Вверх

Вы здесь

Страшнае слова «халакост»…

Гэта адно з самых жахлівых злачынстваў супраць чалавецтва ва ўсёй сусветнай гісторыі.

Чаму з незлічонага мноства гітлераўскіх зверстваў мы гаворым менавіта пра гэта, смуткуем менавіта аб яўрэйскіх ахвярах фашызму? Гэта, вядома, ні ў якой меры не азначае, што людзі іншых нацыянальнасцяў менш цярпелі, пакутавалі і гінулі ад фашысцкага варварства. Але калі рускага, украінца, беларуса, француза, англічаніна забівалі за тое, што яны не жадалі жыць у рабстве, змагаліся за свабоду і незалежнасць сваіх краін, то яўрэяў забівалі проста таму, што яны яўрэі.

Знішчэнне яўрэяў, якое праводзілася нацысцкай Германіяй падчас Другой сусветнай вайны, называюць грэчаскім словам «халакост» (усеспаленне). Сэнс яго, дакладней, абсалютную бессэнсоўнасць і нечалавечую абсурднасць можна выказаць адным словам — «расчалавечванне». Мэтанакіраванае знішчэнне яўрэяў як этнічнай групы з’яўлялася цэнтральным пунктам расісцкай палітыкі гітлераўскай Германіі. Гэта агульначалавечая, а не нацыянальная катастрофа. Гэта трагедыя, якая забрала жыцці больш чым 6 мільёнаў яўрэяў у свеце, у тым ліку больш за 3 мільёны — савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці.

У час вайны ў Беларусі загінула прыкладна 2,2 мільёна чалавек, або кожны чацвёрты жыхар, з іх каля 800 тысяч яўрэяў — ад немаўлят да старых. З мэтай знішчэння яўрэйскага насельніцтва ў межах гарадоў ствараліся гета (найбольш буйное было ў Мінску — 100 тысяч чалавек).

Адной з праяў гэтай трагедыі быў і Мсціслаўскі халакост, які здзяйсняўся ў некалькі этапаў. Адразу ж пасля захопу немцамі горада Мсціслава Магілёўскай вобласці яўрэі былі вылучаныя як асобная група насельніцтва, іх абавязалі насіць жоўтыя шасціканечныя зоркі на спіне або павязку з зоркай на левым рукаве ці жоўты круг на правым рукаве. Яўрэяў штодня адпраўлялі на прымусовыя работы па ачыстцы прыбіральняў, выграбных ям. Ім забаранялі хадзіць па тратуарах, з іх усяляк здзекаваліся. Некаторыя яўрэі адмаўляліся насіць знакі адрознення — з імі распраўляліся ў першую чаргу.

У адзін з першых дзён кастрычніка 1941 года Мсціслаў быў акружаны немцамі. Паліцэйскія выганялі ўсіх яўрэяў без уліку ўзросту на рыначную плошчу, дзе мужчыны і жанчыны былі пастроеныя асобна. У пачатку аперацыі былі адабраны 30 старых-яўрэяў, якіх адвезлі ў Лешчанскі роў і там расстралялі. Целы іх былі пакінутыя не зарытымі. З яўрэйскіх жанчын немцы адабралі маладых, загналі іх у памяшканне крамы, распранулі, падвергнулі катаванням і згвалтаванням. Тыя, якія супраціўляліся, былі расстраляныя на плошчы. Дарослых і дзяцей білі палкамі. Усім, хто стаяў на плошчы, было загадана пад пагрозай расстрэлу на працягу дзвюх гадзін прынесці на пажарны двор алей, цукар, какава, мёд, чай, футравыя рэчы.

Наступная акцыя пачалася 15 кастрычніка 1941 года. На світанні ў Мсціславе з’явіўся карны атрад зондаркаманды на чале з фельдфебелем Краўзэ. Яўрэяў выгналі з дамоў і сабралі ў двары педагагічнага вучылішча. Туды ж прыгналі яўрэяў з найбліжэйшага прыгарада, у тым ліку з Зарэчча, дзе напярэдадні паліцаі аб’язджалі вуліцы на машынах і крычалі ў рупар пра тое, што на наступны дзень іх пераселяць у Палестыну. Усіх яўрэяў абшукалі, забралі каштоўныя рэчы, затым пастроілі ў двары педвучылішча і калонай па 4 чалавекі пагналі да Кагальнага рова, паміж Замкавай і Троіцкай гарамі. Акцыю ажыццяўлялі нямецкія карнікі і мясцовыя паліцэйскія. Наперадзе ішлі два немцы з аўтаматамі, за імі — некалькі паліцэйскіх. Групу старых жанчын везлі на возе. Інвалідаў, якія не маглі ісці ў калоне, расстралялі каля сваіх дамоў, а затым целы на конях звезлі ў ямы. Ад кагальнага калодзежа шлях праходзіў уздоўж ручая, па гразі і вадзе, што месцамі даходзіла да пояса. Пасля прыбыцця да месца расстрэлу пяцідзесяці мужчынам загадалі паглыбіць дзве вялікія ямы, а затым іх расстралялі. Людзей прымусілі цалкам распрануцца і скласці вопратку. Да ям падводзілі па дзесяць чалавек і клалі тварам уніз. Спачатку расстрэльвалі мужчын, а затым жанчын з дарослымі дзецьмі. Маленькіх дзяцей білі галавой адзін аб адно і кідалі ў ямы жывымі. Настаўніца Мінкіна-Арлоўская (яе муж быў рускі) прасіла пашкадаваць 6-гадовага сына, але паліцаі паднялі дзіця на штыкі.

Падчас расстрэлу немцы стаялі ў ачапленні. Акцыю знішчэння яўрэяў ажыццяўлялі паліцаі, у склад якіх уваходзілі ў асноўным мясцовыя здраднікі. Гэты кашмар працягваўся з 11 да 16 гадзін. Калі расстрэл скончыўся, каты пачалі дзяліць вопратку сваіх ахвяр. Пад адзеннем знайшлі дзвюх жанчын-яўрэек, якіх тут жа расстралялі… Відавочцы распавядаюць, што яшчэ доўга вада ў кагальным калодзежы была чырвонай. Нават праз некалькі дзён пасля расстрэлу коні збочвалі з дарогі, якая праходзіла побач з гэтым месцам — такі быў стогн. Вельмі мала каму ўдалося выратавацца.

Толькі 15 кастрычніка 1941 года было расстраляна не менш за 1300 яўрэяў. Іх знішчалі цэлымі сем’ямі. Сярод загінулых у Мсціслаўскім халакосце ўстаноўлены прозвішчы: звыш 20 — Шыфрыных, 19 — Міхліных, 19 — Малкіных, 14 — Лявіціных.

Яўрэям спрабавалі дапамагаць, але дапамога з боку сяброў і суседзяў не заўсёды заканчвалася ўдала. Так, Надзея Ліпіцкая ў дзень расстрэлу схавала ў сябе школьную сяброўку, якая на наступны дзень была злоўлена і расстраляна. Садоўніка Яўсея Смаляка хавалі суседскія дзеці ў вялікай бочцы і прыносілі туды яму ежу. Сусед-паліцэйскі высачыў старога, выцягнуў яго з хованкі і расстраляў на месцы.

Вынішчэнне яўрэяў у Мсціславе і прылеглых да яго вёсках і пасёлках працягвалася падчас усёй акупацыі. У 1942 годзе было расстраляна 450 яўрэяў мястэчка Шамава.

1 лютага 1942 года камендант Мсціслава капітан Шрадэр абвясціў паліцэйскім, што ўсе яўрэі, якія пражываюць у мястэчку Шамава, павінны быць знішчаны. Асуджаных сагналі на плошчу перад царквой. Іх было каля 500 чалавек: старыя, жанчыны з дзецьмі. Некалькі дзяўчат спрабавалі ўцячы, але паліцэйскія іх застрэлілі. Затым карнікі размясцілі яўрэяў у некалькіх дамах, паставілі ахову з паліцаяў, а ўначы ахвяр невялікімі групамі, па дзесяць чалавек, выводзілі на могілкі і там расстрэльвалі. Многіх кідалі ў яму жывымі, а потым дабівалі з аўтаматаў. Некаторыя былі толькі параненыя і задыхнуліся ў масе трупаў.

Сярод асуджаных былі дзве сястры Сімкіны. Малодшую Раісу, студэнтку Ленінградскага педінстытута, забілі адной з першых. Старэйшай Фаіне — настаўніцы, цудам удалося выжыць. Нельга без слёз чытаць успаміны Фаіны Маркаўны Сімкінай:

«Гэта было пад вечар 1 лютага. Мы з сястрой пацалаваліся, развіталіся — мы ведалі, што ідзём на смерць. У мяне быў сын, Валерый, яму было 9 гадоў. Я яго хацела пакінуць дома, але сястра сказала: «Не трэба. Усе роўна ён загіне. Няхай хоць з табой памрэ». Я яго загарнула ў коўдру. Яму было цёпла. Сястру забралі першай.

Мы чулі крыкі, стрэлы. Затым усё сціхла. У другой партыі павялі нас. Прывялі на могілкі. Дзяцей падымалі за валасы або за каўнер, як кацянят, і стралялі ў галаву. Усё навокал крычала. У мяне вырвалі з рук майго хлопчыка. Ён выкаціўся на снег. Яму было холадна і балюча, ён крычаў. Затым я ўпала ад удару. Пачалі страляць. Я чула стогны, праклёны, стрэлы і зразумела, што яны білі кожны труп, правяралі, хто яшчэ жывы. Мяне два разы вельмі моцна ўдарылі, я маўчала. Пачалі здымаць рэчы з забітых. Сарвалі і з мяне адзежу. Але вось Шрадэр паклікаў паліцэйскага, нешта сказаў. Усе сышлі…

Я пацягнулася да Валерыка. Ён быў зусім халодны. Я пацалавала яго, развіталася. Некаторыя яшчэ стагналі, хрыпелі, але што я магла зрабіць? Я пайшла. Я думала, што мяне заб’юць. Навошта мне жыць? Я адна. Праўда, у мяне муж на фронце. Але хто ведае, ці жывы ён… Я ішла ўсю ноч. Адмарозіла рукі. У мяне няма пальцаў, але я дайшла да партызан».

Так цудам выжыла Фаіна Сімкіна.

Раніцай капітан Шрадэр зноў паслаў паліцэйскіх на могілкі — дабіць параненых.

Праз два дні ў паліцэйскую ўправу прыйшлі чатыры старыя яўрэі. Яны спрабавалі ўцячы ад смерці, але не знайшлі прытулку. Старых адвялі ў хлеў… Іх білі жалезнай палкай, а калі яны страчвалі прытомнасць, адціралі снегам. Потым да правай нагі кожнага прывязалі вяроўку, перакінулі праз бэльку. Па камандзе паліцэйскія ўздымалі старых на два метры над зямлёй і скідалі ўніз. Нарэшце, іх застрэлілі…

Такіх злачынстваў было безліч. Невыпадкова на Хатынскіх могілках сярод пахаваных населеных пунктаў Беларусі знаходзіцца вёска Шамава.

Пасля вызвалення Мсціслава савецкімі войскамі было зроблена ўскрыццё магіл, дзе знаходзіліся пахаваныя жыхары горада, расстраляныя нацыстамі. Захаваўся кароткі, але страшны фільм, які называецца «У наваколлі горада Мсціслава», які з’яўляецца сведчаннем жудаснай карціны — знішчэння ні ў чым не вінаватых людзей. На месцы масавага расстрэлу яўрэяў горада Мсціслава сёння ўсталяваны помнік.

…Чалавецтва ніколі не зможа цалкам асэнсаваць халакост: нечалавечая абсурднасць, абсалютная бессэнсоўнасць пазбаўляюць яго сэнсу. Няма даравання вінаватым у халакосце. Пра гэта трэба памятаць і гаварыць, бо адгарадзіцца сцяной маўчання — значыць перакрэсліць адну з самых страшных старонак гісторыі.

“Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «история»:

08.12.2017 - 09:54 | Могилевская область 15 января отметит 80 лет со дня основания. По страницам истории

15 января 1938 года на карте огромной тогда страны - Советского Союза - появилась Могилевская область. Решение об ее образовании приняла первая сессия Верховного Совета СССР. Начался отсчет современной истории Приднепровского края.

07.12.2017 - 11:12 | В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси

В Могилеве отметят 100-летие со дня образования органов ЗАГС Беларуси.

22.11.2017 - 10:53 | В Кировском районе поисковики обнаружили останки советских самолетов, сбитых летом 1941-го

В Кировском районе в ходе поисковой экспедиции могилевские историки и краеведы обнаружили фрагменты одного из советских самолетов, сбитых здесь фашистами летом 1941 года. Всего между деревнями Зеленая Роща и Забуднянские Хутора в самом начале Великой Отечественной немцы уничтожили 4 бомбардировщика СБ-2… Благодаря воспоминаниям очевидцев-старожилов поисковикам удалось установить уже несколько имен погибших летчиков.

14.11.2017 - 11:53 | Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года

Мемориальную доску в честь известного ученого-краеведа Петра Лярского установят в Могилеве в январе 2018 года. Об этом сообщили в МГУ им. А.А. Кулешова.

10.11.2017 - 11:28 | Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова»

Могилевчан приглашают принять участие в викторине «Жизнь и творчество К.М. Симонова». Мероприятие приурочено к 102-летию со дня рождения писателя, сообщили корреспонденту сайта в общественном объединении «Русское культурно-просветительское общество».

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения