Вверх

Вы здесь

Гісторыя існуе не толькі ў Рыме

Чаму Мсціслаў павінен стаць запаведнікам, дзе праходзіла мяжа Кіеўскай Русі, і ў чым Буглак мерыўся з Радзівіламі.

Ігар Марзалюк лічыць сябе беларусам да кончыкаў пазногцяў. І беларуская мова, якой ён карыстаецца нават у побыце, не нейкая там даніна модзе, а яго асабістая пазіцыя. Лёгка лічыць сябе патрыётам на словах, трэба быць ім у жыцці. І ў стаўленні да сваёй працы, і да тых,  хто жыве побач, і ўласна да слова. На роднай мове яно часам гучыць больш шчыра і пераканаўча. Доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ён шмат чаго зрабіў для таго, каб мы сталі лепш ведаць сваю гісторыю. А галоўнае, зразумелі, што і нам ёсць чым ганарыцца. Пра гэта і іншае наша гаворка з Ігарам Марзалюком.

— На нядаўнім Рыцарскім фэсце ў Мсціславе, калі вы казалі пра былую веліч горада, пра яго ўраджэнцаў, адчувалася, што вам гэта баліць.

— Я люблю Беларусь. Для мяне гэта не проста месца прапіскі, пражывання, працы. Любіць — значыць рабіць нешта пазітыўнае на карысць, а не крычаць, што ніхто нічога не робіць. Я вельмі ўсцешаны тым, што ў Мсціслаўскім райвыканкаме так ставяцца да сваёй гісторыка-культурнай спадчыны. Калі б так адносіліся ўсе, гэта было б фантастычна. Не буду ўзгадваць раёны, але, здараецца, сам выходзіш з ініцыятывай, прапаноўваеш нейкія там археалагічныя маршруты, накідваеш цэлую праграму, а ў адказ — мёртвая цішыня.

— Мсціслаў стаў месцам апошніх сенсацыйных знаходак, якія, па вашых словах, даюць яму права прэтэндаваць на званне горада-музея. Наколькі гэта рэальна здзейсніць?

— Мсціслаў — адзіны горад, які можа без усялякіх там нацяжак прэтэндаваць на такі статус, прычым на статус нацыянальнага запаведніка. Мы пачалі музеефікацыю Замкавай гары, не чакаючы нікога. Будзем рабіць усё магчымае і немагчымае ў рамках любых свят, любых бюджэтаў фінансавання, нейкіх новых рэспубліканскіх праграм. У Магілёўскай вобласці няма ніводнага запаведніка. Мсціслаў заслугоўвае права па ўсіх параметрах. Будзем пераконваць кіраўніцтва краіны, паказваць унікальнасць горада. І справа не толькі ў археалогіі. Ну, дзе яшчэ ёсць яблыкасховішча XІX стагоддзя, зробленае па апошнім «піску» тэхналогій? Тут ёсць унікальныя калекцыі прыватных рэчаў, дакументаў, пабудовы розных эпох. Гэта мікрамадэль Беларусі. Можна паказаць любую эпоху, любы перыяд, пачынаючы ад палеаліту. Наколькі магчыма, я агучваю гэтую тэму, лабірую яе і ўвожу ў вушы ўсім — і міністру культуры, і віцэ-прэм’еру. Чаму мне ў Мсціславе так добра працуецца? Таму што не трэба абрываць тэлефон і ў кагосьці нешта выпрошваць. Калі ўлада зацікаўлена, усё атрымліваецца хутка. І вельмі важна, што ў такой складанай эканамічнай сітуацыі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі і старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Васіль Віцюноў робяць усё для таго, каб выратаваць гэты помнік.

Лічылася, што культурны слой на Замкавай гары Мсціслава складае толькі тры метры, што там няма матэрыялаў, ранейшых за XІІ стагоддзе. Падчас нашых даследаванняў аказалася, што яшчэ дагарадскі этап у гісторыі Мсціслава пачаўся ў V стагоддзі, знойдзена кераміка трэцяй чвэрці V—VІІ стагоддзяў. Калі летась я адкрываў маставую, быў упэўнены, што яна ў лепшым выпадку датуецца сярэдзінай XІІ стагоддзя. Аказалася, што там ляжаць дошкі, якія былі ссечаны не раней 1098 года. І самае галоўнае, што маставая знаходзіцца на магутным культурным слоі, больш чым 4 метры. Сёлета мы пашырылі раскоп з 44 квадратных метраў да 122, каб зрабіць музеефікацыю аб’екта. У выніку нам пашэнціла належным чынам даследаваць мсціслаўскі вал. Ён складзены з гліны і драўлянай каркаснай канструкцыі. Унутры яе ляжала вялікае дубовае палена, на якім нават захавалася кара. На сёння ўстаноўлена, што Мсціслаў як умацаваны горад стаў развівацца не пазней за сярэдзіну XІ стагоддзя. Гэта значыць, што ён быў заснаваны не ў 1135 годзе, як лічылася дагэтуль, а ў 1052-1053 гадах. Мы перадалі ў Мінск для даследаванняў культурны слой XІІ-XІІІ стагоддзяў з мсціслаўскім смеццем. Хутка будзем ведаць, што расло на Замкавай гары, чым харчаваліся жыхары. Мы нічога не выкідвалі, усё перабіралі пальчыкамі, 600 кубоў зямлі выйшлі на гэтую паверхню, дзякуючы маім студэнтам, якія працавалі, калі трэба было, і па 16 гадзін.

Мсціслаў — унікальны горад. Тут намі знойдзены рыцарскія даспехі. Шлем, які мы паднялі са дна ракі, адзіны ва ўсім свеце такой канструкцыі. Мы другімі ў Беларусі зрабілі з нашага раскопу аб’ект для музеефікацыі. Хачу падзякаваць Лявону Калядзінскаму, які прыдумаў дастаткова танны і эфектыўны метад кансервацыі.

— Што будзе ўяўляць з сябе гэты музей пад адкрытым небам?

— Плануецца на Замкавай гары зрабіць рэканструкцыю будынкаў, якімі яны былі ў XІІІ ці ХІV стагоддзях. Над нашым раскопам будзе зроблена стылізаваная драўляная пабудова, кшталту княжацкага палаца. Побач з’явяцца будынкі з вежай данжон, брама мсціслаўскага замка, фрагменты сцяны. А яшчэ з улікам свята «Рыцарскі фэст» зробім майстэрні ювеліраў, ганчароў, пабудуем рысталішча для бою на конях, «бугурт» для пешых паядынкаў і поле для стральбы з лука па сярэднявечных правілах. Трэба таксама аднаўляць помнікі архітэктуры, мсціслаўскія цэрквы і касцёлы — гэта каласальныя грошы, праца не на адзін год. Але мы павінны яе хай па сантыметры, але рабіць. Кропля камень точыць. Зараз будзем працаваць у Кармеліцкім касцёле, плануем сёлета зрабіць там стацыянарную экспазіцыю.

— Якія яшчэ знаходкі і адкрыцці апошняга часу лічыце найбольш значнымі?

— Магу сказаць, што для мяне вялізарным шчасцем было адкрыццё культурнага слою XІІ-XІІІ стагоддзяў на замчышчы ў Магілёве, высвятленне той акалічнасці, у якую практычна ніхто не верыў. На тэрыторыі сённяшняга парку Горкага ў X стагоддзі існавала спачатку неўмацаванае паселішча, а потым, прынамсі не раней за XІ стагоддзе, умацаванае, якое было спалена ў сярэдзіне XІІІ стагоддзя мангола-татарамі.

Надзвычай важнай для мяне была і праца ў Быхаўскім замку, якая пакуль не скончана. Там таксама зроблены ўражваючыя адкрыцці, знаходкі, якія дазваляюць карэктаваць час узвядзення палацавага комплексу, мы знайшлі ўнікальныя кафліны з гербам сына Льва Іванавіча Сапегі — Яна Сапегі.

Безумоўна, я ганаруся сваімі даследаваннямі старога Шклова. Пра тое, што ён існаваў як гарадзішча ў V-VІІ стагоддзях, што жыццё там віравала з X стагоддзя, пісалі мае папярэднікі Георгій Штыхаў, Вольга Ляўко, але зараз мы можам выразна ўявіць сабе панарамную карціну гэтага горада, сказаць, як выглядалі яго ўмацаванні. Мы сабралі значную калекцыю кафлі, ювелірных вырабаў. Усё паказвае на тое, што ў раннім Сярэднявеччы Шклоў адыгрываў выключна важную ролю як цэнтр акругі, вакол яго было шмат паселішчаў. Ён быў феадальным і сакральным цэнтрам аднаго з малых крывіцкіх плямёнаў.

— Вы неяк казалі, што будзе зроблена цікавая праграма па Слаўгарадскім раёне. Там таксама летась зроблены выключныя знаходкі.

— Слаўгарад, або па-старадаўняму Прапошаск, — апошні горад Чарнігаўскай зямлі. Гэта мяжа Кіеўскай Русі ў канцы X — пачатку XІ стагоддзяў. Мы знайшлі там камяні з княжацкімі знакамі. Наогул, слаўгарадская зямля — гэта вялікая колькасць унікальных камянёў з хрысціянскай, язычніцкай сімволікай. Там можна зрабіць музей камянёў. У раёне ёсць цікавыя могільнікі, свяцілішчы. Слаўгарадскі раён — гэта яшчэ і месца, дзе ёсць вельмі цікавая Блакітная крыніца з арыгінальнай легендай. Пра ваду ў беларускай традыцыі я наогул мог бы чытаць лекцыі. У розную крынічку па-рознаму заходзяць, па-рознаму да яе звяртаюцца ў залежнасці ад таго, якой яна лічыцца — мужчынскай ці жаночай. У Слаўгарадзе — гэта Кацярыніна крыніца, прыходзіш да яе на самым досвітку, калі толькі сонца ўзыходзіць і яшчэ нікога няма, ходзіш па вадзе і ўголас просіш.

У Краснапольскім раёне ёсць крыніца ў вёсцы Горы, дзе, як сведчаць жыхары, сама Багародзіца з’яўляецца. Там зусім іншы звычай прасіць. Наогул, у нас шмат крыніц, дзе арганічна перапляліся і старажытныя вераванні, і хрысціянскія. У Радомлі ёсць дуб, які расце на малым гарадзішчы. Я застаў яшчэ жанчыну, якая расказвала, што там з’яўлялася Мара — багіня смерці. Яна бачыла яе двойчы ў сваім жыцці — 22 чэрвеня 1941 года і ў дзень, калі грымнуў Чарнобыль. Можна па-рознаму ставіцца да гэтага, але ёсць такія рэчы. Маюцца паведамленні радомльскіх жыхароў, што, калі хацелі знесці іх гарадзішчы, быццам бы прывіды сталі вакол іх і палала вогнішча. Усім стала страшна, і людзі адступіліся. Гэта легенды, паданні, якія таксама трэба збіраць.

— Калі б трэба было назваць тры самыя выбітныя месцы Магілёўшчыны, якія вы выбралі б?

— У кароне Магілёўскай вобласці і наогул Беларусі на ўсходзе ёсць тры важнейшыя дыяменты. Першай велічыні — Мсціслаўскі раён, прычым цалкам, з яго ўнікальнымі манастырскімі комплексамі, помнікамі археалогіі, архітэктуры. Два другія знакавыя месцы — Быхаў (яго замак і сінагога) і Жылічы ў Кіраўскім раёне, дзе знаходзіцца палацавы комплекс Буглакаў. Буглак пастаянна мерыўся з Радзівіламі, імкнуўся іх перасягнуць. У Жылічах знаходзіцца ўнікальны помнік у стылі класіцызму. Яго фрэскавыя роспісы, ляпніна, вінтавыя лесвіцы, дзверы — усё гэта на 90% аўтэнтыка.

— За апошні час вамі сабрана шмат унікальнай інфармацыі, якая можа цалкам перавярнуць уяўленне аб старажытным перыядзе на тэрыторыі сучаснай Магілёўшчыны. Гэта знаходзіць адлюстраванне ў кнігах ці манаграфіях?

— Спачатку планую напісаць нармальны падручнік па гісторыі Беларусі, а потым узяцца за папулярную серыю кніг па гісторыі Беларусі.

Разам з літоўскімі і ўкраінскімі калегамі напісаў калектыўную манаграфію, прысвечаную Грунвальдскай бітве: яна выйшла на ўкраінскай і літоўскай мовах. З’яўляюся аўтарам калектыўнай манаграфіі, прысвечанай гісторыі ўзнікнення ўкраінскага казацтва. Я ўзгадваў там пра беларускія элементы ўкраінскіх казакаў. Ганаруся, што з’яўляюся сааўтарам інтэрнацыянальнай калектыўнай манаграфіі «Рэспубліка Беларусь. Асэнсаванне Незалежнасці», якая зараз рыхтуецца ў Нью-Ёрку і пабачыць свет у найбліжэйшы час.

Трэба займацца папулярызацыяй ведаў, стварыць адчуванне тысячагадовай гісторыі нашай маладой беларускай нацыі. Каб кожны малады чалавек ведаў, што гісторыя не толькі недзе там, у Рыме, Берліне ці Венецыі, але і ў Беларусі. Што яго радзіма не з’яўляецца нейкім там заняпалым хутарам, што і ў яе хапае традыцый.

— Што ў вас, як у гісторыка, выклікае найбольшую прыкрасць? І ці шмат у вас аднадумцаў?

— Мой даўні боль — чорнае капальніцтва, спадзяюся, што да канца года выйдзе ўказ Прэзідэнта, які вельмі істотна паўплывае на сітуацыю. Там прадугледжваюцца жорсткія пакаранні.

А што датычыцца аднадумцаў, то тут я шчаслівы чалавек. У мяне быў дзівосны курс, 5 чалавек паступіла ў аспірантуру. Мой вучань — Аляксей Аўласовіч — займаецца старажытнымі курганамі, Надзея Шуткова — архітэктурна-будаўнічай керамікай. Усе дыпломныя магістарскія работы, якія робяцца пад маім кіраўніцтвам, — гэта не перадраная кампіляцыя, гэта якраз мазольная праца спачатку студэнта, а потым маладога даследчыка на тым ці іншым аб’екце.

Вельмі ўдзячны кіраўніцтву Магілёўскага інстытута МУС, таму што яго курсанты бяруць самы актыўны ўдзел у нашых палявых даследаваннях. Хачу сказаць вялікі дзякуй старшаму памочніку пракурора Магілёва Пятру Палянскаму, які шмат чаго робіць на карысць гісторыі. І штрафы выпісвае тым, хто псуе фасады магілёўскіх помнікаў гісторыі. У многіх няма разумення, што гэта славутасць. Бо, калі бачыш сайдынг ці еўравокны ў будынках XІX стагоддзя, закладзеныя аркі, сэрца крывёю абліваецца. Людзі, якія лезуць у гістарычны цэнтр горада, павінны ведаць, што існуюць ахоўныя зоны. Нельга зарабляць грошы на гісторыі. Пакіньце яе нашчадкам.

ЗВЯЗДА

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «мнение»:

06.12.2017 - 15:27 | Кооперация позволяет предприятиям достичь высокой эффективности производства - Руслан Страхар

На современном этапе развития кооперация представляет собой действенный и современный метод, позволяющий предприятиям достичь высокой эффективности производства благодаря рациональному использованию установленных мощностей и имеющихся ресурсов. Такое мнение высказал сегодня на межрегиональной конференции «Кооперация производства, бизнеса и науки в промышленности: успехи, проблемы, перспективы» председатель комитета экономики Могилевского облисполкома Руслан Страхар.

13.11.2017 - 10:03 | Повышать престиж науки и образования нужно за счет экономического стимулирования ученых - мнение

Повышать престиж науки и образования нужно в том числе за счет экономического стимулирования ученых с учетом их эффективности. Такое мнение высказал корреспонденту делегат II Съезда ученых Беларуси, заведующий кафедрой «Безопасность жизнедеятельности» доцент Белорусско-Российского университета Александр Щур.

04.11.2017 - 09:26 | Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы - мнение

Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы. Такое мнение высказали супруги Непес и Ольга после приема, который провел в Совете Министров руководитель Министерства здравоохранения Валерий Малашко.

26.10.2017 - 09:17 | Фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен - Ирина Дрига

Республиканский фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен, сообщила на пресс-конференции первый заместитель министра культуры Беларуси Ирина Дрига.

25.10.2017 - 16:37 | Презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами - дипломат

Комплексные презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения