Вверх

Вы здесь

У гасцях у выхаванцаў Веснаўскага дома-інтэрнату у Глускім раёне

Выхаванцаў Веснаўскага дома-інтэрната ў Глускім раёне рэдка наведваюць сваякі. Гэтыя дзеці не падобныя на іншых, яны маюць адхіленні ў псіхафізічным развіцці. Сур'ёзныя праблемы слыху, зроку... Раней такія дзеці знаходзіліся ў псіхбальніцах, па дамах. А з 1976 года, калі ў вёсцы Веснава адчыніў свае дзверы спецыялізаваны інтэрнат, яны атрымалі магчымасць знаходзіцца разам. Цяпер тут жывуць 174 такія пастаяльцы ва ўзросце ад 4 гадоў і старэйшыя. Для тутэйшага персаналу яны, незалежна ад узросту, дзеці. Бо без старонняй дапамогі не здольны наогул існаваць.

Дом у падарунак ад жонкі Абрамовіча

Веснаўскі дом-інтэрнат вядомы далёка за межамі краіны. Шмат гадоў над ім мае шэфства ірландская арганізацыя «Праект дапамогі дзецям Чарнобыля». Дзякуючы ёй інтэрнат быў сярод удзельнікаў дакументальнага фільма пра чарнобыльскую трагедыю, які атрымаў «Оскара». У Беларусі, такіх «аскараносных» устаноў больш няма.

Падарунак ад жонкі Абрамовіча

Па ўсім відаць, што тут гасцей любяць і шануюць. Перш за ўсё частуюць гарбатай з печывам. «А ці ведаеце вы, што гэтую ўстанову наведаў не адзін дзясятак сапраўдных мільянераў? - пытаецца дырэктар Вячаслаў Клімовіч. - З Дар'яй Жукавай (жонкай Рамана Абрамовіча) мы сядзелі вось так, як з вамі, за адным сталом. Гэта толькі нашы мільянеры ігнаруюць нас...

Уладальнікі вялікіх капіталаў знаходзяць інтэрнат дзякуючы ірландскай дабрачыннай арганізацыі. Менавіта яна паспрыяла, каб ён трапіў у сусветную сетку ўстаноў, з якімі працуюць спонсары. Тая ж Дар'я Жукава за свой кошт пабудавала тут дом, у якім пасяліліся 12 дзяўчат з інтэрната. Яшчэ два дамы набыла сама арганізацыя. За мяжой дзеці накшталт «веснаўскіх» вучацца жыць ва ўмовах соцыуму, вось і тут вырашана было ўкараніць гэты спосаб. Багатыя замежнікі даюць хворым дзецям шанц на лепшае жыццё, арганізоўваць для іх аздараўленне за мяжой, фінансуюць аперацыі, якія каштуюць не адну тысячу долараў.

- Двум нашым выхаванцам за кошт гэтых мільянераў у Мінску зрабілі аперацыі на сэрцы, - кажа Вячаслаў Клімовіч. - Прыязджаў іх спецыяліст і працаваў разам з беларускімі хірургамі.

У Глуску за грошы ірландцаў пабудаваны таксама цэнтр карэкцыйнага развіцця, дзе займаюцца хворыя дзеці, і набыты 2 мікрааўтобусы «Таёта» для цэнтра і Веснаўскага дома-інтэрната.

Канешне, тое, што робіць для выхаванцаў дзяржава, не супастаўляльна ні з чым. Ежа, адзенне, сродкі гігіены, цяпло, электрычнасць, заробак персаналу - усё гэта фінансуецца за бюджэтны кошт. Ірландцы дапамаглі зрабіць рамонт памяшкання, а за дзяржсродкі праведзена рэканструкцыя харчблока, лазнева-пральнага комплексу, цепларэнавацыя, замена вокнаў. Спонсарскія грошы - гэта аднаразовая дапамога. Але таксама вялікі плюс.

- Крыўдна толькі тое, што мы самі пра сваіх жа дзяцей не думаем, - уздыхае Вячаслаў Клімовіч. - Пастаянную сувязь з намі трымаюць сем'яў 10 нашых пастаяльцаў, яшчэ 15 перыядычна тэлефануюць. А астатнія 150 чалавек - дзяржаўныя дзеці, якія ніколі не бачылі сваіх родных. Усе яны з вельмі праблематычных сем'яў. Зараз толькі і чуваць, што вакол нас наркаманія, п'янства, распуста. Каб маладыя людзі разумелі, што атрымліваецца, калі піць і калоцца, іх трэба часцей прывозіць сюды. Дзейнічае лепей за ўсякія там угаворы.

Кажуць, што нашы выхаванцы - наступства Чарнобыля. Але ж на генным узроўні змяненні так хутка не адбываюцца. Гэта грамадства пажынае плады сваёй распушчанасці. І адначасова дэманструе чэрствасць, адмяжоўваючыся ад гэтых дзяцей.

Напярэдадні навагодніх свят і каляд валанцёры шмат праводзяць акцый з заклікам дапамагчы дзецям з дамоў-інтэрнатаў. Магчыма, гэта непаразуменне, але ў Веснава добрыя анёлы ў чалавечым абліччы амаль што не заглядваюць. Хоць тут іх вельмі чакаюць. Нават без падарункаў.

- Перыядычна ў нас бываюць валанцёры з Ірландыі, а вось з Беларусі не ездзяць, - з горыччу кажа Вячаслаў Клімовіч. - І гэта пры тым, што педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў Мінску мае факультэт сацыяльнага накірунку. Студэнты шэфствуюць над прытулкам у Бараўлянах, практыкуюцца там. Але ж на гэтым факультэце вучацца дзеці і з Глуска. Чаму яны не хочуць нас наведаць? Няўжо моладзі з Ірландыі лягчэй да нас прыехаць? Міс Беларусі ў нас таксама ні разу не была, а вось міс Ірландыі прыязджала з усёй камандай - прэтэндэнткамі на гэты тытул. Яна палову ганарару аддае на дабрачынныя мэты. Зараз наш прадстаўнік паедзе ў Ірландыю ў канкрэтную сям'ю. Яго запрасіла адна з прэтэндэнтак на тытул міс Ірландыя. Усе калядныя канікулы ён будзе жыць у яе дома.

Школа па індывідуальнай праграме

Каюся, але непрыкметна для сябе ўжыла слова «баласт» у адносінах да гэтых дзяцей. Бачылі б вы, як балюча на гэта адрэагаваў дырэктар установы.

- А вы Біблію чыталі? - з горкім папрокам звярнуўся ён да мяне. - Тут цяжка нешта дадаць. Гэтыя дзеці незвычайныя ў сваім імкненні дасягнуць мэты. Адкуль бярэцца такая нечалавечая ўседлівасць у Сашы Галдаева, каб зубамі трымаць пэндзаль і гадзінамі размалёўваць карціны, а ў Насці - друкаваць на камп'ютары. У яе ручка не трымаецца, трасецца, а яна прымушае сябе і піша. Тут цуды адбываюцца кожны дзень. Здавалася б, жыві сабе на ўсім гатовым, а яны да чагосьці імкнуцца, чагосьці жадаюць дасягнуць.

Разам з намеснікам дырэктара Таццянай Карповіч ідзём знаёміцца з выхаванцамі. У невялічкім класе 3 вучні, кожны займаецца па індывідуальнай праграме. Сярод іх і Насця - тая самая дзяўчынка, якая навучылася набіраць тэкст на камп'ютары. Каб я ацаніла гэты подзвіг, яна ў мяне на вачах прымушае сваё непаслухмянае цела падпарадкавацца волі. Інвалідная каляска пад ёй аж калоціцца. Гэта сапраўды ўражвае - да слёз. Пазалетась яна зусім не магла прыцэльна патрапіць на клавішу.

Пераходзім з памяшкання ў памяшканне. У адным дзеці займаюцца модным зараз квілінгам, у другім вяжуць, у трэцім - вышываюць і працуюць з саломкай. На хвіліну прыпыніліся, каб паглядзець, як з простай стужкі ў руках дзяўчынкі нараджаюцца прыгожыя ружы. Яна адразу заўсміхалася і працягнула кветачку ў падарунак.

Саша Галдаеў не валодае рукамі, але гэта не перашкаджае яму маляваць. Пэндзлік ён трымае ў зубах і пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Святланы Кузміч стварае прыгожыя карціны. Прызнаецца, што яму больш падабаецца маляваць прыроду. А з усіх фарбаў любіць чырвоную. Кажа, што гэты колер самы галоўны, бо сімвалізуе каханне. Ён таксама кахае. Аню Пеставу, якая жыве ў інтэрнаце. На грошы, якія атрымлівае за свае карціны, ён купляе ёй цукеркі, шакаладкі, духі. Другое захапленне Аляксандра - камп'ютар. З яго дапамогай ён манціруе відэа, робіць прэзентацыі, кантактуе з сябрамі.

- Я зарэгістраваны «УКантакце» і ў «Аднакласніках», - кажа ён. - У «Фэйсбуку» сябрую з Дзмітрыем Рабавым, тым, што прагноз надвор'я перадае. Мне ён паведамляе, якое надвор'е будзе ў Глуску. Сябрую таксама з Андрэем з гурта «Нэнсі». Сярод маіх знаёмых Алена Ланская. Я ёй пішу, што мне падабаюцца яе песні. На жаль, у наш інтэрнат яна ніколі не прыязджала. Як і Ларыса Грыбалёва. Вунь, бачыце на палічцы фота Грыбалёвай? Гэта мы прывезлі з Мінска, калі ездзілі туды на Новы год. Яна сама падаравала. Спадзяёмся, што калісьці спявачка да нас усё ж такі прыедзе. А то акрамя артыстаў з глускай музычнай школы ў нас нікога не бывае.

Калі размова заходзіць пра сваякоў, твар хлопца пахмурнее. «У мяне нікога няма, - суха адказвае ён. - Я сірата. Мая сям'я - гэта Святлана Міхайлаўна і ўсе, хто жыве ў гэтым доме. А яшчэ ў мяне ёсць прыёмныя бацькі ў Ірландыі, яны мяне бяруць да сябе».

Пасля смерці сябра пачаў вышываць іконы

Асаблівы гонар для інтэрната - дамы суправаджальнага пражывання, дзе для кожнага выхаванца прадугледжаны асобны пакой, ёсць свая кухня і гасціная. Тут «прапісаліся» найбольш здольныя з хлопцаў і дзяўчат. У гэтых утульных апартаментах яны самі сабе гаспадары, прыбіраюць, упрыгожваюць, самі гатуюць ежу. У іх ёсць магчымасць запрасіць да сябе гасцей, пачаставаць гарбатай і смачнымі булачкамі. Гэта зусім не значыць, што яны павінны варыць сабе ежу і сачыць за парадкам. Пры кожным доме ёсць памочніца, ці, як афіцыйна называецца яе пасада, - санітарка. Калі ў пастаяльцаў няма жадання нешта рабіць, яна спраўляецца сама. Але, запэўніваюць супрацоўнікі інтэрната, дзеці настолькі працавітыя, што з вялікай радасцю выконваюць любое заданне.

Мець такую кухню, якой карыстаюцца насельнікі, - мара любой гаспадыні. Тут ёсць усё, што трэба, - халадзільнік, мікрахвалёўка, пліта з духоўкай, сучасная мэбля, нават тэлевізар і пральная машына. Пасярод прасторнай залы - вялікі стол. Як-ніяк у доме жыве 15 чалавек. Праўда, на момант майго візіту на месцы аказаўся толькі Саша Новікаў. Працы на агародзе, дзе ён шчыруе летам, скончыліся, можна крышачку і адпачыць.

Над дзвярыма пакоя Сашы Галдаева ікона Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць». Царыца Нябесная дапамагае ўсім хворым і тужлівым. Наогул абразкі са святымі на вочы тут трапляюцца не раз. Малельнага пакоя на тэрыторыі няма, але, як запэўніла Таццяна Карповіч, усе да адзінага з выхаванцаў хрышчоныя.

Дзіўным здаецца тое, што пры сённяшняй праблеме з дармаедамі сярод здаровых людзей тутэйшыя жыхары не ўяўляюць сябе без працы. Дырэктар установы ганарыцца тым, што сёлета яны сабралі вялікі ўраджай гародніны і садавіны. Нягледзячы на ўсе псіхафізічныя асаблівасці, капалі зямлю, палолі траву. А тыя сувеніры, якія яны тут вырабляюць, прымушаючы свае непаслухмяныя рукі рабіць складаныя для іх маніпуляцыі, сапраўдныя шэдэўры народнай творчасці. Іх можна ўбачыць не толькі на кірмашах, але на рэалізацыі ў буйных магазінах накшталт універмагаў. Зусім нечаканым адкрыццём для мяне стала іх мэбля. Прычым, як з выгляду, так па кошце. Уяўляеце, усяго 130 тысяч рублёў за складную табурэтку з натуральнага дрэва? Лічы дарам.

У мэблевай майстэрні смачна пахне свежаструганым дрэвам. На сталах акуратна раскладзены драўляныя брускі. З іх потым збіраюцца раскладныя сталы, крэслы, табурэткі. Кіруе працэсам Аляксандр Шарамет.

Адзін з яго лепшых вучняў Слава Бравусаў. У яго тут самыя высокія заробкі. Адну табурэтку сабраў - трымай 5 тысяч рублёў. Ён збірае 20.

- І на што траціш грошы? - пытаюся ў хлопца. І нават вушам не веру. «На ніткі і часопісы па вязанні». Аказваецца, што ён не толькі майстар па табурэтках, але яшчэ і нядрэнна вышывае крыжыкам. Прычым выключна іконы.

- Я пачаў іх рабіць пасля таго, як загінуў мой сябар, - кажа Слава, і відаць, што яму і зараз цяжка перажыць гэтую смерць. - Мы з ім пазнаёміліся, калі я адпачываў у Італіі. Ён працаваў на фуры. Аднойчы я патэлефанаваў яму, а мне сказалі, што яго больш няма, загінуў у аварыі. І я даў сабе слова навучыцца вышываць іконы. Гэта прыносіць мне вялікае задавальненне. Бо веру, Бог ёсць.

“Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «мнение»:

06.12.2017 - 15:27 | Кооперация позволяет предприятиям достичь высокой эффективности производства - Руслан Страхар

На современном этапе развития кооперация представляет собой действенный и современный метод, позволяющий предприятиям достичь высокой эффективности производства благодаря рациональному использованию установленных мощностей и имеющихся ресурсов. Такое мнение высказал сегодня на межрегиональной конференции «Кооперация производства, бизнеса и науки в промышленности: успехи, проблемы, перспективы» председатель комитета экономики Могилевского облисполкома Руслан Страхар.

13.11.2017 - 10:03 | Повышать престиж науки и образования нужно за счет экономического стимулирования ученых - мнение

Повышать престиж науки и образования нужно в том числе за счет экономического стимулирования ученых с учетом их эффективности. Такое мнение высказал корреспонденту делегат II Съезда ученых Беларуси, заведующий кафедрой «Безопасность жизнедеятельности» доцент Белорусско-Российского университета Александр Щур.

04.11.2017 - 09:26 | Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы - мнение

Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы. Такое мнение высказали супруги Непес и Ольга после приема, который провел в Совете Министров руководитель Министерства здравоохранения Валерий Малашко.

26.10.2017 - 09:17 | Фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен - Ирина Дрига

Республиканский фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен, сообщила на пресс-конференции первый заместитель министра культуры Беларуси Ирина Дрига.

25.10.2017 - 16:37 | Презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами - дипломат

Комплексные презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения