Вверх

Вы здесь

Бабуліна шчасце

86-гадовая жанчына, якая перажыла акупацыю і выхавала васьмярых дзяцей, лічыць, што ніякага сакрэту маладосці не існуе.

«Я самая шчаслівая, - прызнаецца, сустракаючы мяне, Зінаіда Дзігалёва. - У мяне васьмёра дзяцей, сямнаццаць унукаў і столькі ж - праўнукаў. Самы малодшы нарадзіўся сёлета. Гэта ж якое шчасце і багацце! Мабыць, ва ўсёй Беларусі такога няма...» А бабуліна шчасце будзе толькі большаць: яшчэ восем унукаў не падарылі ёй праўнукаў.

...У прысталічны Атоліна, дзе жыве цяпер Зінаіда Канстанцінаўна, я прыехала пасля таго, як у рэдакцыю патэлефанаваў яе старэйшы сын. Мікалай Іванавіч выпісвае «Звязду» больш чым 35 гадоў, таму добра ведае, якія тэмы не застаюцца па-за ўвагай звяздоўцаў. Мяне зацікавіў лёс яго маці, якая, па яго словах, шмат цікавага можа расказаць пра Вялікую Айчынную вайну.

Сапраўды, памяці Зінаіды Канстанцінаўны можна толькі пазайздросціць. У свае 86 гадоў яна не толькі ў дэталях апісвае цяжкае ваеннае дзяцінства, але і прывабна выглядае. Гэта нягледзячы на тое, што нараджаць і выхоўваць васьмярых (!) дзяцей даводзілася ў галодны пасляваенны час.

Не вярнуўся з вайны...

«Дзяцінства, ведаеце, было цяжкое», - пачынае гутарку Зінаіда Канстанцінаўна, а на вачах, якія ўжо амаль нічога не бачаць, выступаюць слёзы.

А прайшло яно ў вёсцы Хадуцічы, што на Быхаўшчыне. Яшчэ да вайны больш-менш жылі. І ў акупацыі, здаецца, лепш, чым пасля таго, як не стала бацькі. Канстанцін Лішанкоў, удзельнік савецка-фінскай вайны, прайшоў амаль усімі франтавымі дарогамі і ў Вялікую Айчынную. Усяго 9 месяцаў не дажыў да Перамогі. Пахавальная, якая прынесла родным сумную навіну, сціпла паведаміла, што іх карміцель быў забіты ў жніўні 1944 года дзесьці пад Беластокам.

- Мой брат у свой час ездзіў туды, але магілы так і не знайшоў, - кажа Зінаіда Дзігалёва. - Мы і дагэтуль не ведаем, дзе пахаваны бацька.

Па словах аднавяскоўца, які ваяваў разам з Канстанцінам Лішанковым і вярнуўся з вайны,  пахавалі аднапалчаніна каля дарогі. Але колькі такіх дарог вяло на Беласток! І ці стаіць цяпер на тым месцы камень, які на магіле салдата замест крыжа паставілі байцы?

- Той чалавек расказваў, як загінуў бацька, - успамінае жанчына. - Толькі вайскоўцы паабедалі, як адкрыўся агонь - пачалося наступленне. Бацька якраз з некалькімі байцамі вёз ваду на кухню. Не давёз - снайперская разрыўная куля трапіла яму ў грудзі. Тады многіх параніла, але загінуў ён адзін. Цяпер сяджу, рабіць няма чаго, здаецца, пра ўсё распытала б сведку тых падзей. Але тады, у маладыя гады, я занятая была дзецьмі, сям'ёй...

Багатая сярод бедных

Маці Зінаіды Канстанцінаўны не вытрымала гора і неўзабаве пасля вайны памерла, пакінуўшы сіротамі пяцярых дзяцей. Дваіх малодшых адразу забралі ў дзіцячы дом. Іншыя выжывалі, як маглі. Зінаідзе, напрыклад, даверылі насіць калгасную пошту. А калі мясцовыя жыхары масава захварэлі на малярыю, дзяўчына забяспечвала іх яшчэ і лекамі.

«Райздраў мне тады плаціў за гэта 15 рублёў, - расказвае Зінаіда Канстанцінаўна. - Гэта ж я такая багатая была! За грошы ў той час у калгасе ніхто не працаваў. Толькі за працадні».

- Мой будучы муж у калгасе быў трактарыстам, - працягвае жанчына. - Тады адзін трактар абслугоўваў некалькі сельскіх Саветаў. Таму трактарыст па тым часе быў як міністр. Напэўна, я майму Івану спадабалася. Узяў мяне за руку, распісаліся ў сельсавеце і забраў мяне да сваіх бацькоў. І я ўжо такая шчаслівая жыву! Не трэба думаць, як гэта ўзімку з'ездзіць на саначках у лес па дровы. Пражылі з ім 45 гадоў.

Вайна-разлучніца

Муж гераіні, Іван Дзігалёў, у гады акупацыі быў сярод тых, каго адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Працавалі на немцаў усёй сям'ёй. Праўда, у розных месцах. Іван даглядаў жывёлу ў аднаго баўэра, бацькі працавалі на заводзе.

Вайна іх надоўга разлучыла. Каб адшукаць родзічаў, пасля Перамогі Іван Дзігалёў паехаў на радзіму бацькі ў Быхаўскі раён. Тут іх не было. Затое ў вёсцы жыла цётка, бацькава сястра. Неўзабаве яе хата стала месцам сустрэчы сям'і, але не ўсёй. Доўгі час нічога не было вядома пра лёс Іванавай сястры. Родныя ўжо і змірыліся з трагічнай думкай, як праз шмат гадоў у мясцовую школу прыйшоў ліст з запытам, каб на прозвішча сястры выдалі даведку, што яна атрымлівала тут адукацыю. Аказалася, што жыве яна ў Польшчы.

Спазнілася спытаць...

- Вайна і сёння засталася ў маёй памяці, - прызнаецца Зінаіда Дзігалёва. - Бывае, сяджу, а перад маімі вачамі быццам ляціць самалёт, дым клубам - як тады, улетку 1942-га. Такая спёка ў той дзень стаяла. Помню, мы, дзеці, пазбіраліся і думаем, хоць бы ён не ўпаў на вёску.

Абышлося, але савецкі самалёт усё-такі быў збіты. Адзін з лётчыкаў, пакуль прызямляўся, трапіў пад кулю немцаў, якія якраз праязджалі побач на матацыклах. Двум астатнім пашчасціла больш: на парашутах яны спусціліся акурат у лес.

- А ноччу прыйшлі да маёй цёткі Анюты і папрасілі ў яе пераапрануцца, - працягвае жанчына. - Пыталіся, ці ёсць у вёсцы партызаны, ці блізка фронт. Але адкуль мы ведалі? Вось і пайшлі яны куды вочы глядзяць. Можа, цётка мая і даведалася, як іх завуць. Але цяпер хіба ж спытаеш? Можа, і зараз яны жывыя... А забітага лётчыка мясцовыя жыхары адразу ж пахавалі каля бярозкі. Каб вочы мае бачылі, папрасіла б дзяцей або ўнукаў (усе ж цяпер на машынах) звазіць мяне ў маю вёску тую магілку пабачыць.

Без даху над галавой

- Самалёт упаў ля нашай вёскі якраз у тым годзе, як нашы Хадуцічы палілі, - узгадвае Зінаіда Канстанцінаўна. - Я ішла якраз ад цёткі Анюты. Бачу, немцы едуць на матацыкле: адну хату падпальваюць, другую мінаюць. А дахі тады саламяныя былі. Дагэтуль я ціхенька ішла, а як убачыла, што хаты пачалі загарацца, - бягом у вёску. Паспела. Мама кажа: «Бяры малога (брат мой самы меншы ў 1941 годзе нарадзіўся) і нясі яго да рэчкі». Я занесла і вярнулася. Мама звязала некалькі вузялкоў з сабой, а то ж усё маглі спаліць...

Не спалілі. Астатнія хаты выратаваў мясцовы стараста. Ён, казалі, мог па-нямецку гаварыць: відаць, здолеў дамовіцца. Па дадзеных Нацыянальнага архіва Беларусі, з 103 двароў у Хадуцічах засталася 31 хата. Зінаіда Дзігалёва не памятае, каб тады нехта з людзей загінуў. Тых, хто застаўся без даху над галавой, на некаторы час прытулілі суседзі.

«Чаму я так доўга жыву?»

Нацярпелася сям'я ў гады акупацыі. І немцы ў хату заходзілі, і «партызаны»...

- Вы ж ведаеце, што былі партызаны, а былі і тыя, хто выдаваў сябе за іх, - гаворыць жанчына. - Днём у лесе сядзелі, а ноччу хадзілі па хатах і рабавалі бедных удоў. Помню, як у комін боты хавалі. Адзін раз за ўсю вайну зайшоў да нас у хату сапраўдны партызан. Пацікавіўся, ці ёсць мыла, адзенне, каб пераапрануцца. Здавалася б, мужыка ў хаце няма, але тую вопратку, якая засталася ад бацькі, мама перашывала для нас. Дык яны пыталіся, ці ёсць, а бандыты без дазволу адчынялі скрыні і даставалі адтуль тое, што ім падабаецца. Аднойчы забралі мой грабеньчык і дзіцячую кофтачку, якую я вязала. Мне так крыўдна было. Ужо пасля, калі выйшла замуж, адны мяне за куму ўзялі. Бачу, на фатаграфіі - мужчына. Я ўгледзелася: той, што маю кофтачку забраў. Аказалася, брат гаспадыні. Не дажыў ён да Перамогі...

На працягу ўсёй вайны, па ўспамінах Зінаіды Канстанцінаўны, жанчыны з вёскі ўмудраліся збіраць ураджай: «Есці ж нешта трэба было. Гаспадыні і плугі цягалі. А мне лёгкую работу давалі - за плугам хадзіць. Садзілі пшаніцу, лён сеялі, каб было што апранаць. Дзяцінства было такое цяжкае - не ведаю, чаму я так доўга жыву?»

Найвялікшая каштоўнасць

Хутар на Быхаўшчыне, дзе Дзігалёвы выгадавалі ўсіх сваіх дзяцей, стаў іх прытулкам не на ўсё жыццё. Мяняць месца жыхарства прымусіла трагедыя ў Чарнобылі. Паехалі на Гродзеншчыну, у Смаргонскі раён. «Пражыў мой муж там усяго тры гады, - кажа Зінаіда Дзігалёва. - Відаць, не ўжыўся. Гэта як старое дрэва: перасадзіш - яно не прыжывецца. Так і ён...».

На пытанне, як у такі складаны час удалося выгадаваць і вывучыць васьмярых дзяцей, яна, кавалер ордэна «Мацярынская слава», адказвае: «У мяне муж быў харошы. Ён ніколі не настойваў, каб я працавала. Я павінна была адказваць за выхаванне дзяцей і гаспадарку. А як жа на пенсію зарабіць? Таму на працу хадзіла. Яшчэ якую-ніякую гаспадарку трымала: кароў, свіней, курэй, гусей, індычак, качак. Прычым раней ніякіх дэкрэтаў не было, ды і ніхто, як цяпер, маладым маці не плаціў ніякіх грошай. Але ўсіх дзяцей паставілі на ногі».

Быццам прадчуваючы маё апошняе пытанне, напрыканцы сустрэчы Зінаіда Канстанцінаўна кажа, што ніякага сакрэту маладосці не існуе. «Напэўна, гэта Бог мне даў такое здароўе, - пераканана яна. - Трэба заўсёды рабіць дабро. У мяне ніколі не было ворагаў, і я ніколі ні з кім не сварылася. Не трэба багацця. Спакойнае жыццё - самая вялікая каштоўнасць».

«Звязда»

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «история»:

29.05.2017 - 09:21 | У магілёўскай Ратушы прайшла Х міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснае»

Сёлета Магілёў урачыста адзначае сваё 750-годдзе. Згодна з летапіснымі звесткамі афіцыйнай датай яго нараджэння лічыцца 1267 год. Але доктар гістарычных навук, прафесар гісторыі Ігар Марзалюк паставіў гэтую лічбу пад сумненне.

25.05.2017 - 10:29 | 80-летний юбилей отмечает Могилевский государственный музыкальный колледж им. Н.А.Римского-Корсакова

80-летний юбилей отмечает Могилевский государственный музыкальный колледж им. Н.А. Римского-Корсакова. Об этом корреспонденту сайта сообщили в учреждении образования.

25.05.2017 - 08:40 | Православные и католики сегодня празднуют Вознесение Господне

Вознесение Господне всегда приходится на четверг, сороковой день после Пасхи. Считается, что древний праздник Вознесения Господня был установлен еще в апостольские времена. Он связан с евангельскими событиями, последовавшими за Воскресением Христа.

12.05.2017 - 10:36 | Могилевская область вместе со всей страной 14 мая отметит День Государственного герба и Государственного флага Республики Беларусь

Могилевская область вместе со всей страной 14 мая отметит День Государственного герба и Государственного флага Республики Беларусь. Об этом корреспонденту сайта сообщили в главном управлении идеологической работы, культуры и по делам молодежи облисполкома.

07.05.2017 - 07:12 | За одну ночь война забрала жизни 437 жителей местечка Шамово Мстиславского района

Есть события, над которыми время не властно, и чем дальше в прошлое уходят годы, тем выразительнее становится их масштабность. Великая Отечественная война оставила неизгладимый след в жизни многих людей в Беларуси и нанесла раны, которые не лечат даже самые опытные доктора.

Рубрики

 
Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения