Вверх

Вы здесь

Аб чым маўчаць Сож I Проня

70 гадоў таму на Магiлёўшчыне ад нямецка-фашыскiх захопнiкаў быў вызвалены маленькi горад Прапойск, якi атрымаў назву Слаўгарад.

Iх, жывых сведак гэтай Перамогi, на жаль, з кожным годам усё менш. Ветэранаў на ўвесь раён засталося ўсяго 23. А непасрэдных вызвалiцеляў ужо нiводнага. Здавалася, яшчэ не так даўно размаўляла па тэлефоне з адным з iх. Абяцала прыехаць, каб сустрэцца. Не атрымалася. Сёння час ёсць, а чалавека ўжо няма. Балюча. Але ж нездарма кажуць, што памяць даўжэй за чалавечае жыццё. Сённяшнi Слаўгарад зусiм iншы, але давайце вернемся на 70 гадоў назад, калi тут, на высокiм беразе, дзе злiваюцца рэкi Сож i Проня, зямля стагнала ад шматлiкiх выбухаў.

«Вада ў Сожы была чырвонай ад крывi»

Нiне Самусевай са слаўгарадскай вёскi Урэчча больш за 80 гадоў. Калi пачалася вайна, яна была зусiм яшчэ дзiцем. Кажуць, час лечыць. Але ўспамiны даюцца ёй цяжка: перашкаджаюць слёзы. Памяць пажылой жанчыны захавала кожнае iмгненне i не жадае нiчога выкрэслiваць.

— Наша хатка стаяла там, дзе зараз разросся бэз, — паказвае яна рукой кудысьцi ўбок. — Калi прыйшлi немцы, яны выгналi нас з мацi i сястрычкамi на вулiцу, у зямлянку. Тых параненых, якiя засталiся ў вёсцы пасля адступлення, сцягнулi на гару каля лесу i пакiнулi памiраць. На гэтых знявечанных людзей з адарванымi рукамi i нагамi было страшна глядзець. Я i зараз здаецца чую, як яны стогнуць i просяць пiць. Але немцы нiкому не дазвалялi да iх наблiжацца, акрамя нас, дзяцей. I мы, малыя, цягнулi iм ваду ў маленькiх вядзерцах. А немцы рагаталi…

Калi пачалося вызваленне, разам з мацi i маленькiмi сястрычкамi Нiна начавала ў стагах, ела бульбяное лупiнне i мякiну. А калi вярнулiся назад, дом было не пазнаць: выбiтыя вокны, разварочаныя столь i падлога. Але ў iншых i гэтага не засталося.

— А ў Прапойску амаль усё згарэла, засталiся царква i некалькi мураваных будынкаў, —- кажа Нiна Вiктараўна. — Людзей загiнула столькi, што страшна ўспомнiць. Немцы акапалiся на гары, а чырвонаармейцы наступалi па лузе, дзе iх было вiдаць як на далонi. Нават калi хтосьцi i дабягаў да Сожа, ужо не меў магчымасцi яго пераплысцi. Ад такой колькасцi забiтых вада ў рацэ была чырвонай ад крывi.

Шашу прымушалi… баранаваць

— Тыя, хто знаходзiўся падчас вызвалення ў Прапойску, успамiналi: немцы баялiся мiн i прымушалi жыхароў баранаваць дарогу Масква—Варшава, — кажа намеснiк камандзiра пошукавага атрада «Спадчына» Аляксандр Халееў.— Аднойчы яны сабралi падлеткаў i загадалi iм па начах кантраляваць кожны кiламетр трасы. Хлопцы павiнны былi паведамляць аб усялякiх дыверсiях. Тым, хто не выканае заданне, пагражалi расстрэлам. Але партызаны паспявалi падкiнуць «падарунак» якраз у той момант, калi сыходзiў конь з бараной i пачынала рухацца нямецкая калона.

— Калi пачалася вайна, мне было 16 гадоў, — дзелiцца ўспамiнамi слаўгарадскi ветэран Пётр Старавойтаў. — Майго старэйшага брата забралi на фронт, а мне сказалi, што яшчэ малы. 1 лiпеня, калi пачалася эвакуацыя, мы падалiся ў бежанцы ў вёску Кашалёў. Бацька застаўся ў горадзе, i я насiў яму прадукты. Першых немцаў пабачыў прыкладна 10 лiпеня 1941 года. Мы з пляменнiкам шлi з Кабiнай Гары, а насустрач — 3 нямецкiя танкеткi. Яны спынiлiся. Адзiн немец падышоў да мяне i запытаўся: «Салдат?» Я адказаў: «Не». Ён убачыў, што мы нясём з сабой яблыкi i сала. Паспрабаваў яблык i скрывiўся: кiслы. А сала забраў. Немцы паехалi далей, а мы пабеглi ў Кашалёў.

