Рус Бел Eng 中文

Сем фотамастакоў з МДУ імя А.А. Куляшова і БРУ аб’яднала выстава “Мая Беларусь”

Сем фотамастакоў з МДУ імя А.А. Куляшова і БРУ аб’яднала выстава “Мая Беларусь”, якая адкрылася 20 мая ў галоўным корпусе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усяго прадстаўлена 30 работ у жанры гарадскі і сялянскі пейзаж. Гледачы на працягу бягучага тыдня атрымаюць магчымасць убачыць маляўнічыя куткі роднай зямлі, патрапіўшыя ў аб’ектыў сучаснага лічбавага фотаапарата.

Па словах арганізатара фотавыставы, дацэнта кафедры рускай і замежнай літаратуры Алены Бубянцовай, галоўная ідэя мерапрыемства – адлюстраванне, магчыма, не дужа прыкметнай прыгажосці Магілёўшчыны. “Нашыя краявіды вартыя пэндзаля самых выбітных мастакоў… Мяне асабіста ўсцешвае тое, што нашы студэнты гэтую прыгажосць не толькі заўважаюць, але і робяць аб’ектам мастацтва”, – заўважыла суразмоўца.

Асабліва часта маладыя фотамастакі адлюстроўваюць узбярэжжа Дняпра. Гутарка не толькі пра апранутую ў бетон яго магілёўскую частку, але і пра ўзбярэжжа “невядомае”, схаванае ў нетрах хмызняка і канюшыны. Шмат работ, прысвечаных магілёўскім храмам і вуліцам, – Ленінская, Першамайская… і не толькі. “Мы пажадалі аб’яднаць два віды пейзажа – гарадскі і сялянскі. Крытэрый адбора работ на выставу вельмі просты – фотаздымкі павінны быць аўтарскімі і мастацкімі, гэта значыць не проста фіксаваць наваколле, але ствараць пэўны вобраз, пэўную эмоцыю”, – зазначае адзін з арганізатараў выставы, студэнтка Анастасія Круглова.

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна