Рус Бел Eng 中文

У Бялыніцкім раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі адкрылася выстава магілёўскага жывапісца Паўла Дзімітрыядзі

У Бялыніцкім раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі адкрылася персанальная выстава работ магілёўскага жывапісца Паўла Дзімітрыядзі. Паколькі яна прымеркавана да 50-годдзя з дня нараджэння мастака, то падаецца яшчэ і своеасаблівай справаздачай творцы перад землякамі.

Дырэктар раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі Надзея Палоннік на ўрачыстым адкрыцці выставы нагадала біяграфію мастака, спынілася на накірунках і найбольш важных здабытках яго творчасці. Старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Гузнякоў прапанаваў Паўлу Дзімітрыядзі правесці майстар-класы для юных мастакоў Бялыніччыны. Павіншаваў земляка-жывапісца з адкрыццём персанальнай выставы і старшыня праўлення СВК “Калгас “Радзіма”, Ганаровы грамадзянін Бялыніцкага раёна Аляксандр Лапацентаў.

Сам жа віноўнік урачыстасці, падзякаваўшы прысутных за інтарэс да яго творчасці, найбольш гаварыў пра неабходнасць кожнага чалавека шчыра і штодзённа працаваць над уласнай душой, над сваім духоўным светам, над зместам свайго жыцця. А потым правёў для першых гледачоў экскурсію па творах сваёй персанальнай выставы. Утульную атмасферу адкрыцця выставы ствараў і ансамбль народных інструментаў раённай дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікамі якога з’яўляюцца выкладчыкі гэтай установы.

Нагадаем, што Павел Дзімітрыядзі нарадзіўся 29 лістапада 1961 года ў горадзе Краснаярску. Неўзабаве яго бацькі пераехалі на радзіму маці – у вёску Гняздзін, што на Вішоўшчыне.

Першапачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў у Мінскім дзяржаўным мастацкім вучылішчы імя А. Глебава, а пасля службы ў Савецкай Арміі закончыў Маскоўскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча. Зараз ён працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Магілёўскай мастацкай школе.

Вялікае месца ў яго творчасці займае іканапіс. Павел напісаў ікону Божай Маці для Пацёмкінскага палаца ў Крычаве, выканаў іканастас для трапезнай Магілёўскага Свята-Мікольскага манастыра, распісаў Свята-Пакроўскі храм у пасёлку Вейна, удзельнічаў у роспісе Усёцарыцынскай царквы ў Казіміраўцы... Мае дасягненні мастак і ў такіх жанрах, як пейзаж, партрэт, нацюрморт, сюжэтна-тэматычная карціна.

Асабліва любіць пісаць родныя і блізкія яму краявіды – “Жнівеньскі поўдзень у Гняздзіне”, “Рафалаўскае возера”, “Падарожжа па Друці”, “Бялынічы. Вуліца Абаронная”, “Золата бабінага лета”.

zara.by

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна