Вверх

Вы здесь

Ліпеньскі рамантык

Робаты не заменяць чалавека, лічыць асіповіцкі даяр Аляксей Біцюн.

З басаногага дзяцінства Аляксея Біцюна аселі ў памяці шчымлівыя моманты, калі цёплымі летнімі надвячоркамі вярталіся з пашы каровы ў невялікую клічаўскую вёску Людское, якую перайменавалі ў Новае Сяло. Здалёк хлапчук пазнаваў бабуліну рахманую Красулю, што па два вядры ў дзень давала малака, духмяны пах якога дагэтуль памятае. Ад Красуні бабуля Ганна вырасціла маладзенькую Зорку, што на вачах Аляксея гадавалася. І як бацька ні імкнуўся зацікавіць сына тэхнікай, нічога не выйшла. І курсы трактарыстаў-машыністаў Аляксей пасля васьмігодкі закончыў, але механізатарам не стаў. Напэўна, Красуня і Зорка больш захапілі душу вясковага юнака, які ў пятнаццаць гадоў стаў калгасным пастухом. А ў сорак пяць прызнаны лепшым даяром філіяла «Белшына-агра» ААТ «Белшына» Асіповіцкага раёна. За мінулы год атрымаў ад кожнай з пяцідзесяці кароў амаль па сем тысяч кілаграмаў малака. І па выніках першага паўгоддзя лідзіруе сярод трыццаці даярак з шасці малочна-таварных ферм гаспадаркі. А калі неабходна, паралельна замяняе загадчыцу фермы Аксану Міхайлоўскую.

Невялікая малочна-таварная ферма «Ліпень», дзе працуе Аляксей Біцюн, прымыкае да вясковых падворкаў. Навокал багатыя травастоем пойменныя свіслацкія лугі і сенажаці. У гэты цнатлівай прыгажосці акраек Магілёўшчыны ўгаварыла мужа вярнуцца з суровай Карэліі Галіна Біцюн, якая не ў пошуках рамантыкі, а дзеля заробку пасля заканчэння школы паехала пілаваць карэльскія сосны. У суровым краі сустрэла літоўца Аўгусціна. У леспрамгасаўскім інтэрнаце справілі вяселле. Чатырох сыноў і дачку нарадзіла Галіна Уладзіміраўна. Шэсць гадоў было Аляксею, калі сям’я пераехала з Карэліі на радзіму маці - у асіповіцкую вёску Ліпень. Аўгусцін Юзэфавіч уладкаваўся трактарыстам у ляспрамгас. Жонцы хапала клопату з дзецьмі, а як падраслі, пайшла таксама працаваць у лясную гаспадарку, а потым - у калгасную паляводчую брыгаду. Перад выхадам на пенсію даіла кароў на ліпеньскай малочна-таварнай ферме. Тут цяпер працуе сын Аляксей, які ўжо амаль трыццаць гадоў у жывёлагадоўлі.

Адразу пасля выпускных экзаменаў у васьмігодцы пайшоў пасвіць калгасны статак. А калі восенню кароў перавялі на стойлавае ўтрыманне, бацька пераканаў сына ісці вучыцца на механізатара. Атрымаў Аляксей Біцюн у асіповіцкім філіяле Клічаўскага прафтэхвучылішча пасведчанне трактарыста-машыніста, але ні дня не працаваў па спецыяльнасці. Як толькі зазелянелі вясною лугі, зноў пайшоў на ферму. Тры гады да прызыву ў армію пасвіў калгасных кароў. Служыў у групе савецкіх войск у Германіі. Пасля службы як на крылах ляцеў у свой калгас «Чырвоны сцяг», дзе яго старэйшы сябар Павел адзін пасвіў вялікі гурт кароў. Нават належны месяц пасля вяртання з арміі Аляксей Біцюн не адпачыў. Удваіх лягчэй было ўпраўляцца з гуртам у дзвесце кароў.

- Лугі ў нас прасторныя, травы ў пояс. Статку раздолле. Даяркі нам з дзядзькам Паўлам заўжды дзякавалі. Каровы сытыя вярталіся з пашы, і ўдоі былі высокія. А зімою мы даглядалі жывёлу на ферме, - распавядае Аляксей Аўгусцінавіч. - Усё ўручную рабілі. Сенаж, сілас, буракі коньмі вазілі ад буртоў і раздавалі жывёле. Праца цяжкая, але мне яна па душы. На той вязаўніцкай ферме працавала даяркай дзяўчына Галя. Пакуль яна прыйдзе кароў даіць, я накармлю іх сытна, пачышчу стойлы, галінак сасновых для добрага паху ў кароўнік прынясу. Пасябравалі з Галяй. Яна з вялікай працавітай сям’і. Сясцёр пяцёра і чатыры браты. Пажаніліся мы з ёю. Нам калгасны дом далі. Дачку выхавалі. Быў і сынок, але інфекцыю яму занеслі, і маленькім адышоў у вечнасць. А дачка ўжо закончыла Жыліцкі сельскагаспадарчы каледж, атрымала дыплом гароднінавода. Выйшла замуж за трактарыста з Ялізава. Зяць Максім працуе ў лясгасе. Унучку выхоўваем.

- Амаль усе вашы аднакласнікі пасля школы кінуліся шукаць шчасце ў горадзе. Не зайздросціце ім?

- Ніколі не цягнула ў каменныя джунглі. Там трэба нарадзіцца, каб прывыкнуць да гарадскога тлуму, дзе чалавек - як мурашка. Кожны сядзіць у мураваным корабе. У вёсцы адчуваеш сваю значнасць, усё на віду. Так склаліся абставіны, што мы з Галяй з Вязаўніцы пераехалі ў вёску Ліпень, дзе мая маці адна засталася. Ёй патрэбна дапамога. Старшыня СВК «Ліпень» Аркадзь Міхадзюк даў нам кватэру. Спачатку я пасвіў дойны статак. Галоўны заатэхнік Марыя Сітна і былая загадчыца фермы Людміла Кучынская прапанавалі падмяняць даярак у адпускную кампанію. Даіў іх групы кароў, потым узяў свой гурт. Так я стаў даяром. Прыглядаўся, як працавалі вопытныя даяркі Марыя Скрыпка, Алена Дзівак, якія ў той час надойвалі звыш чатырох тысяч кілаграмаў ад каровы. Зразумеў, што любая дробязь уплывае на вынік. Заўжды трымаю парадак у стойлах, каб кармушкі былі поўныя, каровы сытыя, чыстыя. Сачу, каб не было масціту, бо адразу губляецца малако. Каровы не да ўсякага фуражу прыхільныя. Адна любіць больш грубыя кармы, а другая - сакавітыя. Ад таго, чым накорміш, залежыць не толькі ўдой, але і тлустасць малака, і нават якасць.

- Каровы маюць мянушкі, яны дастаюцца ім за нейкія характэрныя рысы ці асаблівасці?

- Ёсць Шалаўніца, Магрэ і іншыя мянушкі. Самую любімую карову клічу Красуляй, як карову майго дзяцінства. Ужо некалькі Красунь памянялася за гады працы. Як узнагароду даю гэтую мянушку. Пастаянна мяняецца пагалоўе. Самай старэйшай карове ў маёй групе хутка будзе сем гадоў. Некаторых і раней выбракоўваем. Усё ад прадуктыўнасці залежыць. Галоўны заатэхнік Марыя Сітна вядзе ўсю селекцыйную работу. З фермы цялушак атрымліваем папаўненне. Пасля расцёлу сочым за ўдоямі і вызначаем лёс першацёлкі. Больш прадуктыўныя застаюцца ў малочным статку.

- А пасля расцёлу хто даглядае цялятак?

- Да трох тыдняў выпойваю, вучу есці грубыя кармы і перадаю на ферму маладняка. Зараз даглядаю пятнаццаць галоў. Тры разы на дзень трэба кожнага напаіць, накарміць і саломы падсцяліць. Клопату з імі хапае. Так склалася, што масавыя расцёлы на нашай ферме пачынаюцца з глыбокай восені і да вясны. Найбольш спрыяльны час для высокіх надояў у маёй групе не лета, а асенне-зімовы перыяд, пасля масавых расцёлаў. Бывае, што на год карова двойчы расцельваецца. Першы раз у пачатку зімы і ў канцы года.

- Каровы адчуваюць ваш настрой?

- Не толькі адчуваюць, але і рэагуюць. Калі што ў мяне не так, то адразу ж і надой мяняецца. Я зайду на ферму, толькі зірну на іх і адчуваю, як яны мяне сустракаюць.

- А на мову рэагуюць?

- Ніколі не паўтараю ім некалькі разоў каманды. Адразу выконваюць. Прывыклі да майго голасу. Калі часам пасля галення памяняю адэкалон, усхвалявана ўспрымаюць. Таму імкнуся на ферме быць кансерватыўным. Паўсотні кароў у маёй групе. Доім апаратамі ў кароўніку. Яны любяць, каб пастаяў побач, пагладзіў.

-Аляксей Аўгусцінавіч, па 25 кілаграмаў малака надойвае ў гэтыя летнія дні перадавая на Магілёўшчыне даярка ААТ «Фірма «Кадзіна» Магілёўскага раёна Галіна Жукава. І ў вашым Асіповіцкім раёне амаль такія надоі атрымлівае Алена Кілбас з суседняга СВК «Калгас «Авангард». Ці не зайздросціце?

- Імкнуся не адставаць. У мяне ж рукі дужэйшыя. Хаця многія мае каровы хутка пачнуць запускацца, але штодзённы сярэдні надой малака за чэрвень склаў амаль дваццаць кілаграмаў ад каровы. Рэкардысткі даюць і па трыццаць кілаграмаў у суткі. Сёлета спадзяюся, што перайду сямітысячны рубеж. У нашым раёне ёсць клуб сямітысячнікаў, хачу ў яго трапіць.

- Надоі залежаць не толькі ад вашага старання і вопыту, але і спецыялістаў, што займаюцца падборам статка, ад таго, як арганізуе працу загадчык фермы, ад даглядчыкаў і пастухоў, механізатараў на нарыхтоўцы кармоў і іншых людзей у гаспадарцы. - Кожны адыгрывае пэўную ролю. Ад кіраўніка да пастуха складаецца ланцужок, у якім мая праца - догляд і даенне кароў. Вось статак на нашай ферме «Ліпень» пасуць два апантаныя жывёлаводы, Юрась Хмара і Гена Бутта. У шэсць гадзін раніцы каровы ўжо хрумкаюць росныя травы на заліўным лузе, да васьмі вечара пасуцца. Пастухі мяняюць выпас, каб жывёла ўдосталь наядалася. Ад прадуктыўнасці статка залежыць і аплата. Яны зацікаўлены ў павелічэнні надояў.

- Паша далёка ад фермы?

- Зусім побач. Навошта кароў ганяць і губляць малако. Статак выходзіць адразу на луг, што за фермай. Травастой падкошваем і падкармліваем мінеральнымі тукамі, каб аднаўляўся. Зялёнай масы дастаткова. Двойчы на дзень выдаём жывёле камбікорм.

- Раздаеце яго па кармушках ці пільнуеце, колькі якой дасталося?

- Мы кароў групіруем па надоях і падсыпаем камбікармы з разліку дзвесце грамаў на атрыманы кілаграм малака. Штомесячна праводзім кантрольную дойку і вызначаем прадуктыўнасць кожнай каровы.

- А як рана пачынаеце даіць?

- У палове чацвёртай раніцы мы ўжо на ферме, чысцім памяшканні, кормім і доім кароў. Завяршаем ранішні догляд да выгану статка на пашу. Да апоўдня жывёла пасецца, і ў абед зноў доім. Тых кароў, якія перад запускам, доім толькі раніцай і ўвечары. Вячэрняя дойка самая шчодрая на малако. Так увесь дзень і прывязаны да фермы. Добра, што яна побач. Паміж даеннямі паспяваю адпачыць ці ў магазін наведацца. Заробкі ў нас летам выдатныя - больш за восем мільёнаў у месяц. Так што можам сабе дазволіць, чаго душа жадае. І дачцэ дапамагаю.

- Дачка ваша атрымала дыплом спецыяліста сельскай гаспадаркі. Пасля дэкрэту выйдзе працаваць. А кім бы вы хацелі бачыць унучку?

- Час пакажа. Каб шчаслівай і здаровай была, а занятак знойдзе. Наш род працавіты, і ўнучцы жадаю такой быць.

- Пакуль яна падрасце, можа, і не патрэбны будуць даяры. І ў вашай гаспадарцы на новай ферме робаты шчыруюць.

- Так, на новым малочна-таварным комплексе «Вязычын» усталявалі робаты. Амаль дзве тысячы дойнага статка там. Жывёле створаны спрыяльныя ўмовы. Але колькі сродкаў на гэта патрачана. З-за гэтага пакуль нават пры высокіх надоях гаспадарка ніяк не можа выйсці на станоўчую рэнтабельнасць вытворчасці малака. Толькі час пакажа эфектыўнасць робатаў. На нашай невялікай ферме «Ліпень» каля двухсот кароў і маладняк. Навокал натуральныя лугі і пашы, дзе да позняй восені статак утрымліваецца. У кароўніку ўсталяваны малакаправод з даільнымі апаратамі. Затраты не параўнаць з комплексам.

- Хацелі б там працаваць?

- Я сцежку на сваю ферму пратаптаў і не хачу з яе збочваць. Да кожнай сваёй каровы ведаю падыход. Адну пагладжу, на другую зірну ласкава, а трэцюю строга супакою. І яны чакаюць мяне. Недарма ў Амерыцы перад тым, як робаты пачынаюць даіць кароў, спачатку чалавек рукамі дакранаецца да вымені, каб менш стрэсу было жывёле. Стагоддзямі чалавек прыручаў карову, і яна верна яму служыць. Наша прафесія заўжды будзе запатрабавана. Сабекошт малака на нашай ферме значна ніжэйшы, чым на абсталяванай дарагой імпартнай апаратурай. А ці можна параўнаць малако ад кароў, што пасуцца на лузе, з тым, што атрымліваюць на стойлавым утрыманні?

- А ці будзе каму замяніць вас на ферме?

- Пра гэта трэба думаць на дзяржаўным узроўні. Каб моладзь зацікавіць, стварыць адпаведныя ўмовы і стымулы. Нашым заробкам некаторыя зайздросцяць. А якім потам даюцца гэтыя мільёны! Штодня ўставаць на досвітку не кожны вытрымае. Круглы год у гумавых ботах. Вось такія нашы будні. Але для мяне яны — сапраўдная рамантыка, якую я ні на што не прамяняю.

Уладзімір Субат, «Белорусская нива»

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «мнение»:

06.12.2017 - 15:27 | Кооперация позволяет предприятиям достичь высокой эффективности производства - Руслан Страхар

На современном этапе развития кооперация представляет собой действенный и современный метод, позволяющий предприятиям достичь высокой эффективности производства благодаря рациональному использованию установленных мощностей и имеющихся ресурсов. Такое мнение высказал сегодня на межрегиональной конференции «Кооперация производства, бизнеса и науки в промышленности: успехи, проблемы, перспективы» председатель комитета экономики Могилевского облисполкома Руслан Страхар.

13.11.2017 - 10:03 | Повышать престиж науки и образования нужно за счет экономического стимулирования ученых - мнение

Повышать престиж науки и образования нужно в том числе за счет экономического стимулирования ученых с учетом их эффективности. Такое мнение высказал корреспонденту делегат II Съезда ученых Беларуси, заведующий кафедрой «Безопасность жизнедеятельности» доцент Белорусско-Российского университета Александр Щур.

04.11.2017 - 09:26 | Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы - мнение

Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы. Такое мнение высказали супруги Непес и Ольга после приема, который провел в Совете Министров руководитель Министерства здравоохранения Валерий Малашко.

26.10.2017 - 09:17 | Фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен - Ирина Дрига

Республиканский фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен, сообщила на пресс-конференции первый заместитель министра культуры Беларуси Ирина Дрига.

25.10.2017 - 16:37 | Презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами - дипломат

Комплексные презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения