Вверх

Вы здесь

У Чавусах прайшлі “Зялёныя святкі”

7 чэрвеня ва ўрочышчы крыніцы “Байкава” Чавускага раёна прайшоў III міжрэгіянальны свята-конкурс “Зяленыя святкі”, у якім прынялі ўдзел 9 раёнаў вобласці.

Свята стала традыцыйным і набывае ўсё большую папулярнасць на Магілёўшчыне.

Конкурс складаўся з наступных намінацый:

  • мясцовыя рэгіянальныя траецкія карагоды;
  • абрад “Кумленне” і траецкія гульні;
  • “Развіццё традыцый мясцовага напрамку”;
  • “Мастацкае афармленне нумару”;
  • “Культура выканання і сцэнічнае выражэнне”.

На свята запрашаліся народныя ўмельцы і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Дамоў рамёстваў і дзіцячых школ мастацкіх рамёстваў.

Калектывы прадстаўлялі адзін рэгіянальны карагод, адну мясцовую традыцыйную гульню-танец і абрад “Кумленне”. Усе выступленні вяліся “ў жывую” – пад гармонік альбо а капэла.

Па традыцыі, свята адкрыў фальклорны гурт “Незабудкі” з вёскі Галавенчыцы Чавускага раёна. Пад траецкую песню “Ой, зялёныя святкі, зялёныя..” ўсе ўдзельнікі свята стварылі вялікі траецкі карагод каля бярозак.

Творчыя калектывы прадставілі на суд журы мясцовыя варыянты правядзення абрада “Кумленне”, танчылі мясцовыя танцы і праводзілі траецкія гульні, характэрныя для іх раёнаў.

Па старадаўняй традыцыі асвяшчалася вада крыніцы “Байкава”: тут прайшла літургія, малебен, чын асвяшчэння вады, а затым шматлікія паломнікі і наведвальнікі свята з задавальненнем акунуліся ў купель.

Свята скончылася падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджваннем пераможцаў. У намінацыі “Карагод” лепшымі былі удзельнікі ансамбля “Медуніца” Ланькаўскага СДК Бялыніцкага раёна – яны атрымалі першае месца. Другое і треццяе месца занялі ансамбль “Спадарыня” Чавускага РЦКіВЧ і клуб “Прысожжа” Крычаўскага раёна.

У намінацыі “Кумленне” і траецкія гульні” лепшымі стаў ансамбль “Харашухі” Кіраўскага раёна. Другое месца – ансамбль “Дзяўчаты+” Чэрыкаўскага раёна, трэццяе атрымаў ансамбль “Вячоркі” Чорнаборскага СДК Быхаўскага раёна.

Дыпломамі ўзнагароджаны майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і Дамы рамёстваў.

Арганізатары свята шчыра дзякавалі ўсім пераможцам і удзельнікам і запрашалі завітаць на наступны год, на IV міжрэгіянальны свята-конкурс “Зялёныя святкі”.

Алена Васільеўна Цішкевіч, вядучы метадыст УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.