Вверх

Вы здесь

Вось гэта вуліца, вось гэты дом

У Магілёве аб’явілі сапраўдны бой тым, чые дамы псуюць агульны пейзаж.

Будынкі, як і людзі, калі догляду няма, хутка набываюць непрэзентабельны выгляд. Здавалася б, праблема больш актуальная для вёсак. Але і Магілёў, дзе яшчэ хапае прыватнага сектара, не выключэнне. Праца з уладальнікамі безгаспадарнай нерухомасці вядзецца, але, як вельмі трапна адзначыў на адной з апошніх планёрак старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, няма яснай карціны і сістэмы ў гэтай працы. На яго думку, пашпартызацыя вуліц з указаннем колькасці дамоў і іх стану дасць магчымасць больш дасканала весці барацьбу з недагледжанай маёмасцю.

Жыллё павышанай небяспекі

Толькі ў Кастрычніцкім раёне Магілёва 330 вуліц і завулкаў, дзе знаходзіцца каля 10 тысяч дамоў прыватнага сектара. На думку раённых улад, агульны стан іх задавальняючы, вось толькі 72 дамы псуюць агульны выгляд.

— Раней такога паняцця, як пашпарт раёна ці вуліцы, не існавала, — кажа першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Павел Марыненка. — Але быў пералік з адрасамі такіх домаўладанняў, а ў ім кантактныя даныя ўласнікаў, адзнакі наведвання іх кантралёрамі. Да яго прыкладаліся фота і апытанні суседзяў. Цяпер гэты віртуальны дакумент для ўнутранай працы збіраемся пашырыць яшчэ некалькімі блокамі. Напрыклад, будзем уносіць звесткі па кожным з дамоў па заключэнні дагавораў са спецпрадпрыемствам на вываз смецця. Бывае, што людзі скардзяцца на тое, што непрыбрана, а самі той дамовы не маюць.

Умоўна безгаспадарчую маёмасць можна падзяліць на 4 групы: уласнікі не ўстаноўлены; іх немагчыма знайсці; зусім няма ўласніка, але засталіся зарэгістраваныя жыльцы (дзеці пасля смерці бацькоў не ўступілі ў спадчыну); уласнікі адмаўляюцца наводзіць парадак, спасылаючыся на абмежаванасць у сродках. З пачатку года нядбайным жыльцам выдадзена больш за 900 прадпісанняў па навядзенні парадку. Якія вынікі? Летась, напрыклад, па 10 дамах нараканні былі зняты.

У найбліжэйшы час у спіс плануецца дадаць яшчэ і тыя будынкі, якія выкарыстоўваюцца пад дачы. Па апошніх падліках, гэта яшчэ каля 200 дамоў. На зіму іх уладальнікі пераязджаюць у кватэры, а гарадскія лецішчы становяцца аб’ектам павышанай увагі асацыяльных асоб.

— Збіраемся больш рашуча дзейнічаць у дачыненні маёмасці, уласнікаў якой нельга знайсці, — кажа Павел Марыненка. — Пачнём замацоўваць такія дамы за пэўнымі камунальнымі прадпрыемствамі, якія возьмуць на сябе абавязкі па падтрыманні тэрыторыі ў належным стане і будуць фарміраваць свае выдаткі па доглядзе. Калі знойдзецца ўласнік, прад’явім рахунак — хай аплачвае. У іншым выпадку, прададзім участак з аўкцыёну і кампенсуем камунальнаму прадпрыемству выдаткі па кансервацыі аб’екта.

— А калі нашчадак з’явіцца і скажа, што не прасіў нікога даглядаць яго спадчыну?

— Любы ўчастак павінен апрацоўвацца, — аргументуе Павел Марыненка. — Калі не сачыць за парадкам, тэрыторыя зарастае пустазеллем, з якім вельмі цяжка змагацца. Яно распаўсюджваецца і на суседнія ўчасткі. І больш за ўсё непакоіць, што закінутым будынкам могуць скарыстацца крымінальныя асобы ці тыя, што вядуць бязладнае жыццё, бо яны здольныя і злачынства здзейсніць, і пажар учыніць.

Мы пастаянна звяртаемся да жыхароў: бачыце, што побач жывуць небяспечныя суседзі, або стаіць закінуты дом, паведамляйце. Гэта ж у вашых інтарэсах. Аддзел камунальнай гаспадаркі адкрыты для ўсіх. Дарэчы, страціць участак вельмі проста. Зямля ў горадзе карыстаецца вялікім попытам. Участкі да 15 сотак прадаваліся з аўкцыёну і па 400 мільёнаў рублёў.

Кандыдаты на высяленне

Разам са спецыялістамі ЖКГ Кастрычніцкага раёна і супрацоўнікамі міліцыі едзем па адрасах нядбайных гаспадароў, якія не рэагуюць на спробы да іх дастукацца.

— Гэтыя спісы нам перадалі ратавальнікі, — тлумачыць спецыяліст ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Алена Лапо. Пакуль едзем, яна ўводзіць мяне ў курс справы: — Калі быць дакладным, мы шчыльна працуем з недагледжанымі дамамі ўжо з 2008 года. Першапачатковыя звесткі дала землеўпарадкавальная служба. Паступова яны дапаўняліся інфармацыяй па выніках рэйдаў міліцыі, ратавальнікаў, санітарнай службы, нашых размоў з суседзямі, вулічкамамі, дэпутатамі. Вось цяпер правяраем факты, атрыманыя ад супрацоўнікаў МНС. Перад тым, як ехаць, даведаліся ў РКЦ, хто там жыве і як разлічваюцца за камунальныя паслугі, заадно пацікавіліся ў землеўпарадкавальнай службы, ці ёсць там уласнікі. Трэба ацаніць стан кожнага дома, скласці акт камісійнага абследавання, апытаць суседзяў. Меры будуць прымацца ў залежнасці ад сітуацыі. Калі дом гарэў — гэта адно, а калі доўгі час стаіць без гаспадара — зусім іншае. Апошнія на афіцыйнай мове называюцца вымарачнымі. Але, каб дом атрымаў такі статус, трэба перадаць справу ў суд.

Прыпыняемся каля аднаго з дамоў, пазначаных ратавальнікамі як небяспечны. На першы погляд ён нічым не горш за астатнія. Вось толькі вакол яго не прыбрана, пад вокнамі звалены ў кучу старыя шыны, часткова няма агароджы, на агародзе пустазелле амаль у чалавечы рост. На дзвярах замок. Адзіны, хто нас гасцінна сустракае, гэта кот.

— У доме калісьці жыла Лідзія Віцянкова, якая памерла ў 2004 годзе, — чытае «дасье» на ўладальнікаў Алена Лапо. — Тут зарэгістраваны яе дачка 1979 года нараджэння і ўнук.

У пошуках адказаў, жывуць яны тут ці не, ходзім вакол дома. Разабрацца цяжка. Бо не верыцца, што можна існаваць у такіх, мякка кажучы, антысанітарных умовах. Амаль каля самага дома сметнік, ад якога ў спякотны дзень па акрузе распаўсюджваецца характэрнае амбрэ.

Але са слоў суседа высвятляецца, што людзі тут усё ж такі жывуць. Чаму так нядбайна? Ніхто дакладна не ведае. Супрацоўнікам ЖКГ прыйдзецца знайсці іх і прымусіць навесці парадак. А гэта, бывае, займае не адзін дзень і нават месяц.

— Быў выпадак, калі дом па суседстве з будынкам адміністрацыі раёна прыйшоў у заняпад, — узгадвае Алена Лапо. — Нашчадкаў было шмат, яны ніяк не маглі вызначыцца, што рабіць. Адны хацелі яго прадаць, другія супраціўляліся. Час ішоў, дом разбураўся, пачаў псаваць агульны выгляд. Паўгода змагаліся, па чарзе кожнага выклікалі, звярталіся па месцы працы, размаўлялі з іх кіраўніцтвам. І толькі пасля ўсяго гэтага яны нарэшце знеслі згарэлую пабудову, пасадзілі агарод, зрабілі агароджу.

Ідзём па наступным адрасе. Па звестках ратавальнікаў там у непатрэбным месцы складзіраваны дровы, паўразбураны гараж, трухлявая гаспадарчая пабудова. У двары брэша сабака, але людзі голас не падаюць. «Тут адміністрцыйны пратакол не перашкодзіла б скласці, вельмі ўсё запушчана, — лічаць прадстаўнікі камунальнай службы. — Адна справа, калі трэба дах перакрыць, а тут дастаткова навесці элементарны парадак. А для гэтага не столькі грошы патрэбны, колькі сумленне».

Суседка заступаецца, маўляў, гаспадыня хворая, ніхто ёй не дапамагае. «У жанчыны два дарослыя сыны. Дзе яны?» — пытаецца Алена Лапо. Высвятляецца, што адзін у Расіі працуе, другі недзе ў сяброўкі жыве. Хлопцам, дарэчы, 23 і 25 гадоў.

Пакуль ідзём да наступнага дома, Алена Лапо абураецца: «Як толькі людзі могуць жыць па суседстве з хламам? Я таксама з сельскай мясцовасці, але ў нас усё рабілася талакой, суседзі прыходзілі на дапамогу. А цяпер нават дзецям да сваіх жа бацькоў ніякай справы няма».

Наперадзе вымалёўваецца паўразбураная хата, амаль цалкам схаваная за зараснікамі. Дом спарахнеў да такой ступені, што яго лягчэй знесці, чым аднавіць. Людзі паціху сталі складаваць тут смецце. Маўляў, горш не будзе.

— Каб яго знесці, трэба вызначыцца з фінансаваннем і знайсці тэхніку, — уздыхаюць спецыялісты. — Хто гэта возьме на сябе? У сельскай мясцовасці, у адрозненне ад горада, выдаткі ўжо закладзены ў бюджэт сельсавета.

— Тут жылі старыя, гадоў дзесяць таму памерлі, — кажа тутэйшы старажыл. — Дзяцей у іх не было, але камусьці дом яны адпісалі. Толькі той нашчадак яго прадаў, а новыя гаспадары так і не засяліліся. Мясцовыя ж паціху пачалі разбіраць пабудову на кавалачкі. Я крыху абкошваю тэрыторыю, каб быў больш-менш прыстойны выгляд.

На развітанне мужчына паказвае яшчэ адзін асірацелы дом. Нашчадкі збіраюцца яго прадаць, але ён таксама можа трапіць у шэрагі неперспектыўных. І тады на вуліцы стане адным прывідам болей.

Гораду не хапае «сотага» ўказа

Па выніках праверкі складзены прадпісанні, тэрміны іх выканання пастаўлены на кантроль. Калі нічога не зменіцца, нядбайных гаспадароў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. І так па коле. Трэба неяк уплываць на ўласніка — хадзіць, прасіць, прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці — адным словам, ставіць у такое становішча, каб ён нешта пачаў рабіць: або навёў парадак, або адмовіўся ад сваёй маёмасці.

— Ёсць Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, іх ніхто не адмяняў, — кажаначальнік аддзела ЖКГ і добраўпарадкавання адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Сяргей Макарэнка. — У любым выпадку пакасіць траву, паставіць агароджу і пафарбаваць яе — не такія ўжо і вялікія выдаткі.

Нельга сказаць, што клопаты дастаўляюць спрэс людзі, якія злоўжываюць спіртным, або дармаеды. Быў выпадак, калі ўласнік памёр, нашчадкі падалі заяву на ўступленне ў спадчыну, забілі ў доме вокны і раз’ехаліся па сваіх месцах жыхарства ў спадзяванні праз паўгода вярнуцца і заняцца справай. А прыехалі на папялішча — нехта спаліў іх дом. З аднаго боку, прамой віны іх няма, з другога — няўжо было цяжка паставіць сігналізацыю? Каб аднавіць дом, яго, па сутнасці, трэба зноў адбудаваць. У выніку нашчадкі пакідаюць усё, як ёсць, а камунальным службам прыходзіцца рабіць прадпісанні, каб неяк уздзейнічаць на людзей.

На сёння існуюць толькі 2 рычагі, якімі карыстаюцца спецыялісты — Зямельны і Грамадзянскі кодэксы. Калі ўчастак пэўны час не апрацоўваецца і не выкарыстоўваецца па прызначэнні, яго яшчэ можна канфіскаваць. Але калі там маецца пабудова, зарэгістраваная ў Агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, то тут Зямельны кодэкс ужо не дзейнічае. У Канстытуцыі прапісана, што грамадзянін мае права на ўласнасць і проста так забраць яе нельга. Нават тады, калі ад яе нічога, акрамя падмурка, не засталося.

— Калі б магчыма было ў гарадской мясцовасці прымяніць Указ №100, працаваць было б прасцей, — кажа Сяргей Макарэнка. — У бюджэце з’явіліся б сродкі на тое, каб набыць такі дом. Грошы адразу б вярнуліся пасля яго продажу на аўкцыёне. І астатнім нядбайным гаспадарам быў бы ўрок. Да чалавека хутчэй дайшло б, што калі ён не разбярэцца са сваім паўразбураным домам і не навядзе парадак на ўчастку, ён у выніку яго пазбавіцца.

Нэлі Зігуля,“Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «мнение»:

06.12.2017 - 15:27 | Кооперация позволяет предприятиям достичь высокой эффективности производства - Руслан Страхар

На современном этапе развития кооперация представляет собой действенный и современный метод, позволяющий предприятиям достичь высокой эффективности производства благодаря рациональному использованию установленных мощностей и имеющихся ресурсов. Такое мнение высказал сегодня на межрегиональной конференции «Кооперация производства, бизнеса и науки в промышленности: успехи, проблемы, перспективы» председатель комитета экономики Могилевского облисполкома Руслан Страхар.

13.11.2017 - 10:03 | Повышать престиж науки и образования нужно за счет экономического стимулирования ученых - мнение

Повышать престиж науки и образования нужно в том числе за счет экономического стимулирования ученых с учетом их эффективности. Такое мнение высказал корреспонденту делегат II Съезда ученых Беларуси, заведующий кафедрой «Безопасность жизнедеятельности» доцент Белорусско-Российского университета Александр Щур.

04.11.2017 - 09:26 | Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы - мнение

Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы. Такое мнение высказали супруги Непес и Ольга после приема, который провел в Совете Министров руководитель Министерства здравоохранения Валерий Малашко.

26.10.2017 - 09:17 | Фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен - Ирина Дрига

Республиканский фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен, сообщила на пресс-конференции первый заместитель министра культуры Беларуси Ирина Дрига.

25.10.2017 - 16:37 | Презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами - дипломат

Комплексные презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения