Рус Бел Eng 中文

Славутасці Чэрыкаўскага раёна

 

Былая турэмная царква.

9 сакавіка 1853 года ўладальнік маёнтка ў Лімені надворны саветнік Іван Васільевіч Васілеўскі атрымаў падрад «пад заклад задатачнай сумы 1689 р. 34 кап. срэбрам на пабудову турэмнага замка ў г. Чэрыкаве». 1 лістапада губернскі архітэктар Фёдараў падпісаў акт аб прыёмцы і здаў па вопісе Чэрыкаўскаму гараднічаму маёру Грэкаву турму і царкву.

Турма існавала да 1936 года, а з гэтага часу і да 1941 года ў яе будынку размяшчаўся інтэрнат ветэрынарнага тэхнікума, а ў царкоўным будынку – бібліятэка. У час Вялікай Айчыннай вайны пры артабстрэле турэмны будынак быў разбураны, а будынак турэмнай царквы захаваўся.

Зараз – адміністрацыйны будынак Чэрыкаўскага райста.

 

 
***

 

Касцёл у імя Жываначальнай Троіцы.

Што тычыцца касцёлаў, то, калі верыць зборніку навуковых звестак, які выдалі у 2006 г., то іх было ў Чэрыкаве два. Адзін, драўляны, быў пабудаваны ў 1792 г., i яго лёс невядомы. Што тычыцца каменнага касцёла ў імя Жываначальнай Тройцы, то яго асвяцілі ў 1856 г. Гэта адзін з нешматлікіх помнікаў гісторыі ў горадзе, які, хоць і ў стылізаваным выглядзе, але, усё ж такі, захаваўся. Чэрыкаўчанам засталося вярнуць яму першапачатковае аблічча і выкарыстоўваць яго па прызначэнні, бо з 1950 года ён быў прыстасаваны пад Дом культуры.

 

 
***

 

Царква Раства Багародзіцы.

Вядома, што ў 1460 г. у дзень св. Прарока Іллі (20 ліпеня па старым стылі) кароль Казімір IV Ягелончык распарадзіўся пабудаваць у Вялікім княстве сем цэркваў, і таму з’явілася ў Чэрыкаве першая царква. Яна называлася Іллінскай.

У 1863 г. у час пажару ў горадзе згарэлі Пакроўская і Мікалаеўская цэрквы. Вось тады і ўзнікла неабходнасць у новай царкве. Новая царква Раства Багародзіцы была пабудавана ў XIX стагоддзі. У 1990-х гг. пад царкву прыстасавалі будынак дарэвалюцыйнай пабудовы.

 

 
***

 

Былы хірургічны корпус павятовай бальніцы.

Хірургічны корпус павятовай бальніцы (цяпер – аддзяленне хуткай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы). Будынак пабудаваны ў 1898 годзе на грошы казны. Аднапавярховы цагляны будынак П-вобразнай формы. Першапачаткова налічвалася 10 палат для хворых і 6 працэдурных і падсобных памяшканняў. Калідор выцягнуты ва ўсю даўжыню будынка.

Пабудова выканана ў так званым «каменным» стылі, які быў распаўсюджаны ў другой палове 19 стагоддзя. Перабудовы будынка не было.

 

 

 
***

 

Былы рэктыфікацыйны завод

Будынак спіртаачышчальнага (рэктыфікацыйнага) завода пабудаваны за казённыя сродкі і ўведзены ў эксплуатацыю ў 1904 годзе. З’яўляўся дзяржаўнай уласнасцю. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі спіртзавод належаў створанаму Чэрыкаўскім гарадскім саветам саўгасу. У трыццатыя гады тут знаходзілася т. зв. «разліўная», дзе спірт, які прывозілі з Клімавіч і Вусця, чысцілі і разлівалі ў бутэлькі.

Падчас вайны – бальніца, у пасляваенны час да 1971 года – сярэдняя школа. З 1971 г. Дом піянераў, зараз – Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

 

 

 
***

Вепрынская дуброва – гэта ўчастак лесу з каштоўнымі драўнянымі пародамі. Узрост славутасці – больш за 2 стагоддзі. Гэты ўнікальны па ўзросце і прадуктыўнасці ўчастак дубовага насаджэння мае водаахоўнае значэнне. Размешчаны ў квартале № 1 Вепрынскага лясніцтва на ўсход ад вёскі Вусце Чэрыкаўскага раёна.

 

 
***

Міжледнікоаее адкладанне – помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Азёрна-балотныя адкладанні маюць узрост 110 – 95 тыс. гадоў.