Вверх

Вы здесь

Анатолий Дудько, председатель Могилевского райисполкома

Старшыня Магілёўскага райвыканкама Анатоль Дуцько пра новыя фермы, прыватныя ініцыятывы, хлеб і песню

Вытворцам — зялёная вуліца

— Анатоль Іванавіч, Магілёўскі раён заўсёды па праве лічыўся сельскагаспадарчым. Чым запомніўся для земляробаў мінулы год?

— Сёння на нашу долю прыпадае каля 20 працэнтаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі вобласці. Здабыткам 2014 года стаў рэкордны валавы збор зерня — 154,5 тысячы тон у свірнавай вазе, пры ўраджайнасці 50,8 цэнтнера з гектара. Дзякуючы яму ў абласным спаборніцтве па дасягненні найлепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу ў намінацыі «Вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур» раён заняў другое месца.

Забяспечана таксама выкананне паказчыкаў па тэмпе росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на 108,6 працэнта, вырошчвання жывёлы і птушкі — на 118 працэнтаў.

— Мяркуючы па тым, што надой ад каровы знізіўся на 365 кілаграмаў малака, паказчыкі работы маглі быць і лепшымі…

— Плануем у гэтым годзе паправіць становішча і кампенсаваць недабор прадукцыі, атрымаўшы 73 тысячы тон малака і 7600 тон мяса буйной рагатай жывёлы, 11 тысяч тон свініны, 89 тысяч тон мяса птушкі.

— Дзе гарантыі, што дасегняце пастаўленых мэт?

— Мы апошнім часам рэканструявалі і ўвялі ў эксплуатацыю шэсць малочнатаварных фермаў і комплексаў. На іх, як правіла, прадукцыйнасць жывёл узрасла ў 1,5 раза, 60 працэнтаў малака рэалізуецца гатункам экстра. Жыццё прымусіла асаблівую ўвагу звярнуць на пытанні ўзнаўлення статка, на тэхналогіі ўтрымання і кармлення кароў, умацаванне тэхналагічнай і выканаўчай дысцыпліны.

— Сёння работа, у тым ліку сельскагаспадарчых арганізацый і іх кіраўнікоў, ацэньваецца, перш за ўсё, па эканамічных паказчыках, а не па тонах атрыманай прадукцыі. Якія яны ў вас?

— Вытворчасць валавой прадукцыі ў разліку на аднаго работніка ўзрасла з 315,9 да 353,3, выручка ад рэалізацыі — з 285 да 389,2 мільёна рублёў, рэнтабельнасць продажу — з 4,2 да 8,2 працэнта, сярэднямесячны заробак — з 4740,6 да 5347,4 тысячы рублёў.

— На раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў адзначыў небывалы дагэтуль рост прамысловай вытворчасці, нехарактэрны для раёна ў былыя часы…

— Мы вырабілі тавараў на два трыльёны рублёў. Тэмп росту ў фактычных цэнах склаў 170 працэнтаў. Індэкс прамысловай вытворчасці ў разрэзе тавараў-прадстаўнікоў дасягнуў да 2013 года 199 працэнтаў пры сярэднеабласным паказчыку ў 95 працэнтаў.

— Ці ўсё прадалі?

— Запасы гатовай прадукцыі складаюць 27 працэнтаў да сярэднямесячнага аб’ёму яе вытворчасці і маюць тэндэнцыю да змяншэння.

— У чым галоўны сакрэт гэтых дасягненняў?

— Мы ўсяляк садзейнічаем развіццю малога бізнесу, прыватнай ініцыятывы. Пры гэтым — зялёная вуліца вытворцам. У 2014 годзе, напрыклад, створаны і пачалі працаваць таварыствы «Селдрэў» па вытворчасці зборных жалезабетонных і бетонных канструкцый і вырабаў, «Юніёр-Стыль» — па вытворчасці вопраткі, папяровая фабрыка «Транспак Груп» — па вытворчасці паперы і кардону, «Каўчэг-мэбля» — па вытворчасці мэблі. За кошт усіх крыніц фінансавання стварылі 792 рабочыя месцы. У рамках схемы работ па імпартазамяшчэнні прыватныя арганізацыі «БелЭмса», «Протас», «Баір Вест» вырабілі прадукцыі больш чым на 10 мільёнаў долараў ЗША.

— Прадпрыемствы новыя, а ці канкурэнтаздольная іх прадукцыя?

— Знешнегандлёвы абарот тавараў з краінамі далёкага і блізкага замежжа склаўся ў аб’ёме 222 мільёны долараў ЗША, у тым ліку экспарт — 135 мільёнаў.

Галоўнымі экспарцёрамі з’яўляюцца прыватнае прадпрыемства «Газасілікатбуд», адкрытае акцыянернае таварыства «Агракамбінат «Прыдняпроўскі», закрытае акцыянернае таварыства «Агракамбінат «Зара» і іншыя.

«Цярпець беспарадак на зямлі не збіраюся»

— Анатоль Іванавіч, калі вы працавалі ў Круглым, раён прызнаваўся пераможцам абласнога спаборніцтва па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Не думаю, што дазволіце Магілёўскаму выглядаць непрывабна ў гэтым плане. Нягледзячы на тое, што аб’ёмы работы тут намнога большыя.

— Незалежна ад месца работы і займаемай пасады адзін з маіх нязменных прынцыпаў: вайны няма — і цярпець развал і разруху, беспарадак на зямлі не маю намеру. Што да Магілёўскага раёна, то ў 274 населеных пунктах сельскімі Саветамі, раённым Саветам дэпутатаў выяўлена 486 пустуючых дамоў. 339 грамадзян выказалі і пацвердзілі намер выкарыстаць свае домаўладанні для далейшага пражывання. 41 будынак прададзены альбо знесены. Колькасць старых дамоў — 358. 188 з іх ужо знеслі, у тым ліку 173 — з дазволу былых уласнікаў, 4 — па рашэннях суда. Выканкамамі мясцовых Саветаў прынята 26 рашэнняў аб спыненні правоў на зямельныя ўчасткі. З 2010 года гаспадаркам раёна перададзена ў карыстанне 1513 гектараў такіх зямель. У 2014 годзе праведзена 12 аўкцыёнаў па продажы 31 зямельнага ўчастка пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. У бюджэт раёна паступіла 3270 мільёнаў рублёў.

— Ці ёсць такія тэрыторыі, на якіх з дамамі ўсё ў парадку?

— Няма пытанняў у населеных пунктах Вяйнянскага, Княжыцкага, Кадзінскага сельскіх Саветаў. Упэўнены, не будзе і ў астатніх. Дайце час. Работы па навядзенні парадку на зямлі не спыняюцца ні на адзін дзень ні ў вёсках, ні ў лясах, ні ў прыдарожных палосках, ні на мехдварах і на тэрыторыях малочнатаварных фермаў.

— Ці ёсць такія праблемы, у вырашэнні якіх раёну патрэбна дапамога?

— На сёння я бачу дзве. Першая: у нас вельмі дрэнная якасць пітной вады. Безумоўна, мы пастаянна ачышчаем калодзежы, бурым новыя свідравіны, будуем станцыі абезжалезвання, блізкія да горада вёскі падключаем да гарадскіх водаправодных сетак. Але ўсё гэта патрабуе сродкаў, на якія сёння разлічваць не прыходзіцца.

Другая праблема датычыцца садаводчых таварыстваў гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый, якіх у нас 176. Гэта 50 працэнтаў абласной колькасці. Дык вось яны ствараюць шмат пытанняў па зборы і ўтылізацыі адходаў, асабліва з надыходам дачнага сезона.

— Што датычыцца сродкаў, колькі і на якія мэты летась зрасходавалі?

— На рамонт дарог у 12 населеных пунктах пайшло 3,7 мільярда рублёў, на капітальны і бягучы рамонт жыллёвага фонду — 6,2, дзевяці сельскіх дамоў культуры — 2,2, добраўпарадкаванне могілак і рамонт помнікаў — больш за мільярд, на знос дамоў — 1,7 мільярда рублёў.

Дзе хлеб, там і песня

— Летась увялі ў эксплуатацыю жылыя дамы агульнай плошчай 46 тысяч квадратных метраў, што склала 102 працэнты да ўзроўню 2013 года.

Больш як шэсць мільярдаў рублёў зрасходавалі на капітальны рамонт жыллёвага фонду. Каля 500 дамоў падключаем да газаразмеркавальнай сістэмы, пабудавалі станцыю ачысткі вады ў аграгарадку Рэчкі, каналізацыйныя сеткі ў аграгарадку Махава.+50 працэнтаў раённага бюджэту выдзяляецца на фінансаванне сістэмы адукацыі. І трэба аддаць належнае настаўнікам і іх выхаванцам за добрую работу і вучобу. Не магу не прыгадаць вучаніц Кадзінскай сярэдняй школы Надзею Багдановіч, Елізавету Міронцаву, Варвару Башкіраву, педагогаў Ірыну Яфрэмкаву, Алену Заблоцкую, якія ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітых дзяцей і моладзі. Сама школа атрымала рэспубліканскі сертыфікат як найлепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі ў сельскай мясцовасці.

Яслі-сад аграгарадка Кадзіна стаў найлепшым у абласным спаборніцтве дзіцячых дашкольных устаноў.

Па выніках 2014 года Магілёўскі раён заняў першае месца па развіцці фізічнай культуры, спорту і турызму. Каманда «Вейна» — чэмпіён па футболе. Другое месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах заняла каманда «Каласок». Юныя хакеісты перамаглі ў абласным турніры «Залатая шайба» і абаранялі гонар Магілёўшчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Горках, дзе сталі найлепшымі.

На развіццё фізічнай культуры, спорту і турызму выдаткавана больш як 2 мільярды рублёў.

— Хлеб ёсць, а ці ёсць песня?

— Як ёй не быць, калі для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў на высокім мастацкім узроўні мы набылі музычныя інструменты, светлавыя прыборы, адзенне для сцэны народным ансамблям песні «Беларусачка» Нікіцініцкага СДК і «Вербніца» Усходаўскага цэнтра культуры, паказальнаму харэаграфічнаму ансамблю «Званочкі» Буйніцкай дзіцячай школы мастацтваў выраблены сцэнічныя касцюмы і абутак. Для абслугоўвання насельніцтва аддаленых і маланаселеных пунктаў набылі аўтамабіль.

Пра ўзровень нашых артыстаў сведчаць дыпломы І ступені ў намінацыі «Фартэпіяна» міжнароднага форуму класічнай музыкі ў Маскве і дыплом І ступені ў намінацыі «Народныя спевы» міжнароднага фестывалю-конкурсу «Славянскі карагод» у Смаленску, якіх удастоены навучэнцы Буйніцкай дзіцячай школы мастацтваў Елізавета Кавалёва і Паліна Бадзеева. Дыпломы І ступені рэспубліканскага конкурсу таленавітых дзяцей і моладзі «Новыя вяршыні» атрымалі навучэнцы Вяйнянскага філіяла Буйніцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Савіцкая і дуэт Анастасіі Арон і Яўгена Сапронава.

— У маі мы адсвяткавалі 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне…

— На жаль, дажылі да гэтай даты толькі 25 удзельнікаў — ураджэнцаў нашага раёна. 105-гадоваму Івану Давыдавічу Васіленку, першаму ў Магілёўскай вобласці, уручаны медаль «70 гадоў Перамогі». Але ў нас, акрамя паважаных ветэранаў Вялікай Айчыннай, ёсць пра каго паклапаціцца. Традыцыйнымі сталі сустрэчы воінаў-афганцаў Шклоўскага, Бялыніцкага, Магілёўскага і Круглянскага раёнаў. Каля двухсот з іх былі на гадавіне вываду войскаў з Афганістана на ўрачыстай сустрэчы ў Буйніцкім лесасельскагаспадарчым каледжы, выпускнік якога — Андрэй Мельнікаў — удастоены пасмяротна звання Героя Савецкага Саюза. Не ўсе змаглі прыехаць у той дзень, але мы без увагі нікога не пакінулі і не пакінем у далейшым.

— У сакавіку вы ўшаноўвалі найлепшыя калектывы, перадавікоў народнай гаспадаркі раёна. Назавіце, калі ласка, некаторых з іх…

— Асабліва хачу адзначыць сямейныя ўборачныя экіпажы ЗАТ «Агракамбінат «Зара» двух Уладзіміраў Корсакаў, Уладзіміра і Дзмітрыя Мельнікавых, якія намалацілі больш як пяць тысяч тон збожжа кожны і занялі другое і трэцяе месцы ў абласным спаборніцтве. Аператар машыннага даення кароў сельскагаспадарчага прадпрыемства «Авангард» Ірына Усаковіч надаіла ад кожнай каровы 8474 кілаграмы малака. Аператар па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ААТ «Цішоўка» Сяргей Чугулькоў атрымаў яе сярэднесутачныя прывагі ў 954 грамы, птушніца-аператар птушкафабрыкі «Ялец» Таццяна Булавенка дасягнула найвышэйшай яйканоскасці ад курыцы — 300 яек у год. Такія паказчыкі нядрэнна выглядаюць і на рэспубліканскім узроўні.

— Анатоль Іванавіч, дзякуй вам за інтэрв’ю!

“Звязда”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.