Вверх

Вы здесь

Cвята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст” прайшло ў старажытным горадзе Мсціславе

Сотні ўдзельнікаў рыцарскіх клубаў і клубаў гістарычнай рэканструкцыі, тысячы гасцей і гледачоў з’ехаліся ў старажытны горад Мсціслаў на свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”, якое праходзіла 28-29 ліпеня.

Падчас фестывалю, які ладзіўся ўжо ў пяты раз, горад чарговы раз акунуўся ў суровую і разам з тым чароўную атмасферу сярэднявечча. Бляск рыцарскіх даспехаў, грукат конскіх капытоў, звон зброі, мужнасць і галантнасць рыцараў, і, вядома ж, хараство шляхетных паненак – усё гэта, нібыта чароўная машына часу, пераносіла горад, яго жыхароў і гасцей у старадаўнюю эпоху.

Літаральна кожны куток горада быў задзейнічаны ў свяце: ладзіліся выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, баявой тэхнікі і ўзбраення, кніжнай прадукцыі, праходзілі выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, праводзіліся экскурсіі па гістарычных месцах, працавалі тэматычныя падворкі і “Горад майстроў” адбывалася дэгустацыя мясцовай прадукцыі і традыцыйных страваў, ладзіліся забаўляльныя праграмы для дзяцей і г.д.

Адкрыццю свята папярэднічалі прэс-канферэнцыя і навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная векавой гісторыі Мсціслава, а таксама памяці навукоўца Міхаіла Ткачова. Гэта знакаміты ўраджэнец Мсціслава, гісторык, археолаг, пісьменнік, рэдактар “Беларускай энцыклапедыі” і іншых энцыклапедый, аўтар шэрагу кніг па гісторыі і культуры Беларусі. Сёлета яму споўнілася б 70 год, але даследчык, на жаль, не дажыў да гэтага ўзросту 20 гадоў. Як распавядае археолаг, гісторык і грамадскі дзеяч, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў, менавіта Міхаіл Ткачоў упершыню вывез айчынныя рыцарскія клубы на Грунвальдскае поле, і дзякуючы яму стаў развівацца рыцарскі рух на Беларусі, часткай якога сёння з’яўляецца мсціслаўскі рыцарскі фэст. “Постаць Міхаіла Ткачова для нас як сцяг фестывалю, ” – лічыць Алег Трусаў.

На навукова-практычнай канферэнцыі вялася гаворка пра знакамітых выхадцаў з Мсціслаўшчыны, сярод якіх шмат славутых гістарычных асоб (князь Мсціслаў Вялікі, першадрукар Пётр Мсціславец і інш.), а таксама даследчыкаў, у прыватнасці, археолагаў.

Выступоўцы прыводзілі факты, што сведчылі пра старадаўнасць Мсціслава, багацце яго матэрыяльнай і духоўнай культуры – гэта не дзіўна, бо горад раней знаходзіўся на скрыжаванні шляхоў. Так, археалагічныя знаходкі сведчаць: некалі ў гэтых мясцінах быў вельмі развіты кастарэзны промысел, тут знойдзена незвычана многа прадметаў побыту з косці. Наогул, толькі за апошні год археалагічная карта раёна папоўнілася 30 пунктамі, і адна са знойдзеных стаянак, магчыма, налічвае 10-12 тысяч год, а то і болей. Яшчэ адзін даклад быў прысвечаны канкурэнцыі розных канфесій за панаванне на Мсціслаўскай зямлі: праваслаўя, каталіцызму, уніяцтва. Горад захаваў сляды былых падзей, на яго тэрыторыі захаваліся старадаўнія культавыя будынкі: Кармеліцкі касцёл і Іезуіцкі калегіум, праваслаўныя храмы, а таксама Пустынскі Успенскі манастыр ля Мсціслава.

Урачыстае адкрыццё фестывалю праходзіла на цэнтральнай плошчы горада, перад будынкам райвыканкама. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі і рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, праваслаўныя і каталіцкія святары. Сёлета на свята завіталі госці не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Расіі, Украіны і Эстоніі. Гасцей і ўдзельнікаў віталі Вялікі князь Расціслаў Мсціслаўскі, княгіня Анастасія Слуцкая, славянскі першадрукар Пётр Мсціславец. Яны ўручылі рыцарскім клубам ахоўныя граматы, якія дазвалялі на час свята знаходзіцца на тэрыторыі горада. Прайшло традыцыйнае шэсце і прадстаўленне рыцарскіх клубаў, парад вершнікаў конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора”. У знак адкрыцця фэсту Вялікі князь перарубіў мячом канат – і свята распачалося.

Асноўныя мерапрыемствы праходзілі на Замкавай гары – падчас фэсту менавіта тут размяшчаецца лагер рыцарскіх клубаў, ладзяцца рыцарскія турніры. Сёлета, як і ў ранейшыя гады, сваю адвагу і майстэрства паказвалі рыцары з усёй Беларусі: Магілёва, Мінска, Віцебска, Брэста, Гродна, Рэчыцы, Барысава, Слуцка, Мазыра і інш. Горад прымаў удзельнікаў каля паўсотні клубаў, якія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй сярэднявечнай Нямеччыны, Вялікага княства Літоўскага, старажытнай Русі, Залатой Арды і інш.

Захапляльным відовішчам былі рыцарскія двубоі: прадстаўнікі клубаў змагаліся пехатой на мячах, конікі біліся на мячах і коп’ях, таксама спаборнічалі лучнікі. Хвалюючым і прыгожым відовішчам быў конны турнір, падчас якога вершнікі паказвалі прыёмы джыгітоўкі, рабілі розныя практыкаванні на валоданне зброяй, а потым абіралі сабе дам сэрца, гонар якіх абаранялі ў паядынку. Відовішчнымі для гледачоў і досыць небяспечнымі для саміх рыцараў былі групавыя баі – бугурты: штурм маста і цытадэлі, захоп караля, а таксама бугурт да апошняга рыцара, які стаіць на нагах.

Нягледзячы на адмыслова затупленую зброю і трывалыя даспехі, а таксама забарону наносіць колючыя ўдары, ваяры часам атрымлівалі балючыя траўмы, якія, аднак не заміналі многім зноў вяртацца на поле бою. І нават спякотнае надвор’е не стала перашкодай для высакародных рыцараў – яны трымаліся шляхетна і годна, абараняючы гонар сваіх клубаў. Не адставалі ад іх і прыгожыя паненкі ў сераднявечных строях, якія ва ўсім дапамагалі сваім абаронцам – падтрымлівалі ў побыце, аказвалі медыцынскую дапамогу і, зразумела, натхнялі падчас бітвы.

А які ж фэст без музыкі і танцаў? На розных фестывальных пляцоўках у цэнтры горада і на Замкавай гары выступалі фальклорныя калектывы, якія гралі на старажытных інструментах сярэднявечную музыку, танцавалі сярэднявечныя танцы і праводзілі па іх майстар-класы. Сярод калектываў, якія сёлета завіталі ў Мсціслаў са сваімі творчымі праграмамі, былі “Шальмоўскі Тэатр ДыГрыза”, гурты “Тутэйшыя” і “Хорціца”, танцавальныя калектывы “Яварына”, “Фламея”. Таксама прыехалі госці заморскія – калектывы “Антрэ”, “Drums of the world”, удзельнікі маладзёжнага цэтра “Вулей” з эстонскага горада Сіламяэ. Відавочна, хэдлайнерам фестывалю быў знакаміты гурт “Стары Ольса”, які выконваў сярэнявечныя танцавальныя кампазіцыі, падчас якіх карагоды запаўнялі ўсё поле, а патрыятычныя песні падпявалі многія гледачы. Зачаравала і загіпнатызавала начное фаер-шоў ад групы “Маоры” – непаўторная пластыка дзяўчат і хлопцаў, якія скарылі вогненую стыхію. Нягледзячы на такую шчыльную і насычаную праграму, стому і спёку, ніхто не спаў да глыбокай ночы – да чатырох гадзін раніцы грымеў канцэрт фольк- і рок-гуртоў на Замкавай гары.

На другі дзень фестывалю працягваліся турніры і бугурты, а потым былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны ўдзельнікі і пераможцы. Лепшым ваяром-мечнікам стаў Таўцівіл з мінскага клуба “Белы тур”, а лепшым рыцарам-коннікам – пан Павал з Менску. Пераможцам турніра лучнікаў стаў кіраўнік мінскага стралковага клуба лучнікаў “Bow’s club” Аляксандр Кражаў. Дарэчы, удзельнікі гэтага клуба заваявалі ўсе прызавыя месцы ў спаборніцтве лучнікаў. Спецыяльным дыпломам за прапаганду духоўнасці было ўзнагароджана ваенна-спартыўнае аб’яднанне “Варта” Дарагабужскага раёна Смаленскай вобласці.

Завершыўся фэст канцэртам калектыву сярэднявечных танцаў “Яварына” і масавай баталіяй – штурмам цытадэлі.

Рыцарскі фэст у Мсціславе стаў сапраўды народным, і ён абавязкова павінен і будзе мець працяг – так лічыць кіраўніцтва горада, арганізатары фестывалю, так вам скажа любы з удзельнікаў і гасцей свята, мясцовых жыхароў. Гэтаму спрыяе сама зямля Мсціслаўская, яе непаўторныя ландшафты, багатае гістарычнае мінулае, старадаўняя архітэктура, ды і сама непаўторная атмасфера гэтага горада на бурлівай рачулцы Віхры.

Апроч таго, рыцарскі фэст стварае перспектыву развіцця для развіцца раёна. Мсціслаў павінен стаць турыстычным цэнтрам – гэта адлюстравана ў канцэпцыі развіцця горада, як распавядае намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Святаслаў Кусаў. Адміністрацыя раёна лічыць, што фестываль, аналагаў якому ва ўсходняй частцы Беларусі няма, спрыяе ўкараненню патрыятызму, высокіх духоўных і мастацкіх ідэалаў, а таксама далучае да культурных падзей мясцовае насельніцтва. Па словах арганізатараў, мерапрыемства стала сапраўды масавым – калі ў першы раз свята сераднявечнай культуры сабрала 1,5-2 тысячы, то зараз гэтая лічба значна вырасла, і за 5 год правядзення фестывалю агульная колькасць яго ўдзельнікаў і гасцей дасягнула блізу 50 тысяч.

Арганізатары фестывалю робяць усё магчымае, каб зрабіць фестываль яшчэ больш цікавым і яскравым, штогод узбагачаючы праграму – сёлета яна была як ніколі насычанай, а фестываль набыў статус абласнога. У планах на наступны год – прысвяціць фэст 130-годдзю Максіма Гарэцкага, яшчэ аднаго славутага сына Мсціслаўскай зямлі.

Вольга Семчанка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «культура»:

08.12.2017 - 12:44 | В Могилеве 11 декабря пройдут отборочные туры конкурсов фестиваля искусств «Славянский базар в Витебске»

В Могилеве 11 декабря пройдут отборочные туры конкурсов Международного фестиваля искусств «Славянский базар в Витебске».  Об этом корреспонденту сайта сообщили в  главном управлении идеологической работы, культуры и по делам молодежи облисполкома.

08.12.2017 - 11:33 | Латвийская делегация посетит Могилев 12-14 декабря

Латвийская делегация посетит Могилев 12-14 декабря.

06.12.2017 - 16:00 | Выставка «Георгий Конисский: Судьба. Философия. Святость. К 300-летию со дня рождения» работает в Могилеве

Выставка «Георгий Конисский: Судьба. Философия. Святость. К 300-летию со дня рождения» работает в Могилевском музее этнографии (ул. Первомайская, д.8).

05.12.2017 - 11:13 | Региональные рождественские образовательные чтения состоятся в Бобруйске 12 декабря

Региональные рождественские образовательные чтения «Нравственные ценности и будущее человечества» состоятся в Бобруйске 12 декабря. Об этом сообщили в Бобруйской епархии.

05.12.2017 - 10:52 | Народный артист Беларуси Игорь Оловников 8 декабря выступит в Могилеве с концертом в сопровождении симфонического оркестра городской капеллы

Выдающийся музыкант, народный артист Беларуси Игорь Оловников 8 декабря выступит в Могилеве с концертом в сопровождении симфонического оркестра городской капеллы.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения