Рус Бел Eng 中文

У Бялыніцкім раёне вырабляюць лепшыя ў свеце шнуркі

Цяхцінскія шнуркі – лепшыя ў свеце. Такое меркаванне выказаў дырэктар ААТ “Новая Друць” (Бялыніцкі раён) Уладзімір Канавалаў. Калі ў аграгарадку Цяхцін, які з’яўляецца цэнтральнай сядзібай буйнейшага ў раёне сельгаспрадпрыемства, пачаў дзейнічаць цэх па вытворчасці шнуркоў для розных відаў абутку, то ніхто асабліва новаму інавацыйнаму вектару ў эканоміцы акцыянернага таварыства і не здзівіўся.

Для Уладзіміра Канавалава шматвектарнае развіццё вытворчасці стала сістэмай у рабоце. Невыпадкова менавіта ў Цяхціне ў свой час пачаў дзейнічаць кітайскі модуль крухмальнага завода, дзе ўпершыню ў рэспубліцы атрымалі катыённы крухмал. Потым, у аграгарадку Вялікая Машчаніца, адкрыўся швейны цэх па пашыву спецадзення і іншых трыкатажных вырабаў. Таварыства пачынае асвойваць выпуск мінеральнай вады. Паралельна новым вытворчасцям тут развіваецца сістэма гандлю і грамадскага харчавання на аснове прыдарожнага сэрвісу.

Аўтаматычную лінію па вязанні шнуркоў з сінтэтычных нітак закупілі ў Польшчы. Складаецца яна з шасці аўтаномных станкоў і мае намінальную прадукцыйнасць на 2000 метраў вырабаў за 8-гадзінную змену.

“Умовы працы створаны ў нашым цэху ўпаўне камфортныя, - заўважыла ў гутарцы аператар вязальных машын Яўгенія Плехава. – Абслугоўваюць вытворчасць тры чалавекі. Але пры пераходзе на трохзменную работу колькасць рабочых месцаў падвоіцца”.

Яўгенія Плехава з дапамогай механіка Леаніда Данілава за кароткі прамежак часу асвоіла спецыфіку абслугоўвання высокапрадукцыйнай аўтаматычнай лініі і не дапускае браку ў рабоце. Між тым, акцыянернае таварыства атрымала заказы на новую прадукцыю ад некалькіх абутковых фабрык не толькі Рэспублікі Беларусь, але і з бліжняга і далёкага замежжа.

“Зара над Друццю”

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна