Вверх

Вы здесь

Абярэг у «клетку», або 7 жыццяў Марыі Лугаўцовай

Малалетняя вязніца канцлагераў лічыць, што ад смерці ў гады ваеннага ліхалецця яе выратавалі толькі цуд і матуліна хустка

Сёлета Марыі Астафіеўне Лугаўцовай спаўняецца 85, хаця, як яна сама падлічыла, сем разоў магла загінуць падчас вайны. У 12 гадоў ёй давялося перажыць жах нямецкіх лагераў, голад, холад. Але невядомая сіла берагла дзяўчынку ў тыя хвіліны, калі, здавалася, ужо не было ніякіх шанцаў на выратаванне. Нібы бясцэнную рэліквію, захоўвае яна матуліну хустку, што сагравала яе ў халоднай зямлянцы і ратавала ў нямецкім палоне. Гэты вялікі ў карычневую клетку абярэг і зараз як новы.

Адна ў ваенным лесе

Рарытэтная хустка такіх памераў, што нават дарослы чалавек амаль цалкам можа захутацца ў яе, не тое што дзіця. «Яна так і называлася «абкрывацельная», — кажа яе гаспадыня і ўдакладняе: — Да вайны была вельмі модная рэч, каштавала вялікіх грошай. Тата прадаў у Быхаве грушы з нашага саду і купіў маці царскі падарунак. Яна такая шчаслівая была, насіла замест камізэлькі».

Яшчэ адна сямейная рэліквія, якую жанчына захавала з часоў вайны, — ваўняная коўдра. У гарадской кватэры яна без патрэбы, і так цёпла, затое на дачы — незаменная рэч. А ў 1943-м пад ёй даводзілася начаваць нават у зімовым лесе.

Вайна ўрэзалася ў памяць страшным выпрабаваннем. Жылі яны ў вёсцы Новы Быхаў. У сям’і Пелагеі і Астафія Мамаевых (бацькі Марыі Лугаўцовай) гадавалася чацвёра дзяцей. У верасні 1943-га, калі пачаліся вызваленчыя баі за раён, немцы сабралі ўсіх жыхароў вёскі і кудысьці пагналі. Пад покрывам ночы сямейству Мамаевых пашчасціла збегчы ў лес. Вяртацца дадому было небяспечна — і яны выкапалі там зямлянку. Каб не змерзнуць, па начах палілі ўнутры вогнішча.

Іх лясное жытло партызаны перыядычна выкарыстоўвалі як перавалачны пункт. Непадалёк праходзіла чыгунка, якую немцы ахоўвалі вельмі пільна. Перасячы яе можна было толькі ноччу. Вось яны і чакалі ў Мамаевых, пакуль сцямнее. Але аднойчы «базу» рассакрэцілі.

— У той дзень у нас зноў былі партызаны, — узгадвае Марыя Астафіеўна. — Кожны займаўся сваёй справай, а я вырашыла прайсціся па лесе. Адышлася метраў на 100 і бачу: варожыя каскі. З крыкамі пабегла назад. Толькі кулі над галавой засвісталі.

Усе, хто быў у зямлянцы, разбегліся ў розныя бакі. А дзяўчынка, калі пералазіла цераз паваленую елку, зачапілася і паляцела ў снег. Толькі галіны зверху самкнуліся. Так яна і ляжала, пакуль былі чуваць стрэлы. А калі ўстала і агледзелася, побач ужо не было ні душы. Яна не ведала, што рабіць, дзе каго шукаць. Пайшла па слядах і хутка спаткала партызана, які аглядаў мясцовасць пасля перастрэлкі. Ён завёў дзяўчынку ў лагер, але той жа ноччу атрад павінен быў перабрацца ў іншае месца. Марыя спачатку пайшла з партызанамі, але потым вырашыла вярнуцца назад. Што яе прымусіла пайсці на гэта, яна і зараз не можа сабе растлумачыць. Нават у думках страшна застацца адной ноччу ў зімовым лесе, а яна ўсё перажыла наяве. Быў момант, калі дзяўчынка знясіленая, апусцілася на пень і ледзь не заплакала: няўжо гэта ўсё? Калі ўбачыла каля сябе татачку з матуляй, нават вачам не паверыла, падумала, што мроіцца. Але гэта быў не сон. Бацькі ж думалі, што іх дачка загінула падчас страляніны, вярнуліся, каб яе пахаваць. Калі не знайшлі каля зямлянкі, падаліся ў партызанскі лагер. Слабая надзея, што Марыя ўсё ж такі жывая, прымусіла ісці іх па пакінутых на снезе слядах.

Прывід у зямлянцы

Праз некалькі дзён на вёску, дзе сям’я знайшла часовы прытулак, наляцелі немцы. Бацьку разам з непаўналетнім сынам схапілі, а вось маці з дачушкамі зноў пашчасціла збегчы ў лес. Яны накрыліся белымі абрусамі і непрыкметнымі выслізнулі з вёскі агародамі. Ноччу да іх далучыліся бацька з сынам, але раніцай у лесе іх знайшлі немцы і ўсіх, акрамя Марыі, схапілі. Яны бачылі, што дзяўчынка хворая, і пакінулі яе паміраць. Жанчына дагэтуль не разумее, як яна змагла выжыць зімой у зямлянцы без вады і запалак. Колькі дзён яна так праляжала бездапаможная, нават і не ведае. Ад бяссілля то плакала, то страчвала прытомнасць. Аднойчы ёй падалося, што покрыва на ўваходзе адсунулася і з’явілася маці. Расплюшчыла вочы і зразумела, што трызніць. «Вельмі хацелася піць, але сіл хапіла толькі на тое, каб выпаўзці з зямлянкі і набраць снегу», — усхліпвае жанчына. Слёзы коцяцца з яе вачэй, быццам усё, пра што яна расказвае, здарылася не 70 гадоў таму, а ўчора. І ад таго, што ўспаміны даюцца ёй так складана, разумееш, наколькі страшнай была рэчаіснасць.

Яна амаль ужо ачуняла, калі яе знайшоў у зямлянцы мясцовы жыхар. Ён падказаў сцяжынку да партызан, але яна прывяла да нямецкага патруля. Толькі змарнелае дзіця не выклікала ў іх цікавасці. Як і цяжарная жанчына, якую разам з Марыяй накіраваў да партызан той самы зямляк. Толькі потым дзяўчынка даведалася, што ён быў здраднікам.

У пошуках прытулку Марыя са сваёй спадарожніцай пастукалі ў дзверы адной з вясковых хат. Людзей там знаходзілася столькі, што нават прысесці не было куды. Тут сабраліся ўсе, каго з родных дамоў выгналі немцы або чые хаты згарэлі. Дзяўчынка знайшла вольнае месца каля сцяны і стаяла так некалькі гадзін, пакуль яе не знайшла нейкая далёкая сваячка з суседняй вёскі. Чуткі, што з’явіліся новыя пастаяльцы, дайшлі і туды. Хата сваячкі была нічым не лепшай за тую, адкуль яна прывяла Марыю. Ні акон, ні дзвярэй… Нават столі не было. А праз некалькі дзён немцы ўсіх сагналі ў стайню. Там наогул былі толькі сцены. Людзі спалі на зямлі ля вогнішча.

Другой маці ёй стала Дуся

З таго самага моманту, як яе пакінулі паміраць у лясной зямлянцы, і да канца вайны Марыя нічога не ведала пра сваю сям’ю. Аднойчы раніцай немцы пагналі жыхароў вёскі з абозам у Быхаў, а адтуль у цяплушках павезлі ў Магілёў. Сярод палонных дзяўчынка сустрэла і сваіх стрыечных сясцёр. Разам з імі яна трапіла ў турму, што знаходзілася ў абласным цэнтры непадалёк ад машынабудаўнічага інстытута. У памяці засталіся вузкія цёмныя калідоры, па якіх кожны дзень іх вадзілі на допыты, нары, з кароценькімі паведамленнямі вывезеных у Германію людзей, рэдкі суп з маленькім кавалачкам хлеба з аўсянай шалупіны — бедны паёк, на які яны маглі разлічваць усяго адзін раз у дзень. Але ў параўнанні з тым, што Марыі ўжо прыйшлося перажыць, тут яшчэ было не так дрэнна. Толькі і гэта хутка скончылася.

На чужыну іх везлі ў «цялячым» вагоне. 7 дзён без вады і ежы, без свежага паветра і элементарных санітарных умоў. Не ва ўсіх атрымалася вынесці такое выпрабаванне. Толькі ў Варшаве людзям далі трохі супу і павезлі далей. Канчатковым прыпынкам быў канцлагер у Альдэнбургу. Цягнік заехаў прама на яго тэрыторыю. Гэты момант і зараз у яе перад вачамі. Па перыметры — калючы дрот, назіральныя вышкі і каравульныя з аўтаматамі. А з дынамікаў на ўсё наваколле раве бравурная музыка. У бараку, куды трапіла Марыя, стаяла жалезная печка. Нехта з запаслівых знайшоў у кішэні жменьку проса і зварыў яго ў бляшанцы. Дзяўчынцы таксама далі лыжачку. Якой жа смачнай падалася ёй тая каша. У канцлагеры пра такую ежу можна было толькі марыць. Людзей кармілі пустой вадой з бручкай, а замест гарбаты давалі шклянку кіпеню.

Так склалася, што ў Альдэнбургу Марыі давялося расстацца са стрыечнымі сёстрамі. Ад таго, што яна зноў засталася адна, дзяўчынка заплакала. Але жанчына з яе вёскі супакоіла: «Не плач, калі хочаш, я буду табе замест маці». З тых часоў яны заўсёды былі побач. Удзячнасць да Еўдакіі Панурынай, ці, як яна называла яе, «маці Дусі», Марыя Лугаўцова захавала на ўсё жыццё.

У Фэхце, куды іх прывезлі працаваць на заможнага баўара, дзяўчынку адправілі на кухню. Палонных кармілі той жа бручкай, што і ў Альдэнбургу, але кідалі ў суп некалькі бульбін. Калі Марыя іх чысціла, баялася згубіць нават грам каштоўнага прадукту. Аднойчы яна дапамагла палоннай палячцы ўскапаць агарод. Тая была настолькі ўдзячна дзяўчынцы, што потым увесь час падкормлівала і нават дзялілася адзеннем.

Набліжаўся май, усё часцей бамбілі нямецкія вёскі і гарады. Палонныя таксама рызыкавалі. Аднойчы каля Марыі разарваўся снарад, яна толькі цудам не загінула. З няволі іх вызвалялі амерыканцы. Праз некалькі месяцаў Марыя са стрыечнымі сёстрамі ехала ўжо на вялікай машыне з адкрытым верхам да савецкай мяжы. І як самыя каштоўныя трафеі прыціскала да грудзей тую матуліну хустку і коўдру. У далёкай дарозе яны зноў ратавалі яе, але на гэты раз ад праліўнога дажджу.

За нечалавечыя выпрабаванні — шчаслівая доля

На жаль, не дажыў да Перамогі старэйшы брат Марыі, які ваяваў у партызанах. Бацька вярнуўся з фронту, але хутка пайшоў з жыцця. Маці засталася адна з траімі дзецьмі. І каб не памерці з голаду, ім усім трэба было шмат працаваць. У той галодны час вельмі выручаў лес, адкуль кошыкамі насілі грыбы і ягады. Хадзілі чуткі пра галодных ваўкоў, якія нападаюць на людзей. Марыя таксама пра гэта ведала, але калі сустрэла на лясной сцяжынцы «нейкага шэрага сабаку», нават не спалохалася. Працягвала збіраць ягады і спакойна перагукацца з роднымі. І толькі калі збянтэжаны звер, падціснуўшы хвост, пабег углыб лесу, зразумела, як яна рызыкавала.

А колькі разоў пра сябе яшчэ нагадвала вайна. Неяк дзеці пабеглі па арэхі і Марыя выпадкова зачапіла нейкі дрот. Выбухнула… Тое, што ніхто не загінуў, таксама можна лічыць цудам. Абышлося без ахвяр і ў той раз, калі дзеці праз глупства нацягалі ў адну кучу боепрыпасы і падпалілі. У гэты момант нехта заўважыў, што каровы, якіх яны пасвілі, далёка сышлі. Малыя кінуліся наўздагон, і тут страшны выбух ускалыхнуў наваколле. На тым месцы, дзе хвіліну таму было вогнішча, засталася вялізная яма.

Марыя Астафіеўна ўпэўнена, што анёл-ахоўнік заўсёды быў з ёй побач і вёў па жыцці. Яна скончыла медыцынскую ўстанову, паспяхова выйшла замуж. Муж, як кажуць, насіў яе на руках. Дом заўсёды быў поўнай чашай. «Я жыла, як каралева, — усміхаецца жанчына. — За ўсе мае пакуты Бог падараваў мне доўгае шчаслівае жыццё».

Перад тым, як развітацца, жанчына дастае невялікі мяшочак і высыпае на стол каля дзясятка медалёў. Сярод іх — узнагарода за добрую працу, астатнія — юбілейныя. Але для Марыі Лугаўцовай яны шмат чаго значаць. «Дзякуй усім за тое, што на мяне не забываюцца», — кажа яна і зноў плача. Дарэчы, гісторыя яе жыцця захоўваецца ў школьным музеі баявой славы магілёўскай школы №34. Рэферат, які напісала вучаніца Вольга Глазкова, быў прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным айчыннай гісторыі. Жыццё гэтай жанчыны — яркі прыклад таго, як дорага каштуе мірнае неба і як важна яго берагчы.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара і з архіва Марыі Лугаўцовай

“Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «история»:

08.12.2017 - 09:54 | Могилевская область 15 января отметит 80 лет со дня основания. По страницам истории

15 января 1938 года на карте огромной тогда страны - Советского Союза - появилась Могилевская область. Решение об ее образовании приняла первая сессия Верховного Совета СССР. Начался отсчет современной истории Приднепровского края.

07.12.2017 - 11:12 | В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси

В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси.

22.11.2017 - 10:53 | В Кировском районе поисковики обнаружили останки советских самолетов, сбитых летом 1941-го

В Кировском районе в ходе поисковой экспедиции могилевские историки и краеведы обнаружили фрагменты одного из советских самолетов, сбитых здесь фашистами летом 1941 года. Всего между деревнями Зеленая Роща и Забуднянские Хутора в самом начале Великой Отечественной немцы уничтожили 4 бомбардировщика СБ-2… Благодаря воспоминаниям очевидцев-старожилов поисковикам удалось установить уже несколько имен погибших летчиков.

14.11.2017 - 11:53 | Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года

Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года. Об этом сообщили в МГУ им. А.А. Кулешова.

10.11.2017 - 11:28 | Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова»

Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова». Мероприятие приурочено к 102-летию со дня рождения писателя, сообщили корреспонденту сайта в общественном объединении «Русское культурно-просветительское общество».

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения