Рус Бел Eng 中文

Вынікі «гарачай лініі» па пытанні задаволенасці якасцю аказання паслуг транспарту ў Магілёўскай вобласці

Магілёўскім аблвыканкамам 22 мая 2019 г. было праведзена вывучэнне меркавання насельніцтва па пытанні задаволенасці якасцю аказання паслуг транспарту, а менавіта – працай грамадскага транспарту на маршрутах рэгіянальнага паведамлення (міжгароднія ўнутрыабласныя маршруты), шляхам правядзення тэматычнай «гарачай лініі», падчас якой жыхары Магілёўскай вобласці мелі магчымасць паведаміць пра факты няякаснага аказання паслуг, а таксама выказаць прапановы па ўдасканаленні работы па названай сферы.

Падчас правядзення «гарачай лініі» ў аблвыканкам паступіла 27 пытанняў па вышэйназванай тэматыцы ад жыхароў Дрыбінскага, Хоцімскага, Чавускага, Шклоўскага, Круглянскага, Бялыніцкага, Чэрыкаўскага, Глускага, Крычаўскага, Горацкага, Магілёўскага раёнаў і г. Магілёва.

Заяўнікі пры звароце на «гарачую лінію» прасілі аказаць садзеянне ў змене схемы маршрутаў транспарту, увядзенні дадатковых рэйсаў, паказвалі на адсутнасць раскладу на прыпыначных пунктах, выказвалі незадаволенасць адменай асобных рэйсаў, накіраваннем на маршруты аўтобусаў малой умяшчальнасці.

Так, падчас правядзення тэматычнай «гарачай лініі» паступіла 4 званкі ад жыхароў Магілёўскага раёна па пытанні нездавальняльнага транспартнага абслугоўвання жыхароў в. Амхавая, а менавіта – адсутнасць магчымасці дабрацца з г. Магілёва ў населены пункт у сувязі з адменай рэйса «Магілёў – Слаўгарад». Два званкі паступілі ад жыхароў в. Жавань Дрыбінскага раёна, якія паведамілі, што ўказаны населены пункт размешчаны ўздоўж трасы «Магілёў – Дрыбін», аднак аўтобус спыняецца толькі ў найбліжэйшым населеным пункце Юраўка, які знаходзіцца за 4 км ад в. Жавань.

Названыя звароты сфарміраваны ў асобны пералік і па даручэнні кіраўніцтва аблвыканкама накіраваны на разгляд па кампетэнцыі.

Такім чынам, з вынікамі разгляду зваротаў, якія паступілі на «гарачую лінію» па гэтай сферы, вы зможаце азнаёміцца ў наступных выпусках газеты ў рубрыцы «Вывучаем меркаванне насельніцтва» або на афіцыйным інтэрнэт-сайце аблвыканкама.

Праца па вывучэнні меркавання насельніцтва па якасці паслуг у розных сферах будзе працягвацца аблвыканкамам, сачыце за навінамі ў рубрыцы «Вывучаем меркаванне насельніцтва».