Вверх

Вы здесь

Калі дома не ўсе цвярозыя

Амаль год аўтар гэтых радкоў займаецца падрыхтоўкай матэрыялаў супрацоўнікаў РАУС да друку на старонках раёнкі. Аналізуючы міліцэйскія паведамленні, дзе фразы кшталту “ў стане алкагольнага ап’янення” ці “ў п’яным выглядзе” не паспяваюць змяняць адна адну, карэспандэнт робіць выснову, што найчасцей здараюцца няшчасці менавіта ў тых сем’ях, дзе не заўсёды ўсе цвярозыя.

Так, напрыклад, на наступны дзень пасля бурнага святкавання 9 мая адна з бялыніцкіх сям’яў, яшчэ не ў поўнай меры аправіўшыся ад алкагольнага чаду, вырашыла ў рэшце рэшт вызначыць для сябе курс выхавання непаўналетняй дачкі. Грамадзянін Д., галава сям’і, быў прыхільнікам жорсткіх метадаў і накіраваўся з суровым выглядам да яе, каб адразу ж прадэманстраваць, як трэба абыходзіцца з падлеткам. Мужчына, аднак, не прыняў ва ўвагу меркаванне жонкі, якая была супраць такога павароту падзей. Як паведаміў начальнік ААПП Бялыніцкага РАУС подпалкоўнік міліцыі Аляксандр Манікайла, грамадзянка Д. “у стане алкагольнага ап’янення ў ходзе сваркі нанесла мужу 2 удары нажом у жывот”, чым пашкодзіла печань і іншыя ўнутраныя органы, а значыць - наўмысна нанесла яму цяжкае цялеснае пашкоджанне. Грамадзянцы Д. цяпер давядзецца адказваць перад судом, бо была ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 147 КК Беларусі. Ці зрабіла б яна гэты ўчынак на цвярозую галаву? Любоў да спіртаўтрымліваючай вадкасці выльецца жанчыне ў 3-5 гадоў абмежавання волі або 4-8 гадоў пазбаўлення волі.

Зусім нядаўна адбыўся яшчэ адзін канфлікт, “герой” якога нанёс траўмы жанчыне, пашкодзіў маёмасць і напалохаў яе малалетніх дзяцей. 12 ліпеня а поўдні супрацоўнікаў РАУС выклікалі ў аграгарадок Ланькаў. Грамадзянін М., якога часова пусціла пажыць у сваю хату яго родная сястра, прыйшоў дадому п’яны і забурыўся спаць. Аднак ці то дзеці шумелі, ці то тэлевізар занадта гучна гаварыў, але нядбайнаму брату не спалася. Ён раптам, як ашалелы, стаў граміць усю тэхніку ў хаце. Па словах Аляксандра Манікайлы, які выязджаў у той дзень па выкліку, уся падлога ў хаце была ўсланая бітым шклом і ламаччам. Але гэта не самае жахлівае. На вачах у дзяцей грамадзянін М. з пагрозамі паваліў сястру на канапу і пачаў душыць з такой сілай, што жанчына, як кажуць, ледзь Богу душу не аддала. Добра, што суседка пачула лямант малых, прыбегла на дапамогу і выклікала супрацоўнікаў міліцыі. За пагрозу забойствам мужчыну чакае пакаранне. Гэта могуць быць грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года, арышт, абмежаванне
або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. Крымінальная справа ўзбуджана па арт. 186 КК Беларусі.

І такіх прыкладаў, нажаль, шмат. “Зялёны змій” як найлепшы каталізатар гвалту працуе ў няўдалых сем’ях. І гэта зразумела, бо гарачая галава гараздая ўзгадаць усе крыўды блізкаму чалавеку. Аднак няўжо шкляная бутэлька даражэй за дабрабыт? Ці не важна зберагчы спакой у сям’і? Напэўна, лепш купіць дзецям цукерак, чым сабе пуцёўку ў турму ці бальніцу.

Анастасія Макеева

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.