V ФОРУМ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ І РАСІІ

Магілёў. 10-12 кастрычніка 2018 года.

Рус Бел Eng 中文

Славутасці Шклоўскага раёна

 

Будаўніцтва праваслаўнай Спаса-Праабражэнскай царквы пачалося ў канцы 18ст. пры С.Г.Зорычы, які паспеў закласці падмурак.

Працягнута было на сродкі багамолкі Агаф’і Сідаравай, жыхаркі Шклова, якая лічыцца галоўнай заснавальніцай гэтай святыні. Менавіта да яе прыходзілі простыя гараджане маліцца на дом. Потым пачалі звяртацца багатыя купцы, каб яна прадказала, як ім сябе паводзіць у той ці іншай камерцыйнай сітуацыі. І, вядома, давалі бабулі грошы. Так багамолка сабрала немалыя сродкі. Вось вытрымка з дакумента найсвяцейшага Сінода: «...Агафія Сідарава, якая знаходзілася ў Магілёўскай губерні павета ў мястэчку Шклоў, пасля смерці сваёй адпісала на будаванне ў тым мястэчку Шклоў распачатай г. Зорычам Царквы банкавымі асігнацыямі 20 тысяч рублёў і цэглы, нарыхтаванай ёю, на 1355 рублёў . Па звестках, якія дайшлі на гэты конт да ведама Магілёўскай Кансісторыі, 17 жніўня 1820 года быў апытаны шклоўскі святар Касьма Цалуеўскі, у парафіі якога пражывала і памерла вышэйназваная Агафія. Ён паказаў, што гэтая Агафія ад народу, які сцякаўся да яе з розных месцаў, атрымлівала міласці, маючы цвёрды намер пасля збору такой колькасці значнай сумы, накіраваць яе на збудаванне ў мястэчку Шклоў каменнай царквы. Пасля смерці Агафіі Сідаравай ў 1811 годзе засталося сабранай ёю сумы 20 тысяч рублёў асігнацыямі, рознага сярэбранага посуду на тры фунты з палавінаю і цэглы, набытай на гэты выпадак, на 1355 рублёў».

Зараз цяжка высветліць усе перыпетыі, звязаныя з ходам будаўніцтва гэтай царквы. Вядома толькі, што на храм была выкарыстана цэгла з былога Шклоўскага дваранскага вучылішча. У гэтай установе, адкрытай і збудаванай намаганнямі Зорыча, 22 мая 1799 г. здарыўся пажар і рэшткі будынка былі разабраны. Ясна толькі, што мара Агаф’і ажыццявілася. Сама мецэнатка была пахавана каля царквы Раства Багародзіцы. На месцы яе магілы да 60-х гадоў XX ст. стаяў крыж. Потым астанкі нябожчыцы перанеслі на гарадскія могілкі. Там яны зараз і знаходзяцца. Кожны год 14 чэрвеня багамолку Агафію ўспамінаюць на спецыяльнай літургіі ў Шклоўскім храме, а потым ажыццяўляецца памінальная паніхіда каля яе магілы.

Спаса-Праабражэнская царква – помнік эклектычнай архітэктуры, дзе спалучаюцца рысы стыляў псеўдавізантыйскага і «мадэрн». Паміж крыламі крыжа – 4 квадратныя ў плане трох’ярусныя вежкі. Перакрыцці залы цыліндрычныя.

Храм заставаўся дзеючым ў гады атэізму і Вялікай Айчыннай. У 1993г. на галоўным купале быў адрэстаўраваны дах і пастаўлены новы крыж.

 

***

 

Для гісторыі архітэктуры Беларусі шклоўская ратуша лічыцца ўнікальным аб’ектам, бо да гэтага часу ў рэспубліцы захаваліся толькі адзінкі помнікаў такога тыпу.

Ратуша была пабудавана ў канцы XVIII ст. у сувязі з горадабудаўнічымі пераўтварэннямі. Упершыню горад атрымаў праект планіроўкі, па якім ён ператвараўся ў арганізаванае паселішча, разбітае на рэгулярныя кварталы. У сістэме плошчаў рознага прызначэння адна адводзілася пад рынак. Менавіта з гэтага месца пачалася рэканструкцыя Шклова. Мураваная ратуша ў формах архітэктуры класіцызму была ўзведзена ў комплексе з гандлёвымі радамі. Для ратушы была прынята кампазіцыя, традыцыйная для беларускага дойлідства: кампактны двухпавярховы аб’ём па цэнтры завяршаўся высокай гранёнай вежай са шпілем. Шпіль ратушы ўвенчаны гербам горада, а сцены вежы ўпрыгожвае гадзіннік, бой якога чутны па ўсёй акрузе. Вежа з гадзіннікам і шпілем з далёкіх часоў была сімвалам гарадскога самакіравання і, як правіла, дамінавала ў забудове горада.

Да ратушы прымыкалі аднапавярховыя гандлёвыя рады, якія ўтваралі шырокі прамавугольны двор. Памеры гандлёвых радоў для таго часу былі значнымі (каля 60Х70 м), што дазволіла засяродзіць больш за 100 крам на адносна невялікім зямельным участку. Архітэктура гандлёвых радоў прадстаўлена працяглай аркадай, ратуша ўпрыгожана пілястрамі і рустамі.

Ратуша ўнесена ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ў ЗША. У 1999г. ратуша адрэстаўравана, а гандлёвыя рады адбудаваны нанова, у новым будынку размяшчаецца гімназія, а ў самой ратушы – школьны музей.

 

***

 

Гарадскі парк – помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 – пач. 20ст., пейзажнага тыпу перыяду эклектыкі. Парк размешчаны на раўнінным рэльефе і дзеліцца на гаспадарчую і вытворчую (на ёй знаходзіцца фабрыка «Спартак») зоны. Асаблівасць парку – вялікая колькасць алей: дубовыя, каштанавыя, ліпавыя, таполевыя, кляновыя. Насаджэнні парку складаюць мясцовыя віды дрэў і раслін. Парк па замове Крывашэіна ствараў мясцовы садоўнік С.І.Маліноўскі, жыхар в.Уланава. Два гады мастацтву паркабудавання ён навучаўся ў Варшаве. З яго ўдзелам ствараліся паркі ў маёнтках Дымава і Бярозаўка.

Парк выкарыстоўваецца ў якасці гарадскога парку культуры і адпачынку. На яго тэрыторыі размешчаны дзіцячыя сады, танцпляцоўка, эстрадныя і канцэртныя пляцоўкі, спартыўныя комплексы, стадыён. У цэнтры парка знаходзіцца адно з самых старых дрэў парку – таполя. Яму няпоўных 300 гадоў. Таполя была пасаджана побач з сядзібным домам Крывашэіна і лічылася месцам фіксацыі карэт, якія падязджалі з усходняй алеі. А ў часы графа Зорыча ў 1780 годзе сама Кацярына II хадзіла па тагачасным гаі і любавалася маладой разгалістай таполяй. Адтуль і пайшла назва «кацярынінская таполя».

 

***

Агаленне тарфянішча міжледніковага перыяду адкрыта ў 1965 г. у ваколіцах Шклова на левабярэжжы Дняпра. Яго плошча – 7,7 га. «Ніжнінскі роў» атрымаў сусветную вядомасць. Па сваёй прадстаўнічасці, магутнасці і асаблівасцях складу ён значна пераўзыходзіць аналагічныя аб’екты ў іншых рэгіёнах Паўночнай Еўразіі і Паўночнай Амерыкі. Шырыня агалення – 150м, вышыня – 27м, крутасць схілу – 370, ахоўны аб’ект з’яўляецца стрататыпам (апорным разрэзам) шклоўскага (рослаўскага; узрост – 250-220 тыс. гадоў) міжледавікоўя.

«Лысая гара» – гэта састаўная частка рова. Яе вышыня – 30 м. Непадалёк ад гэтага ўзвышэння праходзіў адзін з водных шляхоў, які злучаў Скандынавію і Візантыю. Акрамя таго, Лысая гара – гэта найвышэйшая кропка Ніжненскага рова, агалення тарфянішча міжледніковага перыяду.

Беларускія навукоўцы Г. Гарэцкі і В. Мотуз правялі радыевугляродны аналіз абломкаў знойдзенай тут у зямлі драўніны і ўстанавілі, што гэтаму тарфяніку больш за 50 тысяч гадоў. Насенная флора налічвае каля 140 відаў драўняных, хмызняковых і травяністых раслін. «Ніжнінскі роў» – помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

***

Адна з найважнейшых хрысціянскіх святынь Шклова – каменны касцёл святых Пятра і Паўла. Храм быў асвячоны ў 1849 г. Да таго часу ў горадзе дзейнічаў драўляны касцёл. Даследчык гісторыі горада А. Лукашэвіч упэўнены, што касцёл пастаўлены на падмурку будынка тэатра, які ў 1780 годзе пабудаваў Зорыч. У гады атэізму гэты храм выкарыстоўваўся як кінатэатр. Потым у ім размяшчаўся склад. 20 верасня 1999 г. адбылося яго новае асвячэнне. Мерапрыемства ажыццявіў кардынал Казімір Свёнтак, архіепіскап, мітрапаліт Менск-Магілёўскі.

***

 

Часта ў назвах невялікіх населеных пунктаў Беларусі можна сустрэць вытворнае ад беларускага слова «папера», выраб паперы ў нашай краіне мае глыбокія гістарычныя карані. Але да нашых дзён «дажыло» не так многа такіх вытворчасцей. У іх ліку ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак»», з’яўленне на свет якой датуецца 1898 годам.

На працягу ўсяго слаўнага шляху«спартакаўцы» заставаліся вернымі свайму першаснаму кірунку – выпуску паперы, праўда, з некаторымі зменамі, якія дыктаваў рынак. Фабрыка пачала сваю дзейнасць з выпуску найпрасцейшых відаў паперы. У савецкі час спецыялізавалася на больш якасным сегменце – выпуску папяроснай і цыгарэтнай паперы, якая выраблялася з доўгавалакністай цэлюлозы. Тады выраблялі каля 160 т такой прадукцыі ў месяц для ўсяго Савецкага Саюза.

Пасля развалу гэтага рынку – для прадпрыемства стаў актуальным пераклад папераробных машын на выпуск прадукцыі, дзе ў якасці асноўнай сыравіны можна выкарыстоўваць макулатуру. Пры такой вытворчасці атрымліваліся больш масаёмістыя гатункі паперы, якія менш патрабавальныя да якасці абсталявання і ўжывальных тэхналогій. Зараз фабрыка вырабляе паперу для гафрыравання і ніжняга пласта шпалер, абгортачную паперу, гафрыраваны і звычайны кардон, кардонную тару, а таксама туалетную паперу і бытавыя сурвэткі.

 

***

На алеі герояў Шклоўскага раёна, якая была закладзена ў 1985 г., увекавечаны імёны пяці Герояў Савецкага Саюза і дзевяці Герояў Сацыялістычнай працы. 17 лiпеня 2005 года пасля рэстаўрацыі была адкрыта абноўленая алея, якую асвяціў Мітрапаліт Філарэт. 7 лістапада 2005 г. на алеі быў пастаўлены абеліск воінам-інтэрнацыяналістам, нашым землякам, якія загінулі ў Афганістане. На алеі усталяваны танк ІС-3.



***

 

 

Шклоўшчына здаўна славілася вырошчваннем агуркоў і іх багатым ураджаем. Ёсць звесткі, што мясцовыя жыхары ўжо ў XVI стагоддзі валодалі сакрэтамі вырошчвання гэтай смачнай пупырчатай агародніны. Але асабліва папулярным Шклоўскі агурок стаў у другой палове 20 ст. І сёння гэты промысел не згубіў сваё эканамічнае значэнне. З 2006 г. у Шклове ладзяць сваё свята – Дзень агурка. У маладога шклоўскага свята ўжо з’явіліся свае традыцыі: вядомым агуркаводам дораць сувеніры, яны, у сваю чаргу, дзеляцца сакрэтамі майстэрства, дэманструюць агуркі-рэкардсмены. Праўда, некаторым, наадварот, больш падабаюцца мініяцюрныя гурочкі. А шклоўскія гаспадынькі на свяце з задавальненнем расказваюць, як правільна рабіць закаткі, каб агуркі былі смачныя і храбусткія.

28 ліпеня 2007 годзе быў адкрыты помнік агурку. Вырабіў скульптуру магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў. Ён вылепіў агурок у выглядзе вясёлага мужычка ў пінжачку з гальштукам-матыльком. Аўтар даў свайму герою імя Агуродзец, і ён ужо паспеў стаць мясцовай славутасцю.

 

 

 

 

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.