Вверх

Вы здесь

Мікалай Барысенка: Гісторыя не мае ўмоўнага ладу

Колькі мы ведаем, прыкладам, пра вайну? Возьмем Другую сусветную… Не ўсё, канечне, але вельмі шмат! Калі верыць Мікалаю Барысенку, то не вельмі. І нават не шмат… А верыць хочацца - пасля таго, як пагартаеш яго кнігі. Потым узнікае патрэба пачытаць. Уважліва. Сур’ёзна. Дакументалістыка - справа ўвогуле сур’ёзная. І ўрэшце ўзніклі пытанні.

- Мікалай Сяргеевіч, да кнігі, якая сёлета прынесла вам Нацыянальную літаратурную прэмію і, адпаведна, стала нагодай для размовы, мы звернемся абавязкова. Пазней. Бо ў вашым варыянце цяжка не зачапіцца за жыццёвыя перыпетыі самой асобы пісьменніка. Гісторык і марак, выхавацель цяжкіх падлеткаў і аператыўнік МУС… Дык што цяпер пераважае ў асобе Мікалая Барысенкі, дакладней, пісьменніка Барысенкі? Кім адчуваеце сябе сёння?

- Несумненна, пісьменнікам! Жыццёвы і прафесійны досвед, да якога я так доўга і настойліва імкнуўся, зрабіў сваю справу. Напэўна, гэта нармальна, калі тое, пра што пішаш, прайшло праз цябе. А пісаць трэба тады, калі… як кажуць гумарысты (не я - выбачайце!), перастаўляючы націск у гэтым слове, трываць ужо немагчыма!

Краязнаўства, з якога я пачаў свае пісьменніцкія вопыты, захапіла яшчэ падчас марскіх паходаў у юнацкія 1970-я гады. У далёкіх плаваннях штурманам на розных суднах марскога і рыбалавецкага флоту мне пашчасціла наведаць дзясяткі краін Еўропы, Азіі і Афрыкі. Рэйсы былі працяглымі, каля 6 месяцаў, а гэта давала добрыя магчымасці пад качку акіянскіх хваляў разважаць пра мітуслівасць і кароткасць жыцця наогул і пра далёкі, за тысячы міляў, родны край у прыватнасці. Радзіма цягнула да сябе, з цеплынёй і пяшчотай узгадваліся дэталі дзяцінства… Рачулка, лес, іншыя патаемныя куточкі, дзе адчуваў сябе хоць на кароткі міг, але шчаслівым… Усе гэтыя думкі паступова занатоўваў у тоўсты сшытак, які пільна захоўваў пад падушкай. Асобныя невялікія нататкі адсылаў у марскія выданні Калінінграда і магілёўскую прэсу. З гэтага ўсё і пачалося.

Потым былі гістарычны факультэт БДУ, школа і зноў краязнаўства, якое канчаткова вызначыла мой пісьменніцкі шлях як гісторыка, краязнаўцы і пошукавіка.

Ведаеце, калі дзесяцігоддзі займаешся навукова-папулярнай дакументалістыкай (а справа гэта вельмі цікавая), то паступова праца з дакументамі і іх каментарый пачынаюць надакучваць, хочацца зрабіць нешта больш мастацкае, рамантычна-патрыятычнае, але каб яно абавязкова адпавядала гістарычным фактам. Здзейсніць гэта іншым часам было вельмі няпроста: кавалак нязручнага, няёмкага гістарычнага факта і… мэтазгоднасць часу! Але, на шчасце, гісторыя не мае ўмоўнага ладу: як адбылося, так і засталося ў стагоддзях. Мне падаецца, што ў нашай краіне сёння гэта разумеюць.

На абраным шляху пісьменніка чакае і яшчэ адна не менш важная праблема - сутыкненне асабістага мастацкага падыходу да аб’ектыўнага асвятлення гістарычнай падзеі ці з’явы. Сёння асабліва цяжка гэта даецца сцэнарыстам і рэжысёрам мастацкіх фільмаў, у тым ліку і пра вайну.

А вайна суправаджала мяне па жыцці з самага дзяцінства, многія з нас гулялі ў «вайнушку» сапраўднай зброяй. Бо родам я з в. Удоўск Чавускага раёна, адтуль, дзе ў 1941-м праходзілі жорсткія баі па выхадзе з акружэння абаронцаў Магілёва. І шмат чаго ад тых баёў заставалася яшчэ ў 1960-я гады на палях і ў лясах. А калі ўлічыць, што вырас я адзін, без бацькі, з бабулей і дзядулем ( маці працавала па вярбоўках на цаліне і ў Сібіры, а бацька загінуў у надзвычайным здарэнні падчас вайсковай службы), то стане зразумелай мая зацікаўленасць ваенным пошукам і лёсам салдат, якіх пабілі тут у 41-м. Да таго ж, з васьмі братоў роднага дзеда Дзяніса шасцёра не вярнуліся з вайны. Такі трагічны лёс сям’і пастаянна будзіў разважанні, дзе не было месца абыякавасці і чэрствасці.

