Вверх

Вы здесь

І зноў Александрыя сабрала сяброў!

Вось ужо шосты год запар месцам правядзення свята “Купалля” (“Александрыя збірае сяброў”) застаецца маляўнічы бераг Дняпра ў аграгарадку Александрыя, што на Шклоўшчыне на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Па ранейшаму свята з’яўляецца адным з самых буйных культурных падзей Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе свята прайшло 4-5 ліпеня пад назвай “Каля дняпроўскіх вод – зноў купальскі карагод” І гэта вельмі сімвалічна: Днепр ляжыць на беларускай, рускай і украінскай землях, і сваю творчасць годна прадстаўлялі творчыя прадстаўнікі гэтых трох дзяржаў.

У мінулым годзе гэта грандыёзнае свята наведала больш за 50 тысяч чалавек.  У гэтым годзе Александрыя сабрала не менш, і кожнаму знайшоўся занятак па душы.

Якіх толькі відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не было прадстаўлена на яскравай, жывой, дынамічнай выставе-продажы вырабаў майстроў рэгіёнаў Рэспублікі Бедарусь, Расіі і Украіны “Днепр – рака сяброўства”! І ганчарства, і кераміка, бісерапляценне, бондарства, вышыўка, карункапляценне, саломапляценне, разьба па дрэве і шмат іншых. На суд гасцей свае вырабы прадстаўлялі як вопытныя, так і маладыя, але вельмі перспектыўныя майстры народнай творчасці. Тут жа майстры ладзілі майстар-класы па традыцыйных рамёствах. Сярод маладых майстроў быў праведзены конкурс “Залаты майстар”, у якім прынялі ўдзел 20 майстроў Магілёўскай вобласці. Менавіта гран-пры конкурсу заваявала Туркіна Валянціна (г. Асіповічы), майстар па ткацтву. Дыпломамі I і II ступені былі ўзнагароджаны майстры па саломапляценню Аўлысевіч Наталля (г. Горкі), і Жэлобкевіч Юлія (г. Быхаў), а дыплом III ступені ўзяў Арлоў Мікалай (Бабруйскі раён), які спецыялізуецца па кераміцы.

Шматжанравыя накірункі мела канцэртная праграма “Сябрына ў Александрыі” з удзелам творчых калектываў з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Палёту народнай творчасці не было мяжы! Тут былі і тэатралізаваныя праграмы на основе фальклорнага матэрыялу, народныя песні, гульні, танцы. З асаблівым запалам народнай мудрасці гучалі народныя прыпеўкі і гумар. Прайсці міма іх, ня спыніўшыся, было проста немагчыма! 

Таксама не давалі сумаваць мабільныя групы, якія спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах непасрэдна на хаду, усяляк весялілі кожнага, каго сустракалі на сваім шляху, захапляючы гасцей у карагоды і танцы, прапаноўвалі спяваць разам з імі прыпеўкі.

Адным з новых творчых праектаў сёлятняга свята стаў творчы праект «Купальскі пояс Магілёўшчыны». Майстры па ткацтву з усіх рэгіёнаў вобласці пачыная з сакавіка  працавалі над самым доўгім поясам: на сёняшні дзень яго даўжыня складае 35 метраў! І гэта яшчэ не канец: плануецца, што праца над поясам не будзе спынена, і з кожным годам падчас свята “Купалля”  ён будзе рабіцца яшчэ даўжэй. Менавіта кожны ўдзельнік свята меў магчымасць далучыцца да гэтага творчага працэсу. Пояс будзе ўнікальным не толькі дзякуючы сваёй даўжыні, але і эксклюзіўнаму дызайну: ён складаецца з фрагментаў, якія адлюстроўваюць узоры ткацтва кожнага рэгіёна вобласці.

У межах свята каларытна былі прадстаўлены “Свята сала”, “Свята мёду”, “Свята хлеба”, “Свята квасу”, “Гасцёўня Бульбаша” і г.д., у якіх праводзіліся дэгустацыі прадуктаў, розныя конкурсы, ну і, вядома, не абыйшлося без  прыпевак, танцаў і гумару!

Як жа ж было абысціся без сімвала купальскага свята – вянка. Майстрыхі, якія плялі вянкі з жывых кветак і каласоў, занялі асаблівую нішу на гэтым свяце. Амаль кожная дзяўчына і нават некаторыя хлопцы мелі магчымасць упрыгожыць сваю галаву гэтым духмяны сімвалам Купалля. 

2015 год – Год моладзі, таму фармат фестывалю быў акцэнтаваны на маладое пакаленне. На пляцоўцы ад БРСМ выступалі маладыя танцавальныя калектывы, бітбоксеры і іншыя прадстаўнікі сучаснай культуры. Гэтая пляцоўка карысталася вялікім попытам сярод дзяцей і моладзі. На тэрыторыі фестывалю было некалькі канцэртных пляцовак, на якіх выступалі як маладыя, так і ўжо знакамітыя артысты: удзельнікі праекту «Лестница в небо», салісты і калектывы Магілёўскай абласной філармоніі, а таксама зоркі расійскай і украінскай эстрады: Кацярына Шаўрына, Ігар Карнялюк, групы “M- Band” і “ДынаМа”. 

Разнастайнасці гэтаму, і без таго шырокамаштабнаму святу, дадалі паказальныя выступленні выхаванцаў коннаспартыўнай школы, пілотаў і парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба. 

Вячэрнюю праграму, мюзікл «Папараць-кветка», адкрыў прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. У сваёй прамове ён павіншаваў гасцей са святам Купалля, адзначыў, што беларускі народ не забывае свае песні, казкі, звычаі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ўжо не адну тысячу гадоў. "І гэта наша вялікае багацце, – упэўнены прэзідэнт. - Гэтая традыцыя па-сапраўднаму жыве да таго часу, пакуль убірае ў сябе нешта новае з дня сённяшняга". Ён звярнуў увагу, што "народная творчасць блізка ўсім, таму што яна ідзе заўсёды ад душы, ад самаго чалавека. Традыцыйнае народнае мастацтва самае дэмакратычнае. У ім ёсць месца кожнаму, хто прыклаў сілы і авалодаў сапраўдным майстэрствам"

Падчас апошніх акордаў мюзікла пачуліся залпы маляўнічага, захапляльнага феерверка, а адразу пасля яго - не менш займальнае лазернае шоу, якое дзівіла ўяўленне сваёй глыбінёй і незвычайнасцю. Не абышлося, вядома, і без вялікага святочнага вогнішча, якое было бачна з любой кропкі аграгарадка Александрыя.

“Александрыя збірае сяброў” – свята, якое аб’ядноўвае культуры розных краін, якое развівае народную творчасць ва ўсіх яе кірунках, якое адкрывае новыя гарызонты як гасцям, так і ўдзельнікам гэтай феерыі творчасці, радасці і ўзаемаразумення!

Ганна Тузенкова, вядучы рэдактар ​​УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КПР»

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.