Вверх

Вы здесь

Больш за тры гадзіны доўжыўся “Зімовы карагод” у Шклове

Больш за тры гадзіны доўжыўся “Зімовы карагод” у Шклове. Свято прайшло 22 студзеня на плошчы каля раённага Дома культуры.

Першае, што прыцягвала ўвагу жыхароў і гасцей горада, – кампазіцыі, зробленые са снега вучнямі і настаўнікамі гімназіі, гарадскіх школ №№ 1 і 4, ліцэя №12 і дзіцячай школы мастацтваў, а таксама работнікамі РДК, кінатэатра “Мір”, раённага краязнаўчага музея і цэнтральнай раённай бібіліятэкі. Яны прыклалі шмат сіл, умення, выдумкі і напрацягу некалькіх дзён узводзілі тут снежныя крэпасці, фігуры розных жывёл, у тым ліку і сімвалаў 2011 года зайца і ката. Асабліва прыгожую капмазіцыю на марскую тэматыку зрабілі працаўнікі гарадской гімназіі. Каля іх прыгожых пінгвінаў утварылася цэлая чарга, каб сфатагравацца напамяць.

Не менш цікавым аб’ектам свята сталі сялянскія падворкі і гасцёўні. Умела ўпрыгожаныя, з вялікім асартыментам розных прысмак і ветлівымі ўсмешкамі іх гаспадынь, яны прыцягвалі да сябе ўвагу прысутных. Асабліва глядзеліся падворкі СВК “Вадвянскае”, ААТ “Шклоўскі аграсервіс”, ПУП “АСБ Гарадзец” і іншых сельгасарганізацый, а таксама масларобчага завода і структурных падраздзяленняў райпа. Тут было што паглядзець і чым паласавацца. Шырокі асартымент вырабаў прадставілі і народныя ўмельцы.

На гэтай жа плошчы самадзейныя артысты з усіх устаноў культуры раёна прапанавалі гараджанам вялікі і цікавы канцэрт з вясёлымі песнямі і імклівымі танцамі. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах частавалі прысутных абаранкамі і цукеркамі, аднак, каб атрымаць такі пачастунак, трэба было расказаць верш ці спець песню.

Найбольш спрытныя, лоўкія і моцныя ўдзельнікі свята мелі магчымасць дастаць прызы са слупа, паўдзельнічаць у спаборніцтве па перацягванню каната, бегу ў мяшках, пагуляць у шашкі і паўздымаць 24-кілаграмовую гіру на колькасць разоў.

А побач у гарадскім парку для дзяцей было арганізавана катанне на конях, запражоных у сані. Сем экіпажаў на працягу некалькіх гадзін дастаўлялі юным шклаўчанам незабыўныя ўражанні ад хуткай язды па заснежаным алеям зімовага парку. Да таго ж работнікі Цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам Шклоўскага раёна каталі дзяцей на двух снегаходах.

Завяршыўся “Зімовы карагод” ушанаваннем гаспадарак лепшых падворкаў і гасцёўняў, конных экіпажаў. Былі адзначаны і аўтары кампазіцый са снегу. Памятныя прызы пераможцам уручыў кіраўнік раёна, ён жа ініцыятар гэтага свята, Аляксандр Бойка, а затым павіншаваў удзельнікаў і гасцей з цудоўным зімовым днём, пажадаў добрага настрою і прапанаваў праводзіць такія мерапрыемствы кожны год у першую суботу пасля Хрышчэння Гасподня.

Аляксандр БЯЛЯСАЎ, фота аўтара

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения