Рус Бел Eng 中文

У Быхаўскім раёне стварылі грамадскую раду па развіцці аграэкатурызму

У Быхаўскім раёне стварылі грамадскую раду па развіцці аграэкатурызму. Надзённыя праблемы — абмен кліентамі і стварэнне экалагічнага маршруту "Быхаўскія закуткі". Рада аб'ядноўвае сілы гаспадароў сядзіб і мясцовых улад, каб вырашыць усе надзённыя праблемы і паспрыяць развіццю новай галіны.

«На адным з семінараў у сталіцы мы даведаліся пра ізраільскую мадэль развіцця экатурызму, якая называецца кластарнай, — растлумачыў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Быхаўскага райвыканкама Яўген Гладкоў. — Гэта абмен турыстамі, каб яны пабылі найбольшую колькасць дзён у рэгіёне. Кожная сядзіба ўнікальная па-свойму, і калі турыст паглядзеў усё ў адным месцы і хоча нечага новага, ён можа пераехаць на іншае месца».

Сёння Быхаўскі раён — адзін з лідараў па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці. Тут дзейнічаюць два дзясяткі сядзібаў, усе розныя — паляўнічыя, для аматараў рыбалкі, гісторыка-краязнаўчага ўхілу і гэтак далей.

Гавораць, што калі ў 2008 годзе ў гэтым раёне сталі з'яўляцца першыя аграэкасядзібы, то яны сталі станоўчым прыкладам таго, як шмат атрымліваецца, калі ёсць мэта і жаданне дзеля яе працаваць.

«Першыя гаспадары атрымалі крэдыты і развіваліся дынамічна, — каментуе Яўген Гладкоў. — Людзі ўбачылі, што гэта дазваляе і вёску ажывіць, і зарабіць грошы. Плюс — вялікі прыродны патэнцыял Быхаўшчыны».

Цяпер у цёплы сезон раён прымае штомесяц больш за 4 тысячы турыстаў, прычым да 500 з іх — замежнікі. Госці з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі і нават еўрапейскіх краін даведваюцца пра Быхаўшчыну праз інтэрнэт, некаторыя гаспадары наладзілі стасункі з турыстычнымі фірмамі.

«Гэтым летам, каб пасяліцца на аграэкасядзібе на выхадныя дні, давядзецца дамаўляцца загадзя, — раіць галоўны спецыяліст аддзелу фізкультуры, спорту і турызму Таццяна Дрыбінская. — Ды і пасярод тыдня прыехаць і адразу пасяліцца можа не атрымацца».

"Ёлкі-палкі" - нядорага і годна

У Быхаўскім раёне з'яўляюцца цэлыя аграэкавёскі. Напрыклад, у Грудзічыне, дзе сёння ёсць вялікая сядзіба "Пясчаны бераг", з 10 мясцовых жыхароў 4 зарэгістраваны ў справе экатурызму. Вяскоўцы забяспечваюць турыстаў натуральнымі харчамі, якія вырабляюцца ў іх уласных гаспадарках.

У Чыгірынскага вадасховішча ў вёсцы Кароткія на замежныя інвестыцыі мяркуецца пабудаваць спа-цэнтр, і ўжо некалькі чалавек з вёскі плануюць пачаць дзейнасць у галіне экатурызму.

Якраз кластарная мадэль павінна дапамагчы найперш новым гаспадарам, якія яшчэ не разгарнулі шырокія рэкламныя кампаніі.

«Аграсядзібы не павінны быць разрозненыя, — лічыць старшыня грамадскай рады Віталь Шышоў. — Каб не было ў аднаго густа, а ў другога — пуста. І нам трэба абавязкова абменьвацца вопытам, ведамі. Зносіны вельмі важныя ў бізнэсе».

Яшчэ і года не мінула з моманту адкрыцця справы Віталя Сяргеевіча. Яго ніша — прыдарожны сэрвіс. У вёсцы Вараніно, каля заправачнай станцыі на аўтатрасе "Санкт-Пецярбург — Адэса" месціцца яго сядзіба. Назву для яе дапамагла прыдумаць Таццяна Дрыбінская.

"Ёлкі-Палкі" — гэта знаёмы брэнд для расіян, якія тут часта спыняюцца. А з іншага боку, мае гістарычны кантэкст. У старадаўнія часіны над карчмой вывешвалі яловыя лапкі: на знак таго, што ў гэтым месцы можна адпачыць, паесці і выпіць. Потым яны высыхалі і заставаліся вісець палкамі.

У быхаўскіх "Ёлках-Палках" смачна накормяць. Гатуе для гасцей жонка Шышова, а ідэі падае дачка, студэнтка Магілёўскага ўніверсітэта харчавання. Сям'і дапамагаюць некалькі суседзяў, якія сталі індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

«Мы імкнёмся, каб усё было дастойна, — гаворыць Віталь Шышоў. — Так, каб госці сказалі, што Беларусь — гэта прыемнае месца».

У вялікім доме з натуральнага дрэва, але ўзведзенага па-сучаснаму, можна з камфортам спыніцца. Нумар на тры месцы будзе каштаваць за суткі 200 тысяч рублёў, харчаванне на чалавека абыдзецца на дзень у 70-80 тысяч рублёў.

Закутак, каб схавацца ад горада

Нягледзячы на тое, што "Ёлкі-Палкі" месцяцца пры аўтатрасе, госці могуць пагуляць паблізу ў дубовым гаі, праехаць на веласіпедах да Дняпра. Аднак яшчэ больш дапаможа, лічыць гаспадар, "зялёны" маршрут, якім у тым ліку і зоймецца грамадская рада па развіцці аграэкатурызму.

«Гэта будзе своеасаблівы брэнд Быхаўскага раёна, — расказала Таццяна Дрыбінская. — Маршрут называецца "Быхаўскія закуткі". У гэтых закутках людзі змогуць схавацца ад цывілізацыі, адпачыць ад вялікіх гарадоў».

Турысты маюць розныя характары: адным трэба спакойна сядзець на адным месцы, іншым хочацца руху і новых уражанняў. Вось для апошніх у Быхаўскім раёне можна па "зялёным" маршруце пайсці пешшу, паехаць на веласіпедах альбо пайсці ў паход на байдарках па Дняпры. І ўсё гэта — ад адной аграэкасядзібы да другой, па гістарычных помніках і прыгожых мясцінах. Адна ўмова — дабірацца трэба без матораў, у гэтым сэнс "зялёнага маршруту".

"Гасцінны двор", што ў вёсцы Залахвенне, — вядомае месца для аматараў палявання і рыбалкі. Гэтая сядзіба адрозніваецца ад іншых рарытэтнымі аўтамабілямі, вялікай колькасцю каменных ільвоў (адзін нават у фурманку запрэжаны), жывым і вельмі ласкавым (нягледзячы на грозны выгляд) сабакам Кімам і блізкасцю да Дняпра. На вадзе можна і ў альтанцы адпачнуць, а можна і на маторцы махнуць на экскурсію.

Гаспадар Міхаіл Дудзікаў таксама паклапаціўся пра "зялёны" маршрут. «Аднойчы прыехалі госці з Казахстана, Малдовы, Украіны, якіх хацелася здзівіць, — расказаў Міхаіл Уладзіміравіч. — Побач з намі рака Лахва ўпадае ў Днепр. Мы падняліся па рацэ і сплавіліся на лодках без матораў. Ехалі да месца пагрузкі на аўтамабілях 15 хвілін, а па вадзе назад дабіраліся суткі. Рака пакручастая, прыгожыя краявіды навокал. Так што "зялёныя" маршруты — вельмі добрая ідэя».

Міхаіл Дудзікаў — таксама ўдзельнік раённай грамадскай рады па развіцці аграэкатурызму. Ён спадзяецца, што яна ўтворана не проста для таго, каб разам бавіць час, а каб з уладамі і іншымі раённымі ўстановамі вырашаць розныя праблемы. Якраз для стварэння "зялёных" маршрутаў цяпер патрабуецца падтрымка музеяў і лясных гаспадарак. "Давайце будзем працаваць актыўна!" — заклікаюць гаспадары.

«Звязда»

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «регионы»:

20.07.2018 - 09:24 | Уровень воды в Чигиринском водохранилище понизят на полметра из-за ремонта дамбы ГЭС

Уровень воды в Чигиринском водохранилище в августе понизят на полметра из-за ремонта дамбы возле местной гидроэлектростанции в д.Чигиринка Кировского района.

19.07.2018 - 11:33 | Подсобное хозяйство Климовичского ЛВЗ получило в подарок трактор «Беларус МТЗ-3522»

Трактор «Беларус МТЗ-3522» получило в подарок подсобное хозяйство Климовичского ЛВЗ от ОАО «Минск кристалл» - управляющая компания холдинга «МИНСК КРИСТАЛЛ ГРУПП».

19.07.2018 - 11:25 | Кабинет по основам безопасности открылся на базе Центра дополнительного образования детей и молодежи в Климовичах

Кабинет по основам безопасности открылся на базе Центра дополнительного образования детей и молодежи в Климовичах. Об этом сообщили в  Могилевском областном управлении МЧС.

19.07.2018 - 11:06 | В Дрибине 23 июля проведет прием граждан первый заместитель председателя Могилевского облисполкома Олег Чикида

Личный прием граждан приведет 23 июля в Дрибинском районном исполнительном комитете (г.п. Дрибин, ул. Ленина, д.35, 3-й этаж, каб.

17.07.2018 - 10:39 | В Хотимском районе объявлен ежегодный смотр-конкурс на лучшее благоустройство территорий

В Хотимском районе объявлен ежегодный смотр-конкурс на лучшее благоустройство территорий. Об этом сообщили в райисполкоме.