Рус Бел Eng 中文

Пераважная большасць фіналістаў конкурсу эсэ, прысвечанага 70-годдзю Перамогі савецкага народа у Вялікай Айчыннай вайне — вучні вясковых школ

Пераважная большасць фіналістаў конкурсу эсэ, прысвечанага 70-годдзю Перамогі савецкага народа у Вялікай Айчыннай вайне — вучні вясковых школ, паведаміў дацэнт кафедры журналістыкі, кандыдат філалагічных навук Мікалай Караткоў. З 12 пераможцаў конкурсу ў чатырох намінацыях — 10 менавіта вясковыя дзеці, удакладніў суразмоўца.

Конкурс эсэ праводзіўся на пачатку 2015 года кафедрай журналістыкі МДУ імя А. А. Куляшова сумесна з упраўленнем ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магаблвыканкама. Ад удзельнікаў патрабавалася не толькі апісаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але і асэнсаваць іх з пункту погляду сучаснасці. Вынікі конкурсу, у якім прынялі ўдзел без малога 130 вучняў з абласнога цэнтра і ўсіх раёнаў Магілёўшчыны, былі падведзеныя 21 лютага ва ўніверсітэце.

«Асабліва ўсцешвае тое, што большасць эсэ фіналістаў і пераможцаў конкурсу заснаваныя на сямейных гісторыях — вучні, у прыватнасці, распавялі пра тое, як іх родныя перажылі вайну. Многія напісалі пра дзядуль і бабуль, якія вызвалялі Беларусь ад ворага ў 1944 г. Да эсэ прыкладаюцца фотаздымкі, успаміны, якія могуць мець цікаўнасць для краязнаўцаў і гісторыкаў», — заўважаюць на кафедры журналістыкі.

«Я даведалася пра гісторыю аднаго салдата са слоў яго жонкі, Маеўскай Ганны Мікалаеўны (дзявочае прозвішча — Кунцэвіч), — піша адна з фіналістак конкурсу, вучаніца Ленінскай школы Бабруйскага раёну Тамара Аляксеева. — Маеўскі Мікалай Пятровіч, так звалі салдата, нарадзіўся ў 1923 годзе. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны яму было ўсяго 19 гадоў. Але жорсткія ўмовы жыцця хутка загартавалі юнака. Пайшоўшы на вайсковую службу, ён імкнуўся знайсці якую хвілінку, каб трошкі напісаць бацьку, каб толькі сказаць: «Тата, я жывы…».

«Падобных шчымлівых радкоў у работах, якія мы атрымалі, дастаткова шмат, — распавядае Мікалай Караткоў. — Вайна ў іх адлюстравана без лішняга пафасу, праўдзіва, эмацыянальна. Гэта вайна, калі можна так сказаць, з чалавечым тварам. Мяркую, праз некалькі тыдняў некаторыя з дасланых на конкурс эсэ з’явяцца на афіцыйных сайтах нашага ўніверсітэта і Магілёўскага аблвыканкама. Папярэдняя дамоўленасць у нас ужо ёсць. Пазнаёміцца з работамі школьнікаў Магілёўшчыны атрымаюць магчымасць усе жадаючыя».

Адказваючы на пытанне, чаму ўсё ж большасць пераможцаў конкурсу — менавіта вучні вясковых школ (заўважым, што колькасць работ з гарадскіх гімназій і ліцэяў не меншая, а нават і большая), на кафедры журналістыкі МДУ імя А. А. Куляшова выказалі наступнае меркаванне: «У вёсцы мацнейшая сувязь паміж пакаленнямі. Сямейныя гісторыі жывуць больш працягла, а гэта значыць, што інфармацыя пра вайну трапляе да падлеткаў ні з Інтэрнэту ці з кніг, а непасрэдна ад яе ўдзельнікаў. Гэта, напэўна, і паўплывала на якасць работ, іх асаблівую праўдзівасць і эмацыянальнасць».

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна