Вверх

Вы здесь

Памяць клімавіцкай зямлі

Эпапея Вялікай Айчыннай вайны ўсё далей адыходзіць у глыб гісторыі. Усё менш становіцца ўдзельнікаў кровапралітных баёў, сведак тых падзей. Толькі подзвіг і ахвяры беларускага народа, вынікі мінулай вайны, цана Вялікай Перамогі і шматлікія даты ваенных гадоў навек застануцца ў гістарычнай памяці беларусаў.

Да такіх дат адносяцца і дні вызвалення кожнага населенага пункта Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Што ні дата — то асабістая гісторыя, якая складала летапіс Другой сусветнай вайны. Пагартаць гэтыя старонкі прапануецца ў праекце «Дарогамі вызвалення».

…Восень 1943 года. Эпіцэнтрам падзей Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсход Беларусі. Вызваляючы родную зямлю ад гітлераўцаў, Чырвоная Армія паступова пракладвае шлях да Перамогі. Дзень за днём савецкія войскі нясуць насельніцтву глыток жыцця і подых волі. Аднаўляюцца прадпрыемствы — ажываюць гарады. У комінах хат віднеецца дымок — адраджаюцца вёскі. Людзі вяртаюцца дамоў. Каму пашанцавала — у больш-менш цэлыя хаты. Каму не — на руіны, папялішчы… І пачынаюць будаваць жыццё наноў, быццам толькі што з’явіліся на свет.

Гэтыя часіны сталі другім днём народзінаў для кожнага горада, вёсачкі, чалавека. Для клімавіцкіх жыхароў такім днём стала 28 верасня 1943 года.

Калі 18 верасня 1943 года Цімафей Бурдзілаў быў адкліканы з Беларускага штаба партызанскага руху ў ЦК КПБ, у Маскву, ён не разлічваў там сустрэць сваіх таварышаў з суседніх раёнаў. Больш за тое, не спадзяваўся ён, што першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка павіншуе іх з перамогай Чырвонай Арміі на Бранскім фронце і з яе набліжэннем да межаў Беларусі. Гэта была адзіная радасная навіна за апошні час!

Узнікла неабходнасць стварыць аператыўныя групы на першыя 3 раёны БССР — Хоцімскі, Касцюковіцкі і Клімавіцкі. Кожнай групе далі грузавую машыну, на якой змяшчаўся друкаваны станок, папера і іншыя рэчы, неабходныя для выпуску звароту да насельніцтва і першага нумара газеты. Былі выдадзены дакументы, у якіх акрэслівалася месца дыслакацыі кожнай групы, а таксама ўказанні, якія яны павінны выконваць. Цімафей Бурдзілаў і тры яго таварышы былі накіраваны ў Клімавіцкі раён. Яго прызначылі першым сакратаром райкама КПБ.

«27 верасня ў 18.00 мы былі ў Лазавіцы, што пад Клімавічамі. Ваенныя таварышы, якія вартавалі мост, у райцэнтр нас не прапусцілі, бо ў Клімавічах яшчэ ішоў бой, а таксама ўчастак дарогі быў замініраваны, — успамінаў Цімафей Іванавіч. — Больш нічога не заставалася, як тут застацца і ўсю ноч з нецярпеннем чакаць раніцы. Толькі развіднела, як мы выехалі з Лазавіцы і каля 7 гадзін раніцы прыбылі ў Клімавічы, спыніўшыся насупраць будынка банка. Горад гарэў, навокал — дым, агонь, папялішчы… Ацалелыя будынкі — банк, пошта і райвыканкам — былі замініраваны».

…Баі за вызваленне Клімаўшчыны пачаліся 26 верасня і доўжыліся пяць дзён. За раён змагаліся войскі дзвюх армій — 10 й Заходняга фронту на чале з Васілём Паповым і 50 й Бранскага фронту, камандзірам якой быў Іван Болдзін. Ад паўднёвай мяжы Клімавіцкага раёна з Шумяцкім, што ў Смаленскай вобласці, па мерыдыяне Ходунь — Дамамерычы — Клімавічы — Аўтухоўка да мяжы з Касцюковіцкім раёнам каля вёскі Мурын Бор — 40 кіламетраў. Вызваляючы Клімаўшчыну, войскі 10 й арміі перайшлі гэты мерыдыян фронтам у 8 кіламетраў. Армія наступала ў кірунку Раслаўль — Крычаў. Па тэрыторыі Клімавіцкага раёна ў першым эшалоне наступаючых войскаў ішлі дзве стралковыя дывізіі — 385 я і 212 я.

Першымі на клімавіцкую зямлю і ўвогуле на тэрыторыю Беларусі ступілі войскі 238 й стралковай дывізіі 50 й арміі пад камандаваннем генерал-маёра Івана Краснаштанава. Яго загад «Да раніцы памерці, але станцыя павінна быць нашай» назаўсёды застаўся ў памяці стралка 2 га батальёна 837 га палка дывізіі Мікалая Кірылава, які адзін з першых уварваўся ў падпалены горад:

«Немцы нас не чакалі: у некаторых хатах заставаліся недаедзеныя фрыцамі сняданкі. Суседні полк (калі не падводзіць памяць — 835 ы) з ходу пайшоў на Крычаў, а мы на працягу амаль усяго дня вялі жорсткі бой за чыгуначную станцыю Клімавічы… Там я страціў аднаго з лепшых сваіх сяброў — Сямёна Цімафеева. Толькі пад вечар у нас атрымалася выбіць немцаў з іх пазіцый на станцыі (даволі выгадных для іх, бо, наколькі я памятаю, станцыя знаходзілася ў адносінах да нас на пануючай вышыні). Усю ноч пад дажджом мы пераследавалі іх на шляху Гута — Барысавічы. Барысавічы мы занялі толькі ноччу, дзе адпачывалі да раніцы. На золку, фарсіраваўшы Сож, рушылі на Чэрыкаў, а далей — на раку Проню».

Войскі 50 й арміі вызвалілі каля 80% тэрыторыі Клімавіцкага раёна. З гэтай арміяй звязаны тысячы лёсаў клімаўчан. Дарэчы, у ёй служыла воінаў-клімаўчан больш, чым у любой іншай арміі і ў любым іншым родзе войскаў узброеных сіл былога СССР! Вызваляючы сваю малую Радзіму, вайскоўцы клапаціліся аб тым, каб іх зямля не зведала жорсткіх кровапралітных бітваў.

А іх амаль і не было. Немцы пастаянна адступалі. Яны нават не рабілі спробы контрнаступлення. На гэта ў іх не было ні сіл, ні сродкаў, ні планаў. У тыя дні не толькі на Клімаўшчыне, а і па ўсёй тэрыторыі ўсходняй Магілёўшчыны тактыка войскаў вермахта зводзілася да стварэння асобных апорных пунктаў, усталявання паміж імі добрай сувязі і ўзаемадзеяння. Адным словам, яны спрабавалі зрабіць ілюзію загадзя падрыхтаванай абароны.

— Баявыя дзеянні савецкіх войскаў з апорнымі пунктамі звычайна зводзіліся да непрацяглых артылерыйска-мінамётных і кулямётных перастрэлак, — расказвае мясцовая краязнаўца Алеся Мартыненка. — Праз лічаныя гадзіны немцы, эфектыўна выкарыстаўшы боепрыпасы на абстрэл перадавых падраздзяленняў савецкіх войскаў, на машынах хутка адрываліся ад пераследнікаў за чарговымі апорнымі пунктамі. Адступалі яны арганізавана, у палон здаваліся рэдка, амаль не пакідалі параненых і забітых. Свае баявыя страты ў некалькі разоў перавышалі страты праціўніка: у баях за вызваленне Клімавіцкага раёна ад акупантаў загінула 135 ваеннаслужачых Чырвонай Арміі!

Праўда, сказаць, што вызваленне Клімавіцкага раёна прайшло ціха-мірна, — значыць, не сказаць нічога. Каля вёскі Родня, што непадалёку ад райцэнтра, кроў лілася ракой. Менавіта тут падчас баёў за Клімаўшчыну панесла свае асноўныя страты Чырвоная Армія. Сёння пра гэтую трагедыю нішто не нагадвае. У полі, дзе некалькі дзесяцігоддзяў таму склалі галовы салдаты, буяе хмызняк, пасвяцца каровы, зрэдку ў сенакосе гуляюць дзеці… Побач — вёска. Жыве. Нават атрымала статус аграгарадка. Толькі яна памятае, што адбывалася літаральна на яе вачах. Цікава, а ці засталіся тыя, хто можа гэтыя ўспаміны агучыць?

Шпацыруем па вясковай сцежцы, парослай быльнёгам і няскошанай травою. «Напэўна, няма каму касіць ці ўжо не па сілах», — прыходзім да высновы. І гэта нам толькі на руку: надзея на тое, што можам адшукаць сведак тых падзей, не знікае. І сапраўды, абышоўшы некалькі хат, аказваемся ў патрэбным месцы. Толькі яшчэ самі пра гэта не здагадваемся.

Адчыняем брамку, як на нас выліваецца гучны брэх сабакі. Яго ніхто не супакойвае, цішыня і ў хаце. Дзе людзі? Калі дзверы не замкнуты, значыць, дзесьці побач… У агародзе, збіраюць ураджай — кавуны больш як па 30 кілаграмаў выраслі! І яны іх цягаюць, спрабуюць спарадкаваць! Ёй — каля 80, яму — крыху больш.

Просячы прабачэння, што адарвалі ад работы, пытаемся мужа і жонку Лук’янавых, ці ведаюць яны што-небудзь пра баі каля Родні?

— А як жа! Я ж тут нарадзіўся! — усхвалявана гаворыць Аляксандр Сямёнавіч.

— Я не тутэйшая, але з Клімавіцкага раёна. Толькі таксама ўсё помню: баі былі такімі моцнымі, што нават у нас, у вёсцы Новы Дзедзін, і чуваць, і відаць было, — дадае Ганна Фёдараўна.

Аляксандр Лук’янаў быў 11 гадовым хлопцам, як ля Родні пачаліся баі. Тады ён і падумаць не мог, што гэта апошняе, што трэба перажыць.

— Раніцай выйду з акопа, такая моцная страляніна навокал, што немагчыма! — успамінае ён. — І днём страляюць, і ноччу…

Немцы ў вёску прыйшлі ў жніўні 1941 га. Прагнаўшы мясцовых жыхароў, занялі хаты, якія не паспелі знішчыць, і месціліся тут ажно да самага вызвалення. Як і ўсе раднянцы, калі было ціха, Лук’янавы жылі ў вёсцы, як толькі адчувалі блізкую пагрозу — ішлі ў лес. Адсюль і назіралі за апошнімі баямі на іх зямлі.

— Сядзім у акопе, і маці кажа мне, каб я вярнуўся ў вёску хоць па аднаго парсючка: у хаце ўся гаспадарка засталася, — успамінае Аляксандр Сямёнавіч. — Спрабую неяк па равах дабрацца, як раптам з Касцюковіч едуць нямецкія машыны. За імі — на конях партызаны. Страляніна — і немцы зніклі гэтак жа хутка, як тут і апынуліся. Вырашыў не рызыкаваць, вяртаюся назад у лес. І тут бачу немцаў, якія ідуць сюды ўжо з боку Хоцімска. А тут іх чакаюць партызаны. Куды дзецца, не ведаю. Ляжу ў лагчыне і назіраю. Праз гадзіну ўсё скончылася. Цішыня. Іду ў лес, як раптам з бальшака, дзе толькі што была страляніна, мне насустрач паўзе адзін наш, а на сабе цягне параненага. Я ім паказаў, дзе можна перадыхнуць у лесе. Пасля па яго прыйшлі партызаны і забралі ў лагер.

Ганне Фёдараўне было 7 гадоў, калі пачалося вызваленне. Але яна ўсё памятае: як немец наступаў, як яны з маці, сястрой і сляпым дзедам сядзелі ў зямлянцы. Памятае і тое, як у тыя значныя для Клімаўшчыны дні разведчыкі, якія праязджалі праз вёску, казалі яе маці: «Бабуля, вораг ужо блізка».

— Толькі селі ў зямлянку, як з’явіліся немцы, — расказвае яна. — Выгналі нас адтуль і, быццам шукаючы нешта, паролі посцілкі, якімі мы накрываліся. Дзякуй Богу, што нас не чапалі.

Мужна змагаліся раднянцы і на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Адным з іх быў Леанід Бутэлін, які ў першыя гадзіны вайны здзейсніў паветраны таран. Загад знішчыць фашысцкіх бамбавікоў, якія пераляцелі мяжу, быў выкананы. Загінуў і сам герой. За гэты подзвіг быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Развітаўшыся са сведкамі тых падзей, з якімі нам пашчасціла пагутарыць, мы адправіліся на месца спаленай немцамі вёскі. Па дарозе да Карпачоў нечакана для нас адбыўся незапланаваны прыпынак у Канахоўцы. Праз акно мы ўбачылі адзінокую бабульку, якая сумавала на лавачцы. Нешта мне падказала, што трэба спыніцца. Не памылілася!

Жанчына вельмі здзівілася новым людзям. На імгненне на яе суровым твары з’явілася ўсмешка: неспадзявана «намаляваліся» суразмоўцы. Бабулю рэдка наведваюць госці. Таму свайго задавальнення яна не таіла.

Ніна Асмалоўская ў Канахоўцы нарадзілася. Тут перажыла амаль усю вайну. Жыве ў бацькоўскім доме і цяпер.

— Я была малая, калі пачалася вайна: 5 гадоў толькі споўнілася, — хвалюючыся, расказвае жанчына. — Памятаю і за вызваленне. Мы з маці і брацікам былі ў лесе, хаваліся ў акопе. Вораг быў побач. Пачалася страляніна, стаяў моцны гул. Вядома ж, я малая, плачу. Каб зберагчы дзяцей, маці нас схапіла і павяла з лесу ў бок вёскі Гразі.

Калі пасля вярнуліся, хаты ўжо не было. Толькі папялішча нагадвала пра яе. «Маці як заплача! — успамінае яна. — Але што ж зробіш, трэба было жыць далей…»

Да нас падышла суседка Ніны Віктараўны. Цікаўнасць перапаўняла: хто гэта наведаўся да яе сяброўкі?

— Раскажы пра вайну, ты ж помніш! — загадвае ёй Ніна Віктараўна.

— Дык і ты ж помніш! — адказвае Еўдакія Карабанава і пачынае свой аповед: — Калі настала вайна, мне было 8 гадоў. Я жыла ў Гусарцы, што недалёка адсюль. Перад вызваленнем тры дні жылі ў лесе. Пілі балотную ваду, елі бульбу, якую кралі на полі. Той дзень, 28 верасня 1943 года, калі вызвалялі наш раён, памятаю добра. Прыехалі да нас у лес салдаты, маладыя, гадоў па 20, і кажуць: «Вы вызвалены, выходзьце з лесу, ідзіце дахаты». Прыйшлі. Не засталося ніводнага двара: хаты спалены, скаціна забітая, нават лазні не было! Радаваліся толькі таму, што жывыя засталіся. Паехалі хто куды — у тыя вёскі, якія былі больш-менш цэлымі. Прасіліся жыць да чужых людзей. Вядома ж, такую сям’ю, дзе шасцёра дзяцей, ніхто браць не хацеў. А ўжо падыходзіла восень, і трэба было хоць дзе-небудзь прытуліцца. Але знайшліся добрыя людзі…

Вечарам 28 верасня 1943 года ў Клімавічы прыбыў партызанскі атрад, камандзірам якога быў Уладзімір Маркаў. На цэнтральнай плошчы горада адбыўся мітынг. Першы сакратар Клімавіцкага райкама Цімафей Бурдзілаў павіншаваў мясцовых жыхароў з вызваленнем горада і раёна. Пачалося мірнае жыццё…

“Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «история»:

08.12.2017 - 09:54 | Могилевская область 15 января отметит 80 лет со дня основания. По страницам истории

15 января 1938 года на карте огромной тогда страны - Советского Союза - появилась Могилевская область. Решение об ее образовании приняла первая сессия Верховного Совета СССР. Начался отсчет современной истории Приднепровского края.

07.12.2017 - 11:12 | В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси

В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси.

22.11.2017 - 10:53 | В Кировском районе поисковики обнаружили останки советских самолетов, сбитых летом 1941-го

В Кировском районе в ходе поисковой экспедиции могилевские историки и краеведы обнаружили фрагменты одного из советских самолетов, сбитых здесь фашистами летом 1941 года. Всего между деревнями Зеленая Роща и Забуднянские Хутора в самом начале Великой Отечественной немцы уничтожили 4 бомбардировщика СБ-2… Благодаря воспоминаниям очевидцев-старожилов поисковикам удалось установить уже несколько имен погибших летчиков.

14.11.2017 - 11:53 | Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года

Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года. Об этом сообщили в МГУ им. А.А. Кулешова.

10.11.2017 - 11:28 | Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова»

Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова». Мероприятие приурочено к 102-летию со дня рождения писателя, сообщили корреспонденту сайта в общественном объединении «Русское культурно-просветительское общество».

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения