Вверх

Вы здесь

На музей Алеся Адамовіча ў Глушы грошы трэба збіраць усім светам

«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця музея Алеся Адамовіча. І зараз, відавочна, трэба больш увагі ўдзяляць таму, як асвойваюцца грошы, што паступілі на спецыяльна створаны рахунак, якія прадпрымаюцца дзеянні для стварэння музея. Не выключана, што гэты вопыт таксама будзе карысным. У Беларусі шмат населеных пунктаў, дзе нарадзіліся выдатныя асобы. Каб увекавечыць іх памяць, у дзяржавы, на жаль, не хапае грошай. Наш праект — наглядны прыклад таго, як самім зрабіць нешта карыснае для сваёй маленькай радзімы.

Шукаем аднадумцаў

Музей у Глушы з самага пачатку разглядаўся як праект прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Гэта значыць, што грошы на яго будаўніцтва трэба збіраць усім светам. Разліковы рахунак, створаны сёлета, і першыя ахвяраванні на ім — сведчанне таго, што зацікаўленасць ёсць. Але справы ідуць марудна. Спачатку здавалася, што дастаткова стварыць рахунак і грошы на яго так і пасыплюцца. Але становіцца відавочным, што гэтага мала. На пачатак лістапада на рахунку было крыху больш за 900 рублёў, прычым апошнія некалькі месяцаў ён зусім не папаўняўся. Стала зразумела і тое, што абмяжоўвацца нейкімі лакальнымі мерапрыемствамі таксама нельга, гэтым не запаліш астатніх.

Каб зрушыць справы з мёртвай кропкі, разам з зацікаўленымі сябрамі і калегамі арганізавалі «круглы стол» і запрасілі тых людзей, якія неяк могуць паўплываць на сітуацыю.

Усё рабілася на выключна добраахвотных пачатках, кожны меў права адмовіцца, але ж ніхто гэта вуснае запрашэнне не праігнараваў, некаторыя ўдзельнікі прыехалі з Бабруйска і нават з Мінска. Абмеркаваць будучыню музея прыйшлі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ, дырэктар абласной бібліятэкі імя Леніна Ілона САРОКІНА, намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Святлана НОСАВА, старшыня Глушанскага пасялковага Савета Марыя СУШЧАНКА. Знайшлі час у сваім шчыльным графіку і завіталі ў Магілёў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар МАРЗАЛЮК і Алена АНІСІМ. З Мінска прыехала і дачка пісьменніка Наталля АДАМОВІЧ. За «круглым сталом» сабраліся прадстаўнікі ўлады і грамадскіх аб'яднанняў, праектнай арганізацыі, дэпутаты, гісторыкі, журналісты, прыхільнікі творчасці пісьменніка — усяго каля 30 чалавек. Лідары і актывісты, людзі, якія не заўсёды сыходзяцца ў сваіх поглядах на нейкія падзеі, дзве гадзіны канструктыўна размаўлялі на надзённую тэму — «Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадства і ўлады». За плячыма суразмоўнікаў «круглага стала» карысны вопыт і асабістыя прыклады рэалізацыі праектаў. Напрыклад, кандыдат філалагічных навук, старшыня абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў КЛІМУЦЬ мае вопыт збору сродкаў для вырабу памятных дошак у гонар Магдэбургскага права. Сёлета яны ўжо паявіліся ў некалькіх раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці. А кандыдат гістарычных навук Ігар ПУШКІН стаяў каля вытокаў стварэння музея гісторыі горада Магілёва, які зараз паспяхова працуе ў сценах адноўленай ратушы. І яны гатовы рэалізаваць свае веды ў патрэбным кірунку.

...Па выніках двухгадзінных перамоў быў створаны план першапачатковых дзеянняў. Кожны прапанаваў свае варыянты папаўнення рахунку. Канчатковая сума пакуль не агучвалася, але, як паведаміў дырэктар цэнтра па рэстаўрацыі Марат АБДУЛІН, для распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі спатрэбіцца 12 000 рублёў. І як толькі 40% ад гэтай сумы акумулюецца на рахунку, можна будзе пачынаць справу.

Добрым вынікам сустрэчы стала стварэнне грамадскай рады, у якую ўвайшлі дасведчаныя ў такіх справах людзі. Андрэй Кунцэвіч паабяцаў, што ў склад рады ўвойдзе і прадстаўнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і што ён асабіста будзе дапамагаць радзе ў вырашэнні пытанняў, звязаных са стварэннем музея.

Вялікія спадзяванні ўскладаюцца таксама на Ігара Марзалюка і Алену Анісім, якія паабяцалі звярнуцца да ўрада краіны. Бо, як трапна выказаўся Ігар Аляксандравіч, Адамовіч — чалавек нацыянальнага маштабу, ён належыць не толькі Глушы, не толькі Бабруйшчыне, не толькі Магілёўскай вобласці. Усе творы Алеся Адамовіча напоўнены ярасным абвяржэннем вайны, увагай да звычайных людзей, якія становяцца заложнікамі лакальных і міждзяржаўных канфліктаў. Усё гэта сёння актуальна як ніколі. Ігар Марзалюк і Алена Анісім выказалі гатоўнасць падняць пытанне аб стварэнні музея на нацыянальным узроўні. Музей у Глушы мае ўсе падставы стаць філіялам Музея гісторыі беларускай літаратуры.

— Менавіта Алесь Адамовіч, як адзін з самых знакавых пісьменнікаў Беларусі XX стагоддзя, чалавек, які ўсё жыццё змагаўся з праявамі нацыянальнага радыкалізму, нацызму, які напісаў геніяльныя творы «Карнікі» і «Хатынская аповесць» (па іх матывах пастаўлены фільм «Ідзі і глядзі»), які заклаў падмурак сучаснай беларускай ідэнтычнасці, тэксты якога, як ніякія іншыя, служаць беларускаму народу, заслугоўвае асаблівай павагі і ўдзячнасці ад сваіх нашчадкаў. І я, як старшыня Пастаяннай камісіі, абавязкова пастаўлю гэта пытанне на парадак дня Парламенцкай камісіі. Калі мы збіраемся зрабіць усё якасна, тут без нацыянальнага ўзроўню не абысціся, — падкрэсліў Ігар Марзалюк.

Класікаў трэба ведаць у твар

Алесь Адамовіч, які хоць і нарадзіўся ў Канюхах Мінскай вобласці, але менавіта Глушу лічыў сваёй малой радзімай. Яго «Карнікі», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой» — своеасаблівы летапіс трагічных, жахлівых падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Бабруйскага і Кіраўскага раёнаў. Гэтых твораў, на жаль, у асноўнай школьнай праграме няма. Не дзіўна, што пра свайго славутага земляка школьнікі амаль што нічога не ведаюць. Але гэта не значыць, што іх тэма не цікавіць. Калі на дзвярах магілёўскай школы №34 з'явілася аб'ява, што для вучняў 10—11 класаў ладзіцца сустрэча з дачкой пісьменніка Наталляй Адамовіч, вучні сёмага класа самі выказалі жаданне там прысутнічаць. Але спачатку настаўнікі дапамаглі ім ліквідаваць прабел у ведах, азнаёмілі з біяграфіяй пісьменніка і яго творамі. А для старшакласнікаў быў спецыяльна арганізаваны прагляд фільма «Ідзі і глядзі». У выніку зала была поўная. Наталлю Адамовіч не адпускалі амаль 2 гадзіны, хаця планавалася абмежавацца адной. Пытанні так і сыпаліся. Потым яшчэ столькі ж Адамовіч гутарыла з чытачамі магілёўскай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Гэтыя сустрэчы арганізаваў старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Д'ячкоў, які пасля пасяджэння «круглага стала» актыўна ўзяўся за справу. «Мы дамовіліся з Наталляй Аляксандраўнай, што падобныя мерапрыемствы будуць ладзіцца ў Магілёве і далей, — удакладніў ён. — Збіраемся звярнуцца ў гарадское ўпраўленне адукацыі з прапановай, каб і ў іншых школах знайшлі магчымасць арганізаваць кінапрагляды фільма «Ідзі і глядзі». У планах грамадскай арганізацыі распрацаваць таксама турыстычны маршрут з наведваннем Глушы, каб была магчымасць пабываць на месцы падзей, апісаных у раманах Адамовіча, а потым завітаць на могілкі, дзе пахаваны пісьменнік і родныя для яго людзі.

Дарэчы, размова за «круглым сталом» падштурхнула і іншых да больш актыўных дзеянняў. Пасля гэтага стаў зноў папаўняцца дабрачынны рахунак. На працягу месяца сума на ім узрасла да 1250 рублёў. Свой унёсак зрабіла Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, асабіста гісторык Ігар Пушкін, іншыя ахвяравальнікі. І працэс працягваецца. «На абласным семінары метадыстаў раённых бібліятэчных сетак мы распаўсюдзілі інфармацыю пра збор сродкаў для музея з просьбай па магчымасці адгукнуцца», — паведаміла дырэктар абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна. Супрацоўнікі ўстановы таксама сабралі энную суму, каб асабіста далучыцца да справы. Дадатковыя сродкі плануецца прыцягнуць за кошт паказу дабрачынных спектакляў, фільмаў, канцэртаў.

У Бабруйскім раёне разглядаецца магчымасць надання імя Алеся Адамовіча адной з тутэйшых бібліятэк. Як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіна ЧАРНОВА, хутчэй за ўсё гэта будзе Глушанская пасялковая бібліятэка. Але рашэнне яшчэ не канчатковае. Спачатку будзе праведзена грамадскае абмеркаванне.

Лісты ад імя назіральнай рады з прапановай падтрымаць ідэю са стварэннем музея ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна накіраваны ў Міністэрства культуры і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы. «Адамовіч ніколі не аддзяляў сябе ад народа, радзімы, нягледзячы на тое, дзе ён працаваў. Ён ініцыятар стварэння ўнікальных кніг народнай памяці — «Я з вогненнай вёскі», якую рабіў разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам, і «Блакаднай кнігі», матэрыял для якой збіраў разам з Даніілам Граніным. Трэба, каб яго імя было ўшанавана», — гаворыцца ў звароце.

Нагадваем, што дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ СБ «Беларусбанк», код 760, г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Увага! Указанне назначэння плацяжу прынцыповае! Гэты доўгі сказ абавязкова павінен быць пазначаны на банкаўскім дакуменце. А вось сума, якую вы ахвяруеце, — не мае значэння. Галоўнае, што сваім удзелам вы падтрымаеце добрую ініцыятыву!

Наступны год для Алеся Адамовіча юбілейны: спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, і гэта добрая нагода для таго, каб адзначыць дату канкрэтнымі справамі.

Газета "Звязда", Нэлі ЗІГУЛЯ

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «мнение»:

17.10.2017 - 15:42 | В Беларуси активно развивается сотрудничество по вопросам трудоустройства беженцев - Жан-Ив Бушарди

В Беларуси активно развивается сотрудничество по вопросам трудоустройства беженцев.

27.09.2017 - 19:31 | Андрей Кунцевич: Работу на периферии молодые педагоги должны рассматривать как время широких возможностей

Работу на периферии молодые педагоги должны рассматривать как время широких возможностей. Такое мнение высказал заместитель председателя Могилевского облисполкома Андрей Кунцевич на встрече с преподавателя региона, получившими распределение в учебные заведения региона в 2016-2017 годах.

19.09.2017 - 12:21 | Чым сёння ганарыцца Глускі раён

Глускі край славуты сваімі лясамі - яны тут займаюць больш за палову тэрыторыі. А тутэйшыя землі багатыя выкапнямі ў выглядзе нафты, сапрапеляў, торфу, гліны. Ды і людзі тут жывуць руплівыя і адказныя, могуць працаваць якасна і творча.

18.09.2017 - 21:08 | Беларусь обеспечила открытый доступ для СМИ на учении «Запад-2017» - канадский журналист

Беларусь обеспечила открытый доступ для СМИ на стратегическом учении вооруженных сил Беларуси и России «Запад-2017», отметил шеф бюро Канадского телевидения Реймонд Сент-Пьер, который принял участие в освещении второго этапа учения на полигоне Ос

12.09.2017 - 08:56 | РЕПОРТАЖ: Учение «Запад-2017» - последние штрихи подготовки

Через два дня на полигоне ракетных войск и артиллерии под Осиповичами станет по-настоящему жарко - будут взрываться снаряды, вестись поражение целей и условного противника. Здесь развернется стратегическое учение вооруженных сил Беларуси и России «Запад-2017».

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения