Рус Бел Eng 中文

Магілёўскі музей імя Масленікава прапануе акунуцца ў атмасферу Каляд

Другі раз тут сабраў прыхільнікаў народных традыцый і вуснай творчасці фестываль батлейкі «Масленікаўскія калядкі». Да канца студзеня музей стане своеасаблівай рэзідэнцыяй мясцовага Дзеда Мароза - Зюзі Падняпроўскага, дзе наведвальнікаў чакаюць цікавыя падарожжы ў гісторыю паходжання навагодніх свят, знаёмства з гаспадаром зімы, удзел у беларускіх народных гульнях і забавах.

Тутэйшы тэатр батлейкі «Шчодра» падрыхтаваў новую пастаноўку пра неверагодныя прыгоды графа Сямёна Зорыча. У выкананні тэатра можна будзе ўбачыць прадстаўленні на біблейскія і гістарычныя тэмы.

- Батлейка - адзін з самых старадаўніх відаў тэатральнага мастацтва, - адзначыла намеснік дырэктара музея Святлана Строгіна. - Спадзяёмся, што і на гэты раз гледачы не будуць расчараваныя. Наогул фестываль прызваны аб'яднаць людзей, якія зацікаўлены ў адраджэнні народных традыцый і папулярызацыі беларускіх каштоўнасцяў.

У фестывальнай праграме адбудуцца сустрэчы з фальклорнымі калектывамі батлеек з Санкт-Пецярбурга, Залесся і Горак. Падчас іх можна будзе пазнаёміцца са старажытнымі танцамі і музыкай, якая выконваецца на старадаўніх музычных інструментах. А 22 студзеня музей запросіць на фолк-канцэрт Кастуся Канцавога. Тэатральныя прадстаўленні будуць суправаджацца рознымі выставамі і майстар-класамі. Атмасферу самых казачных навагодніх свят добра перадаюць творчыя працы вядомых магілёўскіх мастакоў і выхаванцаў арт-студыі «Гекльберы» з экспазіцыі «Зімовы настрой», якая адкрылася тут напярэдадні Каляд.

“Звязда”

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна