Рус Бел Eng 中文

Мсціслаў павінен стаць горадам-музеем

Пра гэта ішла гаворка падчас рыцарскага фэсту.

Нешматлюдны Мсціслаў у мінулую суботу нагадваў сапраўдны курортны горад, дзе днём і ноччу кіпіць жыццё. Прыемна ўразіла і тое, што беларуская мова гучала на святочных вуліцах даволі часта, а людзі ахвотна набывалі сувеніры з нацыянальнай сімволікай. Крыху засмуціла, што гандляры занадта завысілі кошт на беларускія выданні. Прынамсі, на тыя з іх, якія прыходзілася бачыць у кнігарнях. І, мякка кажучы, трохі пакрыўдзіла, што выбар беларускамоўнай літаратуры ў гандлёвых шэрагах быў цікавейшы і шырэйшы, чым у магазінах.

Капліца ў гонар заснавальніка

На Замкавай гары яшчэ ў пятніцу вырас цэлы рыцарскі лагер розных ордэнаў і ваенна-гістарычных клубаў з Беларусі і Расіі. Таксама на свята прыбылі шматлікія афіцыйныя дэлегацыі з суседніх раёнаў Магілёўскай і Смаленскай абласцей, прадстаўнікі абласной улады, вучоныя, духавенства.

— За гады існавання фэсту яго ўдзельнікамі сталі дзясяткі музычных груп, ваенна-гістарычных клубаў, горад наведалі тысячы турыстаў, — адзначыў падчас адкрыцця старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Васіль Віцюноў. — Свята прадугледжвае не толькі вяртанне духа даўніны, гэта найперш за ўсё праслаўленне нашых выдатных продкаў, у крыві якіх жыла любоў да сваёй зямлі і народа.

Адной са значных падзей стала асвячэнне капліцы ў гонар заснавальніка горада Расціслава Мсціслававіча, якая пабудавана непадалёк ад Замкавай гары. Можна казаць, Мсціслаў адзін з нешматлікіх гарадоў, якія знаходзяцца пад аховай святога — мсціслаўскі князь далучаны да ўліку ўгоднікаў Божых і шануецца Беларускай Праваслаўнай Царквой. У гонар нябеснага заступніка горада адбыўся хрэсны ход ад царквы Тупічэўскай іконы Божай Маці. Дарэчы, менавіта там былі выстаўлены для пакланення мошчы блажэннай Матроны Маскоўскай, прападобнай пакутніцы вялікай княгіні Елісаветы Фёдараўны і інакіні Варвары. Вернікі гадзінамі стаялі ў чарзе, каб прыкласціся да гэтых святыняў.

Другое Бярэсце на Замкавай гары

Пра тое, што Мсціслаў — выключны горад і яму трэба прыдаць адпаведны статус, казаў доктар гістарычных навук, загадчык кафедры спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова, прафесар Ігар Марзалюк. За апошні час горад стаў месцам цэлага шэрагу гістарычных адкрыццяў і сенсацый. І на гэты раз Максім Ярмохін, спецыяліст па дэндрахраналогіі, зрабіў сенсацыйнае паведамленне: Мсціслаў, датай заснавання якога лічыўся 1135 год, як мінімум на 80 гадоў старэйшы. Ён гэта высветліў, зрабіўшы аналіз фрагментаў драўніны са старажытнага гарадскога вала.

— Гэта ўнікальны горад, такога няма ва ўсім сусвеце, — радаваўся Ігар Марзалюк. — Горад, без якога гісторыя Беларусі не можа быць прачытана цалкам. Тут нарадзіўся Пётр Мсціславец, які разам з Іванам Фёдаравым надрукаваў першую кнігу ў Маскве і ў Львове; кампазітар Казлоўскі, настаўнік Агінскага — аўтара несмяротнага паланэза; скульптар Мікешын, які стварыў помнікі Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве і ў гонар тысячагоддзя Русі ў Ноўгарадзе. Узгадаем і ўсіх тых, хто будаваў гэты велічны горад і цаной жыцця абараняў яго, калі гэта было трэба. «Мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы», «Мсці́слаў многіх сціснуў» — гэтыя гордыя прымаўкі, якім 600-700 гадоў, вельмі выразна, трапна адлюстроўваюць веліч гэтага характару. Гэты горад і сёння застаецца музеем. Трэба зрабіць так, каб статус стаў афіцыйным, каб Мсціслаў атрымаў права звацца рэспубліканскім гісторыка-культурным запаведнікам. Кажучы словамі нашага беларускага паэта Алеся Разанава: «Рэчы — гэта апошняе цела людзей, што жыве надаўжэй; рэчамі акрэсліваецца мой час, вызначаецца мая прастора». Праз гэтыя рэчы мы ўзгадваем нашых продкаў».

Летась студэнтамі гістфака МДУ імя Куляшова пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка знойдзена шмат унікальных артэфактаў і тая самая драўляная маставая, якая, як высветлілася, датуецца не ХІІ, а ХІ стагоддзем. Горад за час яго існавання тройчы амаль цалкам знішчалі пажары. Але ён уваскрасаў, як той казаў, з попелу. Спецыялісты ўмацавалі сцены пляцоўкі, каб яны не разбураліся і накрылі раскоп тэнтам. «У далейшым ён будзе надзейна закансерваваны і ператвораны ў музей накшталт Бярэсця», — абяцае вучоны.

На фэсце кожны ахвотны змог зазірнуць углыб стагоддзяў і ўбачыць там контуры старадаўняй маставой і нават кузні.

Нагаворнае зелле і метад плацэба

У Мсціславе можна было падзівіцца і на жахлівыя прылады катавання часоў інквізіцыі — калыску Іуды, іспанскае крэсла, маску ганьбы… Пры адным позірку на гэтыя прыстасаванні дрыжыкі беглі па скуры: наколькі ж далёка могуць ісці людзі ў сваёй дзікасці і жорсткасці. Хаця хто ведае, дзе мяжа крайнасці: у галовах тых, дзе нараджаюцца гэтыя смертаносныя рэчы, або тых, хто гатовы сесці на металічныя стрыжні, каб толькі сфатаграфавацца.

А вось выставу-экспазіцыю мясцовых прадпрыемстваў, арганізацый і адукацыйных устаноў нават шукала спецыяльна. Дзе яшчэ можна пабачыць прадметы Сярэднявечча ў параўнанні з сучаснымі? Крэатыўна да справы падышлі медыкі. На іх стале ў колбачках і мензурках чаго толькі не было — нагаворнае зелле, наркоз у выглядзе малатка і нават сродак ад дэпрэсіі ў выглядзе… вяроўкі з пятлёй.

— Мы прадстаўляем медыцыну Мсціслаўскага раёна ў Сярэднявеччы, — паведаміла намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Філіпенка. На час свята яна пераапранулася ў знахарку-вядзьмарку, а яе калега нагадвала крумкача ў адзенні доктара, што працуе ва ўмовах чумы. — Раней лячылі ў асноўным зёлкамі і так званым метадам плацэба. Калі чалавек верыць, яму нічога не страшна. Гэты метад добра дзейнічае і сёння. А вось з лекамі ў Сярэднявеччы было цяжка: калі пачытаць старадаўнія рэцэпты, то можна спужацца — прапануюць узяць кілаграм земляных чарвякоў або барсуковыя лапкі, кавалак скальпа з галавы злодзея, дабавіць анісавы алей, змяшаць, зварыць і мазаць хворыя суставы.

Меч за адвагу

Самым хвалюючым момантам фестывалю, вядома ж, было ўзнагароджанне. Рыцары выкладваліся падчас сутычак так, што ў прамым сэнсе слова валіліся з ног ад стомы. Але нават самыя змораныя знайшлі сілы прыйсці на Цэнтральную плошчу, каб павіншаваць найлепшых.

У намінацыі «Баі Сярэднявечча» першае месца атрымала ваенна-спартыўнае аб’яднанне «Варта» са Смаленска. Баі «Шчыт і меч», напэўна, адны з самых жорсткіх, бо рыцары на рысталішчы б’юцца адзін на адзін. У намінацыі перамог прадстаўнік клуба «Крыжаносец» Аляксей Антонаў, у якасці падарунка ён атрымаў меч. У турніры лучнікаў не было роўных Аляксандру Кражаву — кіраўніку мінскага клуба лучнікаў Bow’s club. І ўпершыню на фестывалі адбыўся турнір троек, дзе бой ішоў паміж рыцарамі і іх збраяносцамі. І тут пальму першынства ўзялі «Птахі».

Але ніхто з удзельнікаў не застаўся без увагі. Кожны атрымаў дыплом і падзякі. А раніцай горад апусцеў. Каб праз год зноў ператварыцца ў цэнтр Сярэднявечча.

Нэлі Зігуля, “Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «мнение»:

26.04.2018 - 10:25 | Дмитрий Янков: консолидация общества - залог поступательного движения вперед во всех сферах

Консолидировать общество и все отрасли экономики, чтобы добиться поступательного и положительного движения вперед - один из основных посылов Послания Президента белорусскому народу и Национальному собранию.

28.03.2018 - 08:24 | Могилеву нужно активней работать по привлечению инвестиций – Михаил Мясникович

Могилеву нужно активней работать по привлечению инвестиций. Такое мнение высказал по итогам совещания членов Президиума Совета Республики, которое прошло в ОАО «Моготекс», председатель Совета Республики Михаил Мясникович.

21.03.2018 - 23:34 | Театральный форум «М@rt. контакт» стал символом творческого поиска - Василий Черник

Международный молодежный театральный форум «М@rt. контакт» стал символом настоящего творческого поиска и смелого художественного эксперимента. Об этом заявил сегодня на торжественном открытии мероприятия начальник главного управления культуры и аналитической работы Министерства культуры Беларуси Василий Черник.

05.03.2018 - 08:40 | Перспективы развития Могилевской области в наращивании инвестиционной активности – Виктор Некрашевич

Перспективы развития Могилевской области в наращивании инвестиционной активности, создании новых и модернизации действующих производств. Такое мнение высказал заместитель председателя Могилевского облисполкома Виктор Некрашевич, комментируя отчет правительства, Национального банка, облисполкомов и Минского горисполкома об итогах работы экономики за 2017 год и задачах по обеспечению устойчивого экономического роста.

23.02.2018 - 08:56 | Динара Алимбекова: мы готовились к этой эстафете и доказали, что лучшие

Спортсменка из Могилевской области Динара Алимбекова поделилась впечатлениями от выступления в эстафете, которая стала золотой для отечественных биатлонисток.