Вверх

Вы здесь

У асіповіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі разгарнулася экспазіцыя "Традыцыі і культура Японіі”

Японія — краіна, якая валодае незвычайнай і самабытнай культурай. У гэтым можна ўпэўніцца, калі наведаць раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе разгарнулася экспазіцыя "Традыцыі і культура Японіі”.

Дарэчы, не менш цікавай, чым мінулая, падчас якой наведвальнікі змаглі дакрануцца да звычаяў і традыцый старажытнай і загадкавай краіны Кітай.

Пра Краіну ўзыходзячага сонца, так яшчэ называюць Японію, беларусам шмат чаго вядома. Многія карыстаюцца высакаякаснай складанай бытавой тэхнікай марак "Toshiba”, "Sony” і "Sharp”, некаторыя займаюцца баявымі відамі мастацтваў сумо, дзюдо, каратэ, а камусьці да-спадобы ікебана, арыгамі, а апошнім часам — фэн-шуй.

А яшчэ — кімано, лялькі, паветраныя змеі, разнастайныя рытуальныя маскі і цудоўная кухня. Менавіта гэта ды плюс макеты помнікаў японскай архітэктуры, занесеныя ў спіс культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА, змешчаны на дэманстрацыйных стэндах выставачных залаў музея.

“Экспазіцыя вельмі ўнікальная. Прывезена яна з пасольства Японіі ў Беларусі, — гаворыць дырэктар музея Ніна Курыльчык. — Так склалася, што зусім нядаўна наш музей прапаноўваў жадаючым наведаць выставу "Фарбы Індыі”, а зараз як бы ў працяг усходняй тэмы — знаёмства з японскай культурай. Хто ўжо паспеў пабываць на выставе, думаю, не застаўся абыякавым да ўбачанага на стэндах і пачутага з вуснаў экскурсавода. Вельмі здзіўляе нашых наведвальнікаў унушальных памераў кімано, якое ў паўсядзённым жыцці прадстаўляе прамавугольны халат з шырокімі рукавамі, а ў разгорнутым вы-глядзе нагадвае літару “Т”. Яно не мае памераў і шыецца па адзіным узоры. Многія запытваюцца, як забрацца ў яго. Аказваецца, усё проста — падганяюць па росту складкамі пад поясам. Аднак, каб апрануць кімано на сябе, патрэбна багата намаганняў. Існуюць нават спецыяльна абучаныя "апранальшчыцы”.

Шмат пазнавальнага на выставе могуць даведацца дзеці. Напрыклад, пра святы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія штогод праводзяцца ў Японіі, убачыць атрыбуты гэтых абрадных дзействаў. Уражваюць таксама маскі — неад’емная частка рытуалаў у жыцці японцаў. Увагу падлеткаў прыцягваюць паветраныя змеі. І гэта зразумела: хто ў дзяцінстве не марыў запусціць у неба змея? А вось дарослыя больш затрымліваюцца каля экспазіцыі, звязанай з японскай кухняй. Безумоўна, у першую чаргу дэманструюцца ўсе атрыбуты, звязаныя з чайнай цырымоніяй. А таксама — макеты самых папулярных японскіх страў: сусі, соба і тэмпура, асноўныя інгрэдыенты якіх — традыцыйны для гэтай краіны рыс, а яшчэ рыба, грачышная лапша і агародніна.

”Асіповіцкі край”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения