Вверх

Вы здесь

«Калі кіравацца толькі разлікам, абавязкова пралічышся»

Загадчык кафедры філасофіі МДУ імя Куляшова Міхаіл Вішнеўскі пра свае адносіны да філасофіі, недахопы стабільнасці і асаблівасці «кліпавага» мыслення.

З Міхаілам Іванавічам цікава размаўляць на любую тэму, але мы вырашылі не засяроджвацца на нечым адным, а проста паразважаць пра нашу сучаснасць, пра месца звычайнага чалавека ў ёй. Да таго ж было цікава даведацца, чаму наш суразмоўнік, фізік па адукацыі, стаў філосафам. Як там было ў Маркса? Быццё вызначае свядомасць?

- Міхаіл Іванавіч, і ўсё ж такі, што агульнага паміж фізікай і філасофіяй? І ці ўсе фізікі становяцца філосафамі?

- Вядома, не ўсе, але той жа Дэкарт, пра якога я толькі што нагадваў студэнтам на лекцыі, якраз быў з ліку выбітных фізікаў і матэматыкаў. Адно другому не перашкаджае. Сувязь з фізікай, напэўна, у тым, што сама навука даследуе глыбінныя бакі быцця, законы, якія дзейнічаюць шырока і нават паўсюдна.

- Сённяшняе грамадства, на ваш погляд, жыве больш матэрыяльнымі патрэбамі ці духоўнымі?

- У грамадстве дзейнічаюць і жывуць людзі. А людзі - гэта істоты і матэрыяльныя, і духоўныя, а разам - сацыяльныя, у іх усё спалучана. А чаго больш, я не стаў бы вызначаць дакладна, бо гэта рэчы цяжка супастаўныя. Мы можам разважаць, што больш прэваліруе ў нашых клопатах - імкненне жыць у дастатку або духоўны дабрабыт. Тут усё па-рознаму бывае. Без людзей практычных, валявых не было б належнага жыццезабеспячэння, а без людзей з высокімі памкненнямі гэтае жыццезабеспячэнне не мела б годнага чалавека сэнсу і накіраванасці.

- А войны хіба не вынік бездухоўнасці?

- Гэта вельмі складанае пытанне, у ім шмат чаго пераплялося. У той жа Індыі, напрыклад, праблем не менш - перанаселенасць, беднасць, а канфліктаў няшмат. Глядзіце, як падняўся Кітай. Параўнальна нядаўна па гістарычных мерках гэта было грамадства ў стане заняпаду, а сёння адзін з сусветных лідараў, людзі аптымістычныя, працуюць. Яны знайшлі ў сабе рэсурс змяніць уласнае жыццё. Калі на роўным месцы ўзнікаюць канфлікты накшталт украінскага, гэта ад недахопу гістарычнага вопыту, адсюль неадэкватная рэакцыя на раздражняльнікі. Калі камусьці нешта не падабаецца, гэта яшчэ не прычына, каб кагосьці забіваць, дыскрымінаваць. Звычайна гэта называюць нявыхаванасцю, бескультур’ем. Магчыма, гэтым нехта скарыстаўся. Але не трэба даваць падставу.

- Як наогул можна пазбегнуць канфліктаў у грамадстве? Ці беларусам тут няма чаго баяцца?

- У першай палове 1990-х мы яшчэ маглі разадзьмуць агонь нацыяналізму, але павялі сябе годна ў той гістарычнай сітуацыі. Гэта выбар цэлага народа, а не толькі асобных людзей. Вядома, важную ролю выконваюць у такой сітуацыі і лідары, іх адказная пазіцыя. Але ўвогуле беларусы прадэманстравалі разважлівасць. Ад нашага народа ў гісторыі ніколі не ішла агрэсія. На беларускіх землях здаралася ўсялякае, сутыкаліся інтарэсы Польшчы і Расіі, пранікалі сюды ўкраінскія казакі і лілася кроў. Але ініцыятыва была не карэннага насельніцтва. Можна прыгадаць беларускіх феадалаў, якія прымыкалі да той ці іншай уплывовай дзяржавы, але беларусы ў асноўнай масе, хутчэй, былі ахвярамі, чым актыўнымі ўдзельнікамі. Ініцыятыўнасць і актыўнасць - гэта добра, але, калі яны прымаюць формы безагляднай жорсткасці і прамалінейнасці, становяцца небяспечнымі.

- Няўжо лепш заставацца ахвярай?

- За спакой таксама прыходзіцца плаціць, але не крывёю, а запаволенасцю развіцця. Але не так проста ўсё спрагназаваць. Гэта ж не забег на нейкую там дыстанцыю, дзе відаць, хто першы, хто апошні. У жыцці вельмі розныя лініі злучаюцца на нашым жыццёвым шляху. Вось вы можаце дакладна сказаць, ці з’яўляецца мерай поспеху матэрыяльны дастатак? Ёсць прыклады, якія сведчаць пра адваротнае. Той жа выпадак з Беразоўскім. Багаты чалавек, але гэта яго не выратавала. Натуральна, нейкі оптымум выгод патрэбны. Але казаць, што гэта павінна стаць самамэтай, нельга. Жыццё, на жаль, абмежавана. З сабой мы нічога не забяром. Ёсць людзі, для якіх статус адыгрывае вызначальную ролю. Але гэта таксама дробна. Розныя існуюць вымярэнні чалавечай годнасці і шчасця. Звярніце ўвагу, што ў вельмі паспяховых еўрапейскіх краінах шмат самагубстваў. Менавіта ў адной з іх адбылася гэтая жахлівая гісторыя з Брэйвікам. Такія рэчы невыпадковыя, яны сведчаць, што і ў сытым, шчаслівым грамадстве ёсць праблемы. Тут цяжка расстаўляць адзнакі па пяцібальнай шкале.

- І ўсё ж такі, якія праблемы найбольш актуальны для беларусаў?

- Казаць пра краіну ўвогуле складана. Я не палітык. Але, на мой погляд, тая стабільнасць, у якой мы знаходзімся, таксама ўтрымлівае ў сабе праблему. Пакуль мы не пазбавімся ад грузу неэфектыўных вытворчасцяў, ад лішніх работнікаў у арганізацыях і на прадпрыемствах, у нас застанецца невысокая ў параўнанні з найбольш паспяховымі краінамі прадукцыйнасць працы, а значыць, недастатковая падатковая база. Каб эканоміка была эфектыўнай, трэба працаваць, а не рабіць выгляд. І павінна вырабляцца прадукцыя, якая запатрабавана. Каб ажыццявіць такую санацыю, шмат каго давядзецца пазбавіць працы. Гэта адразу ж створыць сацыяльную напружанасць. Але калі мы не зробім гэтага, то многім рызыкуем. Нулі на грашовых знаках сведчаць, што эканоміка не ва ўсім эфектыўная. Траціцца больш сродкаў, чым зарабляе краіна. А ў такіх абставінах цяжка спадзявацца на інвестыцыі з боку вытворцаў. Уся нагрузка кладзецца на дзяржаву, і гэта тармозіць развіццё. Трэба ствараць новыя працоўныя месцы, займацца перападрыхтоўкай спецыялістаў. Але людзі таксама павінны быць мабільнымі, гатовымі да перамен. Неабходна паставіць чалавека перад фактам: працы няма, праяві пэўную ініцыятыву ў пошуку занятку.

- Для гэтага спатрэбіцца цалкам змяніць мысленне чалавека. Можа, неабходна нейкія спецыяльныя прадметы ў школе ўвесці?

- Так і павінна быць. Трэба пачынаць з сістэмы адукацыі. У новага пакалення трэба фарміраваць разуменне, што мы існуем у няпростым свеце. Краіна невялікая, яна не можа ўтрымліваць дармаедаў. Зразумела, трэба клапаціцца пра інвалідаў, дзяцей, старых. Гэта катэгорыі, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне. А калі гэта чалавек працаздольны, чаму яго павінны карміць астатнія? Па сутнасці многія працоўныя месцы сёння - своеасаблівы працяг сацыяльнай дапамогі. Такога быць не павінна. Трэба прывучаць да думкі, што плацяць за працу, калі яе няма, трэба шукаць. А калі не хочаш, могуць і пакараць.

