Рус Бел Eng 中文

МНС праводзіць апытанне грамадскага меркавання наконт увядзення абмежаванняў на прымяненне піратэхнічных вырабаў

У перыяд з 1 мая па 30 чэрвеня праводзіцца грамадскае абмеркаванне сумеснай ініцыятывы МНС і МУС па пытанні ўвядзення абмежаванняў на прымяненне піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння III класа небяспекі (у тым ліку падкласа небяспекі ІІІа) па месцы і часе іх выкарыстання.

У цяперашні час у МНС, МУС, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы паступаюць шматлікія скаргі і звароты грамадзян Рэспублікі Беларусь, звязаныя з частымі парушэннямі грамадскага парадку і патрабаванняў пажарнай бяспекі пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў (далей – ПВ) фізічнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а таксама юрыдычнымі асобамі ў дварах і паблізу жылых дамоў (далей – прыдамавая тэрыторыя).

МНС, як рэспубліканскі орган дзяржаўнага рэгулявання, які ажыццяўляе дзяржаўны нагляд за выкананнем патрабаванняў заканадаўства ў галіне выкарыстання піратэхнічных вырабаў (тэхнічнага прызначэння юрыдычнымі асобамі) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, правяло аналіз сітуацыі, звязанай з прымяненнем піратэхнічных вырабаў грамадзянамі (фізічнымі асобамі) і юрыдычнымі асобамі.

Падчас праведзенай працы было ўстаноўлена, што толькі за перыяд калядных і навагодніх святаў (а гэта два тыдні ў годзе) у выніку выкарыстання грамадзянамі піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння ў 2019 годзе адбылося 34 няшчасныя выпадкі (траўмаваныя 34 чалавекі, з іх 11 дзяцей).

У маштабе рэспублікі гэтыя лічбы здаюцца невялікімі. Але калі ўлічыць, што гэта адбываецца штогод за кароткі перыяд часу, то гэтыя лічбы ўжо не здаюцца такімі маленькімі. Бо за кожнай з іх стаіць чалавечае жыццё і здароўе, і самае страшнае, калі гэта жыццё і здароўе нашых з вамі дзяцей, якія ў выніку безадказнасці, а часта элементарнага глупства дарослых становяцца ахвярамі іх забавак. Сумней за ўсё тое, што многія вінаватыя ў гэтым так і не разумеюць увесь цяжар здзейсненага імі, бо найбольш частыя і цяжкія траўмы былі атрыманы ў выніку выкарыстання піратэхнічных вырабаў у стане алкагольнага ап’янення, а таксама няправільнага (не ў адпаведнасці з інструкцыяй ці не па прызначэнні) прымянення петард (у тым ліку непаўналетнімі ва ўзросце да 16 гадоў, якім гэтыя вырабы далі ў рукі дарослыя).

Прычынай усіх атрыманых траўмаў з’явілася не дрэнная якасць ужытых піратэхнічных вырабаў (як правіла, усе яны сертыфікаваны і маюць належную якасць), а банальнае парушэнне правілаў бяспекі пры іх выкарыстанні (проста не чытаюць і не выконваюць патрабаванняў, выкладзеных у інструкцыі па эксплуатацыі).

Акрамя таго, вывучэнне характарыстык гарадскіх двароў і тэрыторый паблізу жылых дамоў (як раёнаў прыватнай жылой забудовы, так і (у асаблівасці) раёнаў жылой забудовы шматкватэрнымі шматпавярховымі дамамі, паказала, што вялікая іх частка не дазваляе стварыць умовы для бяспечнага выкарыстання піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння III класа небяспекі і падкласа небяспекі ІІІа паводле класіфікацыі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы піратэхнічных вырабаў» (ТРТС 006/2011), паколькі небяспечная зона для гэтых піратэхнічных вырабаў складае ў радыусе 30 м і 20 м адпаведна.

Фактычна грамадзяне, якія прымяняюць піратэхнічныя вырабы бытавога прызначэння III класа небяспекі (у тым ліку падкласа небяспекі ІІІ а) на прыдамавой тэрыторыі, не ў стане загадзя забяспечыць адсутнасць у небяспечнай зоне (дыяметрам ад 40 да 60 м) будынкаў, збудаванняў, аўтамабільнага транспарту і іншай маёмасці, што аўтаматычна робіць кожнага з іх парушальнікам устаноўленых патрабаванняў бяспекі пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння. Акрамя таго, прымяненне піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння на прыдамавых тэрыторыях практычна немагчымае без стварэння пагрозы прычынення шкоды жыццю і здароўю людзей, а таксама рызыкі пашкоджання маёмасці грамадзян і юрыдычных асоб, якія трапляюць ў небяспечную зону.

Пры гэтым пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў (у першую чаргу бытавога прызначэння фізічнымі асобамі) часта ігнаруюцца агульнапрынятыя правілы сумеснага пражывання, якія прыводзяць да парушэння спакою іншых грамадзян, стварэння нязручнасцей і шуму, што замінае людзям адпачываць (асабліва пры ўжыванні з 22 да 6 гадзін).

На падставе адзначанага МНС сумесна з МУС праводзіць аналіз мэтазгоднасці ўвядзення наступных абмежаванняў па ўжыванні піратэхнічных вырабаў:

па ўстанаўленні (з улікам вынікаў грамадскага абмеркавання) у населеных пунктах месцаў, дзе забаронена выкарыстанне піратэхнічных вырабаў або вызначэнні пераліку спецыяльных месцаў (раёнаў, пляцовак), якія знаходзяцца па-за прыдамавымі тэрыторыямі, дзе будзе дазволена прымяненне грамадзянамі піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння III класа небяспекі (у тым ліку падкласа небяспекі ІІІ а), а таксама правядзенне юрыдычнымі асобамі феерверкаў з выкарыстаннем піратэхнічных вырабаў IV і V класаў небяспекі;

па ўвядзенні на дзяржаўным (мясцовым) узроўні абмежавання на выкарыстанне піратэхнічных вырабаў па часе сутак (з 22 да 6 гадзін) і рэгламентацыі працягласці правядзення феерверкаў.

У мэтах усебаковага вывучэння грамадскай думкі па пытанні актуальнасці і неабходнасці ўвядзення абмежаванняў на прымяненне піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння III класа небяспекі (у тым ліку падкласа небяспекі ІІІ а) на прыдамавой і іншай тэрыторыі, дзе адсутнічае магчымасць іх бяспечнага выкарыстання без парушэння грамадскага парадку, дзейнасці арганізацый або спакою грамадзян, МНС інфармуе аб правядзенні ў перыяд з 1 мая па 30 чэрвеня 2019 г. апытання грамадскай думкі адносна вынесенай на грамадскае абмеркаванне сумеснай ініцыятывы МНС і МУС.

Меркаванні, абгрунтаваныя заўвагі і прапановы просім накіроўваць на e-mail: gornadzor@tut.by або па тэлефоне (8017) 212-43-60.