Вверх

Вы здесь

“Зажыначкі – шчаслівыя хвіліначкі” у Асіповіцкам раёне

З 21 ліпеня ў сельскіх гаспадарках Асіповіцкага раёна пачалося жніво, і як заўсёды, дзякуючы мясцовым установам культуры, гэта падзея стала па-сапраўднаму святочнай і яскравай.

На працягу больш тыдня ладзіліся мерапрыемствы прысвечаныя пачатку жніва. Традыцыйны народны абрад “Зажынкі” быў праведзены Вязаўніцкім СДК, Вязьеўскім СДК, Карытнянскім СДК. І, як таго і патрабуе абрад “Зажынкі”, пачаўся ён з зажынання і ўпрыгожвання першага імяніннага снапа – “гаспадарка”, у гонар якога ў пачатку жніва гучалі жніўныя песні. Прайшлі ўшанаванні механізатараў, уручэнне першага снапа гаспадарам сельска-вытворчых прадпрыемстваў, асвяшчэнне збажыны настаяцелямі мясцовых храмаў, выступленні з віншавальнымі словамі кіраўніцтва гаспадарак.      

;

Клубнымі ўстановамі раёна былі падрыхтаваны тэматычныя канцэртныя праграмы, якія прайшлі не толькі на палявых станах, але і на механізаваных дварах, збожжатаках. Перад механізатарамі выступілі самадзейныя артысты з праграмамі “Паспела жыта за сялом” (Жорнаўскі СДК, Сасноўскі СК), “Зажынкі” (Ясеньскі СДК), “Зажыначны сноп” (Карытненскі СДК). Падчас канцэртных праграм механізатарам былі падараваны не толькі прыгожыя песні, добры настрой, але і букеты з палявых кветак і жытнёвых каласкоў з цёплымі словамі падзякі за іх такую неабходную працу.

Раённыя зажынкі прайшлі на полі філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”. Гэта адна з гаспадарак раёна, якая паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі, на палях якой паспеў нядрэнны ўраджай збажыны. У вызначаны час выстраілі ў адзін рад сваю тэхніку камбайнёры, побач чакалі збожжа аўтамашыны.

Жніўнымі песнямі віталі ўсіх самадзейныя артысты народнага ансамбля народнай песні “Вяселле” Каўгарскага сельскага клуба. Таксама яны паказалі абрад “Зажынкі”, у ходзе якога сярпамі зразалі першыя каласкі. Упрыгожаныя каляровымі стужкамі снапы былі ўручаны старшыні Асіповіцкага райвыканкама, генеральнаму дырэктару ААТ “Белшына” і дырэктару філіяла “Белшына-агра”. Усе яны павіншавалі хлебаробаў з пачаткам важнай сельскагаспадарчай кампаніі і пажадалі працоўнага натхнення, добрага надвор’я і высокіх намалотаў.

Настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма вёскі Свіслач прачытаў малітву, асвяціў вадою камбайнёраў і пажадаў божага благаславення і плёну ў рабоце.

Прыемна, калі праца хлебаробаў па-сапраўднаму ацэньваецца кіраўніцтвам. Усім 9 экіпажам, якія будуць шчыраваць на палетках, ад прафкома прадпрыемства былі ўручаны падарункі і букеты з палявых кветак і жытнёвых каласккоў.

Першы зажыначны круг праехаць разам з экіпажам пераможцаў уборкі ўраджая 2014 года запрасілі дырэктара філіяла “Белшына-Агра”.

Пасля слоў вядучай  – “У добры час – жніво!”, за першым камбайнам ад’ехалі ў поле і  астатнія. “Зажыначкі – шчаслівыя хвіліначкі” завяршыліся, надышоў час убіраць вырашчанае і напаўняць засекі зернем новага ўраджаю. Жніво-2015 на Асіповіччыне распачалося!

Сектар традыцыйнага мастацтва і   культурна-дасугавай дзейнасці

раённага аддзела народной творчасці і

культурна-асветніцкай работы

дзяржаўнай установы культуры

“Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”

Русак А.З., Н.А.Хамянок

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.