Вверх

Вы здесь

Крычаўскі раён: скрыжаванне вялікіх падзей і эпох

Летась у Магілёўскай вобласці была зацверджана праграма, якая павінна даць дадатковы імпульс развіццю эканамічнага патэнцыялу сямі паўднёва-ўсходніх раёнаў вобласці. Указам №235 для гэтага прадугледжаны сур'ёзныя льготы і прэферэнцыі, прывабныя для бізнесу і цікавыя для насельніцтва. Праграма будзе заклікаць спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, будаўніцтву жылля, адным словам — росквіту. У рамках праекта «Паўднёвы Усход» «Звязда» працягвае расказваць, чым сёння дыхаюць гэтыя раёны і наколькі яны могуць быць цікавыя патэнцыйным інвестарам. Мы пабывалі ў Чэрыкаўскім, Слаўгарадскім, Краснапольскім, Клімавіцкім і Хоцімскім раёнах. Цяпер нас вітае старадаўні Крычаў. Горад, які заўсёды знаходзіўся ў цэнтры вялікіх гістарычных падзей і эпох. Сёлета ён адзначыў свой 880-гадовы юбілей. У яго вельмі багатае мінулае, не менш цікавае сучаснае і — ёсць усе падставы спадзявацца — вялікая будучыня.

Ствараем новыя рабочыя месцы

Крычаў сярод гарадоў паўднёва-ўсходняга рэгіёна карыстаецца найбольшым попытам у інвестараў. Падчас апошняга міжнароднага інвестфоруму ў Магілёве яго наведалі венгры, каб азнаёміцца з умовамі вядзення бізнесу. З моманту падпісання 235-га Указа тут прыкметна ажывіўся бізнес. За гэты перыяд было створана 21 камерцыйнае прадпрыемства. Каб дзелавым людзям было прасцей знаёміцца з патэнцыялам раёна, тут распрацавалі вельмі зручны інвестыцыйны пашпарт.

— Тут і пра гісторыю, і пра пляцоўкі, і пра ўсе віды інжынерных камунікацый, і пра парадак падаткаабкладання, і пра прэферэнцыі, — кажа намеснік старшыні Крычаўскага райвыканкама Дзмітрый Бачкоў. — Мы вызначылі 9 прыярытэтных напрамкаў. У нас зручнае геаграфічнае становішча, мы знаходзімся ўсяго за 40 кіламетраў ад расійскай мяжы. Вядзём працу па крыніцах аднаўляльнай энергіі. Да паслуг інвестараў пляцоўка для вытворчасці цэменту мокрым спосабам. Ёсць умовы для разліву бутыляванай вады. У Чырвонай Будзе можна наладзіць выраб пладовага віна. Акрамя гэтага, мы развіваем турыстычны напрамак. І нам ёсць што паказаць акрамя палаца князя Пацёмкіна. Збіраемся стварыць у Крычаве духоўна-гістарычны цэнтр. У нас знаходзіцца Замкавая гара, дзе размешчаны помнік XІX стагоддзя — Свята-Мікалаеўская царква. На базе гэтага помніка і будзе функцыянаваць цэнтр. І тут мы працуем сумесна з БНТУ.

У Крычаве не толькі запрашаюць інвестараў, але і займаюцца падрыхтоўкай сваіх. З 30 верасня тут на базе Крычаўскага рынка дзейнічае Цэнтр па падтрымцы прадпрымальніцтва. Яго наўмысна размясцілі побач са службай занятасці.

— Нядаўна прыходзіла дзяўчына, цікавілася, што трэба, каб адкрыць сваю справу, — прыводзіць прыклад спецыяліст Цэнтра Дзяніс Персіянцаў. — Мы падказалі варыянты, цяпер справа за ёй. Наогул, спектр нашых паслуг вялікі. Распрацоўваем бізнес-планы, займаемся аўдытам, прасоўваем праекты мясцовых ініцыятыў, прадстаўляем тэхнічную дапамогу ў сферы ІT.

Бізнес на льготных умовах

Па дарозе на прадпрыемства па вытворчасці цэментава-стружачных пліт (ЦСП), якое было створана з уступленнем ў дзеянне Указа 235, любуемся домікамі, зробленымі з яго прадукцыі. «Гэта жыллё для трох шматдзетных сем'яў , якія стаяць на чарзе па паляпшэнні жыллёвых умоў, — каментуе намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Галіна Кірпічова. — Плошча кожнага доміка — каля 100 квадратных метраў, так што будзе дзе разгарнуцца».

Праект з доляй аўстрыйскага капіталу рэалізуе ў Крычаве кампанія «Белзамежбуд» (БЗБ).

— На наш выбар паўплывала ўсё, у тым ліку і прэферэнцыі, — кажа дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю ЦСП «Белзамежбуд» Генадзь  Бачкоў. — Вялікую ролю адыграла тое, што раён прамысловы і мяжуе з Расіяй. А гэта наш галоўны спажывец прадукцыі. На экспарт ідзе больш 80%. Цяпер збіраемся насыціць беларускі рынак, паколькі мы адзіныя ў краіне ствараем гэты імпартазамяшчальны прадукт. У рабоце выкарыстоўваем выключна беларускія матэрыялы. У Крычаўскім раёне знаходзяцца асноўныя нашы сыравінныя запасы — цэмент, прычым якасны, плюс лес.

За месяц прадукцыйнасць працы на прадпрыемстве склала 2660 метраў кубічных, у перспектыве — павялічыць выпуск да 5 тысяч кубоў. Тут створана 126 працоўных месцаў, а пры выхадзе яго на поўную магутнасць будзе 240. І гэта ў планах цераз год.

Раман Хамідулін адзін з тых, каму пашчасціла тут працаўладкавацца.

— У мяне свабодны дыплом Беларуска-расійскага ўніверсітэта, — кажа Раман, які працуе тут аператарам фармуючай машыны. — Пасля заканчэння некалькі месяцаў спрабаваў рэалізаваць свае веды ў сельскай гаспадарцы, а потым восем месяцаў быў беспрацоўны. Калі знаёмыя падказалі, што тут ёсць работа, я доўга не раздумваў.

Непасрэдны начальнік Рамана Юрый Будзянаў, які кіруе цэхам па вытворчасці цэментава-стружкавых пліт, перайшоў сюды з цэментнага завода. Кажа, што прывабіла сучасная вытворчасць і добры заробак.

Год вялікіх адкрыццяў

Хуткімі тэмпамі вядзецца ў Крычаве будаўніцтва сярэдняй школы №8, на базе якой будзе створаны сучасны шматфункцыянальны адукацыйны цэнтр на 1020 месцаў. На плошчах школы плануецца размясціць два цэнтры — карэкцыйна-развіваючы для дзяцей-інвалідаў і сацыяльна-педагагічны, філіялы мастацкай і музычнай школ. «Зараз вядзецца падводка камунікацый і ўнутранае аздабленне, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Жана Дзмітрыева. — Наогул гэты год стаў для нас багатым на адкрыцці. Нядаўна ўвялі ў строй арэндны шматпавярховы дом. Перад Новым годам збіраемся здаць яшчэ адзін, пабудаваны з льготным крэдытаваннем. Адкрылі ўрачэбную амбулаторыю ў раёне хлебазавода, зрабілі капітальны рамонт дзіцячага садка»

У пачатку лістапада ў Крычаве быў урачыста здадзены ў эксплуатацыю новы лячэбна-дыягнастычны корпус бальніцы. У сценах трохпавярховага будынка размясціліся прыёмнае аддзяленне, лабараторыя, дыягнастычныя кабінеты, рэанімацыя, аперацыйны блок і палаты для хворых. У падарунак ад губернатара бальніца атрымала фібрагастраскоп для эндаскапічных абследаванняў страўніка, райвыканкам перадаў відэалапараскапічную стойку, а Міністэрства аховы здароўя прэзентавала рэнтгеналагічны апарат на тры працоўныя месцы.

«Створаны ўсе ўмовы для аказання высакаякаснай медыцынскай дапамогі пацыентам — сучасныя аперацыйныя залы сабраны ў адным блоку. Прасторныя аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі дазваляюць зручна размясціць пацыентаў і забяспечваюць камфортныя ўмовы працы для супрацоўнікаў», — кажа намеснік галоўнага урача Крычаўскай райбальніцы Алена Тупіцына.

«Крычаўскі канёк»

Менавіта пад такой назвай ужо другі год запар горад збірае на пленэр майстроў па кераміцы з усходняга рэгіёна Беларусі і Расіі. Крычаў заўсёды славіўся сваімі традыцыямі ў гэтай галіне мастацтва. Свістулькі ў выглядзе конікаў вядомы далёка за межамі раёна. А верабей на кані наогул эксклюзіў і нешта накшталт тутэйшага брэнда.

— З нашым горадам ганчарныя промыслы звязаны вельмі цесна. Я яшчэ застаў той час, калі на кірмашах мясцовыя жыхары выстаўлялі свае тавары з гліны, — кажа дырэктар дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Крычава Міхаіл Гарбуноў, які працуе тут з 1977 года — дня заснавання ўстановы, а з 1982-га яе ўзначальвае. — Вырабы куплялі для побытавых патрэб, а свістулькі ў якасці абярэгаў ад розных бед і няшчасцяў. Фестываль «Крычаўскі канёк» дапаможа нам вярнуцца да вытокаў. Ён дае магчымасць паглядзець на стыль працы майстроў з другіх раёнаў, параўнаць, павучыцца адзін у аднаго.

Кераміка — гэта толькі адзін з накірункаў, які вывучаюць крычаўскія дзеці. Юныя мастакі гэтай школы ўпрыгожылі сцены галерэі паміж новым лячэбна-дыягнастычным корпусам бальніцы і аддзяленнем тэрапіі. Настрой пацыентам падымаюць карціны з прыродай, птушкамі, кветкамі. У жыццесцвярджальныя фарбы яны размалявалі і прыпыначныя павільёны, каб не сумна было чакаць аўтобус. Выцінанка, роспіс па тканіне, саломапляценне — разнавіднасцей творчасці, з дапамогай якіх можна развіць свой густ і талент, у школе дастаткова. Да мастацтва тут далучаецца 370 дзяцей, і колькасць жадаючых удасканаліць свае творчыя схільнасці толькі павялічваецца. У самім Крычаве працуе 4 філіяла гэтай школы і яшчэ 6 дзейнічае на вёсках. За 7 гадоў вучобы дзеці атрымліваюць вельмі добрую падрыхтоўку. Шмат хто з іх потым ідзе ў мастацкія вучылішчы і вышэйшыя ўстановы. Выпускнікі школы працуюць у Акадэміі мастацтваў, магілёўскім каледжы мастацтваў, і нават у Маскве. Адна дзяўчына была мадэльерам у вядомага куцюр'е Вячаслава Зайцава.

Адчуйце сябе князем Пацёмкіным

Князь Рыгор Пацёмкін узвёў палац, які да нашых дзён ўпрыгожвае горад. Гэта самы яскравы прыклад таго, што можа зрабіць інвестар. Унікальны будынак плошчай 1120 квадратных метраў пабудаваны ў стылі рускага класіцызму па праекце архітэктара Таўрычаскага палаца ў Санкт-Пецярбургу Івана Старова. Калі глядзець на яго з вышыні птушынага палёту, можна ўбачыць, што абрысы маюць форму літары «Е» — так фаварыт аддзячыў вялікай гасударыні за яе падарунак. Кацярыны ІІ наведала палац 19 студзеня 1787 года падчас паездкі па новых губернях. Тут яна абедала і начавала. Сёння кожны мае магчымасць прайсціся па тых залах, дзе гуляла імператрыца са сваімі фрэйлінамі. Супрацоўнікі ўнікальнага помніка архітэктуры адраджаюць традыцыю Пацёмкінскіх часоў ладзіць балі. «Гэта можа стаць разыначкай нашага горада, — спадзяецца дырэктар установы Уладзімір Мішчанка. — Шмат было станоўчых водгукаў, калі мы правялі першы баль. А яшчэ мы аказваем эксклюзіўную паслугу для маладажонаў. У нашым палацы знаходзіцца ЗАГС, і жаніх з нявестай могуць замацаваць свой шлюб у прысутнасці князя Пацёмкіна і нават самой Кацярыны.

Бліжэйшыя мерапрыемствы, на якія тут запрашаюць усіх ахвотных, — Пацёмкінская ёлка і Пацёмкінскія забавы. Летась паўдзельнічаць у навагодніх святах прыязджалі магіляўчане, а зараз ёсць заяўкі са Смаленска і нават Масквы. Сёлета Пацёмкінскія ёлкі пачнуцца ўжо з 10 снежня, а забавы — з 24. Гасцей чакае сустрэча з гістарычнымі асобамі, прагулкі па палацаваму парку, катанні на конях і нават дэгустацыя дранікаў.

Даведка «Звязды»

Крычаўскі раён займае плошчу 77 754 гектары, мяжуе з Клімавіцкім, Чэрыкаўскім, Мсціслаўскім раёнамі Магілёўскай вобласці і Шумяцкім раёнам Смаленскай вобласці. На яго тэрыторыі пражывае 33 924 чалавекі, непасрэдна ў горадзе — 26 609. Крычаўская зямля багата мелам, пяском, пясчана-гравійнымі сумесямі. Лясы займаюць болей чвэрці плошчы раёна. Маюцца біялагічны мікразаказнік, гідралагічны і паляўнічы заказнікі мясцовага значэння. Раён перасякаюць буйныя чыгуначныя шляхі Унеча-Орша, Магілёў-Рослаў і аўтамабільны — Масква-Брэст. Добраўпарадкаваная дарога злучае Крычаў з Мсіцславам, Беліцай і Ходасамі. На тэрыторыі раёна размешчана 85 помнікаў гісторыі і культуры, сярод якіх сапраўдная жамчужына — палац XVІІІ стагоддзя князя Рыгора Пацёмкіна, фаварыта расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ.

"Звязда", Нэлі ЗІГУЛЯ

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «регионы»:

23.11.2017 - 12:14 | Специалисты из 13 стран съедутся в Горки на международную научную конференцию по аквакультуре среди молодых ученых

Специалисты из 13 стран съедутся в Горки на международную научную конференцию по аквакультуре среди молодых ученых. Об этом сообщили в Белорусской государственной сельскохозяйственной академии.

23.11.2017 - 09:35 | Театральные коллективы из Беларуси, России, Литвы и Латвии выступят на фестивале любительских театров в Краснополье

VI Межрегиональный фестиваль-праздник любительских театров «Тэатральныя вечарыны-2017» пройдет 24-26 ноября в Краснополье.

23.11.2017 - 08:46 | Жительница Осиповичского района Ольга Снигир награждена орденом Матери за рождение и воспитание пяти и более детей

Орденом Матери за рождение и воспитание пяти и более детей награждены пять жительниц Гродненской и Могилевской областей. Соответствующий указ №418 Президент Беларуси Александр Лукашенко подписал 22 ноября, сообщили в пресс-службе главы государства.

21.11.2017 - 08:47 | Редакция районной газеты «Ударны фронт» запустила полностью обновленный портал ШкловИнфо

Редакция районной газеты «Ударны фронт» запустила полностью обновленный портал ШкловИнфо по прежнему адресу shklovinfo.by. Теперь это не только новостной мультимедийный сайт, но и многофункциональный Интернет-ресурс, рассказал корреспонденту сайта главный редактор издания Павел Савельев.

20.11.2017 - 12:13 | Палужский учебно-педагогический комплекс детский сад - средняя школа стал победителем республиканского конкурса школьных бизнес-идей

Палужский учебно-педагогический комплекс детский сад - средняя школа (Краснопольский район) стал победителем республиканского конкурса школьных бизнес-идей. Об этом сообщается на сайте Министерства экономики.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения