбольш баяздольных частак рускага войска быў сфарміраваны «лятучы корпус» ў складзе 12 000 чалавек. Сюды ўвайшлі Сямёнаўскі і Праабражэнскі гвардзейскія палкі, Інгерманландскі пяхотны полк, батальён Астраханскага палка, 10 драгунскіх палкоў і некалькі сотняў казацкай конніцы. Узначаліў карвалант Пётр I і 15 верасня 1708 года рускія войскі выступілі на захад.

Увечары 27 верасня шведскі корпус сканцэнтраваўся ля Лясной. Адначасова Левенгаўпт загадаў паслаць да Прапойска 3-тысячны атрад для рамонту мастоў і расчысткі дарог. З атрадам была адпраўлена і вялікая частка абозу. Свае галоўныя сілы шведы размясцілі на вялікай паляне на захад ад Лясной. Наперадзе ў невялікім пералеску размясціліся 6 найбольш баяздольных шведскіх батальёнаў. Вакол Лясной шведы пабудавалі ўмацаванне са счэпленых паміж сабой вазоў і бярвення – вагенбург, а на поўдзень ад вёскі, на р. Ляснянка, узвялі некалькі мастоў на выпадак магчымага адступлення.

У ноч на 28 верасня Пётр I пераправіўся праз р. Раста і раніцай рушыў да Лапацічаў і Лясной. Ісці па адной вялікай дарозе ўсім палкам разам было небяспечна з-за магчымасці раптоўнага нападу ворага. А таму рухацца прыйшлося «лесам густым, праз балоты і пераправы бязлітасныя». Селянін з мясцовай вёскі дапамог правесці рускі карвалант да размяшчэння шведаў вядомымі толькі яму сцежкамі.

Падышоўшы да Лапацічаў, Пётр I падзяліў карвалант на дзве часткі. Па вялікай дарозе былі накіраваны Інгерманландскі пяхотны полк, лейб-рэгімент Меншыкава і 6 драгунскіх палкоў. Астатнія сілы (два пяхотныя, тры драгунскія палкі і адзін батальён) на чале з Пятром I праваднік павёў па глухой лясной дарозе. У кожнай калоне налічвалася па 5-6 тысяч чалавек.

Апоўдні 28 верасня 1708 года перадавыя часткі рускіх выйшлі да паляны перад узлескам, дзе ў засадзе знаходзіліся шведы, спешыліся і сталі будавацца ў баявы парадак. Аднак скончыць пабудову не ўдалося. Левенгаўпт на чале 6 батальёнаў з пералеска нечакана атакаваў рускіх, якія разгубіліся і адступілі назад. Стварылася пагрозлівае становішча.

На астрыі шведскай атакі апынуліся Інгерманландскі і Неўскі палкі. Цаной вялікіх страт ўтрымлівалі яны напор пераўзыходзячых сіл ворага. Справа, удалечыні ад іх, стаялі гвардзейскія Сямёнаўскі і Праабражэнскі палкі. У вырашальны момант бою рэзервовыя палкі падышлі на дапамогу і раптоўна ўдарылі па шведах. У выніку вораг не вытрымаў напору рускіх і вымушаны быў бегчы ў пралесак. Следам у пералесак уварваліся рускія салдаты, выбілі шведаў і на ўскраіне лесу, каля вёскі, устанавілі сваю артылерыю. Вораг пад прыкрыццём конніцы з вялікімі стратамі адступіў да Лясной.

Падчас бітвы за пералесак рускія захапілі 2 гарматы, 3 сцягі і шмат палонных шведаў. Першы этап бою скончыўся разгромам шасці лепшых шведскіх батальёнаў і захопам рускімі войскамі добрага тактычнага становішча для будучага наступлення.

Выбіўшы шведаў з пералеска, рускія пастроіліся ў баявы парадак. У першай лініі стаялі Сямёнаўскі і Праабражэнскі гвардзейскія і Інгерманландскі пяхотны палкі. На флангах першай лініі былі пастаўлены па два драгунскія палкі. Усе астатнія войскі размяшчаліся ў другой лініі.

Пасля поўдня 28 верасня карвалант пачаў наступленне на ворага. Пры выхадзе з пералеска рускіх сустрэла контратака шведаў. Некалькі гадзін з пераменным поспехам ішоў люты бой. Амаль ва ўпор білі ружэйныя залпы з абодвух бакоў. У рэшце рэшт рускія адкінулі ворага. Шведы страцілі 8 гармат, баявыя сцягі і адступілі да вагенбурга, дзе чакалі падыходу свайго атрада, адпраўленага з абозам у Прапойск.

Цяжкі бой моцна стаміў абодва бакі, і таму вырашылі спыніць бітву. Пётр I у сваіх нататках адзначаў, што «вораг у сваім абозе, а нашы на баявым месцы селі і даволі доўга адпачывалі на адлегласці ў палове гарматнага стрэлу палкавой гарматы або нават бліжэй».

Праціўнікі адпачывалі каля дзвюх гадзін. У 5 гадзін вечара да месца бітвы прыбылі 8 палкоў Боўра ў колькасці 4 076 чалавек. З іх прыбыццём Пётр I вырашыў накіраваць галоўны ўдар на левы фланг праціўніка, каб заняць мост і дарогу на Прапойск, каб перакрыць шведскім войскам шлях да адступлення. Сюды ж перасоўваліся два драгунскія палкі.

Пасля перагрупоўкі сіл рускія зноў пайшлі ў наступленне. Разгорнутыя лініі падышлі да шведаў на адлегласць ружэйнага стрэлу і адкрылі агонь. Літаральна праз некалькі хвілін праціўнікі сышліся ў рукапашнай сутычцы. Шведы не вытрымалі і адышлі. Рускія захапілі вялікі мост на Ляснянцы, але ўтрымаць яго не змаглі. Да месца бою падышоў 3-тысячны шведскі атрад з Прапойска і з яго дапамогай Левенгаўпт адбіў мост. Але перайсці ў наступленне шведы ўжо не маглі. Яны схаваліся ў вагенбургу, адкуль працягвалі адбіваць атакі карваланта.

З надыходам цемры бой спыніўся. На наступную раніцу Пётр I вырашыў працягнуць бітву і канчаткова дабіць ворага. Левенгаўпт, ацаніўшы вынікі бою, убачыў, што палова яго корпуса знішчана. Астатняя частка амаль цалкам страціла баяздольнасць. Далейшае супраціўленне магло прывесці да поўнага знішчэння войска. Для шведскага корпуса заставаўся адзін выхад – адступленне.

Пад прыкрыццём цемры і снежнай завеі шведскія палкі адзін за адным сталі адыходзіць да Прапойска. Для паскарэння маршу і выратавання рэшткаў корпуса шведы пакінулі артылерыю, параненых і часткова абоз. Маскіруючы адступленне, салдаты ўсю ноч палілі вогнішчы ў сваім лагеры.

Левенгаўпт з асноўным войскам і абозам, калі падышоў да Сожа ў Прапойску, зразумеў, што пераправіцца тут не зможа. На другім беразе ўжо маячылі рускія драгуны. Ён загадаў узяць самыя каштоўныя і дарагія рэчы, а ўсё астатняе, разам з вазамі, спаліць. Шведская пяхота, сыходзячы на абозных конях з Прапойска, накіравалася ўздоўж Сожа на поўдзень. Позна ўвечары 29 верасня шведы падышлі да в. Глінка, што за 15 км на поўдзень ад Прапойска. Тут яны ўплаў пераправіліся на левы бераг Сожа. Рускія драгуны і казакі імкліва кінуліся на ворага на пераправе і знішчылі чатыры шведскія эскадроны і частку пяхоты. Астатнія шведскія падраздзялення збеглі.

12 кастрычніка 1708 года астаткі частак Левенгаўпта злучыліся з войскам караля. Але яшчэ доўга паміж Сожам і Дняпром блукалі як адзіночныя шведскія салдаты, так і значныя атрады. Некаторыя з іх з вялікімі цяжкасцямі змаглі дабрацца да Оршы і Шклова, дзе былі захоплены мясцовымі жыхарамі або самі здаліся ў палон.

29 верасня цар загадаў адслужыць на поле бітвы падзячны малебен, а над брацкімі магіламі паніхіды па загінулых. Тут жа ён загадаў пабудаваць новую драўляную царкву ў імя Нараджэння Багародзіцы і выдзеліў для гэтага неабходныя сродкі.

Пасля бітвы рускія знаходзіліся ў Лясной тры дні. Там яны адзначылі перамогу «пры трохразовай стральбе з гармат і стрэльбаў». Пасля гэтага Пётр I накіраваў усю конніцу праз Гомель на Украіну, а сам з пяхотай, абозамі і палоннымі пайшоў у Смаленск.

У выніку бітвы пры Лясной шведы страцілі 17 гармат, 44 баявыя сцягі і ўвесь абоз у 7 тысяч вазоў. 5 тысяч з іх былі захоплены рускімі. На полі бою пад Лясной шведы пакінулі забітымі да 8 тыс. чалавек, больш за 500 загінула пад Прапойскам, значная колькасць салдат было страчана падчас уцёкаў і ў баях з атрадамі «беларускіх мужыкоў». 45 афіцэраў і 877 салдат ворага трапіла ў палон. З усяго 16-тысячнага корпуса Левенгаўпт прывёў да Карла ХII па розных дадзеных ад 5 000 да 6 500 чалавек. Кароль быў вельмі засмучаны, аднак ён не толькі не пакараў Левенгаўпта, а, наадварот, адправіў у Стакгольм бюлетэнь. У ім на шасці лістах расказвалася пра тое, як шведы ўвесь дзень адважна адбівалі напад 40 тысяч маскавітаў і як да вечара варвары адступілі. Пра страту абозу не было сказана ні слова.

Страты рускіх войскаў склалі забітымі 1111 і параненымі 2856 чалавек.

Пра значэнне для Расіі перамогі пры Лясной Пётр I пазней пісаў: «Сия у нас победа может первая назваться, понеже над регулярным войском никогда такой не бывало, к тому же еще гораздо меньшим числом, будучи пред неприятелем, и по истине оная виною всех благополучных последований России, понеже тут первая проба солдатская была, и людей конечно ободрила, и мать Полтавской баталии, как ободрением людей, так и временем, ибо по девятимесячном времяни оное младенца шчастие произнесла».

Памяць аб перамозе пры Лясной была ўвекавечана ўзвядзеннем велічнай мемарыяльнай капліцы і помніка на месцы бітвы, а таксама ганаровай назвай 197-га Ляснога пяхотнага палка расійскай арміі і пабудовай 90-гарматнага лінейнага карабля «Лясная», які змагаўся на Балтыйскім моры ў XVIII стагоддзі. (М.Барысенка).

Капліца, пабудаваная ў 1908-1912 гадах па праекце архітэктара А.Гагена, з’яўляецца помнікам 200-годдзю перамогі рускіх войскаў над шведамі каля вёскі Лясная. Тут 28 верасня 1708 г. адбылася бітва паміж рускімі войскамі на чале з Пятром I і 16-тысячным шведскім корпусам генерала Левенгаўпта. Заняўшы абарону ў в. Лясная, шведскае войска чакала наступлення рускіх. Бітва пачалася апоўдні і працягвалася 5 гадзін. Поўнага знішчэння Левенгаўпту дапамог пазбегнуць канвой, які прыбыў яму на дапамогу. Кінуўшы ўвесь транспарт з харчаваннем, шведы адышлі да Прапойска (цяпер г. Слаўгарад). Толькі забітымі яны налічылі каля 8 тысяч, 750 чалавек было ўзята ў палон. У рускіх таксама былі страты – 2850 параненых і 1100 чалавек забітых. Загінулых у бітве воінаў пахавалі на вясковых могілках, там жа пабудавалі і невялікую цэркаўку.

Праз 200 гадоў царскі ўрад прыняў рашэнне ўвекавечыць месца гібелі рускіх воінаў. Як і многія іншыя, помнік у в. Лясная быў пабудаваны на ахвяраванні. Капліца апостала Пятра, у псеўдарускім стылі, уяўляе сабой каменны будынак цэнтрычнай шмат’яруснай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, завершанай высокім шатром з цыбулепадобным купалам. У плане царквы закладзены квадрат (15х15) з закруглёнымі кутамі. Ніжні ярус царквы пастаўлены на стылабат з гранітных блокаў, завершаны поясам машыкулеў. На яго паўднёвым, паўночным і заходнім фасадах партыкулярныя ўваходныя парталы, аформленыя аркамі і стылізаванымі калонамі. Сцяна ўсходняга фасада прарэзана двума партыкулярнымі аконнымі праёмамі і дэкараваная мазаікай «Апостал Пётр». Другі ярус завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста, па тыпу Маскоўскага крамля. Галоўны фасад упрыгожаны мазаікай «Божая маці з дзіцем». Вузкія праёмы надаюць будынку абарончы характар. Сцены царквы абліцаваны жоўтай керамічнай пліткай. На ўваходзе ў Святапетрапаўлаўскі Храм-помнік маецца надпіс: «В лето от Рождества Христово 1708 год. Император Пётр». Фрэскі, якія ўпрыгожвалі Храм, да сённяшняга дня не захаваліся. У 1908 г. праводзіліся ў гэтым месцы святочныя мерапрыемствы, арганізатарамі якіх былі адміністрацыя Магілёўскай губерні і Віленскай ваеннай акругі. Праводзіліся гістарычныя чытанні, урачыстае набажэнства і паніхіда, ваенны парад з феерверкамі, народныя гулянні.

Адзначаючы 250 гадавіну перамогі Пятра I над шведамі, 12 кастрычніка 1958 года ў будынку Храма быў адкрыты музей гісторыі бітвы пад Лясной. У экспазіцыі музея было прадстаўлена больш за 250 экспанатаў, у тым ліку і сапраўдных (стрэльбы, адзенне, прадметы побыту салдат і інш.) У 90-я гады музей быў зачынены, экспанаты вывезены ў Магілёўскі краязнаўчы музей.

У 1993 г. будынак перададзены ў карыстанне праваслаўнай суполцы Прыхода Святапетрапаўлаўскага храма. У 2008 годзе за кошт дзяржаўных сродкаў зроблены капітальны рамонт будынка царквы.

***

За 800 метраў на поўдзень ад вёскі Улукі, на былой памеснай сядзібе, знаходзіцца батанічны помнік прыроды мясцовага значэння Лістоўніца векавая.

Лістоўніца, якая расце тут, паводле мясцовых дадзеных, мае ўзрост 200 гадоў. Паводле іншых дадзеных, яе ўзрост адлічваецца з часу бітвы рускага войска са шведамі пад Лясной, дыяметр лістоўніцы – 1,8 метра.

 

 

 

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.