Вверх

Вы здесь

«Купалле на колах» у Касцюковіцкам раёне

У вёсцы Пралетарскае Касцюковіцкага раёна работнікі сельскага клуба-бібліятэкі адрадзілі і правялі старадаўні абрад склікання жыхароў на свята «Купалле», многія элементы якога характэрны толькі для гэтага рэгіёну.

Падрыхтоўка да абрадавых дзеянняў пачалася загадзя. Жыхаркі вёсцы, яны ж удзельніцы клуба аматараў народнай песні «Дзіва», святочна апрануўшыся, дружна і з песнямі ўпрыгожылі кветкамі, хусткамі, бразготкамі і стужкамі дзве падводы і коней. Пад звон бразготак і трашчотак купальшчыкі адправіліся ў дарогу па вуліцах паселішча. Дзесьці народ ужо чакаў вясёлы караван каля брамак, а кагосьці выклікалі на вуліцу песнямі і жартаўлівымі выкрыкамі, прымаўкамі. Купальшчыкі спявалі песні гаспадарам, якім жадалі дабра і здароўя, наўзамен прасілі кветкі для купальскіх вянкоў, палены для купальскага вогнішча і слодыч для гасцінага стала. Гаспадары з радасцю і паклонам падавалі ўсе, што прасілі купальшчыкі, неслі не толькі прысмакі, але і сала з кубла (спецыяльная драўляная бочка для засолкі сала), пляшкі з хатняй наліўкай, лясныя ягады, піражкі ...

На выездзе купальшчыкам перагарадзілі дарогу калодамі. Дзяўчыны ў вобразе русалак прасілі дапамагчы ўласкавіць і задобрыць вадзянога. Для гэтага купальшчыкі ўпрыгожылі бліжэйшы вадаём сваімі вянкамі, спявая пры гэтым спецыяльныя купальскія песні. Недалёка ад месца галоўнага святкавання, купальшчыкаў ужо чакалі гледачы. На свята сабраліся людзі з некалькіх суседніх населеных пунктаў.

Пакуль калёсы з купальшчыкамі вакол аб'язджалі купальскае вогнішча, іх шчодра пасыпалі зернем мясцовыя жыхары. Далей святкаванне Купалля працягнулі ўжо на сучасны манер з мноствам уводных персанажаў, што было не менш цікава. З кветак, сабраных з двароў, дзяўчаты плялі вянкі для ўсіх жадаючых, дровамі, прывезенымі ад кожнай хаты, падтрымлівалі цяпло святочнага вогнішча, а ў завяршэнні свята ўсіх удзельнікаў чакаў салодкі пачастунак ад купальшчыкаў.     

Свята «Купалле» ў вёсцы Пралетарскае  Касцюковіцкага раёна, захаваўшы свае традыцыі, атрымалася запамінальным, каларытным і багатым на пазітыўныя эмоцыі!

 

Наталля Дробышава, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.