Вверх

Вы здесь

Занальны этап агляду-конкурсу аматарскіх тэатраў “У далонях маёй Беларусі” прайшоў у Крычаве

28 красавіка ў зале раённага Цэнтра культуры г.Крычава адбыўся першы прагляд занальнага этапу абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў «У далонях маей Беларусі», прымеркаванага да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Агляд-конкурс праводзіцца с мэтай захавання і развіцця тэатральных традыцый Магілёўскай вобласці, прапаганды і далейшага развіцця аматарскага тэатральнага мастацтва, выяўлення новых яскравых творчых калектываў, што працуюць у тэатральным жанры. Арганізатарам абласнога агляду-конкурсу з’яўляецца УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.

Асаблівасцю агляду-конкурсу з’яўляецца тое, што калектывы прадстаўляюць у яго рамках пастаноўкі выключна на беларускай мове. Агляд-конкурс праходзіць у тры этапы: раённы, занальны і заключны этап, які адбудзецца 19 мая 2015 года ў канцэртнай зале “Магілёў”. На заключным этапе калектывы, якія паспяхова прайшлі занальныя этапы, прадставяць увазе гледачоў свае тэатральныя пастаноўкі і будуць спаборнічаць за права стаць пераможцамі агляду-конкурсу.

Выступленні ўдзельнікаў на Крычаўскім занальным этапе ацэньвала журы ў складзе: Маісеева Наталля Леанідаўна, галоўны рэжысёр УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”; Карпава Людміла Уладзіміраўна, вядучы метадыст УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”; Цішкевіч Алена Васільеўна, вядучы метадыст УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”; Глуздоў Аляксандр Мікалаевіч, метадыст 1-й катэгорыі УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.

Калектывы, што прымалі ўдзел ў першым занальным праглядзе, сапраўды здзівілі журы высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства і парадавалі выбарам рэпертуару.

Так, клуб аматараў тэатральнай творчасці “Бенефіс” Касцюшкавіцкага СДК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Крычаўскага раёна” (мастацкі кіраўнік – Талпыга Людміла Іванаўна) прадставіў ўвазе журы сцэнічнае ўвасабленне фальклорна-абрадавага свята “Соракі”. Народны тэатр гульні “Гарэзы” раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клімавіцкага раёна” (мастацкі кіраўнік – Сямыга Галіна Андрэеўна) прадэманстраваў літаратурна-музычную кампазіцыю “Памяць за сабой пакліч”. Народны аматарскі тэатральны калектыў “Прамень” Хоцімскага РЦК (мастацкі кіраўнік – Паседзька Таццяна Васільеўна) прадставіў пастаноўку п’есы “Свои и чужие” А.Аляксандрына.

Не абышлося без класікі: урывак са спектакля па п’есе Я.Купалы “Паўлінка” паказалі ўдзельнікі тэатральнага гуртка “Чародеи” раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная кубная сістэма Чэрыкаўскага раёна” (мастацкі кіраўнік – Камісарава Алена Уладзіміраўна).

Аднак сапраўднай папулярнасцю ў аматарскіх калектываў карысталася п’еса “Трыбунал” па п’есе А.Макаёнка; ўрыўкі са спектакляў па матывах гэтага твору прадставілі адразу два канкурсанты: аб’яднанне “Дела семейные” Андранаўскага СДК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна” (мастацкі кіраўнік – Пінчук Раіса Іванаўна) і тэатральны калектыў “Родник” раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна” (мастацкі кіраўнік – Сідарэнка Алена Мікалаеўна).

Журы адзначыла якасную падрыхтоўку ўсіх ўдзельнікаў, аднак канчатковы спіс калектываў, што патрапяць у заключны этап, будзе вядомы толькі пасля заканчэння занальнага этапу, у межах якога плануецца яшчэ два прагляды: 11 мая бягучага года – на базе ДУК “Палац мастацтваў г.Бабруйска” і 12 мая – у канцэртнай зале “Магілёў” Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР.

Алёна Беланожка, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.