Рус Бел Eng 中文

У Магілёве выпусцілі ўжо некалькі груп запатрабаваных у ЖКГ універсальных спецыялістаў

Карысную спецыяльнасць прапаноўвае атрымаць цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама. Летась тут адбыўся пробны выпуск 11 хаўс-майстроў, а сёлета колькасць такіх спецыялістаў павялічылася амаль да 50. Трапіць у лік «універсалаў» могуць выключна электраманцёры. Тут яны набываюць веды па сантэхнічных, сталярных, цяслярных працах, вучацца тынкаваць, фарбаваць сцены, рамантаваць дах, мяняць шкло. Адным словам, становяцца майстрамі на ўсе рукі і могуць выконваць працу адразу некалькіх рабочых па абслугоўванні дома.

- Заняткі праводзяць выкладчыкі Магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа, - кажа дырэктар цэнтра павышэння кваліфікацыі Святлана Гарбачова. - На працягу 2,5 месяца яны чытаюць лекцыі, пасля чаго нашы навучэнцы яшчэ 1,5 месяца замацоўваюць атрыманыя веды на практыцы. Пакуль сучасную прафесію набываюць работнікі камунальных прадпрыемстваў Магілёва, Бабруйска і некаторых райцэнтраў вобласці, але да нас могуць звяртацца ўсе ахвотныя, нават беспрацоўныя. Праўда, за вучобу прыйдзецца заплаціць прыкладна 2,5 мільёна рублёў. І гэта без практыкі. Улічваючы, што прафесія набывае ўсё большую папулярнасць і абяцае неблагі прыбытак, пагадзіцеся, затраты не самыя вялікія.

“Звязда”

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна