Рус Бел Eng 中文

Імператрыца і «ёлупень»

Драўляная фігура, якая прапісалася на старадаўніх могілках, больш за тры стагоддзі абрасла мноствам легенд і стала галоўнай прыкметай сучаснай вёскі Фашчаўка Шклоўскага раёна. Гісторыкі лічаць: гэта помнік святому Сімпліцыяну. Аднак існуе версія, што гэта выява рыцара. Мясцовая пенсіянерка Таццяна Крупенька ў пацверджанне такой думкі раіць больш уважліва прыгледзецца да абрысаў, якія так змяніў час. Тады, кажа, можна здагадацца, дзе ў воіна былі плашч, галава ці рукі.

Зрэшты, дзіўна не гэта, а тое, што скульптура называецца фашчаўскі «ёлупень». Адзін са старэйшых жыхароў Фашчаўкі Марыя Платоненка лічыць: назву такую прыдумала імператрыца Кацярына ІІ. Маўляў, ехала яна па сваіх справах, постаць тую ўбачыла і пытаецца: «Што гэта за ёлупень такі стаіць?» Сказала, і ў той жа момант на царыцу і яе світу абрынуўся страшэнны мароз, і пакуль яна не папрасіла прабачэння, ніхто з месца крануцца не мог. Такой, кажуць, была помста святога Сімпліцыяна за абразу.

Стэла, на якой стаіць «ёлупень», за доўгі час амаль не змянілася, калі не лічыць дробнай «шрапнэлі» на паверхні. «У вайну ўсяго было. Старажылы распавядаюць, што немцы нават стралялі па помніку, але ён выстаяў», — удакладніла Таццяна Крупенька.

Для саміх вяскоўцаў загадкавая постаць на пастаменце — сімвал іх каталіцтва. З пакалення ў пакаленне ў Фашчаўцы расказваюць, што пад ім захаваныя мошчы святога. Быццам прывезлі іх з Рыма тутэйшыя пілігрымы і ў час барацьбы з езуітамі закапалі, каб зберагчы, і помнік на тым месцы паставілі. Вернікі, прызналася Марыя Платоненка, якая стала духоўным лідарам мясцовай парафіі, яго шануюць. А яшчэ спадзяюцца адрадзіць другую святыню — касцёл, які калісьці ўпрыгожваў вёску. «Мару, каб нейкая памяць засталася. Вядома, на такі вялікі і прыгожы будынак, які быў, грошай не хопіць, але каплічку ўсё ж паставім», — распавядае аб сваіх надзеях сялянка. Грошы землякі здаюць хто колькі можа. Нават пенсіянеры дзеляцца сваімі невялікімі даходамі. А пакуль службы вядуць у прыстасаванай хаце. Тут жа захоўваецца і рэліквія — крыж-распяцце, які перадалі парафіі з суседняй Дубраўкі. Пасля таго як Фашчаўскі касцёл разбурылі, адна з вернікаў яго схавала і зберагла.

Куды падзеліся іншыя каталіцкія каштоўнасці, невядома. Сам касцёл, успамінае Таццяна Крупенька, быў вельмі прыгожы. Дзіцячая памяць «занатавала» белую мармуровую падлогу, рознакаляровыя вітражы. Нават калі з будынка знялі крыжы, а гэта адбылося да вайны, той яшчэ захоўваў сваю веліч. Згодна з легендай, расказвала навуковы супрацоўнік Шклоўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Гапеева, цэглу для касцёла выраблялі ў суседняй вёсцы і перадавалі яе па чалавечым «ланцугу» даўжынёй амаль у дзесяць кіламетраў. Адкрылі новы мураваны касцёл замест драўлянага ў сямнаццатым стагоддзі.

…А тое, як яго знішчалі, многія жыхары вёскі бачылі самi. Было гэта не так і даўно — напрыканцы шасцідзясятых. Узарвалі, падзялілася сваімі назіраннямі Таццяна Крупенька, не адразу: «Сцены таўшчынёй былі больш за паўтара метра, традыцыйныя схемы не падыходзілі. Таму выклікалі жанчыну-спецыяліста аж з Ленінграда. Яна была ўжо старэнькая — альбо нам, дзецям, так здавалася? Хадзіла ў берэце, паліто — справа ж была ў снежні. Што датычыцца самой «аперацыі», то, каб яе ажыццявіць, свідравалі ў фундаменце дзіркі, закладвалі туды тратыл. Потым прывялі ўсё ў дзеянне». Касцёл, кажуць сведкі, спачатку прыўзняўся над зямлёй, затым асеў. Белы снег пакрыўся чырвоным друзам. Кажуць, праз нейкі час на гэтым месцы на світанку бачылі жанчыну ў белым адзенні, якая плакала. Сяляне вырашылі: сама Дзева Марыя гаравала аб разбураным храме.

Марыя Платоненка бядуе, што разам з касцёлам, які быў названы ў гонар Божай Маці Фашчаўскай, не стала і цудатворнага абраза. Вернікі між тым аднаўляюць яго спіс па маленькай копіі. І спадзяюцца, што ікона, як калісьці, будзе ахоўваць сялян ад розных бед. А фашчаўскі «ёлупень» — рыцар цi святар? — па-ранейшаму наглядаць за вёскай. Калі ён перажыў столькі войнаў, рэвалюцый, палітычных і кліматычных змен, напэўна, у гэтым ёсць сэнс? Хаця б таму, што пра помнік не забываюць, спрачаюцца. І, магчыма, калі-небудзь усе ж разгадаюць яго таямніцу.

«Рэспубліка»

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «история»:

17.07.2018 - 08:44 | Памятники жертвам Холокоста откроют в конце июля в Быхове

Памятники жертвам Холокоста откроют 29 июля в Быхове, сообщила пресс-секретарь Союза белорусских еврейских общественных объединений и общин Виктория Демидюк.

16.07.2018 - 10:03 | Супруги Дараганы из Швеции привезли на родину семейные реликвии

Андрей - правнук Осипа Дорогана, построившего за свои деньги в конце XIX века в Осиповичском районе железнодорожную ветку, вместе с женой Ланой приехал на историческую родину. 

10.07.2018 - 09:53 | Мемориальную доску в память о чаусском казачестве XVII века планируют открыть на здании районного историко-краеведческого музея

Мемориальную доску в память о чаусском казачестве XVII века планируют открыть  на здании районного историко-краеведческого музея.

09.07.2018 - 11:54 | Останки солдат времен ВОВ обнаружены в Бобруйском районе

Останки солдат Великой Отечественной войны обнаружены вблизи деревни Бояры Бобруйского района. Такая информация размещена на сайте Государственного комитета судебных экспертиз (ГКСЭ).

04.07.2018 - 09:03 | В Славгородском районе перезахоронили останки погибших в годы ВОВ советских воинов

В Славгородском районе прошла торжественная церемония перезахоронения останков погибших в годы Великой Отечественной войны советских воинов.