- Тым больш што і закон адпаведны ёсць…

- А што рабіць, калі людзі не жадаюць браць на сябе адказнасць за ўласны лёс? Зямля пустуе, трэба яе апрацоўваць, а ахвотных няма. Закон дапамагае знаходзіць вырашэнні такіх пытанняў. Але справа не толькі ў дармаедах. Трэба мадэрнізаваць сістэму працоўных месцаў, ліквідаваць лішнія. Гэта б дазволіла павысіць аплату працы і вызваліць людзей для новай дзейнасці. Для грамадства вельмі важна, каб быў рэзерв працоўнай сілы. Калі пачынаецца новая справа, людзі б маглі працаўладкоўвацца. А зацікавіць можна годным заробкам або іншымі выгодамі. Вельмі багатыя краіны здольны прывабіць працоўныя сілы з іншых рэгіёнаў, але ў нас заробкі не самыя высокія. Трэба на свае рэсурсы арыентавацца. Таму неабходна працоўная мабільнасць.

- Акрамя таго, што вы шмат друкуецеся, у тым ліку ў замежных выданнях, складаеце дапаможнікі для студэнтаў, вы яшчэ з’яўляецеся адным з аўтараў школьных падручнікаў па грамадазнаўстве. Якія, на ваш погляд, недахопы ёсць у школьных падручніках наогул?

- Падручнік разлічаны на дзіцячую аўдыторыю, і тут важна адчуць, што менавіта гэтай катэгорыі патрэбна, як вучань яго ўспрыме. З аднаго боку, неабходна, каб было цікава, з іншага - каб гэта магчыма было прыкласці да жыцця. Бяда школьных падручнікаў у перагружанасці матэрыялам. Вельмі шмат даецца паняццяў, і школьнікі не паспяваюць іх звязаць паміж сабой. Часта педагогі імкнуцца даць як мага больш. Але задача не ў гэтым. Трэба, каб у свядомасці навучэнцаў завязаліся нейкія вузельчыкі. Таму карысна пахадзіць вакол, абмеркаваць іншыя пункты гледжання, супаставіць з жыццёвымі абставінамі. Каб потым гэта працавала, каб чалавек меў нейкую мадэль разваг і дзеянняў. Я радыкальна зменшыў бы колькасць навукова-тэарэтычнага матэрыялу і павялічыў практычную частку, каб была прывязка да жыццёвых рэалій.

- Магчыма, тэмп нашага жыцця не дазваляе прыпыніцца, падумаць, зразумець. Вось XIX стагоддзе, пачатак XX, там час цёк не так хутка…

- Калі пачытаць літаратуру тых гадоў, усе заўсёды скардзіліся на недахоп часу. Адна з нашых праблем - гэта паспешлівасць і няўменне разумець іншага. Дарэчы, гэта на міжнародным жыцці таксама адбіваецца. Паспешнасць рэакцыі і нежаданне зразумець іншую пазіцыю. Вельмі хутка хапаюцца за зброю, вельмі хутка прамаўляюць рэзкія словы, абразы. А гэта ж потым не забываецца. Ні пралітая кроў, ні абраза нацыянальных пачуццяў. Трэба быць стрыманымі і паважаць адзін аднаго.

- Вы працуеце з моладдзю. Якія цікавыя думкі яны выказваюць? Няма ўражання, што яны больш практычныя?

- Яны мне цікавы, як прадстаўнікі іншага пакалення. Цікава бачыць, што змянілася. А што датычыцца практычнасці, людзі заўсёды былі практычнымі. І ў гады майго юнацтва таксама. Думалі пра заробкі, пра кар’еру. Проста зараз варыянтаў больш. А асноўныя ўзроставыя асаблівасці захаваліся. Маладосць - гэта час выбару, празмерная практычнасць звужае яго поле. Калі не рызыкаваць, не кіравацца інтуіцыяй, а толькі разлікам, абавязкова пралічышся. Нават у разліках трэба адводзіць месца выпадку і не забывацца пра сумленне.

- Зараз шмат кажуць пра кліпавае мысленне, няўменне звязаць свае думкі.

- Калі маладыя людзі вельмі нудна і доўга кажуць, гэта таксама насцярожвае. Мяне не вельмі пужае фрагментарнасць іх мыслення. Засмучае іншае - абмежаваны слоўнікавы запас, няўменне вызначаць паняцці. Думкі могуць быць і кароткія, але ўнутрана добра структураваныя. Гэтаму трэба вучыць.

- Гэта ад недахопу чытання?

- Адбываюцца фундаментальныя змяненні ў культуры. Кніга як друкаваны тэкст адыходзіць на другі план. На першы выходзіць відэаінфармацыя, з ёй трэба ўмець працаваць. Я мяркую, што нават у чалавека з кліпавым мысленнем узнікае жаданне нешта засвоіць цалкам. Але гэта, як правіла, іншыя тэксты. Яны чытаюць часам тоўстыя кнігі, пра таго ж Гары Потэра. А некаторыя аўтарытэтныя кнігі не могуць адолець. Нічога страшнага ў гэтым няма. Хай літаратура прыстасоўваецца. Галоўнае, каб унутры фрагментаў гэтай думкі не было бесталковасці, каб людзі ўмелі тлумачыць сутнасць. А да класікі трэба дарасці. Тым больш што сённяшнія школьнікі чытаюць тую класіку, якую мы ў свой час і ў руках не трымалі. Да таго ж, мы здабываем вопыт з розных крыніц. Узорныя тэксты зусім неабавязковыя.

- Філосафы часта прамаўляюць мудрыя думкі, якія абагульняюць іх веды. У вас ёсць любімыя афарызмы?

- Асобна ўзятая думка - гэта фрагмент чагосьці. Будынак складзены з цаглін, і сказаць, што адна з іх узорная, было б не разумна. Усе выказванні ў нешта ўбудаваны. Я выкарыстоўваю афарызмы, але ў якасці жарту, каб студэнты пераключыліся і паглядзелі на прадмет з іншага боку.

Даведка 

Міхаіл Іванавіч Вішнеўскі - доктар філасофскіх навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Аўтар звыш 240 навуковых і навукова-метадычных публікацый, у тым ліку трох манаграфій, шэрагу навучальных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ, кіраваў падрыхтоўкай і з’яўляецца адным з аўтараў цыкла школьных падручнікаў па грамадазнаўстве. Сфера навуковых інтарэсаў: філасофія адукацыі, сацыяльная філасофія.

“Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «мнение»:

06.12.2017 - 15:27 | Кооперация позволяет предприятиям достичь высокой эффективности производства - Руслан Страхар

На современном этапе развития кооперация представляет собой действенный и современный метод, позволяющий предприятиям достичь высокой эффективности производства благодаря рациональному использованию установленных мощностей и имеющихся ресурсов. Такое мнение высказал сегодня на межрегиональной конференции «Кооперация производства, бизнеса и науки в промышленности: успехи, проблемы, перспективы» председатель комитета экономики Могилевского облисполкома Руслан Страхар.

13.11.2017 - 10:03 | Повышать престиж науки и образования нужно за счет экономического стимулирования ученых - мнение

Повышать престиж науки и образования нужно в том числе за счет экономического стимулирования ученых с учетом их эффективности. Такое мнение высказал корреспонденту делегат II Съезда ученых Беларуси, заведующий кафедрой «Безопасность жизнедеятельности» доцент Белорусско-Российского университета Александр Щур.

04.11.2017 - 09:26 | Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы - мнение

Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы. Такое мнение высказали супруги Непес и Ольга после приема, который провел в Совете Министров руководитель Министерства здравоохранения Валерий Малашко.

26.10.2017 - 09:17 | Фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен - Ирина Дрига

Республиканский фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен, сообщила на пресс-конференции первый заместитель министра культуры Беларуси Ирина Дрига.

25.10.2017 - 16:37 | Презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами - дипломат

Комплексные презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения