Рус Бел Eng 中文

Хто рана ўстае, таму Бог дае

За што даярка Валянціна Клімовіч з Кіраўскага раёна атрымала ордэн Пашаны?

На такіх людзей, як яна, заўсёды глядзелі з павагай. Яны не даюць пустых абяцанняў, не будуюць паветраных замкаў — проста робяць сваю справу. І так добра гэта ў іх атрымліваецца! Сярод тых, каму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды напярэдадні Дня Незалежнасці, была і аператар машыннага даення з Магілёўшчыны Валянціна Клімовіч. Чалавек, цалкам адданы сваёй прафесіі.

У СВК «Рассвет» імя Арлоўскага яна прыйшла працаваць яшчэ ў 1981 годзе, пасля Смалянскага саўгаса-тэхнікума. Вучылася на заатэхніка, але такой вакансіі на той момант у гаспадарцы не было. Прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі даяркі. Яна і не думала, што спадабаецца, бо ў той момант нават баялася падысці да каровы. Нельга казаць, што прафесія даяркі была ёй дагэтуль незнаёмая: маленькай не раз назірала, як маці доіць кароў. Але адна справа назіраць, іншая працаваць. Смяецца, узгадваючы, што некаторы час прыглядалася да тых, хто доіць, набіралася адвагі. А потым паспрабавала і… больш не захацела мяняць прафесію.

— Дзякуй Людміле Нікіфараўне Палевіч, — з удзячнасцю ўзгадвае яна сваю першую настаўніцу па дойцы. — Яна перадала мне ўсе тыя сакрэты, без якіх было б цяжка палюбіць гэтую прафесію.

Калі Валянціна Леанідаўна расказвае пра сваю працу, здаецца, што лепей занятку на ўсім свеце няма. Напэўна, калі б такія апантаныя ў добрым сэнсе слова людзі, заахвочвалі моладзь, у аператары машыннага даення стаялі б чэргі. Сама жанчына ў прафесіі 34 гады, прычым 6 з іх працуе не па абавязку, а непасрэдна па закліку сэрца. Інакш не патлумачыш, бо чалавек вось ужо 6 гадоў як на пенсіі. «Толькі я ўсім кажу, што яшчэ маладая, што мне 25 гадоў», — жартаўліва какетнічае суразмоўца. І насамрэч здаецца, што так яно і ёсць, бо аптымізму ёй не пазычаць.

Безумоўна, сёння ўмовы для працы зусім іншыя, чым 30 гадоў таму. Раней было складаней, трэба было рукамі падаіць 12 кароў. Цяпер ёсць спецыяльнае прыстасаванне, усё аўтаматызавана і нават камп’ютарызавана. Вядома, аб’ёмы таксама павялічыліся — Валянціна Клімовіч разам з калегай абслугоўвае 450 кароў. Але скардзіцца на тое, што цяжка, не ў яе правілах. Не такі яна чалавек.

На працягу дня трэба тройчы падаіць карову, прычым першы раз — а 6 гадзіне раніцы, а апошні — а 6-й вечара. Але жанчыне такі графік працы падабаецца. Як той казаў, хто рана ўстае, таму Бог дае. І гэта сцвярджэнне ёй ёсць чым падмацаваць. Муж, кажа, залаты, дзеці і ўнукі клапатлівыя і неабыякавыя. Ды і на працы справы ідуць толькі ўгору.

«Каровы, напэўна вас любяць, таму стараюцца не падвесці», — спрабую жартаваць. Але Валянціна Клімовіч усур’ёз адказвае, што ў гэтым і ёсць яе самы вялікі сакрэт. Калі яна прыходзіць на ферму, ніколі не прыступае да працы, не пагутарыўшы з жывёламі. І для кожнай цялушкі ў яе добрае слова знойдзецца. Яна гладзіць іх і просіць, каб далі больш малака. Напэўна, яны яе і слухаюцца. Бо надойвае па 20 кілаграмаў з каровы за дзень. За пяць месяцаў наогул атрымала амаль 3 тоны малака — цэлы басейн.

Сем гадоў таму Валянціне Клімовіч за плённую працу ўручылі медаль «За працоўныя заслугі». І вось чарговая ўзнагарода. Кажа, што вельмі хвалявалася, калі ехала на ўзнагароджанне ў Мінск.

— Калі Прэзідэнт уручаў мне ордэн Пашаны, сэрца аж калацілася, — прызнаецца яна. — Гэта ж такі вялікі гонар для мяне, звычайнай работніцы. Як пасля гэтага можна кепска працаваць? Мы ж для сябе стараемся, для сваіх дзяцей. Калі толькі глядзець, як іншыя працуюць, і скардзіцца, што ўсё не так, усё не гэтак, нічога добрага не атрымаецца.

На нядаўнім Купаллі ў Александрыі, дзе ўшаноўвалі перадавікоў аграрна-прамысловага комплексу, Валянціна Клімовіч была адной з ганаровых удзельніц. Менавіта з яе рук губернатар вобласці Уладзімір Даманеўскі прымаў духмяны каравай. Нельга было не звярнуць увагі, як беражліва яна трымала ў руках гэтае «залатое» багацце. Адчувалася, што чалавек ведае сапраўднаю цану хлебу. Бо калі ты сам да гэтага не прыклаў руку, не адчуеш — лёгкага хлеба ў прамым і пераносным сэнсе не бывае.

Нэлі Зiгуля, "Звязда"

 

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна