Вверх

Вы здесь

Выселіць, нельга пакінуць, або Купалы над зараснікам

Нагодай для маёй паездкі ў чарнобыльскую зону стаў ліст, які накіравала ў рэдакцыю «Звязды» Людміла Іванаўна Зыза, жыхарка вёскі Саматэвічы Касцюковіцкага раёна.

«Мы не хочам нікуды з’язджаць!»

Саматэвічы — гэта вядомае месца на карце Магілёўскай вобласці. Калісьці вялікая і квітнеючая вёска на беларуска-расійскім памежжы, з цікавай гісторыяй і старажытным помнікам архітэктуры, малая радзіма Аркадзя Куляшова, стала… прывідам. Да чарнобыльскай катастрофы там было больш за тысячу двароў, а цяпер засталіся толькі 8 хат і 13 жыхароў.

«Наша сяло і яшчэ два бліжнія належаць да зоны адсялення, — піша Любоў Іванаўна. — Пражылі тут людзі, хто не выселіўся, ужо 27 гадоў, і неўзабаве, без нічога ніякага, сказалі хуценька з’язджаць адсюль. У вас, маўляў, кватэры ёсць, і няма чаго тут сядзець. Людзі ў паніцы — старыя ў асноўным. Уявіце сабе, што такое перасяленне з усімі манаткамі ў 70 з лішкам гадоў. Гэта ж не 30-40, калі яшчэ мора па калена…»

Людміла Іванаўна расказала ў лісце сваю гісторыю: яна, мясцовая ўраджэнка, з’ехала ў свой час у Данецк, але потым вярнулася да сваякоў. Ужо дзясятак гадоў яна жыве са сваім грамадзянскім мужам Рыгорам Кірылавічам Давыдзенкам у Саматэвічах.

Рыгор Кірылавіч размяняў восьмы дзясятак. Ён ужо з’язджаў з зоны, але вымушаны быў вярнуцца з-за сямейных абставін. Давыдзенка — адзіны з саматэвіцкіх пустэльнікаў (менавіта так іх тут называюць), хто не мае іншага жылля. Цяпер мясцовыя ўлады настойліва прапануюць пенсіянеру і яго спадарожніцы атрымаць кватэру з усімі выгодамі і з’ехаць з зоны.

«Навошта нам тая кватэра? — не пагаджаецца ў лісце Людміла Іванаўна. — Нам тут добра. Мы маем невялікі кавалак зямлі ў некалькі сотак, кветнік, лазню і печку. Мы не хочам нікуды адсюль з’язджаць».

Жанчына таксама напісала, што яна выказвае агульную пазіцыю ўсіх, хто застаўся жыць у выселеных Саматэвічах.

Лічым грошы і дбаем пра парадак

Апошні раз я бачыла Саматэвічы ўвесну 2011 года: калі рыхтавала артыкул да 25-годдзя чарнобыльскай аварыі. Тут, дзе раней віравала жыццё, а цяпер цісне на вушы цішыня, было дарэчы ўзгадаць мінулае і падумаць пра будучае пострадыяцыйнай зоны.

Зразумела, гэтая выселеная вёска мяняла год ад году сваё аблічча і ўсё менш паходзіла на добрае месца для жыцця людзей, аднак у той час вестак пра тэрміновае адсяленне жменькі людзей, якія засталіся ў Саматэвічах насуперак усяму, не было. Выбар пустэльнікаў, безумоўна, не віталі, аднак і не перашкаджалі жыць.

Што ж перамянілася за гэты час? У Касцюковіцкім райвыканкаме сказалі коратка: трэба выконваць закон аб адсяленні людзей з тэрыторыі адчужэння.

— Людзі жывуць у радыяцыйнай зоне незаконна, але ўлада для іх павінна чысціць дарогі, падаваць электраэнергію, прывозіць прадукты, забяспечваць медыцынскай дапамогай і транспартам, — каментуе старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Уладзімір Кісялёў. — Усё гэта каштуе грошай. Між тым, жыхары зоны, за рэдкім выключэннем, маюць жыллё, якое яны атрымалі ад дзяржавы як кампенсацыю за пакінутыя дамы. Чаму ж яны працягваюць там жыць?

Пытанне рытарычнае. Большасць насельнікаў зоны — старыя людзі, якія пакінулі новае жыллё ўнукам і дзецям альбо страцілі яго па іншых прычынах і вярнуліся ў старыя хаты дажываць век.

— Аднак некаторыя незаконна здаюць свае кватэры ў арэнду, за што, прынамсі, на жыхара Саматэвічаў падатковая інспекцыя наклала спагнанне, — удакладняе кіраўнік раёна. — Акрамя гэтага, цяпер ідзе следства наконт вырошчвання і сушкі канопляў у зоне, дзе ёсць месцы, якія не навідавоку ў людзей, і там сапраўды трэба навесці парадак.

Да размовы далучаюцца намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Стасьеў і галоўны спецыяліст зон адчужэння і адсялення Касцюковіцкага раёна Пётр Барыкін. Яны пералічваюць і іншыя прычыны занепакоенасці мясцовай улады сітуацыяй у адселеных вёсках.

Гэта пажары, якія ўзнікаюць ад дзейнасці там людзей. Прычым нярэдка гэта робяць здабытчыкі металу, каб аблегчыць яго пошук. Сталі частымі выпадкі браканьерства ў зоне. Тут развялося шмат дзікіх жывёл, што небяспечна. Расліннасць наступае з усіх бакоў. Старшыня Беладубраўскага сельсавета Міхаіл Грыбачоў падкрэслівае: «Пустэльнікі жывуць у хатах, якія належаць сельвыканкаму. Прадпрыемства «Радон», якое здзяйсняе пахаванне адселеных вёсак, не можа завяршыць свае работы з-за хат, дзе насуперак усяму жывуць людзі.

Зараснік замяніць на выгоды

Мы разам едзем у Саматэвічы, каб сустрэцца з аўтаркай ліста ў рэдакцыю. Пагутарыць з ёй вырашыў і старшыня райвыканкама, каб на месцы расставіць усе кропкі над «і». Па дарозе мы аб’язджаем аўталаўку, якая накіроўваецца ў выселеную вёску (гэта адбываецца двойчы на тыдзень).

…Усяго 25 кіламетраў ад раённага цэнтра Касцюковічы — і ты ў іншым свеце. Спачатку кранае прыгажосць восеньскай прыроды: вялізныя дрэвы з лісцем багатых адценняў жоўтага і чырвонага, з дадаткам пабляклага зялёнага.

Аднак ужо з другога погляду прырода пачынае пужаць. У месцах, дзе людзі не жывуць, яна пераходзіць у наступ. Пры блізкім разглядзе лес аказваецца непралазным. Рэшткі асфальтавай дарогі падпіраюць дрэвы і падпілаваныя шукальнікамі металаў бетонныя слупы. Ні людзей, ні гукаў. Наша «група таварышаў» выглядае на гэтым фоне досыць экзатычна. Мужчыны ў касцюмах і белых кашулях з гальштукамі здаюцца прышэльцамі.

Хата, дзе жывуць Людміла Іванаўна Зыза і Рыгор Кірылавіч Давыдзенка, знаходзіцца каля аўтадарогі. Гэта старая будыніна цёмна-шэрага колеру. Шыльда з нумарам дома ржавая, ды і нумарацыя тут даўно не патрэбна. Восеньскія кветкі вольна разрастаюцца навокал.

На двары — сабраныя ў кошыкі яблыкі і гарбузы. На задку стаяць веласіпеды — першы сродак перасоўвання. У хаце вельмі чыста і ўтульна, але найбольшае ўражанне, прынамсі, на мяне робіць агарод, які ўвесь зарос нейкімі раслінамі ў рост чалавека.

Гаспадары прымаюць дэлегацыю ветліва. Людміла Іванаўна гаворыць, што яна не хоча з’язджаць з Саматэвічаў.

— Я наладзіла быт і хачу тут жыць, — тлумачыць жанчына. — Навошта нас гоняць? Які пераезд? На новыя рэчы ў нас няма грошай, а наша старызна па дарозе разваліцца.

— Рухацца з месца ўжо не хочацца, — падтрымлівае Рыгор Кірылавіч.

Прадстаўнікі ўлады ў адказ тлумачаць сваю пазіцыю: і пра выдаткі, і пра парадак, і пра новае жыллё. Даюць абяцанні, што дапамогуць з пераездам і рамонтам. Угаворваюць змяніць зараснік і пустэчу на жыццё сярод людзей у кватэры з усімі выгодамі. Нагадваюць, нарэшце, пра ўзрост і хваробы: што будзе, калі спатрэбіцца пастаянная медыцынская дапамога і спецыяльны догляд?

— Трэба глядзець у будучае і пражыць гады, якія засталіся, у нармальных умовах! — заклікаюць пенсіянераў. — А што тут будзе праз дзясятак гадоў? Вы нам яшчэ падзякуеце пасля пераезду…

Урэшце Людміла Іванаўна і Рыгор Кірылавіч спачатку пагаджаюцца падумаць, а потым — і паглядзець новае жыллё. Аўтары ліста і прадстаўнікі ўлады прыходзяць да высновы, што здольныя знайсці рашэнне праблемы, якое задаволіць абодва бакі.

Кампраміс дзеля дзяцей

Між тым, у Саматэвічах жывуць не толькі пенсіянеры. Тут ёсць сям’я з двума дзецьмі — школьнікамі 2001 і 2003 гадоў нараджэння. Іх бацькі пакуль не знаходзяць паразумення з уладамі наконт перасялення.

— Мы не хочам з’язджаць! — адрэзала Таццяна Сцепаненка.

Яе муж Андрэй працуе на прадпрыемстве «Радон», а сама гаспадыня займаецца вялікай хатняй гаспадаркай. У сям’і ёсць аўтатранспарт, які дазваляе ім адчуваць сябе вольна. Дзеці вучацца ў школе ў цэнтры сельсавета, іх возіць школьны аўтобус.

— Мы нічога ні ў каго не просім, адно толькі — даць нам спакойна жыць, — настойваюць Сцепаненкі.

Яны наладзілі сваё жыццё ў выселенай вёсцы, нібыта на хутары, і ім тут падабаецца. Ёсць жывёла і агарод, ёсць бытавая тэхніка. Сям’я мае кватэру ў раённым цэнтры, але гаспадыня пагардліва называе яе «хэйдарам», дзе няма нават балкона. За яе прыватызацыю цяпер просяць вялікія грошы, і гэта таксама не задавальняе Сцепаненак.

— Мы тут да пенсіі не збіраемся жыць, — энергічна запэўнівае Андрэй. — Трэба толькі пачакаць, пакуль дзеці скончаць школу. Я іх у горад не пушчу, бо там усе кураць і п’юць. А радыяцыю я правяраў: няма яе ні ў зямлі нашай, ні ў прадуктах. Мы яе не баімся, і дзеці нашы здаровыя. Так што тут можна жыць!

Канструктыўнага дыялогу не атрымліваецца. Гаспадары засмучаныя і злуюцца. Андрэй скардзіцца, што іх няспынна пужаюць высяленнем, хаця даўно казалі, быццам не будуць чапаць тых, хто хоча застацца ў пацярпелых ад радыяцыі вёсках. І абяцае нам выжыць у Саматэвічах нават без святла.

Прадстаўнікі ўлады нагадваюць, што даўно казалі сям’і аб неабходнасці пераязджаць у чыстае месца і там гадаваць сваіх дзяцей. Маўляў, калі не падабаецца гарадская кватэра — можна пасяліцца ў вёсцы, каб не мяняць звыклы лад жыцця. Усё ж Саматэвічы належаць да зоны адсялення, дзе радыяцыйны фон складае ад 15 да 40 кюры.

Застаецца толькі спадзявацца, што і ў гэтым выпадку кампраміснае рашэнне ўрэшце будзе знойдзена.

Мірны шлях

Паводле апошняй інфармацыі, сёння у 4-х адселеных вёсках Касцюковіцкага раёна жывуць 29 чалавек. Гэты паказчык з цягам часу памяншаецца: людзі ўсё ж такі пераязджаюць у чыстыя мясціны альбо, прабачце, паміраюць.

У Касцюковіцкім райвыканкаме падкрэслілі, што размова сёння не ідзе пра тэрміновае і тым больш гвалтоўнае перасяленне з зоны. Пакуль людзей угаворваюць, спрабуюць з імі знайсці агульную мову і паразуменне. Між тым, калі мірныя перамовы зойдуць у тупік, то ўлада пакідае за сабой права звярнуцца па канчатковае вырашэнне спрэчкі з пустэльнікамі ў суд — як у апошнюю інстанцыю.

— Закон ёсць, і яго трэба выконваць, — яшчэ раз падкрэсліў Уладзімір Кісялёў. — Але я па-чалавечы не разумею: навошта людзям там заставацца жыць? Чаму яны не хочуць жыць цывілізавана?

Так, цывілізацыя, шчыра кажучы, ужо не мае ніякага дачынення да Саматэвічаў. Калі вёску яшчэ толькі высялялі, мы, журналісты, меркавалі, колькі гадоў спатрэбіцца, каб прырода паглынула такое вялікае паселішча, з капітальнымі пабудовамі і добрай інфраструктурай. Аказалася, усяго два дзясяткі гадоў. Цяпер ужо і не разгледзець, дзе была кніжная крама, а дзе стаяла школа. Нават капаніры — пагоркі ад пахаваных дамоў, — губляюцца сярод маладых дрэў і хмызняку…

Адзінае, што застаецца ў Саматэвічах прыгожай зданню, — Свята-Троіцкая царква, адбудаваная з трывалай чырвонай цэглы ў ХІХ стагоддзі. Цяпер, праўда, патрабуецца пэўная мужнасць і экіпіроўка заўзятага турыста, каб пайсці туды. Яе не проста абступілі дрэвы — яны выраслі і на самім будынку. Купалы над зараснікамі — вось і ўсё, што нам засталося.

Ілона ІВАНОВА, “Звязда”

Фота аўтара.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.

Читайте также в категории «мнение»:

06.12.2017 - 15:27 | Кооперация позволяет предприятиям достичь высокой эффективности производства - Руслан Страхар

На современном этапе развития кооперация представляет собой действенный и современный метод, позволяющий предприятиям достичь высокой эффективности производства благодаря рациональному использованию установленных мощностей и имеющихся ресурсов. Такое мнение высказал сегодня на межрегиональной конференции «Кооперация производства, бизнеса и науки в промышленности: успехи, проблемы, перспективы» председатель комитета экономики Могилевского облисполкома Руслан Страхар.

13.11.2017 - 10:03 | Повышать престиж науки и образования нужно за счет экономического стимулирования ученых - мнение

Повышать престиж науки и образования нужно в том числе за счет экономического стимулирования ученых с учетом их эффективности. Такое мнение высказал корреспонденту делегат II Съезда ученых Беларуси, заведующий кафедрой «Безопасность жизнедеятельности» доцент Белорусско-Российского университета Александр Щур.

04.11.2017 - 09:26 | Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы - мнение

Приемы граждан министрами помогают действенно решать наболевшие вопросы. Такое мнение высказали супруги Непес и Ольга после приема, который провел в Совете Министров руководитель Министерства здравоохранения Валерий Малашко.

26.10.2017 - 09:17 | Фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен - Ирина Дрига

Республиканский фестиваль национальной драматургии им. В.Дунина-Марцинкевича будет содействовать открытию новых имен, сообщила на пресс-конференции первый заместитель министра культуры Беларуси Ирина Дрига.

25.10.2017 - 16:37 | Презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами - дипломат

Комплексные презентации регионов Беларуси в России способствуют росту товарооборота между странами.

Рубрики

Работа с обращениями граждан и юридических лиц
Электронные обращения