Не сакрэт, што лепшыя творы пра вайну стварылі пісьменнікі-празаікі - яе ўдзельнікі ці сведкі. Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Віктар Астаф’еў, Канстанцін Сіманаў, Мікалай Чаргінец - гэтыя імёны для мяне сёння арыенціры і прыклады таго, як важна акуратна, трапятліва і ўважліва ставіцца да фактаў ваеннай гісторыі. І калі ў Магілёве ці з Мінска журналісты, рэдактары тэлебачання ці сцэнарысты звяртаюцца па экспертную ацэнку той ці іншай ваеннай падзеі, а потым на сумневы апанентаў адказваюць: «Матэрыял глядзеў Барысенка!», то для мяне гэта найвышэйшая адзнака маёй творчай дакументальнай дзейнасці.

- Калі знаёмішся з вашай творчасцю, узнікае вобраз брутальнага, я б сказала, пісьменніка ў сэнсе яе тэматычнага напрамку. Мужнасць. Подзвіг. Вайна. Прычым вайна ў самыя драматычныя ці трагічныя моманты. А яшчэ - памяць. Пераемнасць пакаленняў… Чаму - менавіта ўсё гэта? Грамадзянская пазіцыя? Генетычная памяць?.. Ці нешта іншае?

- Напэўна, усё разам. Справа ў тым, што акрамя пісьменніцкай дзейнасці я займаюся яшчэ і пошукавай працай з моладдзю - практычна па ўсіх войнах, што пракаціліся па Усходняй Беларусі: Паўночная вайна, вайна 1812 года, Першая і Другая сусветныя войны… У 1994 годзе мы стварылі Магілёўскі гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Віккру” і з таго часу дапамагаем родным і блізкім загінуўшых высветліць лёс салдат, што прапалі без вестак, вяртаем гісторыі невядомыя старонкі тых падзей. А іх незлічонае мноства, нягледзячы на тысячы спецыялізаваных фаліянтаў і фільмаў, зробленых у савецкія гады. Я б нават сказаў, што аб’ектыўна пра апошнія дзве сусветныя вайны ў грамадстве больш невядома, чым вядома…

Значны час забірае якраз гэтая праца ў арганізацыі, якой я кірую ўжо 22 гады. Як можна зацікавіць больш як сотню членаў клуба ў неабходнасці такой патрыятычнай дзейнасці без паказу мужнасці і подзвігу на вайне, грамадзянскай пазіцыі і пераемнасці пакаленняў? Да таго ж, сярод нашых членаў - студэнты і гісторыкі, пісьменнікі і навукоўцы, педагогі і краязнаўцы… Вось такі своеасаблівы, лічу, вельмі адукаваны, інтэлігентны пласт грамадства Магілёўшчыны, аб’яднаны патрыятычнай ідэяй. Сярод найбольш актыўных і вядомых - Ігар Марзалюк, Сяргей Бяспанскі, Аляксандр Косцераў, Святлана Хадоркіна, Міхаіл Шымукенус, Уладзімір Якубоўскі ды іншыя. Арганізацыя стала сапраўднай навуковай лабараторыяй па даследаванні вайны і краязнаўства на ўсходзе Беларусі. Менавіта так на справе мы правяраем архіўныя напрацоўкі з прывязкай іх да мясцовасці. А робіцца гэта падчас пошукавых экспедыцый, у школьных музеях, сустрэч са старажыламі і сведкамі падзей. Для творчага чалавека гэтую крыніцу інфармацыі цяжка пераацаніць, і невыпадкова на такіх матэрыялах пабудаваны практычна ўсе мае творы. Працаваць з аднадумцамі адначасова і лёгка, і цяжка, бо пастаянна трэба адпавядаць іх высокім патрабаванням і ўзроўню ведаў. Калі гэтага не будзе, паміж лідарам і калегамі-аднадумцамі ўзнікае бездань, асабліва калі ўлічыць, што кожны тут займаецца сваёй працай добраахвотна, без прымусу і аплаты, у адрозненне ад некаторых «саюзаў і арганізацый», якія пазіцыянуюць сябе як грамадскія, а самі сядзяць на бюджэце.

Дзякуючы падтрымцы абласных улад (я назваў бы імёны Валерыя Малашкі, Андрэя Кунцэвіча, Алега Пішчанкі, Алега Стальмашка і Леаніда Мінава), мы працягваем выключна на грамадскіх пачатках выхоўваць моладзь і служыць на карысць Беларусі. Пэўную дапамогу аказвае і расійскі бок. Кніга, пра якую ідзе размова, выйшла пры фінансавай падтрымцы расійскага пасольства.

- Бачна, што ўганараваная нацпрэміяй кніга сталася вынікам агромністай працы. Архівы, дакументы, ілюстрацыі... І, безумоўна, аб’ём… Як усё гэта нараджалася на свет?

- Адназначна назваць дату, калі пачалося стварэнне кнігі «Эхо Великой войны в Восточной Беларуси (1914 - 1918)», немагчыма. На працягу апошніх прыкладна 10 год забытая тэма Першай сусветнай паціху развівалася: збіраўся матэрыял, складаўся банк дадзеных па Георгіеўскіх кавалерах - ураджэнцах Усходняй Беларусі. Прычым дапамагалі ўсім мірам, людзі прыходзілі, тэлефанавалі, пісалі на электронны адрас, сустракаўся з імі ў раёнах, у музеях, дапамагалі і калегі-краязнаўцы, асабліва з Расіі. Найбольш масава разгарнулася праца ў апошнія 2-3 гады, пасля таго як разам з абласной газетай «Магілёўскія ведамасці» мы распачалі праект «Георгиевские кавалеры: вы были - мы помним!». Далі плён дзясяткі артыкулаў у прэсе, выступленні на радыё, тэлебачанні, перад педагогамі. На сёння вядома ўжо каля 170 Георгіеўскіх кавалераў - нашых землякоў, але я добра разумею, што гэта толькі маленькая цаглінка ў падмурку вялікай высакароднай працы, якую абавязкова трэба працягваць. Тым не менш пакуль што гэта самы буйны банк дадзеных на Беларусі. Дарэчы, царскі поўны Георгіеўскі кавалер (чатыры крыжы IV - I ступеняў) стаіць на адным узроўні з Героем Савецкага Саюза ці кавалерам ордэна Славы трох ступеняў. І пры цару, і пры савецкай уладзе Айчына ў салдата адна. Здзейсніўшы геройскі подзвіг падчас яе абароны, ён годны таго, каб быць ушанаваным сваёй радзімай у памяці нашчадкаў і занатаваным у гісторыі. Спадзяюся, што прыйдзе час, калі звесткі пра поўных Георгіеўскіх кавалераў - ураджэнцаў магілёўскага краю будуць размешчаны на плошчы Славы ў Магілёве.

І такая ёмістая праца ішла толькі над адным з раздзелаў кнігі, хоць і адным з найцікавейшых. Але ж у кнізе ёсць яшчэ раздзелы пра бежанцаў і ваеннапалонных, пра шпіталі, пра Стаўку у Магілёве Вярхоўнага Галоўнакамандуючага расійскай арміі, якая ператварыла наш горад у палітычны цэнтр імперыі, пра цара Мікалая II ды іншыя цікавыя звесткі пра забытую ў савецкі час Вялікую вайну.

Навукова-папулярная дакументалістыка адметная тым, што аўтар пастаянна вымушаны стрымліваць фантазію: максімальнае, што ён можа зрабіць, - гэта акунуцца ў тую эпоху і збоку, як назіральнік, разглядаць падзеі і факты, якія адбываюцца вакол . Тут не можа быць памылак з датамі, імёнамі, падзеямі. А вось у каментарыях, ацэнках, высновах ты адносна вольны, канечне, у залежнасці ад глыбіні пранікнёнасці ў тэму, кругагляду, назапашанага матэрыялу і таго, што хочаш данесці да чытача. Поспех у гэтым жанры, хаця такога жанру ў класічнай літаратуры і не існуе, залежыць ад таленту аўтара ўжо як публіцыста і аналітыка.

- Слоган на вашым персанальным сайце абвяшчае: гісторыю трэба ведаць дзеля таго, каб прымяніць яе ўрокі для сучаснасці. Якія ўрокі, з вашага пункту гледжання, вынікаюць з кнігі для сучаснай гісторыі, у тым ліку айчыннай?

- Займацца гісторыяй для самаўдасканалення ці самаадукацыі - гэта крэда яркіх індывідуалістаў-эгаістаў. Яны не хочуць дзяліцца ведамі з іншымі ці не ведаюць, як гэта зрабіць, акрамя, зразумела, педагогаў-прафесіяналаў. Я не магу доўга трымаць нешта новае толькі ў сабе, як асоба грамадская, абавязкова выкарыстоўваю гэта ў стасунках: у першую чаргу з калегамі, пры выступленнях перад моладдзю ці педагогамі, на тэлебачанні і г. д. Калі ты сапраўдны спецыяліст у сваёй галіне, твае думкі ў гісторыі - маці ўсіх навук - абавязкова будуць запатрабаваны не толькі сярод блізкага акружэння, але і ў грамадстве - на карысць Беларусі.

Калі вярнуцца да нашай тэмы, то можна з упэўненасцю сказаць, што XX стагоддзе пачалося ў 1914 годзе, перш за ўсё таму, што Першая сусветная ў многім сфарміравала вобраз сучаснай цывілізацыі. Не было ніводнай сферы жыцця чалавека, грамадства, якія б не закранула тая вайна. Менавіта тады масава былі прыменены аэрапланы, танкі, падводныя лодкі і атрутныя рэчывы. Сутыкненні мільённых армій упершыню ў сусветнай гісторыі прывялі да мільённых страт.

Спадзяюся, што, нягледзячы на пэўныя ідэйныя прыярытэты, чытач з увагай прыслухаецца да аргументаў і доказаў аўтара, бо ўсе падзеі, іх прычыны і вынікі ў кнізе праламляюцца праз жыцці і лёсы канкрэтных людзей.

Тэзіс «У пачатку вайны ваявалі арміі, а ў канцы яе - народы», - гэта не проста прыгожая фраза. У ім закладзена канстатацыя сутнасці сучаснай вайны, якая ўпершыню адзначана ў ходзе Першай сусветнай. Менавіта гэтыя абставіны (у першую чаргу!), а не маштабы ваенных дзеянняў і колькасць уцягнутых у яе людскіх і матэрыяльных рэсурсаў, дазволілі сучаснікам назваць яе Вялікай вайной. Яе падзеі праз погляд магілёўскага мешчаніна, ваеннапалоннага, мірнага бежанца, прыдворнага чыноўніка, баявога афіцэра складваюцца ў стракатую мазаіку, якая паступова дае падставу для роздуму пра кардынальныя пытанні гісторыі XX стагоддзя.

Для арыентацыі чытача звярну ўвагу на пэўныя паралелі паміж падзеямі 1914 - 1918 гг. і сітуацыяй канца XX - пачатку XXI стагоддзя. Бо менавіта гэтыя абставіны звязаны з акалічнасцямі развалу СССР і, у цэлым, усталяваным пасля Вялікай вайны сусветным парадкам. Асаблівы інтарэс маюць працэсы распаду палітычных інстытутаў, пачынаючы з дэцэнтралізацыі ўлады, падзелу ваенных і адміністратыўных структур, якія ахапілі імперыю ад сталіцы да ўскраін. Многія падзеі 1980 - 1990-х гадоў у СССР, затым у Расіі, а цяпер ва Украіне сведчаць пра тое, што ўрокі Вялікай вайны ў сучасным грамадстве не ўлічаны. І будзе гэта працягвацца да таго часу, пакуль палітычнае кіраўніцтва найбуйнейшых краін свету не дамовіцца паміж сабой аб мірным суіснаванні на планеце Зямля. Без высакамернасці да больш дробных у тэрытарыяльных ці эканамічных адносінах суседзяў.

- Дзякуй, Мікалай Сяргеевіч, за размову. Упэўнена, што вашы новыя працы абавязкова стануць штуршком для яе працягу.

«Звязда»

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «история»:

19.01.2018 - 07:09 | Православные верующие празднуют Крещение Господне

Православные верующие сегодня празднуют Святое Богоявление, Крещение Господне - один из великих непереходящих двунадесятых праздников.

17.01.2018 - 09:08 | Коллекция артефактов в СДК кличевского агрогородка Новые Максимовичи может стать основой для настоящего музея

Директор сельского Дома культуры агрогородка Новые Максимовичи Сергей Щепко уже не первый год буквально по крупицам собирает коллекцию старинных вещей. Их сотни, и они вполне могут претендовать на звание музейных экспонатов.

16.01.2018 - 11:08 | Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве 19 января

Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве 19 января. Об этом сообщили в МГУ им. А.А. Кулешова.

09.01.2018 - 10:18 | Книжная выставка «15 января - 80 лет Могилевской области» работает в Могилевском государственном университете продовольствия

Книжная выставка «15 января - 80 лет Могилевской области» работает в информационно-справочном отделе библиотеки Могилевского государственного университета продовольствия. Об этом сообщили в вузе.

27.12.2017 - 11:58 | Медаль «За отвагу» спустя 72 года вручили ветерану Великой Отечественной войны Максиму Застрелову

В УВД Могилевского облисполкома состоялось торжественное вручение медали «За отвагу» ветерану Великой Отечественной войны полковнику милиции в отставке Максиму Застрелову. Церемонию провел помощник военного атташе при посольстве Российской Федерации в Республике Беларусь майор Илья Мелитовский.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения