Рус Бел Eng 中文

Аграгарадок Радамля запрашае 6 жніўня на этнаграфічнае свята «У госці да радзімічаў»

Адной з візітных картак Чавусскага раёна вось ужо некалькі год з’яўляецца этнаграфічнае свята “У госці да радзімічаў”, якое адбываецца на тэрыторыі аграгарадка Радамля.

Месца правядзення свята выбрана нездарма. Менавіта археалагічныя даследаванні Замкавай гары і наваколіц Радамлі і вывучэнне гістарычных крыніц дазволілі абгрунтаваць гіпотэзу аб тым, што ў жыцці і гісторыі славянскага племені радзімічаў гэтыя мясціны адыгрывалі вельмі важную ролю, а па адной з версій нават з’яўляліся месцам знаходжання цэнтра племені.

Захаваліся тут і сляды замка больш позняга перыяду, які ўпамінаецца ў шматлікіх пісьмовых крыніцах. Яны адносяцца да часоў Вялікага княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай. Нажаль, не захавалася яшчэ адно адметнае збудаванне, якім была знакаміта Радамля - касцёл. Выявы гэтага храма засталіся толькі на фотаздымках пачатку XX стагоддзя.

Усё гэта робіць Радамлю сапраўды непаўторным месцам, насычаным гісторыяй і даўніной. Таму ў 2014 годзе ў рамках праекта “Жывая гісторыя майго краю” і міні-праекта “Радамля: актыўнасць для адраджэння” тут было наладжана першае свята, заснаванае на падзеях і стылістыцы X-XII стагоддзяў “У госці да радзімічаў”. Яго поспех і папулярнасць як у жыхароў нашага раёна, так і гасцей чавускай зямлі дае падставу гаварыць аб тым, што наш рэгіён знайшоў тую самую непаўторную “разынку”, якая цікавіць людзей розных узростаў і прафесій і прыцягвае турыстаў.

6 жніўня адбудзецца чарговае этнасвята. Усіх яго ўдзельнікаў чакае тэатралізаванае прадстаўленне “Падарожжа ў сівую даўніну”. Дзея заснавана на даных гістарычных крыніц аб падзеях X-XII стагоддзяў, пры-свечана ўзаемаадносінам ра-дзімічаў з хазарамі ды кіеўскімі князямі, а таксама традыцыйным заняткам, звычаям, культурным традыцыям, вераванням ды абрадам гэтага славянскага племені. Перад гледачамі будуць разгортвацца драматычныя моманты нашай мінуўшчыны і сцэны паўсядзённага жыцця. Цікава даведацца як у сярэднявеччы людзі бавілі час. І можна запэўніць чытачоў, што яны не сумавалі без справы. Упэўніцца ў гэтым ёсць магчымасць, пабыўшы на свяце.

Тым, хто цікавіцца вайсковай справай нашых продкаў таксама будзе на што паглядзець. У гэтым годзе ўдзел у этнафестывалі возьмуць прадстаўнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі “Хірд Ваўкі” з Мазыра, якія займаюцца вывучэннем эпохі вікінгаў. Яны прадставяць увазе гледачоў ваенна-гістарычную рэканструкцыю - паказальныя баі вікінгаў эпохі сярэдневечча. Касцюмы, узбраенне, даспехі зроблены па гістарычных крыніцах.

У канцэртнай праграме свята этнакалектывы будуць прадстаўляць свае здабыткі з творчай спадчыны продкаў.

Гандлёвыя рады і выставы ўмельцаў, а таксама майстар-класы па старажытных рамёствах чакаюць усіх, ка-го вабіць прыгажосць традыцый. А аматары старажытнай кухні маюць магчымасць паўдзельнічаць у кулінарным свяце страў.

Будуць працаваць атракцыёны “Арэлі”, “Забег парсюкоў”, “Бой мяшкамі”, “Адчыні замок”, “Катанне на конях” і іншыя.

Жадаючыя паспрабаваць сябе ў вайсковай справе могуць паспаборнічаць у трапнасці, страляючы са старажытнага лука, або кідаючы коп’і.

Напрыканцы свята яго ўдзельнікаў чакае этнавечарына - танцавальна-забаўляльная праграма з гульнёвымі момантамі.

Па матэрыяле раённай газеты “Іскра”

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна