Вверх

Вы здесь

М.Фінберг: Фестываль – гэта майстар-клас

Першы канцэрт у межах ХІ міжнароднага фестывалю “Залаты шлягер-2009 ў Магілёве” прэзентаваў 1 кастрычніка гледачам Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Канцэртная праграма “Залатое сэрца” была прысвечаная памяці паэта-песенніка Міхаіла Таніча.

Перад канцэртам маэстра адказаў на пытанні журналістаў…

Пра канцэрт…

- Я ніколі не паўтараюся. Гэта канцэрт, які я спецыяльна рабіў да гэтага фестывалю. Гэты чалавек, франтавік, паэт – я з ім быў знаёмы. Ён быў знаёмы з нашым калектывам. Ён вельмі паважаў наш аркестр. Я вельмі шчаслівы, што ў мяне ёсць магчымасць зрабіць аўтарскую вечарыну, прысвчаную гэтаму славутаму чалавеку. Ён напісаў песні, якія можна назваць песнямі дваццатага – дваццаць першага стагоддзя. Гэтыя песні спявае увесь былы Савецкі Саюз, наша родная Беларусь. Я лічу, што гэты паэт зрабіў шмат дзеля таго, каб песня была сапраўды песняй, каб гучалі выдатныя словы. У канцэрт уключаны песні, якія гучалі ў розных кінафільмах. Галоўны падыход да гэтага канцэрта – мы усе высілкі нашы накіравалі на тое, каб гэты канцэрт быў сучасным, каб ён быў зразумелы нашым маладым слухачам. У ім гучаць і песні шасцідзесятых-сямідзесятых гадоў, і песні пачатку дваццаць першага стагоддзя. Гэтыя песні сталі класічнымі і яны ўжо будуць гучаць заўсёды.

Пра музыку…

Музыка павінна адлюстроўваць жыццё чалавека. Яна не можа быць толькі танцавальнай. Сёння вы пасварыліся з блізкім вам чалавекам, заўтра вас пакрыўдзілі на рабоце. І музыка павінна і гэта паказаць.

Пра рэжым дня…

Ужо ў пяць гадзін раніцы я выхаджу з дому. І праходжу 5 ці 6 кіламетраў. На сняданак ем толькі аўсяную кашу. І гарбату. Вось ужо 27 гадоў гэта мой сняданак. Заўсёды. Раніцай я музыку не слухаю. А вось калі засыпаю – слухаю. Я лічу, што трэба шмат хадзіць, не бегаць, а ісці спакойна. У маім узросце трэба праходзіць 5-6 кіламетраў, а ў больш маладым – 10-15.

Пра сваю справу…

Я ўжо шмат гадоў нічым іншым не займаюся – толькі сваёй работай. Сёння мы ўжо займаемся праграмай на 2012 год. 2011 год у нас ўжо практычна сабраны. Гэта вялікая арганізацыйная і творчая работа. Пра ўсё і не расказаць. Нічога іншага я і не бачу, акрамя работы.

Пра фестывалі…

Фестываль павінен мець драматургію. Збіраць ўсё лепшае. Тут гучаць шлягеры. Трэба імкнуцца, каб усё было на самым высокім узроўні. Працаваць над кожнай песняй, з кожным выканаўцам. Я ўяўляю фестываль, як майстар-клас. Я так і імкнуся наладзіць тыя фестывалі, якія я арганізую. Але ёсць і іншыя меркаванні...

Пра Леаніда Іванова…

Я вельмі паважаю магілёўскую зямлю. На гэты раз, калі я прыехаў у Магілёў, я першым чынам паехаў на могілкі. Там нядаўна пахавалі майго сябра, выдатнага беларускага музыканта Леаніда Іванова. Ён паказаў усім, як у абласным цэнтры зрабіць добры аркестр. Ён быў вельмі сціплым чалавекам. Такі чалавек павінен быў працаваць у сталіцы, а ён працаваў у Магілёве. Тут ён і пахаваны. Я нізка пакланіўся гэтаму чалавеку і выказаў удзячнасць за ўсё, што ён зрабіў для развіцця беларускага музычнага мастацтва. Я заўсёды з задавальненнем удзельнічаў разам з ім у фестывалях у Мсціслаўлі. Мне вельмі шкада, што яго няма зараз побач з намі, ён зараз вельмі б радаваўся сваім поспехам, поспехам іншых. Ён праводзіў у рамках фестывалю "Залаты шлягер” канцэрт – "Рамансіяду”. Сёння няшмат дырыжораў беларускіх справіліся б сёння з такой праграмай так, як рабіў гэта Леанід Іваноў. Ён рабіў гэта высокапрафесійна. Шкада, што няшмат людзей маглі ацаніць гэты прафесіяналізм.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения