Вверх

Вы здесь

“Дрэва жыцця” можна ўбачыць у Магілёўскім мастацкім музеі імя Масленікава

Выстава “Дрэва жыцця” адкрылася 10 мая ў абласным мастацкім музеі імя Масленікава. Гэта выніковая экспазіцыя Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, якая ўключае больш за 100 твораў жывапісу, скульптуры, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Праект “Дрэва жыцця” - своеасаблівая справаздача творчых асоб Прыдняпроўскага краю. У выставачных залах музея экспануюцца работы мастакоў за апошніх 5 гадоў. Прадстаўленыя экспанаты адлюстроўваюць усе віды і жанры выяўленчага мастацтва. Магілёўцы розных пакаленняў дэманструюць не толькі свой вопыт, але і тэматычны дыяпазон, пераасэнсаванне традыцый. Як адзначыла намеснік дырэктара абласнога мастацкага музея імя Масленікава Святлана Строгіна, у выставе прымаюць удзел нават цэлыя дынастыі майстроў.

“Назва “Дрэва жыцця” - сімвалічная, - лічыць мастачка Галіна Конанава. - І не толькі таму, што тут прадстаўлена работа пад аднайменнай назвай скульптара Андрэя Вараб'ёва. Дрэва Жыцця ў міфалогіі ўсіх еўрапейскіх народаў паказвае сувязь зямлі і неба. Так і людзі мастацтва: у сваіх творах яны імкнуцца ад зямнога да вышэйшага”.

Выстава “Дрэва жыцця” - важная падзея ў культурным жыцці. Яна сведчыць пра тое, што творчыя асобы Магілёўшчыны ўносяць у скарбніцу беларускага мастацтва тутэйшую самабытнасць і непаўторную эмацыйную афарбоўку сваіх работ.

Па матэрыяле Тэлерадыёкампаніі “Магілёў”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.