Рус Бел Eng 中文

Народны фальклорны ансамбль «Паршынскія зоры” з Горацкага раёна адсвяткаваў 25-годдзе творчай дзейнасці

Народны фальклорны ансамбль «Паршынскія зоры” Паршынскага цэнтра культуры, што ў Горацкім раёне, адсвяткаваў 25-годдзе творчай дзейнасці. З гэтай нагоды ў райцэнтры прайшла святочная вечарына.

Удзельніц ансамбля, а ім пад і за 80 гадоў, віншавалі лепшыя творчыя калектывы раёна, прадстаўнікі ўлады, выкладчыкі і студэнты БДСГА, з якімі ў спяваючых і яшчэ танцуючых бабулек наладжаны творчыя сувязі. Дарэчы, і просты горацкі глядач засведчыў сваю павагу да “Паршынскіх зор”: зала РЦК была паўнюткай.

Нягледзячы на жыццёвы і творчы ўзрост, ансамбль, якім цяпер кіруе вопытны культработнік Любава Уладыка, “ззяе” ўсё ярчэй. Ужо каля дзясятка разоў ён “засвяціўся” на тэлебачанні, быў героем шматлікіх газетных публікацый. Ні адно раённае мерапрыемства не праходзіць без “Паршынскіх зор”. Свой вопыт выканаўцы народных песень перадаюць маладым паршынцам. У ансамбля ўжо ёсць два калектывы-“спадарожнікі”: “Суседкі” і “Зорачкі”, якія таксама спецыялізуюцца на фальклоры.

Раённая ўлада ў чарговы раз падкрэсліла сваю павагу да вядомага на ўсю краіну калектыву, заахвоціўшы яго сваёй самай галоўнай узнагародай – Ганаровай граматай.

“Горацкі веснік”

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна