Вверх

Вы здесь

Неўміручасць Машкі Шаблаковай…, або пытанні захавання этнакультурнай спадчыны

“Машка Шаблакова” – такі надпіс на ручніку ў этнаграфічным кутку Ленінскага СДК адразу кінуўся ў вочы, прыцягнуў да сябе і адразу прымусіў да глыбокага роздуму.

…Колькі іх, простых людзей – Машак, Ганнаў, Марусь, майстроў вясковых глыбінак, пакінулі нам у спадчыну этнаграфічнае багацце – яркае, прыгожае, самабытнае, якое можа і павінна стаць тым мастком, які злучае мінулае і сучаснае, забяспечвае пераемнасць традыцыйнай культуры. Уходзяць у нябыт носьбіты народнай матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры, а творы іх рук і душы працягваюць сваё неўміручае жыццё…

 На тэму захавання этнаграфічнай спадчыны малой радзімы, над сучаснымі аспектамі дзейнасці клубных устаноў і зацікаўленых ініцыятыўных асоб па перадачы падрастаючаму пакаленню традыцыйнай культуры разважалі спецыялісты СДК Краснапольскага раёна праз семінар-практыкум, які адбыўся 24 сакавіка пад кіраўніцтвам метадыста РЦК Марчанка В. А. Семінар адбыўся у рамках праекта “Забытае ўваскрашаецца”  (кіраўнік праекта Марчанка В. А.) і меў мэтай павышэнне прафесійнага ўзроўня спецыялістаў клубных устаноў, актывізацыю работы па захаванню этнаграфічнага багацця свайго рэгіёна і пошук шляхоў перадачы яго ў спадчыну нашчадкам.

У праграме семінара разглядаліся пытанні арганізацыі работы на аснове этнаграфічных куткоў і музейных пакояў, якія створаны ва ўсіх клубных установах ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”. У іх сабраны натуральныя прадметы быту, працы, народнае адзенне, вырабы рамёстваў і іншае. Усе яны – своеасаблівыя захавальнікі гісторыі і культуры роднага краю і знаёмства з імі можа выклікаць жывы інтарэс падрастаючага пакалення.

Як арганізаваць работу этнаграфічнага музейнага пакоя, каб яна захапіла дзяцей?  Уключыць іх у актыўную дзейнасць: асветніцкую, пошукавую, даследчую, афарміцельскую.

У гэтым годзе ў 4 СДК раёна пачалі працаваць гурткі “Этнографы”, праграму для якіх распрацавала В. А. Марчанка. Гурткоўцам прапануецца ажыццяўляць пошук, збіранне экспанатаў, афармленне экспазіцый, прэзентацыйныя і іншыя творчыя формы папулярызацыі збораў.

У ходзе семінара актыўныя формы работы прадставілі Ленінскі, Тур’яўскі, Палужскі, Горскі СДК. Музейны куток Палужскага СДК стаў тэрыторыяй ігравога ўзаемадзеяння; Тур’яўскі СДК прапанаваў творчую прэзентацыю, як сродак абуджэння цікаўнасці да гісторыі і культуры продкаў; Ленінскі СДК прапанаваў пастаноўку абрадавай праграмы “Саракі” у інтэр’еры свайго музейнага кутка, у якой актыўны ўдзел прынялі дзеці – члены гуртка гэтай клубнай установы. Удзельнікаў семінара шчыра частавалі печывам у выглядзе птушак і прыцягвалі да спявання веснавых заклічак “Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце, гу-у-у”.

 Дзелавая гульня з удзельнікамі семінара па функцыянальнай арганізацыі інтэр’ера традыцыйнага жылля беларусаў была наладжана на базе этнаграфічнага пакоя Горскага СДК. Спецыялісты клубных устаноў атрымалі рэкамендацыі па правядзенні этнаграфічных збораў, афармленні дакументацыі, неабходнай у рабоце этнакуткоў і пакояў, абмеркавалі планы работы этнапакояў і ацанілі творчыя знаходкі ў рабоце калег.

Прадметы музейных этнаграфічных куткоў наглядна дэманструюць асаблівасці культуры свайго народа, сваёй малой радзімы. Гэта бясцэнны фонд гістарычнай і культурнай спадчыны. Знаёмства з ім павышае культурны ўзровень, фарміруе павагу да продкаў, цікаўнасць да культуры, нараджае пачуццё далучанасці да каштоўнасцей свайго народа.

Марчанка В. А., метадыст РЦК г. п. Краснаполле 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.