Рус Бел Eng 中文

Дамы з ФанДАКаўскай фанеры будуюць нават амерыканцы

Яшчэ некалькі гадоў таму становішча на найстарэйшым бабруйскім дрэваапрацоўчым прадпрыемстве было такім, што горш не прыдумаеш. Але ўжо летась працэс разбурэння атрымалася спыніць. Цяпер ФанДАК паспяхова ўмацоўвае свае пазіцыі. За першы квартал у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў 4 разы павялічылі аб'ём выпушчанай прадукцыі, болей чым у 2 разы ўзрасла зарплата, а самае галоўнае - з'явілася ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Вось ужо 10 гадоў на прадпрыемстве ідзе мадэрнізацыя. У рамках 524-га Указа Прэзідэнта ФанДАК атрымаў на гэта каля 40 мільёнаў еўра. Але не ўсё складвалася гладка. За выдзеленыя грошы быў пабудаваны завод па выпуску пліт ДСП па кітайскіх тэхналогіях, але гэта не дало магчымасці істотна палепшыць эканоміку. Кітайская кампанія так і не змагла яго запусціць. Прыйшлося запрасіць нямецкіх спецыялістаў - яны памянялі некаторыя вузлы і наогул тэхналогію. Завод быў запушчаны ў 2014 годзе, але за гэты час на рынку з'явіўся новы сур'ёзны прадукт - пліты МДФ. І цяпер ФанДАК шукае сваю нішу. Сёння тут выпускаюць тонкую пліту ДСП, якая прымяняецца ў мэблевай прамысловасці як заменнік гіпсакардону і АСП-пліты. Па цане атрымліваецца значна танней, а для спажыўца гэта яшчэ цалкам новы прадукт.

- Мадэрнізацыя вытворчасці і новы фанерны завод, які мы пабудавалі, дазволілі істотна палепшыць становішча, — кажа генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Парцянкоў. - Мы крыху памянялі структуру вытворчасці і ўкаранілі інавацыйныя прадукты. Сваю станоўчую ролю адыграла і наша ўваходжанне ў холдынг дрэваапрацоўваючых прадпрыемстваў у красавіку мінулага года. З гэтага моманту пачаўся новы адлік, супрацоўніцтва з Банкам развіцця.

Цяпер на ФанДАКу вядзецца мадэрнізацыя кацельнай на мясцовых відах паліва, якая была ўведзена ў эксплуатацыю яшчэ ў 1929 годзе. У планах сёлета яе запусціць. Гэта, на погляд генеральнага дырэктара, адчувальна палепшыць эканоміку прадпрыемства, бо сёння яму патрэбна пара іншых параметраў. Тых грошай, якія былі выдзелены на мадэрнізацыю, на жаль, аказалася мала для такога гіганта. Таму, у адрозненне ад некаторых іншых прадпрыемстваў холдынга, ФанДАК апынуўся ў крыху горшым становішчы. У той момант, калі яны ўжо пажынаюць плады мадэрнізацыі, тут яшчэ рыхтуюцца да гэтага.

- Сёння мы ўшчыльную працуем з Банкам развіцця і атрымліваем грошы не пад тыя касмічныя працэнты, што былі раней, - кажа кіраўнік. - Гэта дазваляе весці рамонты і мадэрнізацыю цэхаў, якія не былі задзейнічаны ў вытворчасці, у прыватнасці сталярных і мэблевых пліт. Кіруючая кампанія Банка ўдзельнічае ў жыцці кожнага прадпрыемства, раз на месяц праходзяць нарады, дзе мы звяраем нашы дзеянні, агучваем праблемы і знаходзім рашэнні.

Асноўны прадукт, на якім спецыялізуецца ФанДАК на працягу ўсёй сваёй 90-гадовай дзейнасці, — фанера. Яе экспартуюць у 45 краін свету, у тым ліку ЗША, Канаду, Афганістан. З ЗША прадпрыемства працуе з кастрычніка мінулага года. Бабруйская фанера зарэкамендавала сябе там з лепшага боку, і аб'ёмы паставак пакрысе растуць. У асноўным яна выкарыстоўваецца пры будаўніцтве прыватных дамоў. А ў Амерыцы, як вядома, бум на прыватнае будаўніцтва.

А яшчэ тут асвоілі выпуск інавацыйнай мэблі на аснове ДСП з выкарыстаннем тэхналогіі сотавага запаўнення. Вонкава навінка выглядае масіўна, а па вазе лёгкая. Тутэйшы архітэктурна-канструктарскі аддзел імкнецца быць у трэндзе. Апошнія тры месяцы ФанДАК актыўна супрацоўнічае з кампаніяй ЮСК і адгружае мэблю ў Данію і Швецыю. Наогул 60% мэблі бабруйскага вытворцы сёння ідзе на экспарт.

Так што задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам на пятым Усебеларускім народным сходзе, зразумелыя і выконваюцца, запэўніваюць на прадпрыемстве. Тут забяспечаны рост заробку ў параўнанні з мінулым годам, сярэдняя зарплата на сённяшні дзень складае 500 рублёў. Калі ўлічваць, што летась яна была 200, то гэта нядрэнны вынік. Пры гэтым колькасць работнікаў з пачатку года павялічылася на 50 чалавек, да канца года плануецца працаўладкаваць яшчэ 130. ФанДАК таксама заўсёды славіўся сваімі працоўнымі дынастыямі. Толькі на фанерным заводзе працуе каля 17 такіх. Яны - гонар прадпрыемства і адзначаны ў тутэйшым музеі.

- Сёлета па выніках года мы плануем выйсці на прыбытковую дзейнасць, - кажа Андрэй Парцянкоў. - Я даўно займаюся дрэваапрацоўкай і лічу, што курс, накіраваны на захаванне дрэваапрацоўчай галіны ў нашай краіне, абраны правільна. Бо гэта сёння дазваляе зарабляць не на сыравіне, а на гатовай прадукцыі. У Рэчыцы пры наведванні Прэзідэнтам аналагічнай вытворчасці была дадзена ацэнка ўсёй нашай працы. І яна станоўчая. Сёння існуе шмат фактараў, якія ўплываюць на эканоміку ФанДАКа і аналагічных прадпрыемстваў. У першую чаргу гэта энергаёмістасць. Кошт электраэнергіі накладвае адбітак на сабекошт. Аналагічная прадукцыя з Расіі каштуе танней. Але нашым станоўчым момантам з'яўляецца геаграфічнае становішча і якасць прадукцыі. І мы павінны рабіць на гэтым акцэнт.

Каментарый у тэму

Начальнік магілёўскага філіяла Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Уладзімір Янкоўскі:

- Задача ўсяго холдынга і ФанДАКа ў прыватнасці - выйсці сёлета на прыбытковыя пазіцыі. У цэлым работа па ФанДАКу стабілізавалася, заробкі выплачваюцца своечасова, за энерганосьбіты там плацяць таксама своечасова. Зараз на ФанДАКу рэалізуецца інвестыцыйны праект - мадэрнізацыя дзеючага фанернага прадпрыемства. Сёлета мы павінны яго запусціць. Гэта дасць магчымасць прадпрыемству загрузіць свае магутнасці на ўсе 100%.

Нэлі Зігуля, «Звязда»

Фота Дзяніса Судніка

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна