Свята-Траецкі сабор пабудаваны па праекце Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве, паменшаны ў 10 разоў. У 1861 г. пасля абвяшчэння Маніфеста аб адмене прыгоннага права ў Хоцімску купецтва вырашыла ў гонар гэтай гістарычнай падзеі пабудаваць на свае сродкі новы вялікі Храм. Для гэтай мэты было сабрана 20 тыс. рублёў золатам. Закладку храма зрабілі ў гэтым жа годзе. Цікавая гісторыя набыцця праекта будаўніцтва. Архітэктар вёз яго з Клімавіч, у той час гэта быў павет, у які ўваходзіла Хоцімская воласць. Аднак купцы перахапілі архітэктара і пераканалі яго аддаць праект Хоцімску. Вядучым жа аргументам пераканання стала шапка золата, сабраная жыхарамі Хоцімска. Будаўніцтва заняло 12 гадоў, прычым усе матэрыялы рыхтаваліся мясцовымі жыхарамі на месцы. У 1873 г. на свяце Пяцідзясятніцы Храм быў асвечаны Яўсевіем, архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім. Уладыка быў настолькі ўражаны прыгажосцю і веліччу храма, што адразу ж выдаў грамату аб назве яго Саборам Святой Тройцы ў адрозненне ад іншых храмаў Хоцімска. Саборныя прадметы былі асвечаны ў гонар Казанскай іконы Найсвяцейшай Багародзіцы і Свяціцеля Мікалая.
З 1958 года святаром стаў архімандрыт Кірыл 1929 года нараджэння, скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Воляй лёсу апынуўся ў Хоцімску, дзе зацікавіўся яго гісторыяй і звязаў сваё далейшае жыццё з гэтым краем. Дзякуючы айцу Кірылу ў 1992 годзе будынак быў вернуты вернікам, і ўсе гэтыя гады вядуцца работы па стварэнні ранейшага выгляду сабора. У 2002 годзе архімандрыт Кірыл, святар і настаяцель Свята-Траецкага храма, удастоены прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». У 2004 годзе адбылася яшчэ адна знамянальная падзея. На ахвяраванне прыхаджан і дабрачынны збор арганізацый і прадпрыемстваў, СВК быў адліты і дастаўлены ў Хоцімск звон для Свята-Траецкага сабора. Яго вага – 1280 кг. Такі звон быў адліты ўпершыню ў Беларусі. Пры саборы адкрыта царкоўнапрыходская школа, створаны царкоўны хор, штогод праводзіцца калядная ёлка для дзяцей. Храм уваходзіць у спіс гісторыка-культурных помнікаў Рэспублікі Беларусь. Менавіта Свята-Траецкі сабор з’яўляецца візітнай карткай гарадскога пасёлка.

Свята-Пакроўскі храм размешчаны на могілках у г.п. Хоцімску на вуліцы Першамайскай, яго называюць самым усходнім у Беларусі. Пабудаваны з дрэва ў 1843 годзе. У дэкоры выкарыстана разьба па дрэве. Дах над асноўным зрубам завяршаецца 8-гранным барабанам. Уваходзіць у дзяржаўны спіс аховы гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Пасля закрыцця сабора Святой Тройцы з 1930 года Храм стаў рэлігійным цэнтрам, дзе праводзяцца набажэнствы. Настаяцель Храма – іерэй Павел. Храм можна аднесці да помніка народнага дойлідства.


У Брацкай магіле, што размешчана ў скверы па вуліцы Кірава, знаходзяцца астанкі савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі на тэрыторыі раёна ў 1941-1943 гг. Абеліск з 5-канцовай зоркай збудаваны ў 1949 г. У 1952 г. каля абеліска ўзведзены манумент – скульптура воіна Савецкай Арміі з аўтаматам у руках і знятай з галавы каскай. Вышыня скульптуры – 5 метраў.