Каб ад мяне была нейкая карысць, збiраў зброю i хаваў у лесе. У 1942 годзе пазнаёмiўся з партызанамi, якiя знаходзiлiся ў Старынках i Целяшах, i перадаў iм свае знаходкi. Так я стаў сувязным, перадаваў iм звесткi, зброю. Аднойчы, калi размаўляў з прыяцелем пра зброю, гэта падслухала суседка i данесла. Немцы забралi нас 15 жнiўня 1943 года. Трымалi спачатку ў мясцовай турме, а потым завезлi ў Чэрыкаў. Там з нас здзекавалiся, павыбiвалi зубы. Некалькi разоў, калi я страчваў прытомнасць, мяне адлiвалi вадой. Патрабавалi зброю, паказвалi данос на мяне, але я ўсё адмаўляў. Скончылася тым, што мяне адправiлi ў Германiю, у канцлагер, дзе на 2 гады я страцiў сваё iмя i стаў звацца № 7520. Калi нас вызвалiлi з палону, я важыў усяго 20 кiлаграмаў.

Сын палка

Ураджэнец Прапойска Уладзiмiр Лiсоўскi, якому ў 1943-м iшоў адзiнаццаты год, вярнуўся з мацi з эвакуацыi адразу пасля вызвалення горада. Успамiнае, што разам з хлопцамi, сваiмi равеснiкамi, бегаў па палявых шпiталях, якiх было вельмi шмат, дапамагаў раненым пiсаць лiсты дахаты. Хлопчык прыйшоўся даспадобы аднаму афiцэру — гвардыi палкоўнiку Пятру Арэф’евiчу Юзiфовiчу, камандзiру 1210-га стралковага палка 362-й чырванасцяжнай стралковай дывiзii. Ён пачаў прасiць мацi, каб адпусцiла сына з iм — абяцаў, што зробiць з яго афiцэра. Але мацi адмовiла. Тады малы ўпотай залез у «палутарку» i схаваўся пад брызентам. Машыну па дарозе на Быхаў абстраляла нямецкая авiяцыя. Хлопцу пашанцавала застацца ў жывых. Камандзiр той вельмi здзiвiўся, калi ўбачыў Валодзю. Як сапраўднаму салдату, яму выдалi абмундзiраванне, пiсталет i нават каня.

Але 27 лiпеня 1944 года камандзiр загiнуў. Асiрацелага «сына палка» перавялi памочнiкам наводчыка баявога мiнамётнага разлiку. А калi дывiзiя перадыслацыравалася ў Бабруйск, новы камандзiр Пётр Клiмачоў адправiў падлетка дадому. Мацi, калi ўбачыла сына, не ведала, плакаць цi радавацца: яна ўжо i не спадзявалася ўбачыць яго жывым. Хлопец пайшоў у школу, потым скончыў вышэйшае ваенна-марское вучылiшча ў Ленiнградзе, стаў кадравым афiцэрам.

Праз вушка iголкi

— Узялi Прапойск хутка, але вельмi доўгiм быў перыяд падрыхтоўкi, амаль 2 месяца,— распавядае пошукавiк Аляксандр Халееў. Ён жа заснавальнiк вiртуальнага музея, прысвечанага гiсторыi Слаўгарада. — Немцы давалi чырвонаармейцам магчымасць пераправiцца, акапацца, а потым знiшчалi. Але савецкiя людзi здзяйснялi сапраўдныя цуды гераiзму. Змагалiся ў прамым сэнсе слова за кожную пядзю зямлi. За вызваленне Прапойска артылерыст Пётр Панамароў, якi загiнуў на месцы бою, i камандзiр кулямётнага разлiку Вячаслаў Чамадураў атрымалi званнi Героя Савецкага Саюза. Але прыкладаў, калi байцы трымалiся да апошняга, было нашмат больш.

Вызвалялi тэрыторыю 3-я армiя пад камандаваннем генерала Аляксандра Гарбатава i 50-я, якой камандаваў генерал Iван Болдзiн. Частка населеных пунктаў ужо была адбiта ў немцаў, але Гайшын, Рудня, Рабавiчы, Улукi, Чырвоная Слабада i сам Прапойск усё яшчэ заставалiся ў руках ворага. Па iм праходзiла нямецкая лiнiя абароны. На 60 кiламетраў цягнулiся акопы, агароджы з калючага дроту, на кожным кроку былi мiнамёты, мiнныя палi, кулямётныя кропкi i дзоты. Камандуючы нямецкiмi часцямi паабяцаў Гiтлеру, што зiмаваць будзе ў Прапойску. Усходнi вал, здавалася, быў непрыступны.

Каб прарваць нямецкiя ўмацаваннi, генерал Гарбатаў перакiнуў дывiзiю ў раён вёскi Чырвоная Слабада, дзе быў брод. Пачаўся бой. У першых шарэнгах iшло мясцовае насельнiцтва — партызаны i так званыя штрафнiкi, якiх у 1941-м не забралi на фронт. Больш за 900 з iх загiнулi. Гэта была цана за ўзяты плацдарм. Але рушыць далей армiя так i не змагла.

I тады Гарбатаў прымае рашэнне вярнуцца назад, у Кармянскi раён, узяць маленькi плацдарм каля вёскi Касцюкоўка i адтуль пачаць наступленне на Прапойск. У гiсторыi гэтая аперацыя атрымала назву «Вушка iголкi». На ўчастку 600 на 1300 метраў — чым не вушка iголкi? — наступалi 4(!) дывiзii. Для немцаў гэта было поўнай нечаканасцю. Нiхто не думаў, што па такiм маленькiм кавалачку зямлi пачне наступаць — без падтрымкi танкаў i авiяцыi! — цэлая армiя. Наступленне прайшло паспяхова, i 25 лiстапада 1943 года дывiзiя Васiля Далмажава з паўднёвага боку ўвайшла ў Прапойск. З поўначы ёй насустрач ужо рухалася 110-я дывiзiя палкоўнiка Сяргея Арцем’ева.

Цана вызвалення

— За час вайны на тэрыторыi раёна была знiшчана 51 вёска са 160, колькасць насельнiцтва зменшылася з 39 тысячы да 25 тысяч чалавек, — распавядае намеснiк старшынi Слаўгарадскага райвыканкама Святлана Язерская. — З 18 тысяч мужчын у жывых засталося толькi 8 тысяч, з вайны не вярнулiся каля 4 тысяч салдат i партызан. Зараз на Слаўгарадчыне знаходзiцца 120 воiнскiх пахаванняў, дзе апошнi свой прытулак знайшлi амаль 10 000 воiнаў. Больш за ўсё iх загiнула менавiта ў 1943 годзе.

Падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных вызваленню раёна, у скверы Вайсковай славы адкрыўся памятны знак — дывiзiённая пушка Д-44. Менавiта майстэрства артылерыстаў дазволiла як мага хутчэй разбiць у 1943-м варожыя пазiцыi. Яшчэ адзiн памятны знак — гранiтная плiта з пералiкам усiх дывiзiй, што прымалi ўдзел у вызваленнi раёна, — усталяваны насупраць цэнтральнай плошчы горада, у гарадскiм скверы.

Ад Прапойска да Слаўгарада

Лiчыцца, што сваю назву Слаўгарад атрымаў за масавы гераiзм, якi быў праяўлены пры вызваленнi горада. Але афiцыйных звестак наконт гэтага няма. Ва ўспамiнах генерала Аляксандра Гарбатава ёсць фраза, што, калi яго часцi наблiзiлiся да Прапойску, камандзiр адной з iх — Васiль Далматаў — звярнуўся з прапановай, каб iм не прысвойвалi званне «прапойскай дывiзii». Магчыма, думалi многiя, гэта дайшло да Сталiна, i ён загадаў пераназваць Прапойск. Але мясцовыя краязнаўцы больш прытрымлiваюцца версii, што горад атрымаў такую назву «па просьбе працаўнiкоў». Маўляў, жыхары звярнулiся да кiраўнiцтва рэспублiкi i папрасiлi аб гэтым. Iх прапанова была задаволена.

Нэлi ЗIГУЛЯ. Фота аўтара.

“Звязда”

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «история»:

08.12.2017 - 09:54 | Могилевская область 15 января отметит 80 лет со дня основания. По страницам истории

15 января 1938 года на карте огромной тогда страны - Советского Союза - появилась Могилевская область. Решение об ее образовании приняла первая сессия Верховного Совета СССР. Начался отсчет современной истории Приднепровского края.

07.12.2017 - 11:12 | В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси

В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси.

22.11.2017 - 10:53 | В Кировском районе поисковики обнаружили останки советских самолетов, сбитых летом 1941-го

В Кировском районе в ходе поисковой экспедиции могилевские историки и краеведы обнаружили фрагменты одного из советских самолетов, сбитых здесь фашистами летом 1941 года. Всего между деревнями Зеленая Роща и Забуднянские Хутора в самом начале Великой Отечественной немцы уничтожили 4 бомбардировщика СБ-2… Благодаря воспоминаниям очевидцев-старожилов поисковикам удалось установить уже несколько имен погибших летчиков.

14.11.2017 - 11:53 | Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года

Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года. Об этом сообщили в МГУ им. А.А. Кулешова.

10.11.2017 - 11:28 | Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова»

Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова». Мероприятие приурочено к 102-летию со дня рождения писателя, сообщили корреспонденту сайта в общественном объединении «Русское культурно-просветительское общество».

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения