Вверх

Вы здесь

Проста медсястра Марыя

Выглядаць «як жанчына» ў жорсткіх умовах ваенных выпрабаванняў было вельмі няпроста, але ж старшы сяржант медыцынскай службы 1-га Беларускага фронту, 235-га зенітнага артылерыйскага палка 65-й арміі Марыя Амяльчук імкнулася. Сёння 94-гадовая ветэран вайны расказвае: калі ў 1945 годзе ў Германіі з’явілася магчымасць наведаць цырульню, туды пабеглі ўсе дзяўчаты. Яны былі ўзрушаны, убачыўшы сівую немку, якой рабілі модную прычоску…

— Тады я падумала: «Вось так і трэба выглядаць, што б у жыцці ні здарылася. Жанчына і ў сто гадоў павінна заставацца жанчынай». Да гэтага часу згадваю той выпадак і думаю: людзі павінны глядзець сябе і ў старасці. Я ўсё жыццё імкнулася быць акуратнай жанчынай. Нават на вайне, — шчыра ўсміхаецца Марыя Аляксандраўна.

«На руках у мяне паміралі многія»

Між тым у 1941 годзе юная Марыя Лапцева (гэта яе дзявоцкае прозвішча), як і многія равесніцы, жыццёвых шляхоў не выбірала. Яна паспела да вайны на «выдатна» закончыць школу медсёстраў, працавала ў гарадской бальніцы Бабруйска.

— Адразу ж, калі вайна пачалася, Бабруйск бамбілі. Там жа размяшчаліся многія вайскоўцы: танкісты, артылерысты, лётчыкі. Памятаю, як яўрэі, якіх у горадзе шмат жыло, вельмі плакалі. Яны ж чулі, што фашысты робяць з прадстаўнікамі іх нацыянальнасці. Шпіталь наш фарміраваўся ў Магілёве, і нас тэрмінова перакінулі ў ваенны гарадок у Асіповіцкім раёне.

Адтуль для Марыі і пачалося адступленне аж да самай Масквы — шпітальныя палаткі часам ставілі пад бамбёжкай фашыстаў. Параненых прывозілі столькі, што не ведалі, куды іх класці. Забітых не паспявалі пахаваць як трэба. Марыя Аляксандраўна расказвае, што шпітальныя ўрачы давалі ім загад дапамагаць у першую чаргу не тым, хто крычыць ад болю, а тым, хто маўчыць:

— Такія параненыя не здольны былі нават крычаць. У іх была вялікая страта крыві. На руках у мяне многія паміралі. Мы тады ўвогуле пра сябе не думалі. Не было часу ні паспаць, ні паесці. Ля аперацыйнага стала хірург заўважыць, што ты ўжо страчваеш прытомнасць — тады гоніць: ідзі мый рукі, адпачні крыху. Было так, што спалі па 1-2 гадзіны за суткі.

Ветэран жа ўзгадвае, што жанчыны ў той нялёгкі час былі апрануты ва ўсё мужчынскае. Дарэчы, нікому з іх у галаву не прыходзіла, што магло быць неяк інакш.

— Калі пачалася вайна, жаночага вайсковага адзення ў нас не было, бо ў той час вельмі мала ў арміі служыла жанчын. Нам выдалі кальсоны і сарочку. Толькі рэйтузы жаночыя. Боты кірзавыя 40-га памеру. Мы анучы ніяк не маглі навучыцца накручваць. Колькі мазалёў крывавых намулялі! Боцікі і панчохі з’явіліся значна пазней — недзе ў 1944 годзе. А ў 1943 годзе нам выдалі жаночыя гімнасцёркі з пагонамі і спадніцы. Станікі да самага канца вайны мы шылі самі — з той тканіны, што давалі на анучы. Пісалі лісты ў тыл і прасілі: дасылайце выкрайкі станікаў. Боты ў канцы вайны для мяне сшыў адзін салдат, што лячыўся ў шпіталі. Кажа аднойчы: «У цябе ёсць брызентавы рэчмяшок? Давай я табе боты пашыю». І пашыў.

На грудзях 94-гадовай Марыі Аляксандраўны сярод шматлікіх узнагарод — сціплы на выгляд медаль «За адвагу». Яго часта называюць салдацкім ордэнам — выдавалі толькі за асабістую мужнасць і адвагу ў баях. Без усялякага пафасу старшы сяржант медыцынскай службы расказвае аб тым, як была атрымана ўзнагарода:

— Я спачатку служыла ў зенітным палку санінструктарам — зусім блізка да фронту. Наш полк стаяў недалёка ад Асташкавіч, гэта ў сённяшнім Светлагорскім раёне. Ішла доўгая падрыхтоўка да правядзення аперацыі «Баграціён». Ведаю, што тады ў нашу 65-ю армію, якой камандаваў генерал Павел Батаў, прыязджалі маршалы Георгій Жукаў і Канстанцін Ракасоўскі. Калі аперацыя пачалася, нямецкія самалёты наляцелі бамбіць і нашы сем зенітных батарэй. Вось тады мне давялося выносіць параненых з поля бою. Пра смерць нават думкі не было. Перад наступленнем усім прыносілі па 100 грамаў. Салдатам выдавалі тытунь, афіцэрам — цыгарэты. І ўсім — па шакаладцы. Але ж спірт і махорку я аддавала мужчынам, а яны мне — шакаладкі. У мяне былі адны шакаладкі. Я потым з хлопцамі дзялілася — наце закусіце. Мы тады нічога не баяліся. Званок раздаецца па спецсувязі: медсястру хутчэй! Я і пабегла. Салдат у галаву быў паранены. Асколак невялікі, але крыві многа. Толькі я яго перавязала, адцягнула ў бяспечнае месца, званок з другой батарэі — там таксама паранены. І так шмат разоў. Бягу — непадалёк узарвалася міна. Мяне выбухавай хваляй адкінула на дрэва, параніла нагу. З траншэі салдаты выцягнулі — і ў шпіталь. Там тры дні паляжала, стала прасіцца выпісаць, а начальнік шпіталя не адпускае. Кажа, у нас не хапае хірургічных сёстраў і тваё месца цяпер тут. Так я засталася ў палкавым шпіталі. А медаль атрымала потым, нашмат пазней…

Дзяўчаты-медыкі не хадзілі ў атакі і нават зброю ў рукі не бралі. Яны выцягвалі параненых з поля бою. Пад цьмянымі лямпачкамі разам з урачамі рабілі складаныя аперацыі. Ампутавалі рукі і ногі, калі пагражала газавая гангрэна. Запасу донарскай крыві не было. Таму, калі прывозілі параненага, урач аддаваў загад: «Марыя, у цябе другая група — лажыся на стол побач». Вось так, прамым пераліваннем 300-400 грамаў сваёй крыві юныя сястрычкі выратоўвалі жыцці салдат і афіцэраў.

— Яму адразу лягчэй, а я стаю, галава кружыцца, іду ў куток, выпіваю шклянку салодкага чаю, кавалак хлеба з’ядаю. Было, што не праходзіла гадзіны, як зноў клікалі працаваць. Дарэчы, донарамі часта прасілі стаць і тых параненых, якія ўжо ішлі на папраўку. Калі наступленне — было, што і суткамі ў аперацыйных і перавязачных працавалі. Многа рук ды ног тады маладым хлопцам адрэзалі… Як падумаю, колькі людзей маглі б выратаваць, калі б тады былі такія лекі, як сёння!.. А так — тры дні паляжаць у нас, і адпраўляем іх у тыл на санітарных цягніках. Было, што і цягнікі бамбілі, не ўсе да дому даязджалі…

«Гітлер капут, рускі салдат — гут»

Дзень Перамогі Марыя Аляксандраўна не забудзе ніколі. У 1945-м іх шпіталь размяшчаўся ў адным з невялікіх германскіх гарадоў. Камендант, які папярэдне выбіраў памяшканне для яго, расказваў, што ў будынку да гэтага размяшчалася бальніца для псіхічна хворых. Пацыентаў немцы расстралялі перад тым, як пакінуць горад. Усім было ўжо зразумела, што вайна вось-вось скончыцца, але і перад самай капітуляцыяй работы ў медыкаў хапала: у шпіталь прывозілі цяжкапараненых.

— Памятаю, як 8 мая нашы лёгкапараненыя сядзяць на вуліцы, кураць, чакаюць паведамленняў, нервуюцца… Раптам пачалася моцная стральба. Выйшаў хірург і кажа: «Відаць, немцы прарвалі наш кацёл». Такія выпадкі былі, калі немцы з катла прарываліся і знішчалі ўсё на сваім шляху, у тым ліку і шпіталі. Але тут зайшоў начальнік шпіталя і гаворыць: «Таварышы, вайна скончылася, перамога!». У мяне і цяпер мароз па скуры. Нам даў загад — акажыце лёгкапараненым дапамогу і выходзьце ў двор. На ўсё жыццё запомніла, якое ў той дзень узыходзіла вялікае прыгожае сонца! Яно таксама радавалася нашай перамозе. Мы пастроіліся ў двары, а потым са сваім белым з чырвоным крыжам сцягам прайшлі з песнямі па горадзе. А немцы таксама чакалі заканчэння вайны. З балконаў, з вокнаў яны крычалі: «Гітлер капут, Сталін гут, рускі салдат — гут». Калі мы вярнуліся, пайшлі па палатах да цяжкапараненых — іх апавясціць пра перамогу. Налілі па 100 грамаў франтавых, зрабілі бутэрброды, кажам: «Таварышы — перамога!» Яны ўсміхаюцца, хто можа. Выпілі, закусілі, а потым пачалі плакаць: дык хто ж нас прыме? Адзін без ног, другі без рук, хто ў галаву паранены, хто сляпы… Мы пачалі іх суцяшаць. Адзін малады салдат без нагі тады гаворыць: «Сястра, мы з табой яшчэ станцуем». Моцны быў. Мы і самі плакалі з імі. У той дзень мы накрылі сталы і разам з лёгкапараненымі адзначалі Дзень Перамогі. А потым прыехалі з палітаддзела, прывезлі для ўсіх нас медалі «Перамога над Германіяй».

Для Марыі, як і для многіх, вайсковая служба не скончылася ў маі 1945 года. Трэба было далечваць параненых, адпраўляць іх у Савецкі Саюз. Пры гэтым колькасць шпіталяў пастаянна скарачалася. Але, пакуль савецкія войскі стаялі ў Германіі, побач заставаліся і медыкі.

Дэмабілізавалася жанчына ў верасні

1946-га — ужо разам з мужам Аляксандрам і дзіцем пад сэрцам. Запіс пра рэгістрацыю шлюбу і прозвішча Амяльчук яна атрымала ў консульстве Познані. Там маладыя распісаліся без усялякіх сведак і пампезнасцяў.

«Я пастараюся, і ты мяне пакахаеш»

Дарэчы, гісторыя кахання Марыі і Аляксандра вартая асобнай увагі. Яшчэ да вайны яна пайшла з сяброўкай за кампанію да варажбіткі. Тая сказала сяброўцы, што дзяўчына хутка выйдзе замуж, а Марыі — што прыйдзецца доўга чакаць і нарачоны будзе вельмі здалёк. Так і атрымалася:

— Я пазнаёмілася з Сашам, калі ён раней прыязджаў у наш зенітны полк. Там дзяўчат было толькі пяць, і таму мы ўсе карысталіся папулярнасцю. На святах пакуль адзін хлопец танцуе з дзяўчынай, другі чакае. Кажа: ну ўсё, табе хопіць, дай і мне патанцаваць. Вой, тады хлопцы зусім іншыя былі! Яны баяліся дакрануцца ці пацалаваць у шчаку. Сціплыя такія. А ён, Саша, са мной нават не танцаваў. І я на яго не звяртала ўвагі. А вось калі закончылася вайна, мяне адправілі па перавязачныя матэрыялы на склад у суседні нямецкі горад Барт. Там стаяў штаб арміі, і ў ім працавала вольнанаёмнай машыністкай мая сяброўка, таксама Маша. З ёй мы сустрэліся і пайшлі вячэраць у афіцэрскую сталовую. Дзе і сустрэлі Аляксандра. Маша прапанавала: «Саша, пазнаёмся». Я кажу: «Мы крыху знаёмыя». Потым маю сяброўку тэрмінова выклікалі друкаваць матэрыялы для штаба фронту. Мы з Сашам пагулялі, у кіно схадзілі, на лаўцы пасядзелі. Ён мне ўсю сваю біяграфію расказаў, а потым кажа: «Выходзь за мяне замуж». Так вось адразу. Я кажу: «Ты ж мяне зусім не ведаеш». — «Я на працягу вайны ўвесь час, як мог, сачыў, дзе ты, у якім шпіталі працуеш. Ты мяне пакуль не кахаеш, але я пастараюся, і ты мяне пакахаеш». Мы ў той вечар сустрэлі знаёмага палкоўніка, які ўзрадаваўся нам абаім і запрасіў да сябе ў госці. Ён даў мне ключ ад свайго рабочага кабінета, каб мне было дзе пераначаваць. З вечара мы з Сашам развіталіся, а раніцай, а 6 гадзіне ён прыйшоў са снеданнем на падносе. Потым ён дамовіўся, што будзе суправаджаць мяне. І калі мы вечарам прыехалі ў шпіталь, ён пайшоў да майго начальніка і кажа яму: «Маша — мая нявеста». Кожны выхадны прыязджаў да мяне, а я ўсё не магла адважыцца выйсці за яго замуж. Наша фельчарка, Ніна, тады і кажа: «Табе пашанцавала, такі добры хлопец пакахаў. А мяне за вайну ніводзін хлопец нават не пацалаваў. Што ты яшчэ хочаш? Вось паедзеш дадому адна, а яго страціш». І ўрэшце я сама пачала думаць, што гэта мой лёс. Тым больш яго начальнік штаба мяне таксама ўгаворваў. Сказаў: «Афіцэры розныя ёсць, але ж капітана Аляксандра Амельчука я даўно ведаю, ён вельмі прыстойны чалавек». Мужа хацелі пакінуць у арміі, але яго ваенная кар’ера не хвалявала, і таму ў 1946 годзе мы разам дэмабілізаваліся.

У Аляксандра Гаўрылавіча не атрымалася вывучыцца на мастака, як ён марыў да вайны. Але ж дзве вышэйшыя адукацыі (эканамічная і будаўнічая), якія атрымаў ужо пасля дэмабілізацыі, забяспечылі запатрабаванасць на доўгае жыццё. Марыя пасля вайны на працягу 42 гадоў (з іх 16, ужо знаходзячыся на пенсіі) працавала старшай медсястрой паліклінікі № 8 Гомеля. Яны разам пражылі 56 гадоў. Нарадзілі дзвюх дачок, адна з якіх памерла ў дзяцінстве. Былі побач у горы і радасці. Марыя Аляксандраўна заўсёды ганарылася, што муж усё можа рабіць сам. І цяпер, праз 13 гадоў пасля яго смерці, паказвае мэблю, створаную яго рукамі.

Жанчыны, чый лёс перакрэсліла Вялікая Айчынная, не абмяркоўвалі шыкоўныя сукенкі кіназорак, сілуэты спадніц, колер пазногцяў і ўласцівасці аўтамабіляў. Не разважалі яны над сэнсам існавання і не захапляліся псіхалагічнымі тэорыямі стасункаў. Але яны так сканцэнтравана пражылі чатыры гады жудаснага ліхалецця, што таго чалавечага і прафесійнага вопыту хапіла на ўсё астатняе жыццё. Яны перамаглі саму смерць, таму ведаюць сапраўдную цану ўсяго і ўсіх.

“Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «история»:

08.12.2017 - 09:54 | Могилевская область 15 января отметит 80 лет со дня основания. По страницам истории

15 января 1938 года на карте огромной тогда страны - Советского Союза - появилась Могилевская область. Решение об ее образовании приняла первая сессия Верховного Совета СССР. Начался отсчет современной истории Приднепровского края.

07.12.2017 - 11:12 | В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси

В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси.

22.11.2017 - 10:53 | В Кировском районе поисковики обнаружили останки советских самолетов, сбитых летом 1941-го

В Кировском районе в ходе поисковой экспедиции могилевские историки и краеведы обнаружили фрагменты одного из советских самолетов, сбитых здесь фашистами летом 1941 года. Всего между деревнями Зеленая Роща и Забуднянские Хутора в самом начале Великой Отечественной немцы уничтожили 4 бомбардировщика СБ-2… Благодаря воспоминаниям очевидцев-старожилов поисковикам удалось установить уже несколько имен погибших летчиков.

14.11.2017 - 11:53 | Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года

Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года. Об этом сообщили в МГУ им. А.А. Кулешова.

10.11.2017 - 11:28 | Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова»

Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова». Мероприятие приурочено к 102-летию со дня рождения писателя, сообщили корреспонденту сайта в общественном объединении «Русское культурно-просветительское общество».

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения