Вверх

Вы здесь

“Кніга жыцця” Віктара Арцем’ева

Новы твор беларускага пісьменніка Віктара Іванавіча Арцем’ева “Пісьменнікі і кнігі”, які у канцы 2015 года выйшаў з друку, стаў своеасаблівым летапісам літаратурнага жыцця магілёўскага краю. Аўтар добра вядомы магілёўскаму і беларускаму чытачу. Адзначу, што з-пад яго пяра раней вышлі кніжкі «Радзішанскі летапіс вайны», «Выгнаннікі», «Вайна на свае вочы», «Франтавыя дарогі палкоўніка Асмалоўскага», «Вянок Аляксею Пысіну», шматлікія нататкі, эсэ, успаміны, прысвечаныя літаратарам-землякам і вядомым беларускім пісьменнікам і паэтам Аляксею Пысіну, Янку Брылю, Ігару Шклярэўскаму, Івану Шамякіну і многім   іншым.

Наогул, улюблёная тэма  Віктара Іванавіча – праз асабісты жыццяпіс паказваць лёс свайго пакалення з дзяцінства і юнацкіх гадоў да сталага ўзросту. І не проста знаёміць чытача па дыяганалі, “пункцірна”, а падрабязна праз яркія, найбольш цікавыя моманты жыцця, як сваіх сяброў, простых людзей, так і знакамітых літаратараў Беларусі, а праз іх і гістарычны лёс ўсёй краіны. Менавіта такім атрымаўся і яго новы твор. У ім аўтар падводзіць вынікі шматгадовай працы і, як адзначае сам Віктар Іванавіч, гэта выданне “з’яўляецца яго Кнігай жыцця”. Хлопца заўседы вабіла жывая сялянская гаворка, характары вяскоўцаў, якія часам вялі гарачыя спрэчкі. А калі стаў школьнікам, заўсёды гарнуўся туды, дзе гутарылі мудрыя дзяды і прагна запамінаў паданні, легенды, здарэнні. Потым гэта крынічка жывіла яго пры  стварэнні кніжак краязнаўчых апавяданняў «Чарэйцаў Круг», «Радзішына», «Цячэ рэчка Бася», «Слоўцы-адмыслоўцы», «Шчодрасць душы».

Ужо з першых старонак уражвае шчымлівае і глыбока асабістае прызнанне аўтара аб тым, як ён нечакана змяніў сваю працоўную біяграфію. Здарылася гэта ў пачатку 1950-х гадоў, калі ён служыў у органах Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. А штуршком для такога кардынальнага кроку сталі творы Народнага паэта Беларускай ССР Якуба Коласа і беларускага пісьменніка  Янкі Маўра, якія ён добра ведаў, паважаў і часта дэкламаваў. Менавіта таму справядліва лічыў, што такія літаратары-класікі, сапраўдныя патрыёты краіны не могуць быць шпіёнамі і супрацоўнічаць з разведкамі Польшчы, Англіі ці Японіі, тым больш адначасова. Аб “здрадзе” і ўстанаўленні сакрэтнага назірання за аўтарамі “Новай Зямлі” і “Палескіх рабінзонаў” ён даведаўся на адной з чарговых нарад па службе і працаваць далей у органах ужо не змог. 

У гэтым яго шчырасць душы і добразычлівасць да ўсіх людзей і творцаў, аб кім бы з пісьменнікаў альбо іх творах ён ні пісаў. Асноўнае месца ў кніжцы займаюць разважанні аўтара аб творчасці Аляксея Пысіна, якога добра ведаў і сябраваў з ім. Такога глыбокага даследавання жыцця і літаратурнай дзейнасці нашага славутага земляка не змог зрабіць ніхто на Беларусі. Шмат гадоў Віктар Іванавіч з любоўю і упартасцю храніста-дакументаліста збіраў і занатоўваў эпізоды жыцця і творчасці Аляксея Пысіна. У выніку атрымалася добрае, пранізанае глыбокай павагай і удзячнасцю да свайго настаўніка даследаванне “Вянок Аляксею Пысіну”. 

Не менш цікава чытаюцца нататкі Віктара Іванавіча аб іншых пісьменніках і паэтах – ураджэнцах Магілёўскага краю. Многіх з іх, у тым ліку маладых латаратараў з трагічным лёсам ці пайшоўшых ад нас заўчасна, ён вяртае шырокаму колу чытачоў. Сярод іх Яўген Крупенька, Аляксандр Мельнікаў, Анатоль Сербантовіч, Алесь Пісьмянкоў (у апошнія гады ў Касцюковіцкім раёне праводзіцца свята паэзіі “Пісьмянкоў луг” – аўт.).

З усімі, аб кім піша аўтар, ён быў альбо добра знаёмы, альбо вёў сяброўскую перапіску, альбо мае аўтарскія экземпляры кніг з задушэўнымі аўтографамі. І гэта знаёмства, несумненна, накладвае адбітак на аўтарскія адносіны да пісьменнікаў у штодзеннай творчай дзейнасці. Адсюль і вось такія малавядомыя факты аб іх, змешчаныя ў кніжцы.

 …Ігар Шклярэўскі, родам з Бялыніч, грашовую ўзнагароду лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР аддаў на пасадку лесу па двух берагах Прыпяці. На левым – беларускім і на правым – украінскім. Паэт лічыў: “Мы ў такім даўгу перад прыродай, што адным дрэвам, як кажуць у народзе, ужо не адкупіцца”. Ён захацеў, каб яго дрэвы раслі на плошчы больш за дзвесце гектараў. У адным інтэрв’ю ў паэта спыталі яго думку пра тое, што пісьменнікаў часта папракаюць у некампетэнтнасці, калі яны прадказваюць экалагічныя беды. I ён адказаў так: “Кампетэнтнасцю любоў і сумленне не заменіш. Я ўжо пахаваў чатыры любімых ракі. У дзяцінстве я і брат пілі прама з Дняпра, чэрпалі далоняй, шапкай. Мы не ведалі, што мы апошнія людзі, што п’юць прама з рэчкі. А цяпер, скажыце, дзе тая рака, што можна напіцца? Вось вам і кампетэнтнасць, быццам бы мы сляпыя і глухія, без нюху, без адчувальнасці. Дык нават з заплюснутымі вачамі пастаіш на беразе, і ўсё зразумела. Ні ўсплеску…”

...Яўген Крупенька, родам з в. Саськаўка Шклоўскага раёна, насуперак спадзяванням “дабрадзеяў” стаў выбітным лірыкам, напісаў шчымлівыя зборнікі, вянок санетаў. Пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым», вялікая сіла якога ў свой час паланіла і прызвала на пераклад Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлю, Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага. У закрытай рэцэнзіі яго пераклад атрымаў высокую ацэнку. Але калі быў “раскрыты” аўтар, усе як вады ў рот набралі. Як гэта: Крупенька? Ды як ён пасмеў! I пераклад убачыў свет толькі пасля смерці паэта – ў 1994 годзе.

Іван Чыгрынаў (в. Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна) распавядаў аўтару, як аднойчы два маскоўскія чыноўнікі-татарыны патрабавалі ад яго (і не адзін раз) выключыць з кнігі старонкі пра паводзіны татарына-здрадніка. Не маглі адчапіцца да той пары, пакуль не сказаў ім: “Калі будзеце і надалей патрабаваць, то ў наступным рамане іх будзе дзейнічаць ужо рота!”

Паэт Анатоль Сербантовіч (в. Ордаць Шклоўскага раёна) ведаў сабе цану і сваё месца ў паэзіі, але па характары быў яршыстым, не цаніў несправядлівасці і зазнайства. Разам з тым, за ўсе памылкі і няўдачы ён лічыў адказным толькі сябе, а радасць поспеху дзяліў на ўсіх.

Аднойчы прылюдна, вельмі крытычна адазваўся пра захвалены зборнік вершаў Петруся Броўкі, чым закрыў сабе шлях пры жыцці на паэтычны Алімп. У чатырохтомнай «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» няма ніводнага радка пра творчасць паэта Сербантовіча.

Янка Брыль, у адказ на думку знаёмага літоўскага паэта – ехаць, адышоўшы ад службовай работы, на дачу і там сталярыць, распавёў: “Я адыходжу не ў сталярку, а зноў ды зноў у добрую кнігу, у працу літаратурную, якая ў мяне не які-небудзь адыходны промысел ці славутае хобі, але адзіная справа жыцця”. Сказаў гэта шчыра, упэўнена, годна…

Ёсць у кніжцы і разважанні аўтара пра Янку Купалу і Якуба Коласа, Івана Чыгрынава, Аркадзя Куляшова, Віктара Карамазава, Івана Шамякіна, Янку Брыля і іншых. Менавіта яны дапаўняюць карціну літаратурнага летапісу як  Магілёўскага краю, так і ўсёй Беларусі.

Можна было б і далей распавядаць аб вартасцях твора “Пісьменнікі і кнігі”, як выніку пэўнай шматгадовай патрыятычнай творчай дзейнасці  Віктара Арцем’ева, але, лічу, што гэта безнадзейная справа. Каб упэўніцца ў яго мастацкіх якасцях і энцыклапедычным, найбольш поўным ў Беларусі дакументальна-мастацкім выданні аб літаратарах Магілёўшчыны, трэба асабіста прачытаць твор, атрымаць сапраўдную асалоду ад добрай беларускай мовы і адчуць гонар за таленты Магілёўскай зямлі. Асабліва студэнтам і школьнікам навучальных устаноў Магілёва і вобласці.

Дадам толькі, што кніжка надрукавана ў тыпаграфіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова накладам усяго 50 экзэмпляраў і выдадзена за асабісты кошт аўтара. Упэўнены, што выданне будзе мець добры попыт у чытацкай аўдыторыі, але на жаль з такім накладам яно не з’явіцца ні на кніжных паліцах крамаў, ні ў бібліятэках.

Мікалай Барысенка, старшыня секцыі “Гісторыя і краязнаўства” Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.